ЛІ (Соф’я Дзмітрыеўна) (12.4.1904, в. Обаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.9.1980),
бел. жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыла Віцебскімаст. тэхнікум (1931). Працавала ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны. Значная частка твораў прысвечана партызанам Беларусі: «За баявой вучобай», «Партызанскі лагер», «Партызанская прысяга» (усе 1943—44), «Партызаны ў вёсцы» (1946), «Партызаны ў дазоры» (1947), «Партызанская зямлянка» (1968), «Ой бярозы ды сосны, партызанскія сёстры» (1975) і інш. Сярод інш. работ: пейзажы «Восень» (1949), «У пачатку верасня» (1958), «Нарач» (1968), «Бярозкі» (1972), «На Браслаўшчыне» (1973), «На Лепельшчыне» (1976); нацюрморты «Кветкі» (1948), «Гладыёлусы» (1954), «Макі» (1965), «Кубак чэмпіёна» (1971), «Дзень Перамогі» (1979). Творчасці ўласцівы выразнасць пластычнай мовы, шматграннасць жывапісных сродкаў у спалучэнні з тонкім лірызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (н. 9.3.1950, в. Язна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай шкалы акварэлі. Скончыў Віцебскіпед.ін-т (1976). Выкладае ў Віцебскім ун-це. Творы вылучаюцца глыбінёй і складанай драматургіяй вобразаў з падкрэслена нац. каларытам, трапяткім стаўленнем да перадачы натурных уражанняў у спалучэнні з аўтарскай манерай распрацоўкі жывапіснай прасторы. Аўтар тэматычных карцін «Дыялог» (1981), «Аўтарытэт» і «Загад» (абедзве 1987), «Думкі» (1989), «Размовы» і «Разважанне аб вечным» (абедзве 1990), «Свята ў горадзе» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1993), «Гуканне дзядоў», «Жаночы лёс», «Спакуса» (усе 1995), трыпціх «Катарсіс» (1996), серыі «Чалавек і прырода» (1989), «Успамін аб леце» (1995). Малюе пейзажы: серыі «Рыжскія краявіды» (1978), «Беларускае Прыдзвінне» (1984); партрэты, нацюрморты.
М.Л.Цыбульскі.
М.Ляўковіч. Незабудкі. З серыі «Успамін аб леце». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВУЧО́НАЯ АРХІ́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ,
гістарычнае т-ва Віцебскай губ. ў 1909—19. Створана 13.6.1909 па ініцыятыве Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, В.С.Арсеньева. Мела на мэце ахову помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збор прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў, правядзенне археал. раскопак, выданне навук. і папулярных прац. У канцы 1910 налічвала 28 членаў-заснавальнікаў, 99 ганаровых і 325 правадз. членаў, 15 членаў-супрацоўнікаў. Старшыні камісіі: Арсеньеў, У.А.Кадыгробаў, К.І.Ціхаміраў. Мела праўленне, савет, гіст. Архіў, музей, б-ку. Існавала на субсідыі ўрада, членскія ўзносы, грашовыя ахвяраванні, зборы з лекцый. У 1910 па яе ініцыятыве адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Выдавала перыядычны зб.«Полацка-Віцебская даўніна». Скасавана ў сувязі з утварэннем Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗКО́ВЫЯ ПАСТАНО́ВЫ,
у Расійскай імперыі ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. акты службовых асоб (ген.-губернатараў, граданачальнікаў), якія выдаваліся дыскрэцыйна (у залежнасці ад асабістага меркавання) і змяшчалі юрыд. санкцыі. Прымаліся для барацьбы з рэв. рухам. Паводле палажэння ад 13.7.1876 губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы аб забароне сходаў, органаў друку і інш. Палажэнне ад 14.8.1881 акрэслівала паўнамоцтвы службовых асоб на прыняцце абавязковых пастаноў у мясцовасцях, аб’яўленых на асобым становішчы, пазней губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы тэрмінам на 1 год і ў мясцовасцях, дзе выключнага становішча не было. У 1904—07 паўнамоцтвы на абавязковыя пастановы мелі мінскі і магілёўскі, у 1909—13 — віленскі, віцебскі, мінскі, магілёўскі губернатары. Абавязковыя пастановы існавалі да Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ-САКО́ЛІНСКІЯ.
Друцкія-Сакалінскія, княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн.Друцкіх. Найб. вядомыя:
Сямён (? — пасля 1514), намеснік таропецкі (1489), бранскі (1492—94), уладальнік Саколіна каля Друцка (адсюль 2-я частка прозвішча) і інш.Мікалай Мітрафан (каля 1610—90), архімандрыт Браслаўскага базыльянскага манастыра, з 1671 смаленскі уніяцкі архіепіскап. Міхал Леан (каля 1630—90), чашнік (1654) і маршалак аршанскі (1665), пісар ВКЛ, староста вяляціцкі (1685). Кароль Міхал (каля 1660—1713), кашталян смаленскі (1703). Міхаіл (каля 1550—1621), маршалак аршанскі (1591), староста азярышчанскі (1597), кашталян віцебскі (1605), ваявода полацкі (1613) і смаленскі (1621). Крыштоф Міхал (каля 1580—1639), староста азярышчанскі (1621—39), кашталян мсціслаўскі (1623), полацкі (1625). Ян Антоні (?—1662), кашталян мсціслаўскі (1655). Леан Лаўрэн (каля 1680—1726), архімандрыт Гродзенскага базыльянскага манастыра (1713), смаленскі уніяцкі архіепіскап (1718).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Мікалай Андрэевіч) (н. 1.6.1937, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1994; чл.-кар. 1992), д-рвет.н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебсківет.ін-т (1959). З 1964 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага (з 1988 дырэктар). З 1992 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі і вет. медыцыны Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1997 намеснік. Навук. працы па эпізааталогіі прыродна-ачаговых хвароб свойскай і дзікай жывёлы на Беларусі, распрацоўцы экспрэс-метадаў дыягностыкі, спосабаў прафілактыкі і лячэння інфекц. паталогіі жывёл.
Тв.:
Новые методы диагностики зоонозных инфекций. Мн., 1982 (у сааўт.);
Бешенство животных. Мн., 1990 (разам з М.Р.Таршысам, П.П.Кузняцовым);
Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н (7—1289),
князь віцебскі і полацкі ў 1260-я г. Паводле М.М.Карамзіна, сын кн.Таўцівіла, якога змяніў на полацкім пасадзе. Жанаты з дачкой кн. Аляксандра Неўскага Еўдакіяй. Згадваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1262 з нагоды маючага адбыцца паходу наўгародцаў, палачан і літоўцаў на г. Юр’еў (Тарту). У буле рымскага папы Урбана IV 23.5.1264 паведамляецца, што К. «падараваў» Лівонскаму ордэну землі свайго княства. Відаць, гаворка ішла пра г. Рэжыцу і воз. Лубна (цяпер г. Рэзекне і воз. Лубанас, Латвія), якія потым былі вернуты, магчыма, за яго дапамогу Аляксандру Неўскаму ў барацьбе з крыжакамі. Пасля забойства кн. Міндоўга (1263) за прыхільнасць да кн. Траняты К. пазбаўлены полацкага княжання (саступіў яго Ізяславу або Гердзеню). У Віцебску К. княжыў, верагодна, у 1262—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Акім Рыгоравіч) (н. 10.9.1912, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. работнік культ. Беларусі (1988). Скончыў Віцебскімаст. тэхнікум (1934). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераізм народа ў Вял.Айч. вайне: кампазіцыі «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1951), «У тыле ворага» (1958), «Рэйкавая вайна» (1974), партрэты Героя Сав. Саюза А.М.Кіжаватава (1967), падпольшчыцы С.С.Панковай (1968). Аўтар помнікаў воінам Сав. Арміі і партызанам ў Слоніме (1956), Паставах (1965), Полацку (1967), Вілейцы (1969), в. Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага (1983) р-наў і інш. Сярод інш. работ: «Поўдзень» (1965), «Юнацтва» (1973), «За волю, за долю» (1982), «На родных прасторах» (1983), бюст Ю.А.Гагарына (1969).
Літ.:
А.Р.Курачкін / Аўтар тэксту Л.Н.Дробаў. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКАЯ (Наталля Сяргееўна) (н. 7.11.1958, в. Забараўе Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Віцебскітэхнал.ін-т лёгкай прам-сці (1983). З 1983 мастак на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін, з 1988 выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца тонкімі суадносінамі пастэльных колераў, разнастайнасцю кампазіцыйных і фактурных вырашэнняў, спалучэннем традыц. матэрыялаў (лён, воўна) з нетрадыцыйнымі (сінт. валокны, дрот, метал, шкло, сізаль), зваротам да спадчыны нар. мастацтва. Сярод работ: «Два жыцці» (1982), «Забытая вёска» (1989), «Вечар», «Дажджлівае акно», «Вясна» (усе 1991), «Мае вербы» (1993), «Маркотныя кветкі», «У лесе кладуцца цені» (абедзве 1994), «Старажытныя рукапісы», «Зямля квітнее» (абедзве 1996), «Гарадскія рытмы» (1997), «Сярод бяроз, слядоў і цішыні» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’Я́НАЎ (Віктар Міхайлавіч) (н. 27.2. 1940, в. Уласава Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Віцебскіпед.ін-т (1967). Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі. Станковым творам уласцівы лірычная і сімвалічна-рамант. вобразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, дакладная прапрацоўка формы, выразнасць тонавых кантрастаў, сакавіты колер. Аўтар тэматычных кампазіцый «1941» (1974), «Браслаўскія рыбакі» (1975), трыпціхаў «На Віцебскім дывановым» (1978), «Ранішняя змена» (1981), «Сураж—Віцебск» (1984), «Яблыкі на снезе» (1990), нацюрмортаў «Хлеб» (1970), «Прасніцы» (1989), «Матылёк» (1990), «Чырвоны нацюрморт» (1998), пейзажаў «Вечарэе» (1968), «Наваполацк. 4-ы мікрараён» (1971), «На Заходняй Дзвіне» (1978), «Веснавы матыў» (1984), «Зімовае сонца» (1998), партрэтаў. Выканаў размалёўкі «Памяць» у Музеі баявой славы ў Полацку (1972), «Легенда пра стары Полацк» у кавярні «Віцязь» (1979), «Белая Русь» у кінатэатры «Мінск» (1981), «Дзвіна» ў рэстаране «Пралеска» (1983) — усе ў Наваполацку.