кардыяло́гія
(ад гр. kardia = сэрца + logos = вучэнне)
раздзел медыцыны, які вывучае будову, функцыі, хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы і распрацоўвае метады іх лячэння.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
стамато́лаг
(ад гр. stoma, -atos = рот + logos = слова, вучэнне)
спецыяліст, які вывучае захворванні органаў поласці рота (зубоў, сківіц і інш.); параўн. дантыст.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
квіеты́зм
(фр. quietisme, ад лац. quietis = спакойны, бестурботны)
1) містычнае вучэнне ў каталіцызме, якое прапаведуе пакорлівасць, пасіўна-сузіральныя адносіны да жыцця;
2) непраціўленне, пасіўныя адносіны да жыцця.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
метадало́гія
(адметад + -логія)
1) вучэнне аб метадах навуковага пазнання;
2) сукупнасць прыёмаў, метадаў, якія прымяняюцца ў асобных навуках і практычнай дзейнасці (напр. м. мовазнаўчага даследавання, м. навучання).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аскеты́зм
(ад аскет)
1) рэлігійна-этычнае вучэнне, якое прапаведуе падаўленне патрэб чалавека і «ўсмерчванне плоці» для дасягнення маральнай дасканаласці;
2) перан. крайняе ўстрыманне, адказ ад жыццёвых даброт.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аўгусці́нцы
(с.-лац. augustiniani, ад лац. Augustinus = імя раннехрысціянскага багаслова)
члены каталіцкага ордэна, які быў заснаваны ў 13 ст. у Італіі і абапіраўся на вучэнне багаслова Аўгусціна.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНТЫНО́МІЯ (ад грэч. antinomia супярэчнасць у законе),
супярэчнасць паміж двума суджэннямі, кожнае з якіх аднолькава лагічна даказальнае. Паняцце «антыномія» ўзнікла ў антычнасці (Платон, Арыстоцель). Стараж.-грэч. філосафы ў сэнсе антыноміі часцей выкарыстоўвалі тэрмін «апарыя». Шмат увагі фармулёўцы і аналізу антыноміі аддавалі схаластычныя логікі. Кант выкарыстоўваў паняцце «антыномія», спрабуючы апраўдаць асн. тэзіс сваёй філасофіі, паводле якога розум не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту і пазнаць «рэч у сабе». Вучэнне Канта пра антыномію развіта ням. класічным ідэалізмам як фундаментальная перадумова дыялект. логікі. Гегель крытычна прааналізаваў кантаўскае вырашэнне пытання антыноміі і паказаў, што супярэчнасць — неад’емная аб’ектыўная характарыстыка духу, які знаходзіцца ў развіцці, гіст. быцця і мыслення. У дыялект. матэрыялізме антыномія разглядаецца ў рамках вучэння пра дыялект. супярэчнасці (адрознівае супярэчнасці ад парадоксаў). Пастаноўка навук. праблем у форме антыноміі і іх вырашэнне — важнае звяно ў тэарэт. адлюстраванні дыялект. супярэчнасці аб’ектыўнай рэальнасці.
Літ.:
Манеев А.К. Философский анализ антиномии науки. Мн., 1974.
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЛА́Р, Башляр (Bachelard) Гастон (27.6.1884, г. Бар-сюр-Об, Францыя — 16.10.1962), французскі філосаф, заснавальнік неарацыяналізму. У 1919—30 праф. у калежы Бар-сюр-Об. З 1940 кіраваў кафедрай гісторыі і філасофіі навук у Сарбоне, потым — Ін-там гісторыі навук. У сваіх творах Башлар падкрэсліваў дыялектычны характар сучаснай некласічнай навукі; вылучаў яе «ўнутраную» дыялектыку (праяўляецца найперш у сферы чыстай аксіяматыкі), «знешнюю» (ахоплівае пераважна працэсы эмпірычнага даследавання) і іх «налажэнне» («вышэйшы сінтэз», у выніку якога ажыццяўляецца не простае аб’яднанне супрацьлегласцяў, а змястоўна больш шырокая сістэматызацыя ведаў). Сваё філас. вучэнне называў тэхн. рацыяналізмам, лічыў, што змест пазнавальных дзеянняў вучонага і іх вынікі знаходзяцца ў залежнасці ад законаў тэхн. творчасці. Паводле Башлара, творчыя здольнасці чалавека маюць гіст. характар, але іх вытокі ў глыбінных архетыпах бессвядомага.
Тв.:
Lfa philosophie du non. Paris, 1962;
Le matérialisme rationnel. Paris, 1963;
Рус. пер. — Новый рационализм. М., 1987.
У.К.Лукашэвіч.
т. 2, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГО́ЦКІ (Сільвестр Сільвестравіч) (17.1.1813, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 11.7.1889),
украінскі багаслоў, філосаф, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1837). Прафесар гэтай акадэміі (1841—51) і Кіеўскага ун-та (1851—86). Вял. ўвагу аддаваў пытанням гіст.-філас. навукі ў яе ўзаемаадносінах з самымі рознымі галінамі навук. і грамадскага жыцця. Спрабаваў крытычна пераасэнсаваць гегелеўскую і інш. ідэаліст. сістэмы з хрысц. пазіцый. Аўтар «Філасофскага лексікона» (т. 1—4, 1857—73), які быў, па сутнасці, першай у Расіі спробай філас. слоўніка. Свае філас. погляды свядома падпарадкоўваў абароне праваслаўя, крытыкаваў матэрыялізм як вучэнне, што вядзе да атэізму.
Тв.:
Критический взгляд на философию Канта. Киев, 1847;
О характере философии средних веков // Современник. 1849. № 6;
Обозрение системы философии Гегеля. Киев, 1860;
Введение в историю философии. Киев, 1871;
Философский словарь... Киев, 1876;
Философия XVII и XVIII вв. в сравнении с философиею XIX в. и отношение той и другой к образованию. Вып. 1—3. Киев, 1878—84.
т. 4, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУША́,
паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.Дэкарт, Г.Спенсер, В.Вунт, У.Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.
В.В.Краснова.
т. 6, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)