КАРДЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1661 Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй 1 ліп. ў мяст. Кардыс
(цяпер Кярдэ каля г. Тарту, Эстонія). Канчаткова завяршыў рас.-швед. вайну 1656—58. Апынуўшыся ў неспрыяльных умовах (шэраг паражэнняў ад войск Польшчы і ВКЛ, заключэнне Аліўскага міру 1660 паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй),
Расія ў абмен на згоду Швецыі не дапамагаць Рэчы Паспалітай у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 саступала Швецыі гарады, якія раней утрымлівала паводле Валіесарскага дагавора 1658 і пагаджалася на аднаўленне рас.-швед. мяжы, устаноўленай Сталбоўскім мірам 1617 (без выхаду да Балтыйскага м.). У 1683 дагавор пацверджаны без змен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАВО́Й (Пётр Кірылавіч) (8.12.1904, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна — 30.8.1976),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1968), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік сав.-польск. вайны 1920. У Вял.Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі, корпуса; удзельнік вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі (Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы, Барысава, Мінска), Усх.-Прускай аперацыі. У 1945—57 1-ы нам. галоўнакамандуючага, у 1965—69 галоўнакамандуючы Групай сав.войск у Германіі. У 1957—65 камандуючы войскамі ваен. акруг. З 1969 у Мін-ве абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮ́ЧНІКАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 13.7.1945, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне радыёфізікі, электронікі і інфарматыкі. Д-ртэхн.н. (1984), праф. (1986). Скончыў БДУ (1967), дзе і працаваў. З 1988 у Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці. Навук. працы па тэорыі, матэм. мадэляванні і распрацоўцы вырабаў спец. электронікі для ўзбраення радыётэхн. войскППА, у т. л. апаратна-праграмных сродкаў для аўтаматызацыі іх вытв-сці і эксплуатацыйна-тэхнал. кантролю.
Тв.:
Антенные обтекатели. Мн., 1980 (разам з У.І.Замяціным, У.І.Швецам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́СЦІЦЫ,
вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля Клясціцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог г. Полацк—в. Юхавічы і г.п. Расоны — в. Каханавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на З ад г.п. Расоны, 150 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Боркавічы 987 ж., 400 двароў (1998). Аб’яднанне «Райсельгасхімія», ГЭС, дрэваапр. ўчастак, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік у гонар перамогі рас.войск у Клясціцкіх баях 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),
іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас.войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв.к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГО́ЎСКІ (Мікалай Пятровіч) (14.12. 1911, в. Равуча Талачынскага р-на Віцебскай вобл. —25.6.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. батальёна капітан Л. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. батальён на чале з ім прарваў абарону ворага, заняў в. Гуркі і Ермакі, выйшаў у тыл праціўніка, адбіў 9 контратак, вызваліў в. Крупчына і Засіннікі. 24 чэрв. фарсіраваў Зах. Дзвіну, захапіў плацдарм, выйшаў на шашу Віцебск—Бешанковічы, дзе злучыўся з падраздзяленнямі войск 3-га Бел. фронту. Л. загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ДЫВЕРСІ́ЙНАРАЗВЕДВАЛЬНАЯ ГРУ́ПАў вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з лют. 1942 да ліп. 1944 на чыг. ст. Маладзечна ў складзе 7 чал. (кіраўнік Д.Я.Гярновіч). Са снеж. 1942 падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Чкалава, пазней — са спецатрадам «Дзіма». Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра склад і ўзбраенне гарнізона, рух ням.войск і тэхнікі праз чыг. вузел, правялі каля 20 буйных дыверсій, у т. л. падарвалі сховішча гаруча-змазачных матэрыялаў, паваротны круг у дэпо, чыг. састаў у в. Шнуры, чым затрымалі рух на 12 гадзін, рабілі дыверсіі на шашэйных дарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 15—18 ст. на правым беразе р. Уша, як цэнтр абароны сярэдневяковага Маладзечна. Умацаваны землянымі валамі, на якіх стаялі драўляныя сцены-гародні і вежы. У 17 ст. на вуглах замка пабудаваны бастыёны. Зведаў разбурэнні і пажары ў канцы 14 ст., у 1519 (двойчы), 1533. У 1708 умацаванні замка выкарыстоўваліся ў бітве паміж рус. атрадам і групоўкай шведскіх войск. У 17—18 ст. у замку знаходзілася рэзідэнцыя кн. Агінскіх. На яго тэрыторыі ў 16—18 ст. быў мураваны храм. М.з. разбураны ў канцы 18 ст. Археал. даследаванні замка праводзіў М.А.Ткачоў (1976, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),
дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т. л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Арсен Іванавіч) (23.1.1922, в. Слабодка Цвярской вобл., Расія — 24.7.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Батайскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнічаў у вызваленні Бабруйска, Слуцка, Баранавіч, зрабіў 150 баявых вылетаў, збіў асабіста 13 самалётаў праціўніка і 9 у групавых баях. Нам. камандзіра авіяэскадрыллі ст. лейт. М. вызначыўся ў баях на подступах да Брэста: у час вяртання з паспяховай разведкі заўважыў скопішча варожых войск і тэхнікі і бамбардзіраваў яго; смяротна паранены пасадзіў падбіты самалёт на свой аэрадром.