Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс.чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.Смоліч, С.Некрашэвіч, М.Гарэцкі, І.Пятровіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, М.Мароз, М.Мялешка, Я.Дыла, Я.Ракаў, Д.Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛА БАГУСЛА́ВА БІБЛІЯТЭ́КАў Слуцку.
Існавала ў 1-й пал. 17 ст. Есць меркаванні, што ў яе ўвайшла частка кнігазбору кн.Алелькавічаў. У 1668 перададзена ў Кёнігсбергскую б-ку Фрыдрыха Вільгельма. Збярогся 2-томны «Каталог кніг... завяшчаных бібліятэцы Радзівілам Багуславам у 1668 годзе» (на лац. мове, Кёнігсберг, 1673). У «Каталогу...» названы 9 рукапісных і 362 друкаваныя кнігі, выдадзеныя ў Вільні, Кіеве, Празе, Базелі, Вітэнбергу, Цюрыху, Парыжы, Рыме, Венецыі, Балонні і інш., у т. л. 15 інкунабул. Аснову кніжнага фонду б-кі склалі выданні 16—17 ст. на лац. (13 кніг), ням. і франц. мовах пераважна свецкага зместу. Амаль палавіна з іх — творы антычных аўтараў, 10 выданняў па мастацтве, кнігі па архітэктуры. Значная частка кніг па геаграфіі і прыродазнаўстве («Касмаграфія» С.Мюнстэра, Базель, 1572, 1598; у ёй прыводзілася апісанне Польшчы і ВКЛ), медыцыне, астраноміі, матэматыцы, багаслоўі (41 кніга), філасофіі (63 кнігі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАМІ́НЫ, Рудаміны-Дусяцкія,
шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы») у ВКЛ. Родапачынальнік — віленскі купец Андрэй Мікалай, які ад вял.кн.ВКЛ Аляксандра [1492—1506] атрымаў землі ў Рудамінскай воласці (адсюль прозвішча) каля Вільні. Найб. вядомыя:
Мацей (?—1586) сын Андрэя Мікалая, віленскі райца і бурмістр. У 1576 атрымаў шляхецтва. Андрэй (каля 1595—3.9.1632), сын Яна. Езуіт, місіянер у Кітаі, аўтар рэліг. твораў на кітайскай мове. Ян (каля 1543—21.7.1621), сын Мацея, войскі браслаўскі з 1600. Збудаваў Камайскі касцёл. Я н (1581—9.2.1646), сын Яна, навагрудскі падваявода ў 1619—22, харунжы ў 1627—36, кашталян з 1636. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621 з туркамі, якую апісаў у паэме. Пётр (?—1649), сын Яна, браслаўскі падстолі ў 1620—21, войскі ў 1621—29, харунжы ў 1624—39, кашталян дэрпцкі ў 1639—43 і смаленскі з 1643. Крыштоф (?—1655), сын Яна, маршалак браслаўскі ў 1630—45, кашталян полацкі ў 1645—54, ваявода мінскі з 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1794у Польшчы, Беларусі і Літве,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільнірас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУСЛА́ЎСКІ ((Bogusławski) Войцех) (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),
польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес.нац.драм. і муз.т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.Шэкспір, Мальер, П.Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.
палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»
(«Biełarus»),
штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн.сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.Гаруна (пад псеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЕ ЖЫЦЦЁ»,
грамадска-паліт. і літ. часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1919 у Вільні, са снеж. 1919 да сак. 1920 у Мінску на бел. мове лацінкай і з вер. 1919 кірыліцай як ілюстраваны штотыднёвік нерэгулярнай перыядычнасці. Рэдактар-выдавец Ф.Аляхновіч, з 1920 літ. кіраўнік З.Бядуля. Часопіс выступаў за стварэнне самастойнай бел. дзяржавы бурж.-дэмакр. тыпу або альтэрнатыўнай федэрацыі народаў былога ВКЛ, якая, на думку рэдакцыі, магла б процістаяць Польшчы, Расіі, Германіі. У шэрагу праграмных артыкулаў выступаў супраць палітыкі бальшавікоў і адначасова супраць белагвардзейскай і ням. палітыкі заняволення Беларусі. Крытыкаваў палітыку Польшчы за няўвагу да нац. самавызначэння народаў, зямельнай рэформы і дэмакратызацыі. Для светапогляду большасці аўтараў характэрна традыц. канцэпцыя бел. народніцтва, арыентацыя на вёску і ідэалы вольнай кааперацыі як спецыфічна бел.гіст. шляху. Меў літ.-маст. аддзел, які вызначаўся жанравай разнастайнасцю, шырокім ахопам гісторыі бел.маст. культуры і яе праблем, асабліва л-ры і нац. тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫў Празе,
грамадская арг-цыябел. эмігранцкай інтэлігенцыі.
Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.Вяршынін, І.Дварчанін, Т.Грыб, В.Грышкевіч, Ф.Грышкевіч, У.Жылка, В.Захарка, А.Клімовіч, М.Коберац, П.Крачэўскі, А.Орса, В.Русак, Я.Станкевіч, М.Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасці т-ва невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (БРА),
нелегальная рэвалюцыйна-дэмакр.арг-цыянац.-вызв. характару ў Зах. Беларусі ў 1922—23. Вылучылася ў пач. 1922 з левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і ў ліп. 1922 аформілася ў самаст. арг-цыю. У шэрагу дакументаў называлася Бел.рэв. партыя, Бел.камуніст. партыя. Арг-цыі БРА існавалі ў Вільні, Навагрудку, Пружанах, Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Нова-Свянцянску, Лідзе, Валожыне, Свіслачы, Ваўкавыску і аб’ядноўвалі каля 300 чл. (1923); мела некалькі соцень спачуваючых. У ЦК БРА уваходзілі П.Корчык (І.К.Лагіновіч), А.У.Канчэўскі, Л.І.Родзевіч (А.Сталевіч), А.Р.Капуцкі. Друкаваны орган — газ.«Вольны сцяг». БРА стаяла на пазіцыях класавай барацьбы, падтрымлівала дыктатуру пралетарыяту, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. вызваленне працоўных, уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Знаходзілася ў пастаянным кантакце з ЦККамуніст. рабочай партыі Польшчы. Прызнаўшы асн. праграмныя і тактычныя прынцыпы Кампартыі, 30.12.1923 прыняла рашэнне пра самароспуск і ўступленне ў КПЗБ.