падбаро́дак, ‑дна, м.

1. Месца паміж барадой і шыяй; падбароддзе. Галаву [Лізавета Назараўна] прыкрыла танюткай квяцістай хусцінкай, завязанай пад падбародак. Корбан. Яна падцягнула да сябе сваю чарку, прыкусіла дрыжачую губу, нервова развязваючы пад сухім падбародкам вузел святочнай хусцінкі. Дуброўскі.

2. Тое, што і барада (у 1 знач.). Свірын злёгку падняў за падбародак Грышаву галаву і зірнуў у яго вільготныя вочы. Пальчэўскі. Як раней, так і цяпер, быў пажылы мужчына з шырокім зухаватым тварам, з глыбока запалымі вачамі, з выступаючым уперад вострым падбародкам. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. перавёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; зак., каго-што.

1. Перамясціць, даставіць якім‑н. транспартам з аднаго месца на другое. Перавезці дзяцей на дачу. □ Ужо некалькі дзён дзед не вартаваў птушкаферму: яе перавезлі на дальні выган. Даніленка. Цэлую ноч вазілі снапы. Перавезлі апошнія, калі ўсходзіла сонца. Чарнышэвіч.

2. Везучы, перамясціць цераз што‑н. на другі бок чаго‑н. Валодзька спыняецца на беразе Нёмана і гукае на той бок паромшчыку: — Дзеду, а мо перавёз бы? Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. перавёўся, ‑вялася, ‑вялося; заг. перавядзіся; зак.

1. Перайсці на новую пасаду, на новае месца працы, вучобы і пад. Перавесціся ў вячэрнюю школу. □ Праз паўгода я з Даўгінава перавёўся ў мястэчка Ілью. Бядуля.

2. Знікнуць, вывесціся. У краінах Заходняй Еўропы, дзе няма густых і вялікіх лясоў, пугач амаль зусім перавёўся. В. Вольскі. // Разм. Патраціцца, расходавацца. Грошы яшчэ ў яго не перавяліся.

3. Даць адбітак, адлюстраванне пры пераводзе (малюнкаў, рысункаў) з аднаго матэрыялу на другі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.) без дап. Змяніць напрамак свайго руху — пра ўсіх, многіх. Прахожыя пазварочвалі з дарогі.

2. Накіраваць з якога‑н. напрамку ў іншы бок усё, многае або ўсіх, многіх. Пазварочваць машыны на прасёлачную дарогу.

3. Разм. Зрушыць з месца, скінуць усё, многае. Пазварочваць мяшкі з воза.

4. Разм. Звярнуць, збіць на бок усё, многае. Пазварочваць слупы каля дарогі.

5. Разм. Скідаць, зваліць разам усё, многае. Пазварочваць дровы ў кучу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Сагнаць, прагнаць адкуль‑н. усіх, многіх. [Талаш:] — Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі. Колас.

2. Сагнаць з паверхні ўсё, многае. Завея пазганяла снег з дарог. □ Дзень назаўтра быў сонечны. Вецер нібы знарок пазганяў хмары з неба. Паслядовіч. // перан. Знішчыць. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені. Колас.

3. Сагнаць, прымусіць сысціся ў адно месца ўсіх, многіх. Гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін з сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́ддаль,

1. прысл. На некаторай адлегласці; не вельмі далёка. Сесці наводдаль. □ Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Мележ. А наводдаль дружна зелянеюць палеткі азіміны. Хведаровіч. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Караткевіч.

2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, месца ці прасторавай мяжы, на пэўнай адлегласці ад якіх адбываецца дзеянне, рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Калодзеж выкапалі наводдаль вуліцы. □ [Мірон] сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́гава, ‑а, н.

1. Паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу. У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // перан. Разм. Жыллё, пасцель чалавека (звычайна непрыгляднае, неахайнае). Сям’я спала на зямлі ў саламяным логаве, ратуючыся ад холаду. Якімовіч. Сам Іванюк ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас.

2. перан. Разм. Месца размяшчэння варожых сіл. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі .. нечакана наляцеў на фашысцкае паліцэйскае логава. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпарваць — прыпарыць (у 1 знач.).

2. Якое‑н. рэчыва, вадкае або цестападобнае, якое прыкладваецца гарачым да хворага месца. Маці яму і банькі ставіла і гарачыя прыпаркі рабіла, шкіпінарам націрала яго, а Лёньку з кожным днём усё больш і больш займала дух. Гроднеў.

3. перан. Разм. Лупцоўка; наганяй. — Ну і дасць жа табе бацька прыпарку, як раскажу. Пташнікаў.

•••

Як мёртваму прыпарка (паможа) — аб тым, што не можа дапамагчы, прынесці карысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.

1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.

2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.

[Ад лац. praetendere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусты́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая, звычайна бязводная прастора з беднай расліннасцю або без расліннасці. Пустыня Сахара. Пустыня Каракумы. // перан.; якая або чаго. Прастора, якая рассцілаецца на вялікую адлегласць. Снежная пустыня. □ Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою. Колас.

2. перан. Бязлюднае, разбуранае, зруйнаванае месца. Няваду больш узнепакоіла агульная сумліцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Чорны. — Вясна наступіла, а ў мяне ні кала, ні двара. Пустыня, — скардзілася трэцяя [жанчына], — страха цячэ, як рэшата. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)