ВА́ЖНІЦА,
тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.
т. 3, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙСКАЯ, Войская,
вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).
т. 3, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧО́БНІКІ,
група мужчын (радзей жанчын), якія ў першы дзень Вялікадня з вечара і ўсю ноч абходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні (асобна гаспадару, гаспадыні, іх дарослай дачцэ, нежанатаму сыну). Валачобны гурт складаўся з запявалы («пачынальніка»), падпявальнікаў, музыкі (звычайна скрыпача) і механошы, які збіраў дары («валачобнае» — фарбаваныя яйкі, велікодныя булкі, сыр, невял. грошы). Валачобны абрад, пашыраны пераважна на Пн Беларусі, цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая святочная забава.
т. 3, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБКО́ВА (Нінэль Міронаўна) (н. 16.10.1930, г. Смаленск),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі сілікатаў. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1973). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыла БПІ (1953). З 1957 у БПІ, з 1976 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізікахіміі шклопадобнага стану рэчываў, сіталаў, кампазіц. матэрыялаў.
Тв.:
Физическая химия силикатов и тугоплавких соединений. Мн., 1984;
Бесщелочные ситаллы и стеклокристаллические материалы. Мн., 1992 (разам з Л.М.Сіліч).
т. 2, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАГА́Н (ад перс. балахане верхні пакой, балкон),
1) (уст.) часовая лёгкая пабудова для розных патрэб.
2) У 18 — пач. 20 ст. тэатр. відовішча пераважна камічнага характару на кірмашах, нар. гуляннях. Вядомы ў Расіі з сярэдзіны 18 ст., на Беларусі ў 19 ст. У балагане выступалі ралёшнікі, сілачы, балаганныя дзяды, акрабаты, нар. хары, лялечнікі, штукары; ставіліся фарсы, арлекінады, нар. драмы. Гл. таксама Кірмашовы тэатр.
3) У перан. значэнні — штосьці штукарскае, грубавата-пошлае, несур’ёзнае.
т. 2, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНТЫДЫЁЗ, балантыдыяз,
інвазійная хвароба свіней, буйной рагатай жывёлы, трусоў і чалавека, якая пашкоджвае сценкі тоўстага кішэчніка. Узбуджальнікі — паразітычныя інфузорыі з роду Balantidium. Рэгіструецца ўсюды, у т. л. на Беларусі. Найчасцей хварэюць парасяты і падсвінкі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы. Заражэнне адбываецца праз ежу, кармы, ваду, гной, ад брудных рук. Заглынутыя цысты ў кішэчніку ператвараюцца ў інфузорый, якія выклікаюць запаленне кішэчніка з утварэннем язваў, з’яўляецца панос з дамешкамі слізі і крыві, знясіленне. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Дызентэрыя.
т. 2, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЫ́КІН (Міхаіл Кірылавіч) (н. 1.7.1930, в. Кавалі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Канд. тэхн. н. (1965), праф. (1990). Засл. будаўнік (1980) і засл. работнік нар. адукацыі (1991) Беларусі. Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1955). З 1956 у Бел. політэхн. акадэміі (у 1980—93 прарэктар). Працы па разліках тэмпературнага ўплыву на лінейна-дэфармавальныя сістэмы трубаправодаў рознага тэхнал. прызначэння.
Тв.:
Справочник по сопротивлению материалов. Мн., 1988 (у сааўт.).
т. 2, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НАЎ (Іван Мікалаевіч) (29.8.1916, г.п. Тацынскі Растоўскай вобл., Расія — 9.2.1982),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1935. Скончыў Арджанікідзеўскае ваен. пяхотнае вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Са жн. 1942 у тыле ворага, арганізоўваў дыверсійна-разведвальную работу ў Брэсцкай вобл., падрыхтаваў 3 групы разведчыкаў. Да 1977 у Сав. Арміі, ген.-маёр.
т. 2, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К (Фёдар Васілевіч) (1.1.1923, в. Кашалі Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 19.1.1991),
бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1953). Праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1950). З 1953 у БДУ. У 1959—61 нам. дырэктара Бел. ін-та нар. гаспадаркі, у 1961—69 у Мінскім пед. ін-це. З 1969 рэктар Бел. ін-та нар. гаспадаркі. Навук. даследаванні па праблемах палітэканоміі і эфектыўнасці грамадскай вытв-сці.
т. 2, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)