МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў

(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар. к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.​Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т. л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.​В.​Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.​Скарыны» (кн. 1, 1993),

«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),

міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.

МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).

Г.​А.​Маслыка.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРАД (Rząd Narodowy),

найвышэйшы орган выканаўчай улады на тэр. Польшчы ў час паўстанняў 19 ст. У час паўстання 1830—31 створаны сеймам (30.1.1831) у складзе: А.Чартарыйскі (старшыня), С.​Бажыкоўскі, В.​Немаёўскі, Т.​Мараўскі, Х.Лялевель. Н.ў. падпарадкоўваліся прызначаныя ім і адказныя перад сенатам міністры. У выніку нар. выступленняў у Варшаве 15.8.1831 Н.ў. скінуты, сейм перадаў дыктатарскую ўладу Я.​Крукавецкаму як старшыні Савета міністраў. З 7 вер. і да канца паўстання функцыі старшыні ўрада выконваў Б.​Немаёўскі. У час Кракаўскага паўстання 1846 22 лют. створаны Н.ў., у які ўвайшлі Л.​Гажкоўскі, Я.​Тысоўскі, А.​Гжэгажэўскі. Урад скінуты праз 2 дні пасля абвяшчэння дыктатуры Тысоўскага. У час паўстання 1863—64 канспіратыўны орган «чырвоных» Цэнтральны нац. к-т 22.1.1863 абвясціў сябе Часовым Н.у., пасля далучэння да паўстання «белых» 10.5.1863 меў фармальную назву Н.ў. Яго склад мяняўся ў залежнасці ад вынікаў барацьбы паміж «чырвонымі» і «белымі». З 17.10.1863 і да арышту (11.4.1864) адзіным членам Н.ў. быў Р.Траўгут, якому належала неабмежаваная ўлада.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ КАМУНІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СКАЯ (ПКБ),

палітычная партыя камуніст. кірунку на Беларусі. Створана ў снеж. 1991. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. Камітэт. Гал. мэты — аб’яднанне і паліт. развіццё работнікаў наёмнай працы для дасягнення імі поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудова бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ лічыць сваёй задачай падрыхтоўку неабходных паліт., прававых і эканам. умоў для пераўтварэння грамадства. У ліку асн. метадаў дзейнасці партыі — агітац.-масавая работа сярод насельніцтва, удзел у выбарах, актыўная праца ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады, вынясенне на абмеркаванне грамадскасці і ўладных органаў сац.-эканам., паліт. і інш. праграм пераўтварэнняў, правядзенне грамадска-паліт. акцый і мерапрыемстваў у інтарэсах працоўных і сац. прагрэсу. Падтрымлівае кантакты і сувязі з камуніст., рабочымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі больш чым 20 краін. Друкаваны орган — газ. «Товарищ» (з 1994). На 1.4.2001 дзейнічалі 6 абл., Мінская гар., 95 раённых, 17 гар. і 284 пярвічныя арг-цыі ПКБ, якія аб’ядноўвалі 8300 членаў партыі.

А.​І.​Філімонаў.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ Ў ЛІТВЕ́, ППС на Літве (Polska partia socjalistyczna na Litwie, PPS na Litwie),

сацыялістычная партыя ў Літве і Зах. Беларусі рэв.-народніцкай арыентацыі ў 1902—06. Узнікла ў вер. 1902 з мясц. груп Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Адзін з яе стваральнікаў і кіраўнікоў П.​І.​Шумаў. Кіруючы орган — Літ. рабочы к-т (знаходзіўся ў Гродне). У пач. 1906 мела арг-цыі ў Вільні, Беластоку, Гродне, Брэсце, Коўне, Панявежы, Сувалках і Бельску. Друкаваны орган — газ. «Walka» («Барацьба»), Ставіла за мэту аб’яднаць мясц. рэв. групы ў краёвую дэцэнтралізаваную партыю. Патрабавала самастойнасці Літвы — Беларусі з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Заклікала да звяржэння царызму, заваявання рэв. шляхам рэсп.-дэмакр. ладу, устанаўлення федэратыўных адносін Літвы—Беларусі з інш. часткамі Расіі. У чэрв. 1906 парвала арганізац. сувязь з ППС, перайменавалася ў С.-д. партыю Літвы (СДПЛ) і ў кастр. 1906 аб’ядналася з Літ. с.-д. партыяй.

М.​В.​Біч.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

assembly [əˈsembli] n.

1. асамбле́я; заканада́ўчы о́рган;

the UN General Assembly Генера́льная Асамбле́я Арганіза́цыі Аб’ядна́ных На́цый

2. сход

3. пасяджэ́нне

4. збо́рка (частак мэблі, механізмаў і да т.п.)

assembly line [əˈsembliˌlaɪn] n. канве́ер

assembly plant [əˈsembliˌplɑ:nt] n. збо́рачны цэх

assembly room [əˈsembliˌrʊm] n. за́ла пасяджэ́нняў; а́ктавая за́ла

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

АПЕ́ЛА,

народны сход у стараж. Спарце. Фармальны вышэйшы орган улады, у якім удзельнічалі ўсе паўнапраўныя грамадзяне, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту. Апела склікалася штомесячна, выбірала назіральнікаў (эфораў) і членаў савета, прымала рашэнні аб абвяшчэнні вайны, заключэнні ці скасаванні міжнар. дагавораў; галасавалі крыкам. Рашэнні апелы адмяняліся, калі савет старэйшын герусія ці цар прызнавалі іх шкоднымі для дзяржавы.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ІСЛА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Арганізацыя Ісламскі кангрэс (АІК),

міждзяржаўная паліт.-рэлігійная арг-цыя. Створана ў 1971 у Рабаце (Марока). Аб’ядноўвае 45 мусульм. краін (1991) на ідэі панісламізму. Мэты — умацаванне салідарнасці мусульм. краін, развіццё эканам., сац., культ. і навук. супрацоўніцтва паміж імі. Найвыш. орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц (збіраецца кожныя 3 гады). Штаб-кватэра ў Джыдзе (Саудаўская Аравія).

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),

палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,

газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)