распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.
Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал.абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач. 1960-х г. — жал. руды ў Японіі.
На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.
Б.А.Багатаў.
Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ КАРАЛІ́НА (North Carolina),
штат на У ЗША. Пл. 136,5 тыс.км². Нас. 7546,5 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Ролі. Вял. гарады і асн.прамысл. цэнтры: Шарлат, Грынсбара, Уінстан-Сейлем, Дарэм. Усх.ч. штата на Прыатлантычнай нізіне, на З — горы Апалачывыш. да 2037 м (г. Мітчэл) і плато Підмант. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля 4 °C, ліп. каля 25 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Гал. рэкі Роанак і Кейп-Фір, парожыстыя ў вярхоўях, суднаходныя ў нізоўях. У Апалачах захаваліся шыракалістыя лясы (пад лесам 7,8 млн.га). Найб. развіта тэкст.прам-сць (1-е месца ў ЗША па вытв-сці баваўняных тканін). Развіты таксама тытунёвая, дрэваапр. (асабліва мэблевая), маш.-буд. (прамысл. машыны і трансп. сродкі, электрычнае і электроннае абсталяванне), харч., швейная прам-сць. Выплаўка алюмінію, вытв-сцьхім. валокнаў. Здабыча фасфарытаў, буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Гал. культура — тытунь (каля 300—400 тыс.т штогод, 1-е месца ў краіне). Вырошчваюць таксама арахіс, кукурузу, рыс, бавоўну, сою, пшаніцу, батат, гародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне свіней і птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 980, свіней — 9500, авечак — 14,5; курэй — 17,2 млн., бройлераў — 665 млн. Марское рыбалоўства. Турызм у 1996 прынёс даход 10,2 млрд.дол. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, авіяцыйны. Гал. порт Уілмінгтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРФЯНЫ́Я МАШЫ́НЫ І КО́МПЛЕКСЫ,
машыны і іх комплексы для асушэння і падрыхтоўкі тарфяных радовішчаў да распрацоўкі, для здабычы, сушкі і ўборкі торфу. Да іх адносяць тарфяныя бункерныя камбайны, бункерныя ўборачныя машыны, валкавальнікі, дрэнажныя машыны, каналакапальнікі, карчавальныя машыны, прафілёўшчыкі, штабелявальныя машыны, экскаватары, фрэзеры, варушылкі, зборшчыкі і пагрузчыкі пнёў і інш.
Машыны і механізмы на стадыях асушэння і падрыхтоўкі радовішча да эксплуатацыі і здабычы торфу аб’ядноўваюцца ў комплексы — камплекты індывід. і камбінаваных машын, узаемазвязаных па прадукцыйнасці. Напр., комплекс машын для здабычы фрэзернага торфу ўключае: бункерныя машыны (МТФ-43А) у камплекце з фрэзерамі (МТФ-13, -17), варушылкамі (МТФ-22), валкавальнікамі (МТФ-ЗЗБ) і штабелявальнымі машынамі (МТФ-71). Замена тарфянога паліва вадкім і газападобным скараціла аб’ёмы здабычы торфу і зменшыла выкарыстанне Т.м. і к. Ствараюцца машыны для атрымання бытавога кавалкавага паліва з торфу і сумесей торфу з гаручымі адходамі вытв-сці, механізмаў і абсталявання для яго перапрацоўкі.
На Беларусі ў 1960—80-я г. Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання выпускаў штабелявальныя машыны, фрэзеры-валкавальнікі, тарфяныя гідраўл. пагрузчыкі і інш.; Мазырскі з-дмеліярац. машын — каналакапальнікі, каналаачышчальнікі, карчавальнікі-збіральнікі; выпускае навясное абсталяванне карчавальніка, рыхліцеля і інш.Гл. таксама Тарфяная прамысловасць.
Б.А.Багатаў.
Тарфяныя машыны і комплексы: 1 — скрэперна-ўборачны агрэгат УМПФ-7; 2 — пнеўма-фрэзерны камбайн БПФ-2М; 3 — штабелявальная машына МТФ-71А (Гомельскі завод тарфянога машынабудавання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФАРМА́ТАРНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,
электрычная ўстаноўка для павышэння ці паніжэння напружання пераменнага току і размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Складаецца з трансфарматараў, размеркавальных устройстваў. апаратуры рэлейнай аховы, аўтаматычнага кіравання, дапаможнага абсталявання.
Бываюць павышальныя (звычайна на электрастанцыях), на якіх генератарнае (ніжэйшае, да 24 кВ) напружанне пераўтвараецца ў больш высокае (110—750 кВ) для перадачы на далёкую адлегласць па лініях электраперадачы, і паніжальныя, на якіх высокае напружанне электрычнай сеткі паніжаецца (да 35, 10, 6 і 0,4 кВ) для размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Паніжальныя Т.п. бываюць раённыя (забяспечваюць электраэнергіяй гал. паніжальныя падстанцыі, буйныя прамысл., гарадскія і с.-г. раёны) і мясцовыя (цэхавыя; служаць для электразабеспячэння асобных прадпрыемстваў, цэхаў, раёнаў горада, вёсак і інш.). Т.п. будуюць адкрытыя (па-за будынкам) і закрытыя (у памяшканнях). Шырока выкарыстоўваюцца адкрытыя і закрытыя камплектныя Т.п., у якіх абсталяванне размешчана ў метал. каркасах або шафах; ад іх сілкуюцца невял. прамысловыя і камунальныя прадпрыемствы, грамадскія і адм. будынкі, буд. пляцоўкі, с.-г. спажыўцы.
На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д з 1957 выпускае камплектныя Т.п. для сілкавання с.-г. спажыўцоў, тэрмаапрацоўкі бетону і грунту, сілкавання помпаў і станкоў-качалак пры здабычы нафты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ выраб бясшвовых (без зварнога падоўжнага ці спіральнага шва) метал.труб спосабам пракаткі. Уключае транспартаванне загатовак (зліткаў) да награвальных печаў, награванне загатовак, пракатку труб, іх каліброўку, ахаладжэнне, праўку, абрэзку і інш.Асн.тэхнал.абсталяванне Т.в. — трубапракатныя агрэгаты, якія адрозніваюцца тыпаразмерам вырабляемых труб і спосабам іх пракаткі. Працэс гарачай пракаткі ўключае: прашыўку нагрэтай загатоўкі (злітка) і атрыманне таўстасценнай гільзы на прашыўных станах; раскатку гільзы да пэўнай таўшчыні сценак, дыяметра і даўжыні трубы на бесперапынным, кароткаапраўным, пілігрымавым, трохвалковым пракатных станах. Бесперапынны стан (найб. прадукцыйны) ужываецца пры пракатцы труб дыяметрам 110 мм; кароткаапраўны (аўтаматычны) — для вырабу труб дыяметрам ад 60 да 450 мм і больш; пілігрымавы — дыяметрам 400—700 мм, трохвалковы стан — таўстасценных труб дыяметрам 35—200 мм (для кольцаў падшыпнікаў качэння). Пасля раскаткі трубы калібруюцца на калібровачных станах (гл.Калібр),
ахалоджваюцца і правяцца. Трубы дыяметрам да 70 мм атрымліваюць абцісканнем гарачых трубных загатовак на рэдукцыйных станах. Для змяншэння таўшчыні сценкі і дыяметра, надання трубе больш высокіх мех. уласцівасцей, гладкай паверхні і дакладных памераў пасля гарачай пракаткі яе ставяць на станах перыяд. дзеяння, на халодную пракатку, а таксама працягваюць праз валокі валачыльнага стану. Бясшвовыя трубы ўжываюцца ў машынабудаванні, нафтаздабыўной, хім. прам-сці, у камунальнай гаспадарцы і інш.Асн. прадпрыемствамі па іх вырабе ў СНГ з’яўляюцца Перваўральскі наватрубны і Нікапальскі паўднёватрубны з-ды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́У (ням. V ад Vergeltungswaffe зброя пакарання),
кіравальная ракетная зброя далёкага дзеяння (крылатая і балістычная ракеты). Створана ў нацысцкай Германіі ў гады 2-й сусв. вайны. Выкарыстана супраць Вялікабрытаніі (абстрэл Лондана вёўся з 13.6.1944).
Крылатыя ракеты Ф.-1 распрацаваны ням. фірмамі ў выглядзе самалёта-сярэднеплана. Даўж. 7,6 м, размах крылаў 5,3 м, стартавая маса 2,2 т, маса выбуховага рэчыва 700 кг, скорасць палёту да 600 км/гадз, далёкасць да 370 км; пуск з дапамогай катапульты, радзей — з самалёта-носьбіта. Балістычныя ракеты Ф.-2 (ракетны цэнтр Пенемюндэ; канструктар В. фон Браўн), прызначаны для стратэг. задач. Даўж. 14 м, стартавая маса каля 13 т (1 т баявога зараду і каля 8,5 т паліва), макс. дыям. 1,65 м, скорасць палёту да 1700 м/с, далёкасць каля 300 км. Пуск з дапамогай комплексу пад’ёмна-трансп., заправачных і інш. стартавых агрэгатаў. Ф.-2 першая баявая балістычная ракета. прызначаная для выканання стратэг. задач.
Літ.:
Орлов А.С. Секретное оружие третьего рейха. М., 1975;
Латухин А.Н. Боевые управляемые ракеты. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЯ́БІНСК,
горад, цэнтр Чэлябінскай вобл., у Расіі, на р. Міяс (бас.р. Об). 1081,1 тыс.ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр Паўд. Урала. Прам-сць: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы) і каляровая (цынк, ферасплавы) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (гусенічныя трактары, бульдозеры, грэйдэры, танкі, электрарухавікі, абсталяванне для чорнай металургіі, гадзіннікі і інш.), хім. (лакі і фарбы), лёгкая (гарбарна-абутковая, трыкат., швейная), харч. (мяса-малочная, лікёра-гарэлачная, тытунёвая і інш.), дрэваапр.; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. ДРЭС. 3 ун-ты, мед. акадэмія, 3 ін-ты. Тэатры: драм., оперы і балета, лялек, юнага гледача. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, дэкар.-прыкладнога мастацтва, карцінная галерэя. Каля Ч. здабыча бурага вугалю.
Засн. ў 1736 як рус. казацкая крэпасць на месцы башкірскага паселішча Чэляба. З 1743 Ч. — горад, цэнтр Ісецкай правінцыі. У 1744 заняты атрадамі Е.І.Пугачова, якія ўтрымлівалі крэпасць 2 месяцы. З 1781 Ч. — павятовы горад Екацярынбургскай прав. Пермскага, потым Уфімскага намесніцтва, з 1796 — Арэнбургскай губ. У 1890-я г. з будаўніцтвам Вял. Сібірскай магістралі і чыгункі на Екацярынбург Ч. стаў буйным трансп. і гандл. (вываз хлеба з Зах. Сібіры) цэнтрам. 26.5.1918 захоплены чэш. войскамі (гл.Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918). У 1919—23 цэнтр Чэлябінскай губ., потым у складзе Уральскай вобл. З 1934 Ч. — абл.цэнтр. У Вял.Айч. вайну ў Ч. эвакуіравана каля 60 прамысл. прадпрыемстваў з зах. рэгіёнаў, у т. л. з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГРА́ФІЯ (ад гідра... + ...графія),
1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.
2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.
На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст.н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял.кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШГАБА́Д,
горад, сталіца Туркменістана. Размешчаны на перадгорнай раўніне хрыбта Капетдаг. 500 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г. машыны, абсталяванне для нафтавай і хім. прам-сці, газавыя пліты, эл.-тэхн. вырабы, рамонт цеплавозаў і аўтамабіляў), хім.-фармацэўтычная, шкляная, лёгкая (баваўняная, трыкат., шаўковая, абутковая, вытв-сць дываноў), харчасмакавая (мясная, вінаробная, тытунёвая і інш.) прам-сць; вытв-сцьбуд. Матэрыялаў. 11 ВНУ (у т. л.ун-т), АН Туркменістана. 8 тэатраў (у т. л. оперы і балета), філармонія. 3 музеі (у т. л.Нац. музей выяўл. мастацтваў Туркменістана). У 1949 да горада падведзены Каракумскі канал.
Засн. ў 1881 як ваен. ўмацаванне пад назвай Асхабад (ад аднайм. суседняга аула). Быў цэнтрам Закаспійскай вобласці. Яго росту спрыяла буд-ва чыгунак Ашгабад — Каспій (1885) і Ашгабад — Ташкент (1899). З 1919 наз. Палтарацк, да 1924 абл.цэнтр. З 1924 сталіца Туркменістана, з 1927 наз. Ашхабад, з 1991 — Ашгабат.
Першапачаткова меў прамавугольную і радыяльную сетку вуліц пераважна з 1-павярховай сырцовай забудовай. У 1948 разбураны землетрасеннем. Адбудаваны па ген. планах 1949—50 (адкарэкціраваныя ў 1960-я г.) з захаваннем традыц. планіроўкі. Арх. аблічча вызначаюць будынкі ун-та (1961), «Каракумбуда», гасцініцы «Ашгабад» (абодва 1967), Акадэміі навук, Нац. б-кі (1969—74). Каля Ашгабада археал. комплекс Анаў (рэшткі паселішчаў 5—1-га тыс. да нашай эры) і гарадзішча з руінамі мячэці (1456).
Фантаны ў Ашгабаце.Да арт.Ашгабат. Адміністрацыйны будынак «Каракумбуда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТО́МІРСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На Пн Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 29,9 тыс.км². Нас. 1,5 млн.чал., гарадскога 53% (1996). Цэнтр — г.Жытомір. Найб. гарады: Бярдзічаў, Корасцень, Наваград-Валынскі, Карастышаў, Малін, Оўруч.
Прырода. Паўд. і паўд.-зах. часткі вобласці знаходзяцца ў межах Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 300 м). Пн і ПнУ займае Палеская нізіна і Оўруцкае ўзв. (найб.выш. 316 м). Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, лабрадарыты, мармур, вапнякі, гліны, жал. і тытанавыя руды, буры вугаль, торф, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5,6 °C, ліп. 18,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 500 мм на Пд да 600 мм на Пн. Гал. рэкі належаць да бас. Дняпра; Цецераў, Ірпень, Случ, Уж, Убарць. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пд шэрыя лясныя і чарназёмныя. Лясы мяшаныя (хвоя, дуб, граб, бяроза, асіна), займаюць 31,7% тэр., у Ж.в. — Палескі запаведнік.
Гаспадарка Ж.в. адносіцца да індустрыяльна-аграрных раёнаў Украіны. Развіццё прам-сці грунтуецца на с.-г. сыравіне, мясц.мінер. і працоўных рэсурсах. Асн. галіны прам-сці: харчасмакавая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая, агароднінакансервавая, піваварная), маш.-буд. (хім.абсталяванне, дарожныя і с.-г. машыны, электрапрылады), лёгкая (тэкст., швейная, абутковая), хім., мікрабіял., дрэваапр., мэблевая, фарфора-фаянсавая, шкляная. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў Здабыча бурага вугалю. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, жыта) і тэхн. (лён, буракі, хмель) культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пчалярства, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Адэса—С.-Пецярбург, Харкаў—Львоў, Брэст—Кіеў, Масква—Чоп, аўтадарогі Кіеў—Львоў, Вінніца—Мазыр, Кіеў—Брэст.