«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штотыднёва з 8.6 да 11.7.1920 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Г.Багдановіч, выдавец У.Знамяроўскі. Мела рубрыкі «На белым свеце» і «Хроніка». Значную ўвагу аддавала праблеме будучага лёсу Беларусі (арт. «Сучасная вайна і Беларусь», «Не чакайце міру», «Ленін і Брусілаў»), зямельнаму пытанню (арт. «Беларускае сялянства і зямельнае пытанне», «Каму зямля?», «Зямельная рэформа на «Усходніх землях»). Выкрывала спробы акупац. адміністрацыі сфальсіфікаваць звесткі статыстыкі пра нац. склад насельніцтва бел. зямель (арт. «Мова статыстыкі»). Пісала пра арганізацыю нац. школы, спажывецкай кааперацыі. Змясціла артыкулы да 20-годдзя з дня смерці Ф.Багушэвіча, асобныя творы Я.Купалы, М.Гарэцкага, В.Лемеша, Г.Багдановіча, А.Пугі, інфармацыю пра святкаванне 15-годдзя творчай дзейнасці Я.Купалы, фарміраванне бел. войска і інш. З-за ваен. цэнзуры большасць матэрыялаў падпісана псеўданімамі і крыптанімамі. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскай вайсковай адміністрацыяй.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКТЯ́БРЬ»,
літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.Ваншэнкіна, В.Каверына, Э.Казакевіча, Ю.Морыц, К.Паустоўскага, А.Рыбакова, У.Салаухіна, А.Сафронава, А.Талстога, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, Л.Філатава, А.Чакоўскага, М.Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, М.Гарэцкі, У.Калеснік, Я.Колас, Я.Купала, І.Навуменка, А.Савіцкі, М.Танк, І.Шамякін і інш. Гал. рэдактары: А.Серафімовіч (1926—29), Ф.Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.Кочатаў (1961—73), А.Ананьеў (з 1973).
т. 11, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯ́К (Зянон Станіслававіч) (н. 24.4.1944, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. мастацтвазнавец, археолаг.
Канд. мастацтвазнаўства (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1972 навук. супрацоўнік Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у 1976—96 — Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў архітэктуру і археалогію гарадоў Беларусі, бел. маст. культуру, займаўся пытаннямі аховы і аднаўлення культ.-гіст. спадчыны Мінска. Праводзіў археал. раскопкі ў Мінску, Мядзеле, Лоску і інш. Старшыня сойма Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (з 1990) і партыі БНФ (з 1993), т-ва памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі». Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—95. З 1996 у эміграцыі, з кастр. 1999 лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі.
Тв.:
Рэха даўняга часу. Мн., 1985;
У суладдзі з прыродай і чалавекам: Праграматворная функцыя помнікаў дойлідства // Мастацтва Беларусі. 1986. № 4;
Сапраўднае аблічча. Мн., 1992;
Курапаты. 2 выд. Мн., 1994 (у сааўт).
т. 11, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ВІЧ (Гіпаліт) (псеўд. Г.Няміга; 23.7.1907, Міншчына — 24.10.1997),
грамадска-культурны дзеяч бел. эміграцыі, гісторык. Скончыў сярэднюю школу ў Мінску, пед. ін-т у Ленінградзе (1932). У 1936—40 па падазрэнні ў «нацдэмаўшчыне» зняволены ва Ухта-Іжэлескім лагеры (Рэспубліка Комі, Расія). Пасля вызвалення настаўнічаў у Беларусі. З 1944 у амер. акупац. зоне ў Германіі, выкладаў гісторыю, кіраваў драм. гуртком у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—50). У 1950-я г. супрацоўнічаў з Ін-там па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (г. Мюнхен). Пераехаў у ЗША, дзе скончыў ун-т (1962), працаваў у сістэме б-к Нью-Йорка, адзін з арганізатараў бел. тэатр. груп у рэгіёне Нью-Йорк—Нью-Джэрсі, бел. каталіцкага руху ў ЗША. Аўтар артыкулаў па гісторыі адукацыі, навукі і культуры БССР (апубл. ў «Беларускім зборніку»), кн. «Інстытут беларускай культуры — Беларуская Акадэмія навук — Акадэмія навук БССР» (Мюнхен, 1957). Друкаваўся ў эмігранцкіх часопісах, газетах.
Г.Г.Сяргеева.
т. 11, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас. Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Віліі. Назва «П.з.» выкарыстана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 пры апісанні падзей 980 як сінонім Полацкага княства. Гэта тэрыторыя ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 названа воласцю Полацка, а ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1092 — яго вобласцю. У Лаўрэнцьеўскім летапісе П.з. названа «отчиной» Рагнеды, яе сына Ізяслава і іх нашчадкаў (у сэнсе бацькаўшчына, зямля продкаў). Тут склалася Полацкае княства-дзяржава з дынастыяй Ізяславічаў (Рагвалодавічаў). З 1392 вярх. правіцелем П.з. стаў вял. князь ВКЛ. У 14—15 ст. захоўвалася ўнутр. аўтаномія П.з. як асобнай адм. адзінкі ВКЛ. Паводле прывілеяў, што вызначалі прававы стан П.з., вярх. ўлада гарантавала непадзельнасць яе тэрыторыі, абавязвалася прызначаць у горад велікакняжацкіх намеснікаў толькі са згоды мясц. баяр і мяшчан. У грамадска-паліт. жыцці П.з. вял. ролю адыгрывала веча. На аснове П.з. ў 1504 утворана Полацкае ваяводства. Г.В.Штыхаў.
т. 12, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пераваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Змена існуючага грамадска-палітычнага ладу або ўрада сілай. Дзяржаўны пераварот. Рэвалюцыйны пераварот. Палітычны пераварот.
2. Рэзкі паварот, карэнныя змены ў развіцці, ходзе чаго‑н. Пераварот у навуцы. Тэхнічны пераварот. □ З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Колас. І вось за адзін вечар адбыўся цэлы пераварот, адчуў Віця, што цяпер не толькі пра свае клопаты думаць трэба. Нядзведскі.
3. Спец. Фігура вышэйшага пілатажу, пры якой самалёт пераварочваецца ў паветры. Зрабіўшы правы, пасля левы віражы, Крывахіж паправіў на плячах лямкі парашута.. І пайшлі перавароты, пасля пятля... Алешка. // Гімнастычная фігура, пры якой цела гімнаста пераварочваецца ў паветры.
•••
Дварцовы пераварот — насільная змена манарха, кіраўніка дзяржавы сіламі прыдворных груп высокапастаўленых асоб без ўдзелу народных мас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарма́цыя, ‑і, ж.
1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».
2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.
3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.
[Лац. formatio — утварэнне, від.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНДЖАЕ́ЎСКІ ((Andrzejewski) Ежы) (19.8.1909, Варшава — 19.4.1983),
польскі празаік і публіцыст. У 1927—31 вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Першае апавяданне «Хлусня» (1932). Вядомасць прынесла аповесць «Лад сэрца» (1938). У зб. апавяд. «Ноч» (1945) адлюстраваў жыццё суайчыннікаў у час ням. акупацыі. Раман «Попел і дыямент» (1948; экранізацыя А.Вайды, 1958) пра супярэчлівую грамадска-паліт. і маральную атмасферу ў пасляваеннай Польшчы. У метафарычных аповесцях «Цемра ахінае зямлю» (1957), «Брама раю» (1960) праблемы быцця чалавека ў складанай гіст. плыні часу, пошукі справядлівасці, веры, сэнсу існавання. У аповесці «Ужо амаль нічога» (1976) даследуе душэўны стан і памкненні мастака, у аповесці «Ніхто» (1983) праз міфалагічную прызму спрабуе асэнсаваць месца і прызначэнне чалавека ў Сусвеце. Яго творам уласцівы філасафічнасць, нетрадыцыйнае светаўспрамынне, экзістэнцыяльная праблематыка.
Тв.:
Popiół i diament. Warszawa, 1964;
Trzy opowieści: Ciemnści kryją ziemię. Bramy raju. Idzie skacząc po górach. Warszawa, 1973: Nikt. Warszawa, 1987;
Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990.
М.М.Хмяльніцкі.
т. 1, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТУНІ́ЗМ (франц. opportunisme ад лац. opportunus зручны),
1) адносіны асобы з грамадствам і дзяржавай, характэрнымі асаблівасцямі якіх з’яўляюцца прыстасаванне і згода. У сав. гіст. навуцы тэрмінам «апартунізм» пазначалася ідэалогія «прыстасавальніцтва, згодніцтва», якая адлюстроўвала вузкакласавы дагматычны стыль мыслення.
2) У паліт. жыцці, рабочым і прафс. руху палітыка вырашэння праблем не праз антаганізмы, напружанасць і рэвалюцыю, а метадамі плаўнага пераходу грамадства з аднаго стану ў іншы. Такую канцэпцыю (заснавальнікі Э.Бернштэйн, К.Кауцкі, Л.Мартаў) крытыкавалі У.І.Ленін і наступныя пакаленні камуністаў. У 1950—80-я г. ўнутры камуніст. руху развіта ў працах М.Джыласа, М.Нара, О.Шыка, Р.Гародзі, С.Карыльё. Гэтай канцэпцыі ў пэўнай ступені прытрымлівалася частка кіраўніцтва б. СССР на чале з М.С.Гарбачовым. Яе прыхільнікамі ў краінах Зах. Еўропы з’яўляюцца с.-д. і сацыяліст. партыі, якія ўваходзяць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал. Гіст. практыка развіцця краін пацвердзіла жыццяздольнасць палітыкі апартунізму і яе ролю ў трансфармацыі грамадска-эканам. адносін.
А.А.Чалядзінкі.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),
грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц. дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл. Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)