МО́ДЭЛЬ (Model) Вальтэр (24.1.1891, г. Гентын, Германія —21.4.1945),
германскі ваенны дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1944). З 1909 у кайзераўскай арміі, удзельнік 1-йсусв. вайны. З 1940 камандзір 3-йтанк. дывізіі, з кастр. 1941—41-га танк. корпуса. У студз. 1942 — ліст. 1943 (з перапынкамі) камандуючы 9-й арміяй на Усх. фронце. У лют.—сак. 1944 узначальваў групу армій «Поўнач», у крас.—чэрв. 1944 — «Паўночная Украіна». Праводзіў тактыку «выпаленай зямлі», вызначаўся асаблівай жорсткасцю. 28.6.1944 як «майстар абароны і адступлення» прызначаны камандуючым групай армій «Цэнтр», каб спыніць наступленне сав. войск у ходзе Беларускай аперацыі 1944. Аднак герм. войскі на чале з М. панеслі вял. страты і найб. цяжкія паражэнні. 15.8.1944 адхілены ад пасады. З вер. 1944 камандуючы групай армій «Б» (у Францыі), якая была разгромлена ў ходзе Рурскай аперацыі 1945 і 18 крас. капітулявала, пасля чаго М. скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧЫ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС, Пазнанскі спіс,
помнік бел.-літ. летапісання, спіс 2-га агульнадзярж. бел.-літ. летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Захаваўся ў рукапісе канца 16 ст. Змест летапісу — паліт. гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1548, дапоўненая запісамі па гісторыі Беларусі і Польшчы сярэдзіны 15—1-йпал. 16 ст. Сярод арыгінальных запісаў зместам і літ. вартасцямі вылучаецца «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл». У Р.л. аб’яднаны «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвала Вітаўту», а таксама шэраг гіст. апавяданняў і летапісных звестак пра падзеі 14—1-йпал. 16 ст. Адкрыты ў 1846 В.Бадзянскім. Зберагаецца ў б-цы Рачынскага ў Познані (Польшча).
Публ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛАНЕ́ЛА, віланель (італьян. villanella ад лац. villanus сялянскі, вясковы),
лірычны верш цвёрдай страфічнай будовы. Бярэ вытокі ў сярэдневяковай італьян. і франц. песеннай паэзіі. Складаецца з шасці 3-радковых строф, сярэднія радкі якіх рыфмуюцца паміж сабою. Пачатковы і заключны радкі 1-й страфы, звязаныя кальцавой рыфмай, папераменна паўтараюцца ва ўсіх астатніх тэрцэтах. Завяршае віланелу радок 1-й страфы. У бел. паэзіі гэту страфічную форму выкарыстаў С.Панізнік у вершы «Дзень развітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ВЕР (Hoover) Герберт Кларк (10.8.1874, г. Уэст-Бранч, штат Аява, ЗША — 20.10.1964),
дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. У час 1-йсусв. вайны арганізатар харч. дапамогі для Бельгіі і Францыі. У 1917—19 узначальваў Федэральную харч. адміністрацыю, у 1919—23 — Амерыканскую адміністрацыю дапамогі. У 1921—28 міністр гандлю. У 1929—33 прэзідэнт ЗША (ад Рэсп. партыі). Садзейнічаў аднаўленню ваенна-прамысл. патэнцыялу Германіі. Пасля 2-йсусв. вайны кіраваў арганізацыяй амер. дапамогі многім краінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА (Gomółka) Крысціна (н. 8.4.1954, г. Гданьск, Польшча),
польскі гісторык. Скончыла Гданьскі ун-т (1977). Д-р габілітаваны (1993). У 1978—93 працавала ў Ін-це эканам. і гуманітарных навук, з 1993 — у політэхн. ін-це ў Гданьску. Даследуе гісторыю беларусаў паміж 1-й і 2-йсусв. войнамі, паліт.эканам. і культ. жыццё сучаснай Беларусі, бел. дыяспару. З 1993 рэдактар польска-бел. час. «Dyskusja» («Дыскусія»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ ЧАЛАВЕ́КА,
функцыянальныя і марфалагічныя асаблівасці арганізма, абумоўленыя спадчыннымі і набытымі ўласцівасцямі. Вызначае рэакцыю арганізма на ўздзеянне знешніх, у т. л. хваробатворных, фактараў навакольнага асяроддзя. Тыпы К.ч. вызначаюць: паводле складу цела (рост, маса, развіццё мышцаў, падскурнага слоя тлушчу) — астэнічны, нормастэнічны і гіперстэнічны; паводле тэмпераменту — халерык, сангвінік, флегматык, меланхолік; па суадносінах 1-й і 2-й сігнальных сістэм — мастацкі і мысліцельны; паводле стану ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы, эндакрынных залоз і інш. Мае значэнне ў мед. практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСО́Н (Pinzón),
браты, ісп. мараплаўцы. Вісентэ Яньес (1460, Палас, Іспанія — каля 1524), у 1492—93 удзельнік 1-й экспедыцыі Х.Калумба, камандаваў каравелай «Нінья». У 1500 на чале флатыліі з 4 судоў адкрыў Паўн.-Зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі з вусцямі рэк Амазонка і Арынока. У 1508—09 сумесна з Х.Солісам даследаваў Усх. Бераг п-ва Юкатан. Марцін Алонса (каля 1440, Палас, Іспанія — 1493), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў 1-й экспедыцыі Калумба, камандаваў каравелай «Пінта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),
аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-йсусв. вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-йпал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦІ́СЛАЎ,
вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пд ад г. Маларыта, 62 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Хаціслаў. 1027 ж., 362 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Курган Славы на месцы бою 25.6.1941 воінаў 75-йстралк. дывізіі 4-й арміі з ням. фашыстамі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.
Вырабы 10 — 1-йпал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-йпал. 14 — 1-йпал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-йпал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.
В.М.Ляўко.
Віцебская кераміка. Уверсе: гаршчок, 14 ст. (злева); гляк, 15 ст.Унізе: паліваная пасудзіна для спецый, 16 ст. (злева); фрагмент размаляванай паліванай міскі, 16—17 ст. (у цэнтры); паліваная чарніліца, 17 ст.