па́нцыр, ‑а, м.

1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.

2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.

3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.

4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.

[Ням. Panzer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́піна ’губа’ (докш., Янк. Мат.), ’тоўстая губа’ (міёр., Нар. словатв.). Да лу́па 1 (гл.).

Лупі́на ’вонкавая абалонка плода, семя’, ’шкарлупіна ад яйка’, ’высеўкі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ), лупі́нка ’скура льнянога семя’ (Уладз.), лупі́ны ’бульбяныя ачысткі, адходы пасля ачысткі пладоў, семя, караняплодаў’ (ТСБМ, Бес., ТС, Вешт., Сцяшк.), лупі́нне ’шалупіны’ (ТСБМ). Укр. лупи́на, польск. łupina, палаб. lai̯pai̯nə, н.-луж. łupina, lupʼiny, upʼiny, в.-луж. łupizna, łupina, lupina, чэш. lupina, мар. łupina, славац. lupina, славен. lupína, lupinja, серб.-харв. лу̀пина, љу̀пина, лу̏пина, ц.-слав. лупина. Прасл. lupina ’абалонка, покрыва чаго-небудзь: шалупайка, шкарлупіна, лушпіна, кара, луска, ракавінка’ ўтворана ад lupiti > лупі́ць 1 (гл.). Такі ж суфікс і ў літ. lupynà ’скурка, лупіна, луска’, ’худы конь’ (Слаўскі, 5, 341). Гл. Liet. term. 182, дзе Грынавяцкене і інш. бел. лексему выводзяць з літ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кров м.

1. (прикрытие) по́крыва, -ва ср.; (покров) пакрыва́ла, -ла ср.; (полог) по́лаг, -га м.;

под кровом но́чи пад по́крывам (пакрыва́лам, по́лагам) но́чы;

2. (приют) прыту́лак, -лку м.; (пристанище) прыста́нішча, -шча ср., прыста́нак, -нку м.; (дом) дом, род. до́му м.;

оста́ться без кро́ва аста́цца без прыту́лку (без прыста́нку);

о́тчий кров бацько́ўскі дом;

3. уст., см. кро́вля.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

БІЯТЫ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

1) спадчынна абумоўленая ступень супраціўляльнасці віду ўздзеянню неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя (у т. л. антрапагенных).

2) Патэнцыяльная здольнасць жывых арганізмаў павялічваць сваю колькасць у геам. прагрэсіі пры размнажэнні без уздзеяння вонкавых фактараў. Вызначаецца сярэдняй велічынёй прыплоду або скорасцю, з якой пры гіпатэтычным бесперашкодным размнажэнні асобіны дадзенага віду ўкрыюць усю паверхню зямнога шара раўнамерным слоем (напр., скорасць для сланоў складае 0,3 м/с, для некат. мікраарганізмаў — сотні м/с). Розніца паміж біятычным патэнцыялам і рэалізаванай колькасцю асобін папуляцыі адлюстроўвае супраціўленне асяроддзя, з якім арганізмы знаходзяцца ў антаганістычных адносінах. Змяненні плоднасці і выжывання жывёл адбываюцца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя (абіятычных фактараў) і ў выніку міжвідавых і ўнутрывідавых узаемаадносін. Вял. ролю ў гэтых працэсах адыгрываюць унутрыпапуляцыйныя механізмы, якія забяспечваюць актыўную рэакцыю папуляцыі на вонкавыя ўздзеянні. У звычайных умовах скорасць размнажэння арганізмаў з кароткім жыццёвым цыклам (бактэрый пры ўспышцы эпідэміі, водарасцяў пры цвіценні вадаёма) блізкая да велічыні біятычнага патэнцыялу. Вызначэнне біятычнага патэнцыялу неабходна пры распрацоўцы метадаў барацьбы са шкоднымі відамі для павелічэння колькасці карысных відаў, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету, пры экалагічных экспертызах тэхн. праектаў, стварэнні жывёлагадоўчых комплексаў, рыбных гаспадарак і інш. 3) Ступень здольнасці жывога покрыва трансфармаваць сонечную энергію ў ходзе біялагічнага кругавароту. Тэрмін «біятычны патэнцыял» увёў амер. эколаг Р.​Н.​Чэпмен (1925) у сувязі з праблемай дынамікі колькасці жывёл.

Г.​А.​Семянюк.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ЗМЕ́НЫ КЛІ́МАТУ,

змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняя т-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім. т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац. перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.

У.​Ф.​Логінаў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЙ БАТА́НІКІ імя В.​Ф.​Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т біял. навук на базе кафедраў батанікі, заалогіі і эксперым. біялогіі АН Беларусі (у 1947—63 Ін-т біялогіі, 1963—65 Ін-т эксперым. батанікі і мікрабіялогіі, 1966—72 Ін-т эксперым. батанікі, з 1972 сучасная назва). Лабараторыі (1998): біяхіміі і біятэхналогіі раслін, воднага рэжыму фітацэнозаў, геабатанікі, мікалогіі, аптымізацыі прадукцыйнасці аграфітацэнозаў, глебавай энзімалогіі, прадукцыйнасці і ўстойлівасці лясных экасістэм. радыеэкалогіі раслін, росту і развіцця раслін, фізіялогіі хворай расліны, флоры і сістэматыкі раслін, фотасінтэзу. Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).

Асн. кірункі навук. даследаванняў: біял. асновы аднаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага покрыва; радыеэкалогія прыродных раслінных комплексаў; фізіёлага-біял. асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін. Вынікі даследаванняў: абгрунтавана новая стратэгія захавання біял. разнастайнасці флоры Беларусі ва ўмовах сучаснага экалагічнага становішча на аснове стварэння сеткі нац. паркаў і інш. ахоўных тэрыторый; укаранёна канцэпцыя біял. патэнцыялу прадукцыйнасці раслін; высветлена дынаміка прасторава-часавага размеркавання радыеактыўных ізатопаў у прыродна-раслінных комплексах з вылучэннем відаў-індыкатараў радыеактыўнага забруджвання. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі А.С.Вечар, Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, А.Р.Жэбрак, М.М.Кулагін, В.Ф.Купрэвіч, М.​Дз.Несцяровіч, М.П.Тамін, М.В.Турбін, Л.У.Хатылёва, І.Д.Юркевіч, чл.-кар. У.Я.Борматаў, М.М.Ганчарык, С.П.Мельнік, С.А.Самцэвіч, А.А.Шлык, чл.-кар. АН Казахстана П.А.Буланаў, працуюць акад. Нац. АН Беларусі В.І.Парфёнаў (дырэктар з 1973), чл кар М.А.Ламан, У.М.Рашэтнікаў, Б.І.Якушаў, 16 дактароў навук.

У.​П.​Шуканаў.

т. 7, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ВЫ КО́МПЛЕКС,

1) спалучэнне заканамерна размешчаных ледавіковых адкладаў і форм рэльефу, якія сфарміраваліся ў выніку геал. і геамарфал. дзейнасці ледавікоў. У рэльефе выражаны градамі канцовых марэн, дугападобна выгнутых у напрамку руху ледавіка, з унутр. боку па ходу ледавіка размешчаны ўзгорыста-марэнныя ці азёрна-ледавіковыя раўніны, камы, озы, друмліны, з вонкавага — маргінальныя озы, флювіягляцыяльныя тэрасы і дэльты, конусы вынасу, лагчыны сцёку, зандравыя раўніны, іншы раз ледавіковыя азёры Перад краявымі градамі пры нахіле паверхні ў іх бок могуць быць роўныя ўчасткі донных адкладаў (алеўрытавы матэрыял і стужачныя гліны) стараж. азёрна-ледавіковых вадаёмаў. Ў кожнае са стараж. зледзяненняў асобнай ледавіковай лопасці адпавядае асобны Л.к. На Беларусі ў межах паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў вылучаюць больш за 70 Л.к. Ледавіковыя адклады складаюць да 88% аб’ёму чацвярцічнага покрыва Беларусі. Звычайна ў іх аснове ляжаць водна-ледавіковыя адклады, потым марэнны гарызонт, флювіягляцыяльныя адклады, якія пераходзяць у міжледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і інш. Адклады Л.к. часцей утвараліся ледавіком, які наступаў. Характэрны павелічэнне матэрыялу ўверх па разрэзе, частая і рэзкая змена саставу, пакамечанасць і дыслацыраванасць слаёў, наяўнасць блокаў і лінзаў іншага саставу, адорвеняў. Для адкладаў ледавіка, які адступаў, характэрна памяншэнне буйнасці ўверх па разрэзе.

2) Адзінае ледавіковае цела, якое складаецца з ледавікоў розных марфал. тыпаў. У гэтым сэнсе вылучаюць Л.к. мацерыковыя, астраўныя, горна-покрыўныя, горных хрыбтоў і канічных вяршынь, плато, схілаў і перадгор’яў.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,

сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НС атмасферы і падысподняй паверхні,

рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

film

[fɪlm]

1.

n.

1) абало́нка f., то́ненькае по́крыва, пласт -у m.; эму́льсія f.

2) сту́жка f.; фатаграфі́чная сту́жка

3) кінасту́жка f.; фільм -у m.

4) перапо́нка f.

5) даліка́тная ткані́на

6) цьмя́насьць уваччу́ (ад сьлёзаў)

2.

v.

1) пакрыва́ць (-ца), зацьмява́ць (-ца) (пра во́чы ад сьлёзаў)

2) фільмава́ць, здыма́ць на сту́жку, накру́чваць на сту́жку

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)