ГІЛАЗАІ́ЗМ (ад грэч. hylē матэрыя + zōē жыццё),

філасофскае вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць матэрыі. У навук. ўжытак тэрмін уведзены ў 1678 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Гілазаізм — лагічнае дапушчэнне пра адзінства, цэласнасць, самаразвіццё свету, яго праявы адрозніваюцца толькі ўзроўнем развіцця, а не сутнасцю. На аснове такой канцэптуальнай схемы ўзніклі блізкія да гілазаізму вучэнні — пантэізм, панпсіхізм, а таксама вучэнне пра адлюстраванне як усеагульную ўласцівасць матэрыі. Паводле гэтай канцэпцыі, не толькі элементарныя жыццёвыя працэсы, але і складаныя інфарм. сістэмы, што генерыруюць пачуццёвасць, псіхіку і мысленне, маюць натуральнае паходжанне. У стараж.-грэч. філасофіі ідэі гілазаізму распрацоўвалі прадстаўнікі натурфіласофіі (Фалес, Анаксімен, Геракліт, Эмпедокл і інш.). У эпоху Адраджэння гілазаізм у форме пантэізму складаў істотную частку філасофіі Н.​Кузанскага, Б.​Тэлезіо, Дж.​Бруна. Мысленне як уласцівасць, характэрную для ўсёй прыроды, як атрыбут матэрыі разглядаў Б.​Спіноза. Франц. матэрыялісты 18 ст. (Д.​Дзідро, Ж.​Рабінэ) абгрунтоўвалі субстанцыяльны характар адчуванняў, прызнавалі агульную адушаўлёнасць матэрыі. Усеагульнасць уласцівасці адлюстравання знаходзіць пераканаўчае і практычнае пацвярджэнне ва ўсёй сістэме тэхн. забеспячэння сучаснага інфарм. працэсу.

А.​В.​Ягораў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,

ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл. Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.

Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі пры k>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.

Э.​А.​Рудак.

Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца пры ланцуговай ядзернай рэакцыі.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.​Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.​Орды 1864—67).

А.​М.​Кулагін.

Райцаўскі касцёл.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,

адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎРЭ́ІНАЎ Мікалай Мікалаевіч (25.2.1879—7.9.1953),

расійскі рэжысёр, драматург, тэарэтык і гісторык тэатра. Скончыў Пецярб. вучылішча правазнаўства (1901), вучыўся ў Пецярб. кансерваторыі (клас М.Рымскага-Корсакава). У 1907 адзін з заснавальнікаў «Старадаўняга тэатра», у 1909 — «Вясёлага тэатра для пажылых людзей» (з Ф.​Ф.​Камісаржэўскім). У 1910—14 рэжысёр т-ра «Крывое люстэрка». Паставіў свае п’есы «Школа этуалей» (1911), «Кулісы душы» (1912), «Кухня смеху» (1913), «Чацвёртая сцяна» (1915), «Самае галоўнае» (1921). У 1925 эмігрыраваў у Францыю, з К.​Рошчынай-Інсаравай і С.​Ліфаром стварыў Т-р рус. драмы. Сярод пастановак: «Тэатр вечнай вайны» (1929), «Я іншай такой краіны не ведаю» (1939; аўтар абодвух Я.), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1935), «Спектакль Казьмы Пруткова» (1938), «Нічога падобнага» Н.​Тэфі (1939), «Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва (1943—44). Як драматург і рэжысёр імкнуўся да малых форм (тэатр. пародыі, арлекінады, фарсу), ствараў дасціпнае і эфектнае відовішча. Аўтар прац «Уводзіны ў манадраму» (1909), «Паходжанне драмы» (1921), «Тэатр як такі» (1923), «Прыгонныя акцёры» (1925), «Гісторыя рускага тэатра» (1955) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

літр

(фр. litre, ад гр. litra = фунт)

1) мера аб’ёму і ёмістасці ў Метрычнай сістэме мер (СІ), роўная 1000 см​3;

2) пасудзіна такой ёмістасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

афо́рт

(фр. eau-forte = азотная кіслата)

від гравюры на метале, атрыманай траўленнем азотнай кіслатой папярэдне нанесенага на ім малюнка, а таксама адбітак з такой гравюры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

арэ́нда

(польск. arenda, ад слац. arenda)

1) наём маёмасці (зямлі, памяшкання і інш.) за пэўную плату на пэўны тэрмін;

2) плата за карыстанне такой маёмасцю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэ́лекс

[англ. telex, ад tel(egraph) = тэлеграф + ex(change) = абмен]

1) міжнародная сетка абаненцкага тэлеграфавання, абсталяваная аўтаматычнымі тэлеграфнымі станцыямі;

2) апарат, прызначаны для такой сувязі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адра́нак, ‑нку, м.

Абл.

1. Ранак. Брыду адранкам ля ракі, збіваючы расу, І самапал на два куркі На выпадак нясу. Броўка.

2. Ранішняя пасьба кароў. Сонца стаяла высока — бралася пад паўдня. Такой парой гоняць дамоў з адранку скаціну. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)