Тралява́ць 1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).

Тралява́ць 2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДВЕРБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. adverbium прыслоўе),

пераход у прыслоўі словаформаў інш. часцін мовы, які абумоўлены іх сінтаксічнымі функцыямі і зменамі лексічнага і грамат. значэнняў Адвербіялізуюцца: назоўнікі ўскосных склонаў («прыехаць раніцай»), прыметнікі («прыбіраць збольшага»), лічэбнікі («працаваць удваіх»), займеннікі («адбылося па-нашаму»), дзеепрыметнікі («сказаць адкрыта»), дзеепрыслоўі («глядзець седзячы»), часціцы («плесціся абы-абы»), У выніку адвербіялізацыі канчаткі зменных часцін мовы ператварыліся ў прыслоўныя суфіксы, а прыназоўнікі, што ўжываюцца з рознымі склонавымі формамі, сталі прыстаўкамі прыслоўяў: «З боку вёскі даносіліся галасы» (І.​Мележ), «Збоку, ля самай дарогі, ляжаў вялікі камень» (К.​Чорны). Адвербіялізаваныя словаформы становяцца нязменнымі, набываюць новыя сінтаксічныя функцыі і сувязі, часам змяняюць месца націску («бе́гам — бяго́м», «кру́гам — круго́м») і інш.

І.​Л.​Бурак.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎРЫН Юрый Васілевіч (н. 17.1.1943, г.п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працуе ў галіне манум.-дэкар. мастацтва і жывапісу. Выканаў вітражы для т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1988), кінатэатра «Цэнтральны» ў Мінску (1990), будынкаў Прамбудбанка і Нац. банка ў Гомелі (1989), Мін-ва абароны Расіі ў Маскве (1993), размалёўку з рэльефам «Медыцына» для Мінскага мед. ін-та (1996). Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, кампазіцыйнай завершанасцю, лірычнасцю: «Аўтапартрэт» (1976), «Батлейка» (1981), «Песня пра Нёман» (1982), «Ля роднага дома» (1985), «Дыялог» (1989), «Памяці Максіма Багдановіча», «Піраміды ў Гізе» (1991), серыя «Белы бераг» (1995—96) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Гаўрын. Дыялог. 1989.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́АРАНДЗІ (Vaarandi) Дэбора (н. 1.10.1916, г. Выру, Эстонія),

эстонская паэтэса. Нар. пісьменніца Эстоніі (1971). У 1936—40 вучылася ў Тартускім ун-це. Друкуецца з 1940. Першы зб. «Пад палаючым небам» (1945) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках паэзіі «Пад шум прыбою» (1948), «Ясным ранкам» (1950) гіст. мінулае і пасляваенны перыяд аднаўлення краіны. Актуальнасцю, шматграннасцю тэматыкі, высокім паэтычным майстэрствам адметныя зб-кі «Летуценнік ля вакна» (1959), «Хлеб прыбярэжных раўнін» (1965), «Пры святле ветру» (1977) і інш. Паэзіі Ваарандзі ўласцівы асацыятыўная вобразнасць, філасафічнасць, напружаная эмацыянальнасць. Выступае як публіцыст. Дзярж. прэміі Эстоніі 1950, 1965. Пераклала на эст. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову творы Ваарандзі перакладаў А.​Вярцінскі.

Д.Ваарандзі.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ Ісаак Юльевіч (18.11.1921, Віцебск — 5.3.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працаваў у жанры партрэта і пейзажа. Творы адметныя сакавітым колерам, пластычнасцю кампазіцыі. Сярод работ: партрэты Ц.​Ц.​Тарасава, Ц.​А.​Каваленкі, В.​Л.​Парахневіча, прафесара І.​Л.​Саснавіка, мастака Г.​Ф.​Шутава, партыз. камандзіра Д.​Ф.​Райцава, даяркі Г.​Е.​Нікалаевай, «Медсястра» (усе 1967—70), старшыні калгаса М.​І.​Каца (1975); «Маладая калгасніца» (1978), урача-псіхіятра В.​А.​Анішчанкі (1981), настаўніцы М.​К.​Ждан (1991); пейзажы «Пасля навальніцы», «Куток Віцебска», «Ралля», «Ля возера», «Восень»; нацюрморты «Астры», «Хлеб» (усе 1991); кампазіцыя «Пэн Ю.» (1988——89) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

І.Бароўскі. Партрэт Героя Сацыялістычнай Працы даяркі Г.​Е.​Нікалаевай. 1970.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРУ́ТКІН Віталій Аляксандравіч (27.3.1908, г. Феадосія, Украіна — 9.10.1984),

рускі пісьменнік. Скончыў Благавешчанскі пед. ін-т (1932). Друкаваўся з 1926. Першая аповесць «Акадэмік Плюшчоў» (1940). Творы ваен. часу ў кнігах «Карычневая чума» (1941), «Сіла» (1942), «Каўказскія запіскі» (1947). Працоўныя будні рыбакоў у рамане «Плывучая станіца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар рамана-эпапеі «Стварэнне свету» (кн. 1—3, 1955—78, Дзярж. прэмія СССР 1982), рамана «Ля мора Азоўскага» (1946), аповесці «Маці Чалавечая» (1969; на бел. мову ўрывак пераклаў У.​Шахавец) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Ростов н/Д, 1977—80;

Бел. пер. — у кн.: Квітней, Радзіма, красуй, жыццё. Мн., 1978.

Літ.:

Петелин В.В. Виталий Закруткин М., 1969.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ВІН Сяргей Аляксеевіч (19.8.1858, Масква — 26.10.1908),

рускі жывапісец-жанрыст. Брат К.А.Каровіна. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1876—86, у В.Пярова), выкладаў у ім з 1888. Блізкі да перасоўнікаў. У творчасці развіваў традыцыі дэмакр. рэаліст. мастацтва. Творы пераважна сялянскай тэматыкі, вызначаліся псіхалагізмам і вастрынёй характарыстык вобразаў, адлюстроўвалі сац. працэсы парэформеннай вёскі («Перад пакараннем», 1884; «На людзях», 1893, і інш.). Звяртаўся да тэм жыцця рус. арміі («На манеўрах», 1885; «Кавалерысты ля калодзежа», 1887; «Манеўры Сумскага палка», 1880-я г.), вандроўнікаў-багамольцаў (творы 1890-х г.). Ілюстраваў творы А.​Пушкіна, М.​Гогаля і інш. Вучнямі К. былі В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі.

Літ.:

Суздалев П. С.​А.​Коровин. Л., 1967.

С.Каровін. На людзях. 1893.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНКО́ Васіль Пятровіч (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1981;

Рус. пер. — Драма и комедии. М., 1963.

В.​А.​Чабаненка.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРШЫ́НАЎ Мікалай Канстанцінавіч (6.12.1924, Масква — 6.2.1998),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1955). Друкаваўся з 1943. У паэт. зб-ках «Сябрам» (1951), «Пратока» (1966), «Асіннік» (1973), «Рака любові» (1976), «Ранні час» (1977), «Мілы млын» (1978), «Тваё імя» (1980), паэмах «Гвардыі радавы» (1947), «Сямёнаўна» (1973) і інш. пачуцці і думы пакалення, якое перажыло ў юнацтве Вял. Айч. вайну. Аўтар кн. апавяданняў «Белы камень» (1968), кн. пра творчасць «Памятны ўрок» (1980). Беларусі прысвяціў вершы «Ля Прыпяці», «Пратока». Пісаў пра А.​Пысіна. На рус. мову перакладаў творы А.​Вялюгіна, А.​Русецкага, М.​Танка. Асобныя вершы С. на бел. мову пераклалі К.​Камейша, Ю.​Свірка.

Тв.:

Избранное. М., 1980.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЛЯНКО́Ў Аляксандр Міхайлавіч (н. 7.5.1956, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод твораў: «8 сакавіка» (1983), «Вытокі» (1985), «Кожны год ля нашага дома зацвітаюць вяргіні» (1988), «Нязгаснае святло», «Памяці прыгарадных вёсак» (абодва 1989), «Настальгічны сон» (1990), «Ноч чакання», «Правінцыя», «Манастырскі сад» (усе 1991), «Храм» (1992); серыі «Песня бясконцай разлукі», «Белая настальгія» (1992), «Вялікі Пакроў» (1995), «Развітанне. А.​Міцкевіч», «Востраў забыцця», «Маладое віно» (1998), «Мелодыя цішыні» (2000), «Успамін» (2001), «Трыумфальная арка», «Спадчына» (абедзве 2002). У карцінах, якія вылучаюцца кампазіцыйнай і каларыстычнай раўнавагай, гісторыю перадае праз глыбокія філас. вобразы ў спалучэнні з сучаснымі матывамі і метафарычнасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 16, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)