ПЕРШАДРУКАВА́НЫЯ КНІ́ГІ,

старадрукаваныя кнігі, умоўная назва кніг, выпушчаных у пэўнай краіне на працягу пэўнага перыяду пасля ўзнікнення кнігадрукавання. Найчасцей гэта кнігі, выдадзеныя ў першай друкарні краіны. У Еўропе з’явіліся ў 1440-я г., на Беларусі — у 1-й чвэрці 16 ст. Першыя кнігі, друкаваныя наборнымі літарамі ў перыяд ад 1440 да 1500 уключна, наз. інкунабуламі, а выданні 1-й пал. 16 ст.палеатыпамі. Гл. таксама ў арт. Выдавецкая справа.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЎНІК, гіднум выемчаты (Hydnum repandum),

шапкавы базідыяльны грыб сям. яжоўнікавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца ў лясах з ліп. па верасень.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—12 см, пукатая або злёгку ўвагнутая, часта няправільнай формы, ад белага да вохрыста-жоўтага колеру. Гіменафор у выглядзе крохкіх шыпікаў. Ножка кароткая, суцэльная, часам уздутая каля асновы. Мякаць белая, шчыльная. Споры бясколерныя, яйцападобныя. Ядомы ў маладым узросце.

Пеўнік.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1947 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як дзярж. 2-гадовая школа па падрыхтоўцы кіруючых кадраў Мін-ва сельскай гаспадаркі Беларусі. З 1956 наз. зоатэхн. тэхнікум, з 1960 — зоаветтэхнікум, з 1964 — саўгас-тэхнікум, з 1980 — с.-г. тэхнікум, з 1999 — с.-г. каледж.

Рыхтуе заатэхнікаў, ветфельчараў, землеўпарадчыкаў. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): заатэхнія, ветэрынарыя, землеўпарадкаванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСКУ́ЛЬКА (Anser erythropus),

вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўропе і Азіі. Жыве ў хмызняковай тундры, па берагах азёр, далінах рэк, на горных схілах.

Гняздуе на зямлі. На Беларусі трапляецца на пралётах.

Даўж. да 62 см, маса да 2,5 кг. Апярэнне буравата-шэрае, лоб, бруха і падхвосце белыя. Вакол вока жоўтае кольца. Піскліва крычыць (адсюль назва). Корміцца травяністымі раслінамі, ягадамі. Нясе да 9 яец. Аб’ект промыслу.

Піскулька.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ТЫЙ (Pythium),

род ааміцэтавых грыбоў сям. пітыевых. Каля 140 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы П.​Дэбарыяна (P. debaryanum). Развіваецца на ўсходах цукр. буракоў, агуркоў, капусты, радысу радыскі*, сеянцах елкі і хвоі. Узбуджальнік караняеду буракоў і чорнай ножкі.

Міцэлій аднаклетачны, разгалінаваны, тонкі, павуціністы. Зааспоры пры прарастанні ўтвараюць парастак. Аагоніі шарападобныя, антэрыдыі булавападобныя. Ааспоры адзіночныя, празрыстыя або карычняватыя. Паразітуюць на водных і наземных раслінах, шкоднікі с.-г. культур.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛО́МНІК (Androsace),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.

Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Праломнік: 1 — бародаўчаты; 2 — ніткападобны.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ПАРШЧЫК (ад стараж.-слав. прапар — сцяг, палотнішча),

воінскае званне ў арміях шэрагу краін, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У рас. арміі з 1649 П. наз. сцяганосцамі. У 1712—1917 — малодшы афіцэрскі чын (з 1884 толькі для ваен. часу). У рас. ВМФ у 1862—82 П. адпавядала званне гардэмарын. Ва Узбр. Сілах СССР званне П. ўведзена ў 1972 (адпавядала званню мічман у ВМФ), старшы П. — у 1980.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТА́ШЧЫК (Васіль Ануфрыевіч) (12.6.1921, в. Старыя Дарогі Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 14.10.1994),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1972). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1947). З 1948 у Ін-це хіміі, у 1959—71 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, у 1973—81 у Ін-це торфу АН Беларусі Навук. працы па тапахіміі, вызначэнні ўдзельнай паверхневай энергіі цвёрдых цел (пераважна каталізатараў).

Тв.:

Новые закономерности в топохимии М., 1974.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак, якія колькасна і якасна характарызуюць пэўны від прыродных рэсурсаў (або прыроднае асяроддзе) з мэтай іх вывучэння, уліку і планавання выкарыстання. Змяшчае фіз.-геагр. характарыстыкі мясцовасці, класіфікацыю, дынаміку, ступень даследаванасці рэсурсаў, сац.-эканам. ацэнку і інш. Складанне П.р.к. — капітала- і навукаёмістае мерапрыемства. На Беларусі складаюцца П.р.к.: водны, зямельны, лясны, кліматычны, атм. паветра, нетраў, жывёльнага і расл. свету, тарфянога фонду, адходаў.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСПЯВА́ЮЧЫЯ ЛЯСЫ́,

узроставая група, якая набліжаецца да стану спеласці лясоў. У П.л. прыпыняюцца працэсы натуральнага зрэджвання і дыферэнцыяцыі дрэў, памяншаецца самкнутасць полага, прырост дрэў у вышыню і таўшчыню, павялічваецца плоданашэнне, фарміруецца падлесак. Для паскарэння прыспявання лесу праводзяць прахадныя высечкі. На Беларусі дубовыя, кляновыя, ясянёвыя лясы лічаць прыспяваючымі ва ўзросце 81—100, хваёвыя і яловыя 61—80, бярозавыя 51—60, асінавыя і альховыя 31—40 гадоў.

У.​В.​Сарнацкі.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)