40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел.партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
І.П.Хаўратовіч.
Помнік у гонар Віцебскіх «варот» у в. Заполле Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Анатоль Аляксандравіч) (11.12.1934, Мінск — 19.3.1995),
бел. архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Засл.арх. Беларусі (1991). Канд. архітэктуры (1967). Праф. (1991). Сын А.П.Воінава. Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у «Белдзяржпраекце», з 1963 выкладаў у БПІ (з 1985 дэкан арх. ф-та Бел.політэхн. акадэміі). Асн. работы: карпусы ін-таў фізікі (1963) і матэматыкі (1964) АН Беларусі, вылічальны цэнтр ЦСУ Беларусі (1965), жылыя дамы ў Мінску, Светлагорску (1963—65), рэстаран «Заслаўе» каля Мінска (1975, у сааўт.) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за кн. «Гісторыя архітэктуры Беларусі (савецкі перыяд)» (1975).
Тв.:
Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975 (разам з С.Ф.Самбуком);
И.Г Лангбард. Мн., 1976;
Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖ ЗВЫЧА́ЙНЫ (Natrix natrix),
паўзун сям. вужовых атр. лускаватых. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі (да цэнтр. Манголіі). Жыве пераважна ў вільготных месцах, каля жылля чалавека, зрэдку ў стэпах і гарах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. да 1,5 м. Цела зверху ад цёмна-шэрага да чорнага колеру, знізу белае з чорнымі плямамі ў выглядзе няроўнай чорнай паласы. Па баках галавы 2 вял., добра прыкметныя светлыя плямы (жоўтыя, аранжавыя, брудна-белыя). Перыядычна ліняе. Кладзе 6—35 яец, вужаняты даўж. каля 15 см. Актыўны днём, ноччу хаваецца. Корміцца жабамі, рапухамі, апалонікамі, мышамі. Неядавіты, бясшкодны. Добра плавае. Для абароны выкарыстоўвае выдзяленні з клаакі з непрыемным пахам. Добра пераносіць няволю. Колькасць вужоў звычайных на Беларусі памяншаецца ў сувязі з меліярацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,
сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛО́ГІЯў матэматыцы,
1) у праектыўнай геаметрыі — узаемна адназначнае пераўтварэнне праектыўнай плоскасці ў сябе, якое пакідае нерухомымі ўсе пункты некат. прамой (вось гамалогіі) і мае дакладна адзін нерухомы пункт (цэнтр гамалогіі). Гамалогія з уласным (канечным) цэнтрам і няўласнай (бясконца аддаленай) воссю наз.гаматэтыя. Любое праектыўнае пераўтварэнне ёсць вынік паслядоўнага здабытку 2 пераўтварэнняў: гамалогіі і руху.
2) У тапалогіі — фармалізацыя інтуітыўных уяўленняў аб абмежаванасці мностваў. Напр., крывая 1 на паверхні тора абмяжоўвае частку S гэтай паверхні і наз. гомалагічнай нулю. Крывая λ не гомалагічная нулю, таму што яна не абмяжоўвае ніякай паверхні (пры разразанні ўздоўж яе з тора не выпадзе якога-н. кавалка).
Да арт.Гамалогія: L — крывая, гомалагічная нулю (абмяжоўвае паверхню s); λ — крывая, не гомалагічная нулю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),
род дыятомавых водарасцейсям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).
Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎСГОФЕР ((Haushofer) Карл Эрнст) (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),
нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1529 у в. Геранёны (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на заказ віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1779 пасля пажару адрамантаваны на сродкі Яна Гераніма Пробача. Складаецца з прамавугольных у плане невял. асн. аб’ёму, алтарнай апсіды і больш нізкіх сіметрычных сакрысцій і тамбура. Усе аб’ёмы маюць асобныя дахі. Тарцы дахаў на гал. фасадзе і над сакрысціямі закрыты высокімі атыкавымі франтонамі. Фасады сціпла дэкарыраваны пілястрамі і прафіляванымі карнізамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Мураваныя алтары (цэнтр. 2-ярусны і 2 бакавыя) выкананы ў стылі класіцызму. Дэкор аргана мае рысы стылю ракако. У выніку шматлікіх перабудоў архітэктура касцёла набыла своеасаблівы рознастылявы характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ, Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл. каля 67 тыс.км². Нас. каля 4 млн.чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУ — ч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтррэліг. паломніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДАВА,
комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.