Мост, му͡ост, міст, мыстзбудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку’, ’падлога’, ’памост, насціл (у лодцы, на паду пад стог і інш.)’, палес. мосток ’ганак, сходцы перад уваходам у хату’, паўн.-усх. масткі ’падлога ў сенцах’ (ТСБМ, Нас., Бес., Яруш., Юрч., Др.-Падб., Грыг., Сцяшк., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.; ДАБМ, к. 336), нараўл. мост ’дно ў калодзежы’ (Нар. сл.), маставі́на ’дошка ці бервяно ў памосце’ (Др.-Падб., Ян.). Укр. міст, рус. мост, ст.-рус. мостъ, польск. most, н.-, в.-луж. móst, чэш., славац. most, славен. mȏst, серб.-харв. мо̑ст, макед., балг. мост, ст.-слав. мостъ. Прасл. mostъ. Не зусім яснае слова. Напэўна выходзіць са ст.-в.-ням. mast ’шост, мачта’, англасакс. moest ’тс’, ст.-ірл. maide ’палка’ (< *mazdi̯os) (Мерынгер, 21, 303; Фасмер, ZfSlPh, 2, 55 і інш.). Фасмер (2, 662) сумняваецца таксама ва ўзвядзенні прасл. mostъ да *mot‑tos ’тое, што пастаўлена, накідана, збудавана’ і ў збліжэнні яго з дзеясловам metati ’кідаць’, хаця Махэк₂ (374), выводзячы mostъ з mesti ’тс’, прыводзіць у пацвярджэнне літ. прыклад, дзе pamestas азначае ’перакінуты (праз раку)’ і аналагічна франц. jeter le pont ’збудаваць (г. зн. ’перакінуць, накідаць’) мост’. Сюды ж маставік ’мостабудаўнік’ (ТСБМ), якое з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 110), як, відаць, і маставая ’брукаваная або асфальтаваная вуліца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРА́МА,

збудаванне пераважна яруснай кампазіцыі з каменю ці дрэва, з гал. уваходам або праездам у замак, горад, сядзібу ці інш. замкнёны комплекс пабудоў. Звычайна была звязана з абарончымі сценамі або агароджай гарадоў, замкаў і асобных комплексаў.

У еўрап. архітэктуры найб. пашыраны ў 14—17 ст. Першапачаткова мелі абарончы характар (брама «Субач» у Вільні), з 16 ст. набылі складаныя дэкар. формы і багатае вонкавае аздабленне (у архітэктуры рэнесансу і барока). Своеасаблівы тып брамы — арка трыумфальная. Будаваліся з каменю, цэглы, дрэва, часам мелі мяшаную канструкцыю («прускі мур»).

На тэр. Беларусі ўзніклі ў жал. веку як збудаванні, якія ахоўвалі ўезд на гарадзішча, пашырыліся ў стараж.-рус. крапасным буд-ве. У 14—18 ст. існавалі брамы гарадскія (іх ставілі на ўездах у горад, былі часткай сістэмы вонкавых абарончых умацаванняў), замкавыя (праезныя брамы-вежы), сядзібныя, палацавыя, кляштарныя, манастырскія і інш. З’яўляліся самаст. збудаваннямі або часткай арх. комплексу. У гар. брамах былі абарончыя памяшканні, мытня, кардэгарда, капліца і інш., іх будавалі ў выглядзе вежападобных і ярусных кампазіцый (гл. Нясвіжская Слуцкая брама, Нясвіжская замкавая вежа). Замкавыя брамы мелі пад’ёмныя масты, барбаканы і інш. У ніжнім ярусе і скляпах размяшчаліся памяшканні для варты, склады, турма, наверсе — баявыя, жылыя памяшканні, капліца (гл. ў арт. Мірскі замкава-паркавы комплекс, Кобрынскія замкі, Радашковіцкі замак). З 16 ст. замкавыя брамы паступова страчвалі абарончыя рысы, у замкава-палацавых комплексах 17—18 ст. ператварыліся ў багата дэкарыраваныя парадныя ўезды рэнесансавых і барочных палацавых рэзідэнцый і падкрэслівалі вось кампазіцыі ансамбля (уязная брама палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы). У 18 ст. брамы набылі пышнае дэкар. афармленне картушамі і інш. дэталямі, некат. ярусныя вежы ўпрыгожаны атыкамі, складанымі франтонамі (Ружанскі палацавы комплекс). У 19 ст. ўвайшлі ў палацава-паркавыя ансамблі, мелі рысы класіцызму і несапраўднай готыкі. У драўляным сядзібным дойлідстве брамы будавалі ў 1—3 ярусы. Асаблівы тып брамы — брама-званіца ў манастырах або пры цэрквах; мела звычайна 2 ярусы: унізе праход, гасп. і жылыя памяшканні, наверсе — званіца. Брамы адыгрывалі таксама маст. ролю ў кампазіцыі грамадскіх будынкаў: ратуш, гандл. радоў, аўстэрый, гасціных двароў. У выглядзе брамы вырашаюцца некаторыя вароты ў нар. жыллі 19—20 ст.

Уязная брама ў Ружанскім палацавым комплексе (Пружанскі раён Брэсцкай вобл.).
Уязная брама ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе (Мінская вобл.).
Брама-вежа Мірскага замка (Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),

сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.

Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.

Літ.:

Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;

Осушение земель вертикальным дренажем. Мн., 1980;

Пивовар Н.Г., Бугай Н.Г., Рычко В.А. Дренаж с волокнистыми фильтрами. Киев, 1980;

Эггельсманн Р. Руководство по дренажу: Пер. с нем. М., 1978.

А.​Я.​Вакар.

Да арт. Дрэнаж. А — дрэнажныя трубы (1—4 — керамічныя, 5—6 — пластмасавыя). Б — схема адводу дрэнамі залішніх вод (1 — паверхня зямлі, 2 — ападкі, 3 — дрэна, 4 — узровень грунтавых вод, 5 — напрамак руху грунтавых вод, 6 — водаўпор). В — схема дрэнажнай сістэмы (1 — дрэны, 2, 3, 4 — калектары, 5 — назіральны калодзеж, 6 — фільтр-паглынальнік, 7 — канал). Г — схема цюфяковага дрэнажу земляной плаціны (1 — адваротны фільтр, 2 — цюфячная дрэна, 3 — вывадны калектар). Д — схема ўкладкі пластмасавага дрэнажу (1 — бухта труб, 2 — дрэнаўкладчык ЭТЦ-202А, 3 — бабіны шклопалатна).

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

urządzenie

urządzeni|e

н.

1. тэх.. устаноўка, прыстасаванне, прыбор, абсталяванне;

~e pomiarowe — вымяральны прыбор;

~e elektryczne — электраабсталяванне;

~a sanitarne — сантэхнічнае абсталяванне; сантэхніка;

~e telefoniczne — тэлефоннае абсталяванне;

~e oddechowe — кіслародны прыбор;

~e peryferyjne — камп. перыферыйная прылада;

~a klimatyzacyjne — кандыцыянернае абсталяванне;

~e obronne — абароннае збудаванне;

2. уст. абстаноўка (мэбля і да т.п.);

~a socjalne (kulturalne) — сацыяльныя (культурныя) установы

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

бу́да

1. У актах (1529). Новая сяліба, населены пункт у лесе, жыхары якога займаюцца вырабам дзёгцю, паташу, ардашу, салетры, клёпкі (Люб. 490, Грыг. 1850, Слаўг., Смален. Дабр., Бых. Рам. 1912, 3).

2. Збудаванне, будынак, жыллё, хата (Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж буда́н, куре́нь, халу́па, хі́жа (Слаўг.).

3. Хата з дваровымі будынкамі, якая стаіць за паселішчам (Грыг. 1850).

4. Кірмашовая лаўка (Грыг. 1850).

ур. Бу́ды (поле, сенажаць) каля в. Пасека Ст.-дар., в. Буда Дубр.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

тара́н 1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н 2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗВАНІ́ЦА,

збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.

А.​І.​Лакотка.

Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.

1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.

2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.

3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.

4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.

•••

Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.

Пантонны мост — мост на пантонах.

(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.

Проста з моста гл. проста.

Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пірамі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік або трохвугольнік, а бакавыя грані — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй. Трохвугольная піраміда.

2. Вельмі вялікае каменнае збудаванне з чатырохвугольнай асновай і трохвугольнымі бакавымі паверхнямі, вяршыні якіх ўтвараюць востры вугал, якое служыла грабніцай фараонам у Старажытным Егіпце. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Шыцік.

3. Куча складзеных прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе. Побач былі складзены піраміды пяціпудовых бомб. «Маладосць». З левага боку ля сцяны ложак з пірамідаю падушак, засланы коўдрай-перабіранкай. Палтаран.

4. Акрабатычная фігура з групы людзей, якія становяцца адзін аднаму на плечы. Апошнім нумарам паказвалі піраміду. Удзельнічала дванаццаць чалавек. Нядзведскі.

5. Адзін з найбольш распаўсюджаных відаў більярднай гульні ў 16 шароў. // Трохвугольнік з більярдных шароў, які складваецца ў пачатку гульні.

6. Станок для захоўвання вінтовак, а таксама вінтоўкі, састаўленыя ў кучку, звужаную ўверсе. Да бляску начысцілі кулямёты і вінтоўкі; яны зараз так спакойна і мірна дрэмлюць у пірамідах. Каваль.

[Грэч. pyramis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)