ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),

перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.

І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.

На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.

А.​А.​Ярашэвіч.

Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.​Міхайлаў, Д.​Залатароў і інш. 1683—86.
Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.
Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.

т. 7, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫЯ ЛАДЫ́,

група дыятанічных ладоў (гл. Дыятоніка). Уключае поўныя і няпоўныя лідыйскі, іанійскі (натуральны мажор), міксалідыйскі, дарыйскі, эалійскі (натуральны мінор), фрыгійскі, лакрыйскі (зрэдку), а таксама ўсе віды пентатонікі. Ступені ў Н.л. знаходзяцца ў суадносінах, уласцівых гукам асн. гукараду, у адрозненне ад ладоў са змененымі асн. ступенямі (гл. Альтэрацыя, Храматыка). Назвы Н.л. запазычаны ў сярэднявеччы са стараж.-грэч. тэорыі музыкі, але структура Н.л. і стараж.-грэч. не супадае. Н.л. адрозніваюцца адзін ад аднаго індывідуальна спецыфічным гучаннем, аднак для лідыйскага, іанійскага, міксалідыйскага характэрна мажорнае нахіленне, для дарыйскага, эалійскага, фрыгійскага — мінорнае (гл. нотны прыклад; схема І.​Спасобіна). Уласцівы муз. фальклору многіх народаў (бел. нар. музыцы характэрны іанійскі, эалійскі, міксалідыйскі, пентатонавыя лады, трапляюцца дарыйскі, фрыгійскі, значна радзей — лідыйскі, лакрыйскі), пад яго ўплывам увайшлі ў сярэдневяковыя манодыі, стараж.-рус. і бел. культавую музыку, з 17 ст. — у зах.-еўрап. і рус. кампазітарскую творчасць. Н.л. шырока прадстаўлены ў рус. і зарубежнай музыцы 19—20 ст. (М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, І.​Стравінскі, Б.​Бартак, Э.​Грыг, К.​Дэбюсі), сав. кампазітараў (М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч). Сярод бел. кампазітараў Н.л. выкарыстоўвалі Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, С.​Бельцюкоў, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, П.​Падкавыраў, В.​Помазаў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, Л.​Шлег і інш.

Ва ўсх. нар. музыцы ў процілегласць еўрапейскай Н.л. не дыятанічныя, што дае падставу для больш шырокага сучаснага разумення іх у музыцы з уключэннем у сэнс тэрміна і недыятанічных сістэм (напр., сучаснай 12-ступеннай сістэмы).

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии М., 1969;

Тюлин Ю.Н. Натуральные и альтерационные лады. М., 1971;

Холопов Ю.Н. Проблемы диатоники и хроматики // Сов. музыка. 1972. № 10;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. №4;

Юденич Н Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

Т.А Дубкова.

Натуральныя лады.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНЯ,

форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.

Нар. П. ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў (гл. Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.​Аляб’еў, А.​Варламаў, А.​Гурылёў, М.​Глінка) і зах.-еўрап. (І.​Брамс, Ж.​Бізэ, Ф.​Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст. вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.​Брасенс, Ш.​Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.​Акуджава, У.​Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт. Эстрадная музыка).

На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл. Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел. нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел. прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.​Любан, Л.​Маркевіч, А.​Туранкоў, У.​Тэраўскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі, В.​Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял. Айч. вайны (М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Р.​Пукста, Н.​Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.​Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш. Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.​Буднік, Я.​Глебаў, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, І.​Палівода, В.​Раінчык, Семяняка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж. т-ра муз. камедыі, Нац. акад. т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.

Літ.:

Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Э.​А.​Нікалаева.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljьліт. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўдо́тка1 ’дробная рыбка’ (Бяльк.), невялікая азёрная рыбка’ (Нас., Грыг.), від рыбы Nemachilus barbatulus, радзей іншыя віды дробных рыб’ (Жук. 192, 194, 196, 327, 397; назва вядома ў басейнах Дняпра і Сожа), укр. авдотка, авдотька, рус. авдотка (Ліндберг-Герд, Словарь, 204; басейн Дзясны). Да аўдод, удод (гл.), параўн. таксама ўкр. удотка, рус. удотка ’тс’; магчыма, другаснае збліжэнне з уласным імем Аўдоцця (разм. Аўдотка), самым частым жаночым імем у Расіі XVIII–XIX стст., параўн. Ніканаў, Этимология–1970, 138, а таксама сведчанне, што сялянак, якія прыходзілі ў Смаленск на свята, называлі «авдотками» (Дабр.). Пад уплывам іншых размоўных форм уласнага імя Аўдоццябел. ваўдзюшка (Куч.), укр. авдошка, авдюшка, евдотка, евдошка, євдюшка, рус. авдюшка, евдотка, евдюшка, параўн. Пізані, Paideia, 8 (1953), 2, 111; Трубачоў, Дополн., 1, 6. Ледэр, Fischn., 120, у адносінах да пералічаных усходнеславянскіх форм дапускае малаверагодную з боку фанетыкі і семантыкі магчымасць змяшэння на базе народнай этымалогіі дзвюх груп назваў, што паходзяць ад удод і ад рус. вдох (параўн. асабліва рус. евдошка ’Umbra krameri’, для якой характэрна глытанне паветра з паверхні вады). Аснова збліжэння з удод, аўдод — стракатасць афарбоўкі; з уласным імем — шматлікасць.

Аўдо́тка2 ’птушка Burhinus aedicnemus’ (БелСЭ). Гукапераймальная назва, параўн. Мензбір, Птицы, 1, 231–232; у беларускай літаратурнай мове, магчыма, з рус. авдотка, параўн. беларускія народныя назвы гэтай птушкі кулік, палявы кулік, стрэпет (Федз.–Доўб., Птицы, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́дзевяць ‘вельмі многа, няпэўная колькасць’: сядзіць маць Прачыста на прыстоле і дзержыць трыдзевяць ключы ў прыполе (БНТ, Зам.), ‘дваццаць сем’: у камори стоиць тридзевяць дубовых; тридзевяць скацерсци шавковыя (Рам. 5), у 1930‑я гады адпавядала тро́йчы дзе́вяць (Некр. і Байк.); сюды ж трыдзевя́ты: трыдзевятае царства ‘вельмі далёкая краіна, зямля’ (ТСБМ), трыдзевя́тка ‘крынічнік-дуброўка, Veronica chamaedrus L.’ (маг., Кіс.). Параўн. укр. три́девʼять ‘дваццаць сем’, рус. три́девять ‘тс’; ‘многа’: три́девять иминь ‘заклінанне ад ліхіх сіл’, ст.-рус. тридевѧ(т)о (у берасц. грамаце XIII ст., Залізняк, Древненовг.), польск. trzy dziewięcie ‘тры разы па дзевяць (у вясковых лекарак)’, серб. цімак. три́девет ‘дваццаць сем’: чим вода́ ў реку пројде тридевет ка́мена, мож се пије; балг. радоп. три́‑де́ветʼ: три́‑деветʼ по̂́ти ‘шматразова’, макед. три‑девет: зад три‑девет планини ‘вельмі далёка’. Праслав. *tri devętь — спалучэнне (гл. тры, дзевяць), якому прыпісваліся магічныя функцыі, асабліва т. зв. патроенай дзявятцы, характэрна, што лічэбнік «дваццаць сем» у замовах не называецца (Лукінова, Числ., 64). Архаізм, які захоўвае рэшткі ліку дзявяткамі (Карскі 2–3, 346), вядомы іншым мовам, параўн. лат. trejdeviņi ‘вельмі многа’, грэч. τρὶς έωφφέα ‘тройчы дзевяць’ (Жураўлёў, Язык и миф, 739). Спалучэнне лічэбнікаў у назве расліны грунтуецца на прыпісанай ёй якасці лячыць ад вялікай колькасці хваробаў (Коласава, Лексика, 139). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 636; Карпенка, Зб. Супруну, 103 (спалучэнне захавалася, бо страціла дакладнае колькаснае значэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУРА́ЎКІН (Генадзь Мікалаевіч) (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж. к-та БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.​Коневым і У.​Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.​Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Сінія арэлі. Мн., 1987.

Літ.:

Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;

Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;

Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;

Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.

І.​У.​Саламевіч.

Г.М.Бураўкін.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі, прысвечаны вывучэнню будовы і ўласцівасцяў атамаў, а таксама элементарных працэсаў, у якіх яны ўдзельнічаюць. У шырокім сэнсе атамная фізіка (субатамная фізіка) — фізіка мікраскапічных з’яў, якім характэрна перарыўнасць рэчыва і электрамагнітнага выпрамянення і якія падпарадкоўваюцца квантавым законам (гл. Элементарныя часціцы, Атам, Малекула, Фатон).

Гіпотэза, што матэрыя складаецца з атамаў як найменшых непадзельных і нязменных часціц, узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—33 ст. да нашай эры. Дасканалыя ўяўленні пра атамістычную будову рэчыва склаліся значна пазней. У сярэдзіне 19 ст. дакладна вызначаны паняцці малекулы і атама. У канцы 19 ст. адкрыты электрон, рэнтгенаўскія прамяні і радыеактыўнасць, што дало магчымасць устанавіць складаную будову атама. Сучасную ядз. мадэль атама прапанаваў Э.​Рэзерфард у 1911. Гэта мадэль і квантавыя ўяўленні М.​Планка, А.​Эйнштэйна і інш. далі магчымасць Н.​Бору ў 1913 стварыць першую квантавую тэорыю атама і яго спектраў (гл. Бора тэорыя). У 1923 Л. дэ Бройль выказаў ідэю пра хвалевыя ўласцівасці часціц рэчыва, што было пацверджана эксперыментальна ў доследах па дыфракцыі электронаў у 1927 (гл. Дыфракцыя часціц).

Тэарэтычныя асновы атамнай фізікі закладзены ў 1925—28 працамі В.​Гайзенберга, Э.​Шродынгера, М.​Борна, П.​Дзірака і інш., у выніку чаго ўзніклі квантавая механіка і квантавая электрадынаміка. На гэтай аснове дадзена тлумачэнне вял. колькасці мікраскапічных з’яў і прадказаны шэраг эфектаў на атамна-малекулярным узроўні (гл. Атамныя спектры, Вымушанае выпрамяненне, Зонная тэорыя, Фотаэфект). Для апісання ўласцівасцяў элементарных часціц і іх узаемадзеянняў створана квантавая тэорыя поля. Развіццё атамнай фізікі прывяло да карэннага перагляду асн. уяўленняў і паняццяў фізікі мікраскапічных з’яў і ўзнікнення новых галін ведаў і тэхн. дастасаванняў, напрыклад квантавай электронікі, мікраэлектронікі, фізікі цвёрдага цела. На Беларусі даследаванні па атамнай фізіцы і сумежных навуках праводзяцца з канца 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Зубов В.П. Развитие атомистических представлений до начала XIX века. М. 1965;

Хунд Ф. История квантовой физики Киев, 1980;

Джеммер М. Эволюция понятий квантовой механики: Пер. с англ. М. 1985;

Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.

М.​А.​Ельяшэвіч.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)