ГО́МЕС КА́СТРА ((Gómez Castro) Лаўрэана Элеўтэрыо) (20.2.1889, г. Багата, Калумбія — 13.7.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч Калумбіі. З 1911 дэп. Нац. кангрэса. Міністр грамадскіх работ (1925—26), пасол у Аргенціне (1923—31) і Германіі (1931—32). Сенатар (1931—44). З 1932 лідэр Кансерватыўнай партыі. З 1948 міністр замежных спраў. У 1950—53 прэзідэнт Калумбіі, устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. У выніку перавароту Г.Рохаса Пінілы (1953) адхілены ад улады і эмігрыраваў у Іспанію. У 1958—62 старшыня сената Калумбіі.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́ІСМАНС ((Huysmans) Каміль) (26.5.1871, г. Білзен, Бельгія — 25.2.1968),
палітычны і дзярж. дзеяч Бельгіі. Скончыў Льежскі ун-т (1891). Адзін з кіраўнікоў Бельг. сацыяліст. партыі. У 1905—22 сакратар Міжнар. сацыяліст. бюро Інтэрнацыянала 2-га. У 1910 — 65 дэп. бельг. парламента, выступаў за правы фламандцаў. У 1925—27 міністр асветы, у 1927—33 дырэктар і гал. рэдактар фламандскай сацыяліст. газ. «Volksgazet» («Народная газета»). У 1940 старшыня Сацыялістычнага рабочага Інтэрнацыянала. У 1946—47 прэм’ер-міністр, у 1947—49 міністр асветы Бельгіі.
т. 5, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МБСКІ ((Dąbski) Ян) (4.4.1880, с. Кукізава Львоўскай вобл., Украіна — 5.6.1931),
польскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1-ю сусв. вайну ў польскіх легіёнах. У 1919—30 пасол польскага сейма. У 1920—21 нам. міністра замежных спраў Польшчы, старшыня польскай дэлегацыі на мірных рус.-ўкр.-польскіх перагаворах у Мінску і Рызе. 18.3.1921 падпісаў з польскага боку Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога Зах. Беларусь адыходзіла да Польшчы. Адзін з лідэраў Польскай нар. партыі «Вызволене». Аўтар успамінаў.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎСЯГНЕ́ЕЎ (Раман Аляксандравіч) (н. 25.6.1951, Мінск),
бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1980 працаваў у ім, з 1995 у Бел. дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні біял. механізмаў афектыўных расстройстваў, магчымасцей іх індывід. прагнозу і тэрапіі. З 1994 старшыня праўлення Бел. псіхіятрычнай асацыяцыі.
Тв.:
Практическое пособие по психиатрии. Мн., 1991 (разам з Ф.М.Гайдуком, Т.Ц.Сарокінай).
т. 6, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,
навукова-культурная арг-цыя бел. эміграцыі ў Іспаніі. Дзейнічаў у 1952—60 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры ў Мадрыдзе. Старшыня — прынц Тодар Ляскарыс Камнена, арганізац. працу вёў У.Рыжы-Рыскі. Асн. кірункі дзейнасці: развіццё і пашырэнне навук. даследаванняў па гісторыі і сучаснасці бел. дзяржавы, прапаганда ведаў пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. Для працы запрашаліся бел. навукоўцы, якія друкавалі вынікі сваіх распрацовак у ісп. час. «Oriente» («Усход»).
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,
орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Андрэй Данілавіч) (н. 6.11.1918, в. Майсееўка Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1955). У 1937—39 настаўнік у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. З 1944 рэдактар Ваўкавыскай раённай газ. «Заря», з 1946 старшыня Ваўкавыскага гарвыканкома, з 1948 уласны карэспандэнт, заг. аддзела, адказны сакратар, нам. рэдактара, рэдактар абл. газ. «Гродненская правда», нач. упраўлення па друку Гродзенскага аблвыканкома. З 1970 нам. рэдактара, у 1972—84 рэдактар «Сельской газеты».
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛРУ́НІ ((Mulroney) Браян) (н. 20.3. 1939, г. Бе-Камо, Канада),
канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. Ганаровы д-р юрыд. н. Адвакат. З 1955 чл., у 1983—93 старшыня Прагрэс.-кансерватыўнай партыі. З 1983 дэп. парламента. У 1984—93 прэм’ер-міністр Канады. Выступаў за цеснае эканам. супрацоўніцтва з ЗША, у 1988 падпісаў кан.-амер. пагадненне аб свабодным гандлі. Пасля рэферэндуму 26.10.1992, які не падтрымаў яго папраўкі да канстытуцыі з мэтай вырашэння пытання аб статусе прав. Квебек, пайшоў у адстаўку.
т. 10, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),
пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг. сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЕ́Н ((Moulin) Жан) (20.6.1899, г. Безье, Францыя — 8.7.1943),
герой франц. Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1940 прэфект дэпартамента Эр і Луар, адхілены ад пасады ўрадам «Вішы». З 1941 чл. руху «Змагарная Францыя», прадстаўнік яго кіруючага органа Франц. нац. к-та (ФНК) у паўд. зоне краіны (са студз. 1942), ген. прадстаўнік ФНК па ўсёй Францыі (з лют. 1943). Заснавальнік і першы старшыня (з 27.5.1943) Нац. савета Супраціўлення. 21.6.1943 схоплены гестапаўцамі і закатаваны. У г. Шартр — помнік.
т. 11, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)