МАЛЮ́СА ЗАКО́Н,

залежнасць інтэнсіўнасці лінейна палярызаванага святла пасля яго праходжання праз аналізатар ад вугла α паміж плоскасцямі палярызацыі зыходнага святла і аналізатара. Паводле М.з. вызначаецца інтэнсіўнасць святла пры яго праходжанні праз палярызацыйныя прылады.

Устаноўлены Э.Л.Малюсам у 1810 і выражаецца формулай I = I0cos​2α, дзе I0 і I — інтэнсіўнасць святла, што падае на аналізатар і выходзіць з яго (адпаведна). Святло з інш. (нелінейнай) палярызацыяй (гл. Палярызацыя святла) вызначаецца як сума двух лінейна палярызаваных складальных, да кожнай з якіх прыдатны М.з.; страты, што не ўлічваюцца М.з., вызначаюцца дадаткова.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РНЫ (Пётр Ільіч) (н. 14.4. 1937, с. Крэп Валгаградскай вобл., Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1989). Скончыў БДУ (1961), дзе і працуе (з 1973 заг. кафедры). Навук. працы па вылічальнай матэматыцы і дыферэнцыяльных ураўненнях. Распрацаваў тэорыю і дастасаванні метадаў інварыянтнага паглыблення і рэдукцыі да задач Кашы для рашэння гранічных задач у выпадку дыферэнцыяльных і сеткавых ураўненняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Начала теории вычислительных методов. [Т. 1—5]. Мн., 1982—86 (разам з У.​І.​Крыловым, У.​В.​Бабковым).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ КЛІ́МАТ, акіянічны клімат,

клімат, які фарміруецца ва ўмовах пераважнага ўздзеяння на атмасферу акіянічных прастораў. Пашыраны пераважна над акіянамі, а таксама над часткамі мацерыкоў, на якія ўплываюць паветр. масы акіянічнага паходжання (напр., над Зах. Еўропай, дзе пануе зах. перанос ветру). Ад кантынентальнага клімату адрозніваецца параўнальна невял. ваганнямі т-ры і значнай вільготнасцю, халаднаватым летам і мяккай зімой (ва ўмераных шыротах), большай воблачнасцю, моцнымі вятрамі, больш познім (на 1—2 месяцы) надыходам самых высокіх і самых нізкіх т-р, вясной больш халоднай за восень і адсутнасцю пастаяннага ўстойлівага снегавога покрыва.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РФА-ПАСА́ДНІЦА (Марфа Барэцкая; 7—?),

наўгародская баярыня, удава пасадніка І.​А.​Барэцкага. Вызначалася розумам, энергіяй і красамоўствам. У 1470-я г. разам з сынамі ўзначальвала варожую маскоўскаму вял. кн. Івану III групоўку баяр — прыхільнікаў пераходу Наўгародскай феадальнай рэспублікі ў падданства ВКЛ (гл. Барэцкія). У 1477 М.П. і яе прыхільнікі сарвалі ратыфікацыю вечам дагавора аб прызнанні Івана III неабмежаваным уладаром Ноўгарада. У студз. 1478 Ноўгарад капітуляваў перад войскам Івана III, які выслаў М.П. ў Маскву, потым у Ніжні Ноўгарад, дзе яна пад імем Мар’і пастрыжана ў манашкі.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКЕ́ВІЧ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 1.8.1953, в. Быкаўка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.матэм. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1974), дзе і працуе (з 1995 прарэктар, з 1997 рэктар). Навук. працы па спектраскапіі біяарган. малекул. Распрацаваў на аснове мадыфікаваных тонкіх плёнак серабра і золата новыя тыпы субстратаў для спектраскапіі, ўзмоцненай паверхняй.

Тв.:

ГКР-активные субстраты на основе тонких серебряных пленок, отожженных при высоких температурах: сравнительное изучение методами атомно-силовой микроскопии и спектроскопии гигантского комбинационного рассеяния (у сааўт.) // Оптика и спектроскопия. 1996. Т. 81, № 1.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЫ́КА (Іван Васілевіч) (1894, в. Гатава Мінскага р-на — 1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. Скончыў нар. вучылішча. Працаваў на ліцейным заводзе, служыў мараком на Балт. флоце. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Зах. фронце, дзе трапіў у палон да немцаў. У час ням. акупацыі 1918 удзельнічаў у падп. баявой арг-цыі. У час польск. акупацыі са студз. 1920 узначаліў спец. падрыўны партыз. атрад на радзіме, які пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны на ўчастках чыг. Міханавічы—Рудзенск і Замір’е—Пагарэльцы. Загінуў у баі.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСЕ́ВІЧ (Павел Аляксеевіч) (н. 15.7.1930, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-р хім. н. (1990). Скончыў БДУ (1955), дзе працаваў у 1958—94 (у 1978—89 заг. лабараторыі НДІ фіз.-хім. праблем). Навук. працы па сінтэзе і даследаванні фіз.-хім. уласцівасцей сінт. палімераў. Распрацаваў новы клас стабілізатараў і мадыфікатараў, якія ахоўваюць палімеры ад старэння.

Тв.:

Защита синтетических и биологических полимеров от деструкции с помощью аминопроизводных ортобензохинона // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1984. № 4.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,

лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MX або EX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМО́ВА,

мова, сродкамі якой праводзіцца апісанне структурных якасцей іншай (звычайна фармалізаванай) мовы, што з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведнай метатэорыі. Паняцце «М.» прыйшло з матэм. логікі, дзе яно ўжывалася ў сэнсе «фармалізаваная мова», зручная для дакладнага апісання некат. прадметных галін з улікам сістэмных суадносін паміж навук. тэрмінамі. Пры дапамозе М. апісваецца мова як аб’ект даследавання. Адзінкі М. могуць супадаць з адзінкамі мовы-аб’екта. Напр., бел. слова «маўленне» ў значэнні «вусны варыянт мовы» адносіцца да М. і з’яўляецца лінгвістычным тэрмінам, у гутарковым выкарыстанні адносіцца да мовы-аб’екта.

В.​У.​Мартынаў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,

адзін з найбуйнейшых рухомых паясоў зямной кары, які раздзяляе Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, Кіт.-Карэйскую і Паўд.-Кітайскую платформы з аднаго боку і Афрыкана-Аравійскую і Індастанскую — з другога. М.г.п. цягнецца праз усю Еўразію ад Гібралтарскага праліва на З, уключаючы б.ч. Зах. і Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн. Афрыку, Паўд.-Зах. Азію і Інданезійскі архіпелаг, дзе М.г.п. сучляняецца з Ціхаакіянскім геасінклінальным поясам. Да М.г.п. адносяцца: герцынская (варысцыйская) складкавая вобласць Зах. і Цэнтр. Еўропы (гл. Герцынская складкавасць), Альпійская геасінклінальная вобласць і Інданезійская складкавая вобласць.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)