возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 18 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 1,34 км², даўж. каля 3,6 км, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 11 км. Пл. вадазбору 15 км². Схілы катлавіны выш. 7—8 м, участкамі на ПнУ і З да 3 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на У зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі ілістае, глыбей дно выслана сапрапелем. Упадаюць 4 ручаі, сцёк па пратоцы ў Дрысу рэгулюецца шлюзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРАСТО́МАВЫЯ (Merostomata),
клас пераважна вымерлых марскіх членістаногіх жывёл. 3 (або 4) атр., з іх 2 (або 3) — ракаскарпіёны — вядомы з кембрыю — дэвону (каля 500 млн. гадоў назад), 1 — мечахвосты — з сілуру (каля 400 млн. гадоў назад) і існуе цяпер. Ракаскарпіёны жылі на дне мелкаводных мораў, некаторыя, магчыма, у прэснай вадзе.
Даўж. вымерлых форм да 3 м, сучасных да 0,9 м. Цела ўкрыта хіцінавым панцырам, падзяляецца на галавагрудзі і членістае (да 12 сегментаў) брушка з іголкай на канцы. Мелі 12 пар канечнасцей (брушныя са шчэлепнымі пласцінкамі). Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,
астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл.Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.
Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл.Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл.Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНКЕ́ВІЧ (Франц Адольфавіч) (1.8.1904, г. Мінск — 17.1.1988),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Маскоўскую артыл. школу (1930), Харкаўскую школу марскіх лётчыкаў-назіральнікаў (1933). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Штурман далёкабамбардзіровачнага авіяпалка маёр М. зрабіў 97 баявых вылетаў, у т. л.састудз. 1942 удзельнічаў у налётах на Берлін, у маі 1942 група бамбардзіроўшчыкаў на чале з ім бамбіла ваен. аб’екты і чыг. станцыі ў акупіраваным Мінску. Да 1947 у Сав. Арміі, да 1962 на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМА,
роднаснае мардвестараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст.н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),
устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДНА, Нядзведна,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,44 км², даўж. каля 1,6 км, найб.шыр. 400 м, найб.глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 3,18 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, тарфяністыя. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 1,5—2 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Цуброк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́А,
археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯША́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1454,
прывілеі, дадзеныя польскім каралём Казімірам IV шляхце каля г. Няшава (адсюль назва) за падтрымку ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і ў яго барацьбе з магнатамі. Адмянялі выключнае права магнатаў займаць вышэйшыя дзярж. пасады, рэгулявалі судаводства і мясц. кіраванне на карысць шляхты, адначасова значна абмяжоўвалі каралеўскую ўладу. Н.с. замацоўвалі паліт. перавагу шляхты як саслоўя. Выданне законаў, рашэнне пытанняў вайны і міру маглі ажыццяўляцца толькі са згоды шляхецкіх земскіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў (за выключэннем асобных выпадкаў). Н.с. часткова абмяжоўвалі правы гарадоў.