дзы́нкаць і дзі́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць высокія звінючыя гукі (пра шкло, метал, насякомых і пад.). Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шоргалася, дзынкала аб каменне. Бядуля. Гулі і дзынкалі пчолы ў густым вецці прысад і ў пышных кветніках. Грахоўскі. На высокай лясной жоўтай мятліцы пад сонцам дзінькаюць мухі, трымціць павуціна. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ўшчына, ‑ы, ж.

Тое, што было раней, што даўно прайшло; мінулае; былое. Як жывы сведка мінуўшчыны, адзін стары дзед Лявон астаўся тут. Бядуля. Думкі не пакідаюць мяне. Можа і не варта каламуціць тую палыновую горыч далёкай мінуўшчыны. Асіпенка. // Старажытнасць, старадаўнасць. Сівая мінуўшчына. □ І ў суме адвечным, ссутуліўшы плечы, Мінуўшчына ў замчышчы спіць. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нехлямя́жы, ‑ая, ‑ае.

Несамавіты; нязграбны, няўклюдны. Рабы ад воспы і нехлямяжы Іван асабліва няважна выглядаў у пары з Шарэйкам. Брыль. На сценах віселі людскія цені; яны ківаліся, вялізныя, нехлямяжыя, як малпы. Бядуля. // Дрэнна, непрыгожа зроблены (аб рэчах, прадметах). Нехлямяжае самаробнае сядло. □ Едзе [маці Горава] паўз Круціцкае падвор’е ў сваёй нехлямяжай, падобнай на гарбуз брычцы. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязжа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які застаўся на корані (пра злакавыя расліны). У лагчынах з поля — яно было справа — на шашу пасля цяпла дыхнуў рэдзенькі, халодны вецер, прынёс пах нязжатага ячменю і сухога сена. Пташнікаў.

2. Такі, на якім засталіся на корані злакавыя расліны. Пералівы жоўта-зялёнага колеру дрыжалі над нязжатым полем. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пак 1, ‑а, м.

Стос або вязка пэўных прадметаў. Пак газет. □ Справавод пазіраў на.. [Смачнага], схіляў галаву ў знак згоды, усміхаўся. Потым паклаў перад Смачным пак паперы і выйшаў. Галавач. Тут [у заезным двары] уночы людзі спяць на бруднай падлозе, на скрынях і паках з таварамі. Бядуля.

[Ням. Pack.]

пак 2, ‑у, м.

Спец. Шматгадовы лёд у палярных водах.

[Англ. pack.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́цьма, ‑ы, ж.

1. Вялікае мноства, безліч. Пад добры год у глінішчы была процьма рыжыкаў. Васілевіч. На ўзмор’і народу — калі ні прыедзеш — процьма, кішмя кішыць. Гартны. З процьмы думак — Не вытканых кроснаў — Мне запомніўся узор — дзераза... Іверс.

2. Уст. Бездань, прорва. Цёмна ў вачах зрабілася, як бы ў бяздонную процьму [Юлька] паляцела. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

табу́н, ‑а, м.

Статак коней, а таксама аленей і некаторых іншых капытных жывёл, якія пасуцца разам. У пана былі табуны коней, валоў, гумны хлеба, багатыя палацы. Каваль. [Дзед Арцём] абыходзіць калгасны табун, што пасвіцца на свежаскошанай канюшыне. Бядуля. // Чарада (птушак). Табун гусей. // перан. Вялікая група людзей, натоўп. Гляджу, [немцы] табуном папляліся на выхад з гаража. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлумачэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тлумачыць. // Тое або іншае разуменне, асвятленне чаго‑н., трактоўка. Тлумачэнне вобраза. □ Словы былі незразумелымі для Язэпкі, і ён стараўся .. даваць ім свой змест, сваё тлумачэнне. Бядуля.

2. Тое, што тлумачыць што‑н., памагае зразумець прычыну чаго‑н. Нарэшце .. [ляснік] знайшоў сваім паводзінам пераканаўчае тлумачэнне. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хмялі́ць, ‑ліць; незак., каго.

Разм. Рабіць п’яным, ап’яняць. Вось князеў стол на сто персон У бузіне каля сцяны. Калісьці ён не меў цаны, Хмяліў і цешыў шляхту. Бажко. // перан. Прыходзіць у стан узбуджанасці, захаплення. Нешта яе [Зоську] хмяліла, трывожыла: яна знайшла для сябе новае ў злосці — гэта дало ёй апору і сілу. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрэ́сьбіны, ‑бін; адз. няма.

Тое, што і хрысціны. [Міхалка:] — Бярэ [поп] за хрэсьбіны, бярэ за шлюб, бярэ і за хаўтуры. Усё дай і дай. Бядуля. У маладосці, бывала, Сынклета не тое, што на кірмаш, на хрэсьбіны адна не пойдзе. Гроднеў. / у перан. ужыв. [Колас:] — У «Нашай долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)