ГРЫ́НБЛАТ (Майсей Якаўлевіч) (29.3.1905, Мінск — 4.7.1983),
бел. этнограф, фалькларыст, гісторык. Канд.гіст.н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). Працаваў акцёрам у трупе У.Галубка (1921—25). З 1930 у АН Беларусі: у Ін-це гісторыі (1931—41; 1945—56) і Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957—76), адначасова выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1937—41) і БДУ (1939—41, 1945—55). Даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў, бібліяграфію беларусазнаўства. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кн. «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Склаў зб. фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А.І.Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Выслоўі» (1979).
Тв.:
Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказальнік. Мн., 1972.
Літ.:
Список основных работ М.Я.Гринблата // Сов. этнография. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́САК (Husák) Густаў (10.1.1913, в. Доўбраўда, каля г. Браціслава, Славакія — 1991, славацкі і чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Браціслаўскі ун-т (1937). З 1933 чл. кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ). У 2-ю сусв. вайну адзін з кіраўнікоў славацкага нац. паўстання 1944. Чл.ЦК КПЧ (1945, 1949—51). У 1946—50 старшыня Корпуса ўпаўнаважаных (аўтаномнага ўрада) Славакіі. Абвінавачаны ў «нацыяналіст. ухілах», у 1951 арыштаваны і зняволены, у 1960 вызвалены, у 1963 рэабілітаваны. У перыяд «пражскай вясны» 1-ы сакратар ЦК КП Славакіі, падтрымаў увод войск 5 дзяржаў-удзельніц Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію (жн. 1968). З 1969 1-ы сакратар, з 1971 ген. сакратар ЦК КПЧ. Праводзіў палітыку т.зв. нармалізацыі (адыход ад рэформ «пражскай вясны»). З 1975 прэзідэнт Чэхаславакіі. У 1987 быў вымушаны падаць у адстаўку з пасады ген. сакратара ЦК КПЧ, у 1989 — з пасады прэзідэнта. Аўтар кн. «Сведчанне пра Славацкае нацыянальнае паўстанне» (нап. Ў 1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя сінтакс. адзінкі, якія маюць форму слова ці словазлучэння і развіваюць структурную аснову (прэдыкатыўнае ядро) сказа. Знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа або інш. членамі сказа і ўдакладняюць, дапаўняюць ці паясняюць іх. У сказе яны рэалізуюць і абагульняюць атрыбутыўныя, аб’ектыўныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін Д.ч.с. ў бел. мове па традыцыі падзяляюцца на азначэнні («Настала ранняя вясна»), дапаўненні («Вецер калыша збажыну») і акалічнасці («У нагах трава нізка сцелецца»).
У бел. мове адзін і той жа Д.ч.с. можа сумяшчаць у сабе атрыбутыўнае і аб’ектыўнае або атрыбутыўнае і акалічнаснае ці аб’ектнае і акалічнаснае значэнні, а г.зн., што паміж названымі Д.ч.с. не існуе выразнай мяжы. Традыц. класіфікацыя іх некалькі схематычная, не зусім дакладная, бо не ўлічвае пераходных з’яў паміж Д.ч.с. і той ролі, якую кожны з іх адыгрывае ў структурнай арганізацыі сказа. Вядуцца пошукі больш дакладнай класіфікацыі Д.ч.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛАС (Dallas),
горад на Пд ЗША, на р. Трыніты ў штаце Тэхас. 1022 тыс.ж., з г. Форт-Уэрт і прыгарадамі 3,9 млн.ж. (1993). Важны трансп. вузел, гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША, арганізац. цэнтр нафтагазавай прам-сці раёна. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр машынабудавання (вытв-сць нафтавага, халадзільнага, агульнапрамысл. абсталявання). Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сць паўправаднікоў і сродкаў сувязі), авіяракетная, харч., швейная, паліграф., папяровая, хім. (вытв-сць мыла і сінт. мыйных сродкаў), нафтаперапр., вытв-сць адзення і скургалантарэі. 2 ун-ты. Музеі. Тэатры. Турызм.
Засн. ў 1841 як гандл, факторыя, з 1856 горад. У час грамада. вайны 1861—65 адзін з цэнтраў канфедэратаў. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр гандлю бавоўнай. З 1930-х г. эканоміка горада звязана з эксплуатацыяй выяўленых там радовішчаў нафты. У час 2-й сусв. вайны стаў цэнтрам прам-сці, у т. л. авіябудаўнічай. У 1963 у Д. забіты прэзідэнт ЗША Дж. Ф.Кенэдзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш.нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),
род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.
Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КАЎ (Уладзімір Анатолевіч) (14.6.1919, с. Бакалы, Башкортастан — 16.11.1995),
рускі гісторык. Д-ргіст.н. (1966), праф. (1986). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1947). З 1957 у Цэнтр.дзярж. ваенна-гіст. архіве і ў Галоўархіве СССР, з 1960 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН. Даследаваў пытанні рэв. і нац.-вызв. руху Расіі і Польшчы 19 — пач. 20 ст., руска-польскія рэв. і культ. сувязі таго часу, гісторыю славяназнаўства, балканістыкі і інш.Адзін з рэдактараў і складальнікаў сав.-польскай серыі «Паўстанне 1863 года. Матэрыялы і дакументы» (т. 1—25. М.; Варшава, 1961—87), 2 тамы якога прысвечаны Беларусі: «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964) і «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965). Паўстанню 1863—64 у Беларусі і Літве прысвечаны таксама працы «Сігізмунд Серакоўскі» (1959) і «Валерый Урублеўскі» (1968; разам з У.Абрамавічусам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБІ́ЛКА,
машына для драблення кускавых матэрыялаў, пераважна мінер. сыравіны. Бываюць буйнога (для кавалкаў 1500—500 мм), сярэдняга (500—100 мм) і дробнага (100—40 мм) драблення; шчокавыя, конусныя, валковыя, ударныя і стрыжнёвыя (дэзінтэгратары).
У шчокавых Д. матэрыял здрабняецца паміж 2 прамавугольнымі плітамі (шчокамі), адна з якіх хістаецца, а другая нерухомая, у конусных — паміж нерухомай чашай і конусам, што хістаецца і адначасова верціцца, у валковых — паміж 2 цыліндрычнымі валкамі (гладкімі або зубчастымі), якія верцяцца адзін насустрач аднаму, ва ўдарных — ад удараў малаткоў, што замацаваны на ротары шарнірна (у малатковых Д.) або нерухома (у ротарных). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім. і харч. прам-сці, металургіі, буд-ве, у сельскай гаспадарцы (гл.Здрабняльнік кармоў).
І.І.Леановіч.
Схема драбілак: а — шчокавая (1, 2 — рухомая і нерухомая шчокі); б — конусная (3, 4 — нерухомы і рухомы конусы); в — валковая зубчастая (5 — валкі); г — малатковая (6 — малаток, 7 — ротар); д — ротарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ», традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Адам Іосіфавіч) (н. 4.4.1912, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, этнограф. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1964). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У 1937—40 нам. дырэктара Мінскага пед. вучылішча. З 1945 выкладчык, дэкан Курскага пед. ін-та. З 1953 заг. сектара этнаграфіі Ін-та гісторыі, з 1957 нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР. У 1970—81 навук. супрацоўнік, заг. сектара Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі Вял.Айч. вайны, нац. адносін. Адзін з аўтараў 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4, 1975), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 1—5, 1995).
Тв.:
Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. Мн., 1960;
В партизанских краях и зонах. М., 1962;
Героический подвиг миллионов в тылу врага. Мн., 1970;
Дарогамі партызанскай Беларусі. Мн., 1974;
О национальных отношениях в Советской Белоруссии: Ист. очерки. Гродно, 1992 (разам з П.М.Кобрынцам).