КАСА́ТКІН Мікалай Аляксеевіч (25.12.1859, Масква — 17.12.1930),
рускі жывапісец. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1903). Нар.маст. Рэспублікі (1923). Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—83) у В.Пярова, выкладаў там у 1894—1917. Член Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1891), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). У ранні перыяд ствараў познаперасоўніцкія жанравыя карціны («Саперніцы», 1890; «Паклёп», 1893). Адзін з першых звярнуўся да тэмы побыту і працы рус. рабочых: «Шахцёрка», «Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце» (абедзве 1894), «Вуглякопы. Змена» (1895) і інш. Аўтар работ, прысвечаных рэв. 1905—07: «Рабочы-баявік» (1905), «Атака завода работніцамі» (1906). Пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы, імкнуўся да стварэння вобраза сав. чалавека: «За вучобу. Піянерка з кнігамі» (1926), «Селькорка» (1927).
Літ.:
Серова Г.Н. А.Касаткин. Л., 1970.
М.Касаткін. Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце. 1894.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛА́П Мікалай Пракопавіч (28.4. 1886, Мінск — 29.12.1979),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Цэнтр. вучылішча тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1915). Арганізатар і выкладчык керамічнага аддзялення пры Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—29). З 1930 заг. аддзела керамікі НДІ прам-сці Беларусі. Адзін з арганізатараў і першы дырэктар Дзярж. карціннай галерэі Беларусі (1939—41; сучасны Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). Пасля Вял.Айч. вайны працаваў заг. сектара маст. прам-сці Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ Беларусі. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку тэхналогіі керамічных матэрыялаў, у стварэнне эталонаў, а таксама арганізацыю фарфора-фаянсавай вытв-сці на Беларусі. Сярод твораў дэкар. маёлікавыя, фаянсавыя, фарфоравыя вазы («Бульба», 1954, і інш.), статуэткі («Дзяўчына з ільном», «Дзяўчына са сланечнікам», абедзве 1957), графічныя лісты, акварэлі («Дворык у пасёлку Краж», «Першы збор», «Нацюрморт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзвепаст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ГАДА (партуг. pagoda ад санскр. свяшчэнны),
будыйскае мемар. збудаванне і сховішча рэліквій. Узніклі ў пач.н.э. ў Кітаі (П. Сун’юэсы на гары Суншань, 520; Даяньта, 652, і Сяаяньта, 707—709, каля г. Сіянь), вядомы ў Карэі (П. Ханмётхап храма Папчонса, 1085; мармуровая П. храма Вангакса, 1464, абедзве ў Сеуле), Японіі (П. храмавых ансамбляў Сітэнодзі ў Наніве, цяпер г. Осака, 593; Харудзі, канец 6 — пач. 7 ст., і Хакедзі, каля 685, абодва каля г. Нара), краінах Паўд.-Усх. Азіі. Маюць форму павільёна ці вежы (часта шмат’яруснай) з квадратным ці 6—8—12-вугольным планам. У якасці буд. матэрыялаў пры ўзвядзенні П. выкарыстоўваюць дрэва (П. манастыра Кафукудзі ў г. Нара), цэглу, камень, метал, фарфор (П. ў Летнім палацы імператара ў Пекіне).
Пагады: фарфоравая ў Летнім палацы імператара ў Пекіне (уверсе) і манастыра Кафукудзі ў г. Нара (Японія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК (Pollock) Джэксан (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),
амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.Х.Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1744—69 у г. Слонім Гродзенскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Захаваліся звесткі пра пастаўленыя ў ім 4 п’есы. Паказы адбываліся пераважна на лац., зрэдку на польскай мовах, звычайна яны суправаджаліся алегарычным пралогам, эпілогам, харамі, інтэрмедыямі. Паказы найчасцей былі прымеркаваны да пастоў, завяршэння навуч. года. некат. свят. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума, у спектаклях удзельнічалі і выкладчыкі, і навучэнцы. Пастаноўкі: масленічная драма «Імгненне няшчаснай вечнасці» Ф.Навадворскага, дыдактычная драма «Кветка з надпісам імёнаў цароў» (абедзве 1744), «Задумы з галавы Палады» (1749), драма «Аляксей» (1769). прымеркаваная да імянін мецэната т-ра гетмана М.К.Агінскага, якая потым была выдадзена асобнай кніжкай на польскай мове.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 142;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ ІЛЫ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны манастыр у г. Слуцк Мінскай вобл. ў 16—19 ст. Размяшчаўся ў Старым горадзе на вул. Віленскай перад Віленскай брамай. Дакладная дата заснавання невядома. Упершыню згадваецца ў 1515. Царк. гісторыкі лічаць, што да 1611 манастыр быў мужчынскі, потым пераўтвораны ў жаночы. У 19 ст. манастырскі комплекс уключаў халодную саборную царкву Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, цёплую царкву св. Іаана Златавуста, званіцу над гал. уязной брамай, манастырскі корпус з 13 келлямі, дамок для ігуменні, гасп. пабудовы. Усе будынкі былі драўляныя. Паводле рашэння сінода ў 1854 манастыр закрыты, а яго маёмасць перададзена Пінскаму Варварынскаму манастыру. У 1856 будынак цёплай царквы перанесены на Замкавую гару ў Слуцку, а Саборная царква ў 1861 перавезена ў в. Заўшыцы Слуцкага пав. (абедзве не захаваліся), дамок ігуменні і манастырскі жылы корпус перададзены гар. сабору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЫЧО́НАК Васіль Дзянісавіч (н. 24.2.1954, в. Луцішча Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец, літаратуразнавец. Д-рфілал.н. (1998). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1980 у Бел.пед. ун-це імя М.Танка (з 1998 праф., з 2001 дэкан). Даследуе пытанні бел. лексікалогіі і дыялекталогіі, граматыкі і фаналогіі мовы. Аўтар «Слоўніка амонімаў беларускай мовы» (1991), кніг «Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў)», «Лінгвістычныя аналізы» (абедзве 1997), дапаможнікаў па л-ры і мове для школ і абітурыентаў, сааўтар «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1, 1979, т. 3—5, 1982—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—3, 1993—96, т. 5, 1998), кн. «Асновы фаналогіі» (1998) і інш. Займаецца метадычнай распрацоўкай лінгвістычных аналізаў, займальнай філалогіяй («Займальная філалогія», 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́НІН Аляксандр Пятровіч (4.11.1909, г. Чыта, Расія — 23.4.1993),
расійскі і бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1960). Скончыў студыю пры драм. т-ры (Чыта, 1929). З 1925 акцёр і рэжысёр у т-рах Расіі. У 1952—54 рэжысёр Т-ра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у 1963—75 гал. рэжысёр Гродзенскага абл.драм.т-ра. Пастаноўкам уласцівы пафас жыццесцвярджэння, спалучэнне маст. формы з сац.-псіхал. накіраванасцю: «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава (1963), «Перабежчык» П. і А. Тур, «Capua на далоні» паводле І.Шамякіна (абодва 1965), «Алека Дундзіч» М.Каца і А.Ржашэўскага (1967), «Амністыя» М.Матукоўскага (1970), «Трыбунал» А.Макаёнка, «Навальніца» А.Астроўскага (абодва 1971), «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана (1972), «Апошні шанц» В.Быкава, «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1975) і інш. Аўтар п’ес «Адплата» і «Я прысягаў Радзіме» (абедзвепаст. ў 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМКО́Ў Леў Мікалаевіч (2.8.1937, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 31.3.1997),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1960). З 1969 гал. архітэктар ін-та «Гомельграмадзянпраект», з 1984 — Гомельскай вобл.Асн. работы: у Гомелі — праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў і жылых раёнаў №1, Фестывальны і інш. (1960—70-я г., у сааўт.), рэстаран «Беларусь», аэравакзал (1969), Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (1972), жылыя дамы па вуліцах Савецкай і Кожара (1979) і інш., мемар. комплекс на брацкіх магілах байцоў нар. апалчэння ў парку культуры і адпачынку імя Луначарскага (1975, у сааўт.); у г. Хойнікі — помнік Смутку да 10-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1996), скульпт. Л.Заграбаева). Сярод інш. работ: мемар. дошкі акадэміку С.А.Чуніхіну (1995), псіхолагу Л.С.Выгоцкаму (1997, абедзве са скульпт. Дз.Паповым).
Л.Тамкоў, Л.Заграбаева. Помнік Смутку ў г. Хойнікі Гомельскай вобл.