Засн. ў 1870 кн. Ф.І.Паскевічам у мяст. Добруш (цяпер горад у Гомельскай вобл.). Вырабляла паперу рознага асартыменту з драўніннай масы і рыззя. У 1879 працавала 460. у 1913—1500 рабочых. Называлася т-вам Добрушскай папяровай фабрыкі (у 1880—550 пайшчыкаў). Выкарыстоўвалася газавае асвятленне, з 1888 — электрычнае (упершыню ў Беларусі). Палівам служылі дровы, з 1913 — вугаль. У 1894 на ф-цы (упершыню ў Рас. імперыі) уведзены 8—9-гадзінны прац. дзень. З 1883 пры ф-цы адкрыта вучылішча для дзяцей 5—12 гадоў (навучалася каля 40 чал.). У 1913 вырабляла 625 тыс. пудоў паперы. З 1922 фабрыка мела назву «Герой працы». У 1932 тут упершыню ў Еўропе распачата саломенна-цэлюлозная вытв-сць. У Вял.Айч. вайну разбурана. У 1956 рэарганізавана ў цэлюлозна-папяровы камбінат. З 1976 зноў Д.п.ф. Працуе на прывазной цэлюлозе з Расіі, кааліны (гліназём, сернакіслы алюмінат) завозяцца з Украіны. Асн. прадукцыя (1997): вырабы вытв.-тэхн. прызначэння (дыязапапера, папера чарцёжная, малявальная, абгортачная, стужка клеявая); таварынар. ўжытку (сшыткі школьныя, агульныя, для малявання, альбомы і блокі для чарчэння і малявання, папера пісчая і туалетная, дзённікі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inflatio уздуцце),
працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін. сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЯЖЫ́,
разліковыя аперацыі па аплаце грашовых сум, іх унясенні, а таксама сумы, якія павінны быць выплачаны. Бываюць П. наяўныя, калі прызнаюцца выкананымі пры паступленні (атрыманні) наяўных грошай, і безнаяўныя, што ажыццяўляюцца без удзелу наяўных грошай, праз пералічэнне пэўных сум з рахункаў плацельшчыка ў банку на рахунак атрымальніка або праз залік узаемных патрабаванняў. Усе безнаяўныя П. ажыццяўляюцца праз крэдытныя ўстановы або пад іх кантролем. Такія П. ажыццяўляюцца і ўнутры краіны і ў сферы міжнар.эканам. адносін. Асн. віды разліковых дакументаў: плацежныя запатрабаванні і даручэнні, чэкі (гл.Плацежны сродак), акрэдытывы. Адрозніваюць: П. ў бюджэт — узносы і адлічэнні фіз. і юрыд. асоб, якія складаюць даходы дзярж. бюджэту; П. авансавыя — у аплату паслуг, сродкаў або матэрыялаў для іх атрымання або выкарыстання; П. дзяржаўныя трансфертныя — выплаты па сац. страхаванні, дапамозе па беспрацоўі, пенсіі і інш. (гэтыя выплаты і іх атрымальнікі не ўносяць якога-н. укладу ў вытворчасць); П. накладныя — спосаб разлікаў пры адпраўцы тавараў невялікімі партыямі на нязначныя сумы (прадугледжвае адрасную выдачу грузу пры ўмове аплаты вызначанай грузаадпраўшчыкам сумы безнаяўным або наяўным разлікам; П. насельніцтва, якія ажыццяўляюцца наяўным і безнаяўным шляхам (П. за камунальныя паслугі, узносы за тавары, купленыя ў крэдыт, і інш).