Качага́р ’рабочы, які абслугоўвае топкі паравых катлоў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кочега́р, укр. кочега́р ’тс’. Паводле Шанскага, 2, К, 363, з’яўляецца ўласна рускім словам, якое ўпершыню адзначаецца ў слоўніку рус. мовы ў 1847 г. Мяркуюць, што ў рус. мове ўзнікла фармацыя ад слова кочерга пры дапамозе суфікса ‑ар*кочергар. Гэта ўтварэнне не захавалася і хутка (дысіміляцыяй) трансфармавалася ў кочегар. Гл. Фасмер, 2, 357; Гараеў, Доп. I, 21. Але дзіўна, што «стадыя» кочергар так хутка знікла, не пакінуўшы рэальных слядоў. Трэба дапусціць досыць доўгае існаванне слова ў вуснай форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́йдаць1 ’гаварыць лухту’ (З нар. сл., Жыв. сл.), рэ́йдзіць, рэ́ндаць ’гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), рэ́йдзіць, рэ́йдаць ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), рэ́йды ’плёткі’ (Сл. ПЗБ), рэ́йдало ’чалавек, які гаворыць лухту; рот’ (Нар. лекс.). Параўнанне з літ. raizgýti ’плесці’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 131) сумніўна. Серб.-харв. рдати ’лаяцца’. Магчыма, з ідыш redn ’балбатаць’ < ням. réden ’размаўляць’. Гл. яшчэ райдоліць, райдун, райдак.

Рэ́йдаць2, рэ́йдзіць ’хадзіць без справы’ (воран., Сл. ПЗБ). Магчыма, звязана з папярэднім словам; развіццё семантыкі: ’гаварыць лухту’ > ’нічога не рабіць’ > ’хадзіць без справы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., ад каго-чаго.

1. Быць падпарадкаваным чыёй‑н. уладзе, волі. — Вучыцца трэба, Лявон.. — Каб усё ад мяне аднаго залежала, я не ламаў бы галавы. Чарнышэвіч. — Табе, па-мойму, не варта сварыцца са мною. Бо залежу ўсё-такі не я ад цябе.., — ужо з пагрозаю сказаў Кашын. Карпаў.

2. Быць абумоўленым якімі‑н. абставінамі, прычынамі; з’яўляцца вынікам чаго‑н. [Вялічку] штосьці рупіла, быццам ён стараўся і ўспомніць тое важнае, ад чаго залежаў яго лёс. Чорны. Ад .. разведкі залежала вельмі многае. Кулакоўскі.

3. Быць звязаным падпарадкавальнай сувяззю з галоўным словам ці сказам. Прыметнік залежыць ад назоўніка. Даданы сказ залежыць ад галоўнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.

2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.

1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.

2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.

3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаго́ 1, прысл.

1. пытальнае. З якой прычыны?, чаму?, навошта? Але чаго яна [Мальвіна] марудзіць? Чаму не выйдзе да стала? Колас. Чаго хмурыцца неба сіняе? Купала. [Міколу] рабілася млосна і ён злаваўся: чаго.. [Зося] маўчыць ды сумуе? Гартны.

2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучнікавага слова ў даданых дапаўняльных сказах і адпавядае словам: а) з якой прычыны, чаму. Стаіць дзед і на іх [Міколку з бацькам] глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Лынькоў. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я такі худы. Маляўка; б) навошта, з якой мэтай. Расказаў.. [Андрэй] сонцу, чаго прыйшоў. Якімовіч.

чаго́ 2,

гл. што ​1 (у 1, 6, 8, 9 і 13 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Філасофскае вучэнне аб мастацтве як асобым відзе грамадскай ідэалогіі, прысвечанае даследаванню ідэйнай сутнасці і форм прыгожага ў мастацкай творчасці, у прыродзе і ў жыцці. Марксісцка-ленінская эстэтыка. // Сістэма поглядаў на мастацтва ці які‑н. яго від, якой хто‑н. прытрымліваецца. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын. Для эстэтыкі Багушэвіча былі характэрны пошукі праўды, імкненне мастацкім словам сказаць народу праўду аб яго цяжкім сацыяльным становішчы. Конан.

2. Прыгажосць, мастацкасць чаго‑н. Як бачым, праблем, звязаных з эстэтыкай архітэктуры, удасканаленнем мастацкага аблічча беларускай сталіцы — многа. «ЛіМ».

[Ад грэч. aisthētikós — які адчувае, успрымае; пачуццёвы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жаро́н ’млынавы камень’, жорны ’ручны млын’ (ТСБМ), жорваны ’жорны’ (Шатал., Мат. Гом., Янк. II). Рус. жёрнов, дыял. пск. жерён, жерон, пск., смал., калін., наўг. же́рн, жёрн, наўг. жерно ’тс’, укр. жо́рно, мн. жо́рна, польск. żarna, чэш. žernov, žerno, żerna, славац. žarnov ’тс’, балг. дыял. же́рка, жръ́ни ’млын’, жерновен камък ’жарон’, серб.-харв. жрвањ, жр̑ван ’жоран, жорны’, славен. žȓne, žȓnev ’ручны млын’. Ст.-слав. жрънъ, жрънъви ’млын’, ст.-рус. жърновъ, жорны. Прасл. *žьrnъ належала да наз. на ‑ŭ, у выніку пашырэння ўзнікла форма *žьrnovъ, адкуль у выніку метатэзы — жорваны. Аб гэтым гл. Фасмер, 2, 49, Экерт, УЗ Инст. слав., 27, 50. Прасл. *žьrnъ роднаснае балт. словам: літ. gìrna, мн. girnos ’жорны’, лат. dzir̃nus ’млын’, ст.-прус. girnoywis ’жорны’ (Фрэнкель, 163–164; Тапароў, E–H, 245–247; Траўтман, 89), а таксама словам іншых і.-е. моў: ст.-інд. grāvan‑ ’камень для выціскання сомы’, арм. erkan, ст.-ірл. bráu, мн. broon, гоц. qairnus ’млын’, ням. Quirne ’жорны’. Гэтыя словы як падоўжанні з n Покарны (1, 477) далучае да і.-е. кораня g​er‑, g​ere‑ ’цяжкі’. Гл. яшчэ БЕР, 1, 537; Безлай, Posk. sv., 32; Скок, 3, 685–686; Ваян, Gr. comp., II, 1, 271; Бернштэйн, Чередования, 223; Сцяц. Словаўтв., 142; Аткупшчыкоў, Из истории, 231.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)