ЧЭЛЯ́БІНСК,

горад, цэнтр Чэлябінскай вобл., у Расіі, на р. Міяс (бас. р. Об). 1081,1 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр Паўд. Урала. Прам-сць: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы) і каляровая (цынк, ферасплавы) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (гусенічныя трактары, бульдозеры, грэйдэры, танкі, электрарухавікі, абсталяванне для чорнай металургіі, гадзіннікі і інш.), хім. (лакі і фарбы), лёгкая (гарбарна-абутковая, трыкат., швейная), харч. (мяса-малочная, лікёра-гарэлачная, тытунёвая і інш.), дрэваапр.; вытв-сць буд. матэрыялаў. ДРЭС. 3 ун-ты, мед. акадэмія, 3 ін-ты. Тэатры: драм., оперы і балета, лялек, юнага гледача. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, дэкар.-прыкладнога мастацтва, карцінная галерэя. Каля Ч. здабыча бурага вугалю.

Засн. ў 1736 як рус. казацкая крэпасць на месцы башкірскага паселішча Чэляба. З 1743 Ч. — горад, цэнтр Ісецкай правінцыі. У 1744 заняты атрадамі Е.І.Пугачова, якія ўтрымлівалі крэпасць 2 месяцы. З 1781 Ч. — павятовы горад Екацярынбургскай прав. Пермскага, потым Уфімскага намесніцтва, з 1796 — Арэнбургскай губ. У 1890-я г. з будаўніцтвам Вял. Сібірскай магістралі і чыгункі на Екацярынбург Ч. стаў буйным трансп. і гандл. (вываз хлеба з Зах. Сібіры) цэнтрам. 26.5.1918 захоплены чэш. войскамі (гл. Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918). У 1919—23 цэнтр Чэлябінскай губ., потым у складзе Уральскай вобл. З 1934 Ч. — абл. цэнтр. У Вял. Айч. вайну ў Ч. эвакуіравана каля 60 прамысл. прадпрыемстваў з зах. рэгіёнаў, у т. л. з Беларусі.

т. 17, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)