эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ МЫШ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Мышанка, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 7 км на З ад г. Баранавічы, 212 км ад Брэста. 1669 ж., 691 двор (2000). Баранавіцкі філіял Брэсцкага дзяржплемпрадпрыемства, філіял Баранавіцкай ф-кі дзіцячых цацак «Брыг». ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, пач. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Навамышскі Праабражэнскі касцёл, Праабражэнская царква (1859).
Вядома з 1-й пал. 15 ст. як сяло Мыш у Навагрудскім пав. У 1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў сяло заваен. заслугі Я.Хадкевічу. У дакументах 1566 згадваецца як мястэчка. У 16—17 ст. тут існаваў замак, у 17 ст. — касцёл, школа. У 2-й чвэрці 17—18 ст. належала Сяняўскім, Юдзіцкім, Масальскім, Несялоўскім. У пач. 18 ст. Масальскія заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 у Н.М. больш за 100 двароў, школа, шпіталь. касцёл, царква, млын, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—1031 ж., 162 двары, школы. у т. л. 3 яўр. школы, цагельня, піваварня, вятрак, паравы млын, 21 крама, царква, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н.М. і раёне 1803 чал.З 1954 у Брэсцкай вобл.З 1957 цэнтр сельсавета Баранавіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАКЛІМАТЫ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі па ступені спрыяльнасці кліматычных умоў для земляробства. Асн. задача агракліматычнага раянавання — вылучэнне тэрыторый (паясоў, зон, абласцей, раёнаў і г.д.), што адрозніваюцца паміж сабой асаблівасцямі клімату і ўмовамі с.-г. вытв-сці. Падзяляецца на агульнае, якое дае магчымасць вызначыць у цэлым агракліматычныя рэсурсы для сельскай гаспадаркі, і спецыяльнае, што служыць для вырашэння канкрэтных вытв. задач. Ацэнка агракліматычных рэсурсаў праводзіцца пераважна праз паказчыкі колькасці цяпла і вільгаці, умоў перазімоўкі культур. У аснову агракліматычнага раянавання ва ўмераных шыротах пакладзена сума т-р вышэй за 10 °C і працягласць залягання ўстойлівага снегавога покрыва. У найб. пашыранай схеме агракліматычнае раянаванне Беларусі (паводле А.Х.Шкляра) тэр. рэспублікі падзяляецца на 3 агракліматычныя вобласці з 6 падвобласцямі і 19 агракліматычнымі раёнамі (гл. схему). Раянаванне грунтуецца на аснове фіз.-геагр. правінцый, улічваюцца сумы т-р паветра за цёплы перыяд года (з т-рамі паветра вышэй за 10 °C), каэфіцыент увільгатнення, кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з т-рамі паветра ад 5 да 15 °C і інш. паказчыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін засн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНЫ (Сымон) (каля 1530, в. Буды, цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча — 13.1.1593),
дзеяч бел. культуры, гуманіст, філосаф, асветнік; актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху; адзін з заснавальнікаў навук. крытыкі Бібліі. Скончыў Кракаўскі ун-т (паступіў у 1544), магчыма, і Базельскі пратэстанцкі ун-т. З 1558 выкладаў на бел. мове ў пратэстанцкай школе ў Вільні, з 1560 кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Заснавальнік (з Л.Крышкоўскім і М.Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на бел. мове «Катэхізіс», свае творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, перайшоў на радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі р-н). У 1574 у створанай ім Лоскай друкарні надрукаваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, уласныя творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. Меў сяброўскія кантакты з І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з багасловам Арцеміем, Феадосіем Касым, удзельнічаў у рабоце арыянскіх сінодаў, дыспутах з езуітамі, палемізаваў з ідэолагамі арыянства Пятром з Ганёндза, Якубам з Калінаўкі, М.Чаховіцам. Ідэі Буднага паўплывалі на развіццё еўрап. рацыяналізму 17 ст., садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф.Скарыны, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго паліт. ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феад. самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю. Шмат зрабіў для развіцця бел. мовы, выступаў за выкарыстанне жывой нар. мовы ў рэліг. пісьменстве і царк. набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва ўсіх славянскіх народаў.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мн., 1975;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Прыс ’шост для кіравання плытом, чаўном і пад. (доўгае вясло, багор, бусак)’ (ТСБМ, Сцяшк., Мат. Гродз.; віл., пух., Сл. ПЗБ; Скарбы), прыз ’бусак’ (Цых.), прыс ’вочап у студні з жураўлём’ (навагр., ДАБМ). Запазычанне з жаргону польскіх плытагонаў, дзе prysa азначае ’шост’. Апошняе зням.Spriess ’тс’ (Брукнер, 440). Змяненне роду пад уплывам шост. Паводле Гутшміта (ZfSl, 19, 2, 268), з-за адрозненняў у родзе з польскім словам запазычана праз літ.prýsas ’тс’ з усходнепрускага prîse ’доўгі шост’ (Фрэнкель, 655).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАЖА́НАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (1820—6.8.1889),
вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г. машын, наладжванне дзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;
2 изд. Спб., 1861;
Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРТ ((Wirth) Карл Іозеф) (6.9.1879, г. Фрайбург, Германія — 3.1.1956),
палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Скончыў Фрайбургскі ун-т. Дэпутат рэйхстага ў 1914—18 і 1920—33. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 міністр фінансаў у Бадэне, чл.Нац. сходу. Адзін з лідэраў партыі Цэнтра (да 1933). Міністр фінансаў (1920—21). Рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі ў маі 1921 — ліст. 1922. Урад Вірта імкнуўся да выканання Версальскага мірнага дагавора 1919, падпісаў 16.4.1922 рас.-герм. Рапальскі дагавор. Міністр акупіраваных (паводле Версальскага дагавора) абласцей (1929—30). Міністр унутр. спраў (1930—31). У 1933—48 у эміграцыі. Заснавальнік партый «Саюз цэнтра» (1948) і Саюз немцаў (за адзінства, мір і свабоду). Выступаў за ўзаемаразуменне зСССР (пры нейтральнасці Германіі), супраць эканам. і ваен. інтэграцыі ФРГ у Зах. Еўропу. Чл.Сусв. Савета Міру з 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДПУСКчарговы,
штогадовы адпачынак з захаваннем месца работы (пасады) і сярэдняга заработку для ўсіх рабочых і служачых (акрамя часовых і сезонных работнікаў). Працягласць асн. водпуску паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь складае не менш як 15 рабочых дзён; для непаўналетніх і інвалідаў не менш як 1 каляндарны месяц. Парадак вылічэння працягласці штогадовага водпуску вызначаецца заканадаўствам. Водпуск за першы год работы даецца па сканчэнні 11 месяцаў бесперапыннай работы ў дадзенага наймальніка, за другі і наступныя гады работы — у любы час рабочага года ў адпаведнасці з чарговасцю. Штогадовыя дадатковыя водпускі даюцца: работнікам, занятым на работах са шкоднымі ўмовамі працы; тым, хто заняты ў асобных галінах нар. гаспадаркі і мае працяглы стаж работы на адным прадпрыемстве (арг-цыі); работнікам з ненармаваным рабочым днём; у інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або калектыўным дагаворам.