АПАЛАДО́Р (Apollodōros) з Дамаска, старажытнарымскі архітэктар і інжынер пач. 2 ст. Пабудаваў грандыёзны ансамбль форума Траяна ў Рыме (111—114), будынкі бібліятэк і знакамітую калону Траяна, абвітую стужкай рэльефаў на тэму паходу Траяна ў Дакію. Апаладор прыпісваюць аркі Траяна ў гарадах Анкона (пасля 115) і Беневента. Сярод работ, якія не захаваліся, — мост цераз Дунай каля г. Дробета (цяпер у Румыніі), адэон, цырк і тэрмы Траяна ў Рыме.
т. 1, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУРЫ́МАК (Apurimac; у ніжнім цячэнні Эне, Тамба),
рака ў Перу, левы прыток р. Укаялі (сістэма Амазонкі). Даўж. 1250 км, пл. бас. каля 125 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схіле Зах. Кардыльеры (на ПнЗ ад воз. Тытыкака), цячэ на ПнЗ у глыбокіх і вузкіх далінах, якія расчляняюць Анды. Паўнаводная летам (снеж. — люты). Сярэдні расход вады 2,9 тыс. м³/с. Вельмі парожыстая. На Апурымку горад Пуэрта-Прада.
т. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.
т. 1, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ МІЖНАРО́ДНАЙ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ (Internacional Civil Aviation Organization; ІКАО),
спецыялізаваная ўстанова ААН па супрацоўніцтве дзяржаў у галіне грамадзянскай авіяцыі. Засн. ў 1944 на аснове Чыкагскай канвенцыі аб міжнар. грамадз. авіяцыі. Членамі яе з’яўляюцца каля 150 краін. Гал. мэты: распрацоўка і уніфікаванне тэхн. правілаў, якія рэгулююць міжнар. палёты і эксплуатацыю паветр. суднаў, аэрадромаў, аэранавігацыйных сродкаў; тэхн. дапамога ў арганізацыі грамадз. авіяцыі і кіраванні ёю. Штаб-кватэра ў Манрэалі.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́НІКІ,
гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 × 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.
т. 2, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГО́ЕВА ГРУ́ПА,
першая сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1883—87. Створана ў Пецярбургу Дз.Благоевым, з 1884 наз. «Партыя рускай сацыял-дэмакратыі». Налічвала да 30 чал., пераважна студэнтаў. Пасля ўстанаўлення сувязі з групай «Вызваленне працы» стала наз. «Пецярбургская група партыі рускіх сацыял-дэмакратаў». Група першай арганізавала каля 15 рабочых гурткоў; у 1885 наладзіла выпуск у Расіі с.-д. нелегальнай газ. «Рабочий» (выйшлі 2 нумары). Разгромлена паліцыяй.
т. 3, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РАЎНА,
возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнічанка, за 25 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 2,04 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,5 м. Пл. вадазбору 4,4 км².
Размешчана сярод забалочанай лясістай мясцовасці. Катлавіна круглаватая, злёгку выцягнутая з Пн на Пд, берагі нізкія, парослыя хмызняком. Слаба зарастае каля берагоў. Сцёк па канаве ў воз. Ліпна.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КЛІН (Brooklyn),
адміністрацыйны раён г. Нью-Йорк; на З в-ва Лонг-Айленд; тэрытарыяльна супадае з графствам Кент. Каля 3 млн. ж. (1990). З цэнтрам горада (в-аў Манхатан) злучаны мастамі і тунэлямі. Пераважаюць жылыя кварталы. Буйны порт. Лёгкая (у т. л. швейная, тэкст., гарбарна-абутковая), харч., металаапр., маш.-буд., хім. прам-сць. Суднабудаванне. Бруклінскі ін-т мастацтваў і навук. Лонг-Айлендскі ун-т.
т. 3, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУВІ́Н (Bouvines),
населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ. лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.
т. 3, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ ((Victoria) Томас Луіс дэ) (каля 1548, г. Авіла, Іспанія — 27.8.1611),
іспанскі кампазітар, арганіст; буйнейшы прадстаўнік ісп. культавай вак. поліфаніі. Вучань К.Маралеса. У 1565—89 жыў у Рыме, з 1594 у Мадрыдзе, арганіст і віцэ-капельмайстар каралеўскага манастыра францысканцаў. Аўтар мес, матэтаў, гімнаў, магніфікатаў, псалмаў і інш. Найб. вядомыя «Службы на страсны тыдзень», «Страсці па Матфею» (абодва 1585), «Меса на смерць каралевы Марыі» (1605).
т. 4, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)