ГЛІКАГЕ́Н, жывёльны крухмал (C6H10O5)n, разгалінаваны поліцукрыд, малекулы якога пабудаваны з астаткаў D-глюкозы. Малекулярная маса 105—107. Асн. запасны вуглявод жывёл і чалавека (у пазваночных назапашваецца пераважна ў печані і мышцах), трапляецца таксама ў некат. бактэрый, дражджэй, водарасцей, грыбоў і зернях асобных сартоў кукурузы. Выяўлены франц. фізіёлагам К.Бернарам у печані (1857). Расшчапленне глікагену (глікагеноліз) адбываецца фосфаралітычным (пры ўздзеянні фасфарылазы) і гідралітычным (пры ўздзеянні амілаз) шляхамі. Канчатковым прадуктам з’яўляецца свабодная глюкоза, якая трапляе ў кроў. Пры паніжэнні ўзроўню цукру ў крыві назіраецца высокая актыўнасць фасфарылазы і адбываецца т.зв. мабілізацыя глікагену — знікненне яго запасаў з цытаплазмы. Пры абагачэнні крыві глюкозай (напр., пасля прыёму ежы) пераважае сінтэз глікагену. Значную ролю ў падтрыманні нязменнага ўзроўню цукру ў крыві адыгрывае печань, якая ператварае лішак глюкозы ў глікаген і наадварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (н. 29.4.1921, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). У 1940—47 на пед. працы ва ўстановах нар. адукацыі, у 1948—57 у Маладзечанскім настаўніцкім ін-це і Маладзечанскім абл. ін-це ўдасканалення настаўнікаў. Пасля выхаду на пенсію па зроку (1957) пачаў займацца н.-д. дзейнасцю. Гал. тэмы — гісторыя Беларусі 9—14 ст. і бел.л-ра. Даследуе пытанні засялення слав. плямёнамі Усх. Еўропы, этнагенез беларусаў, паліт. гісторыю стараж. зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Навагрудская і інш.), праблемы ўзнікнення ВКЛ і інш.Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.
Тв.:
Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРЭ́С ((Jaurés) Жан Леон) (3.9.1859, г. Кастр, Францыя — 31.7.1914),
дзеяч франц. і міжнар.сацыяліст. руху, гісторык. Праф. філасофіі Тулузскага ун-та (1883—85). У 1885—89, 1893—98 і 1902—14 дэп. парламента. У рабочым руху і ў 2-м Інтэрнацыянале адстойваў рэфармісцкія погляды. У 1902 узначаліў Франц.сацыяліст. партыю, пасля яе аб’яднання (1905) з Сацыяліст. партыяй адзін з лідэраў правага крыла Аб’яднанай сацыяліст. партыі. У 1904 заснаваў газ. «L’Humanite» («Чалавецтва»). Выступаў супраць каланіялізму, мілітарызму і вайны. Забіты франц. фанатыкам-нацыяналістам Р.Віленам напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар твораў «Пачаткі сацыялізму ў Германіі Лютэра, Канта. Фіхтэ і Гегеля» (1891), «Сацыялістычныя даследаванні» (1901), «Новая армія» (1911), арганізатар і рэдактар калект. працы «Сацыялістычная гісторыя, 1789—1900» (т. 1—13, 1901—08), аўтар яе першых 4 тамоў, прысвечаных Франц. рэвалюцыі 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ АЎРА́МІЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,
помнік стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Напісаны каля 1240 манахам Селішчанскага манастыра (каля Смаленска) Яфрэмам у жанры аповесці старажытнарускай. Найб. раннія спісы пач. 16 ст.
Аўтар — паплечнік Аўрамія — апісвае яго жыццё ад нараджэння ў багатай сям’і ў Смаленску і да скону. Пасля смерці бацькоў Аўрамій раздаў сваю маёмасць бедным і стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе кніжнікаў, перапісваў і пашыраў кнігі. Яго высокая адукаванасць, талент прапаведніка выклікалі зайздрасць мясц. духавенства, манахаў, гарадскіх улад. Аўрамій цярпеў здзекі. І ўсё ж стаў агульнапрызнаным.
У «Жыціі...» створаны новы тып хрысц. героя, які канфліктуе не з язычнікамі, а з адзінаверцамі, якія адмоўна ставяцца да інтэлектуальна вышэйшай за іх асобы. Паказана і грамадскае жыццё Смаленска — культ. цэнтра, звязанага з гісторыяй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЫЧА́ННЕ,
вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы, 120 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Камунары. 442 ж., 175 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1552 як сяло ў Крычаўскай воласці, дзярж. маёмасць. Сяляне вёскі ўдзельнічалі ў Крычаўскім паўстанні 1743—44. У 1747 у Крычаўскім старостве: 10 двароў, царква. Пасля 1772 у Рас. імперыі. У 1779 у Чэрыкаўскім пав., 208 ж., 47 двароў. У 1880—276 ж.. У 1909—322 ж., 3 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1924 у Касцюковіцкім р-не. У 1971—415 ж., 123 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ЖСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (19.9.1880, с. Ачы, Татарстан — 2.2.1957),
рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў рэв. руху на Палессі. З 1900 вёў парт. дзейнасць у Казані, Ніжнім Ноўгарадзе, Астрахані, Царыцыне, Кіеве і інш. У 1910—12 у Навазыбкаве і Гомелі кіраваў экспедыцыяй у Расію з-за мяжы нелегальнай парт. л-ры. Удзельнічаў у аднаўленні дзейнасці і быў чл.Палескага камітэта РСДРП(б). У 1902—04, 1913—15, 1916—17 у турмах і ссылках. ПасляЛют. рэвалюцыі 1917 чл.Рус. бюро ЦК і Выканаўчай камісіі Пецярб.к-таРСДРП(б). Дэлегат VII (Красавіцкай) канферэнцыі і VI з’езда РСДРП(б). У дні Кастр. рэвалюцыі камісар Петраградскага ВРК, потым чл. калегіі Наркамата і нам. наркома пошт і тэлеграфаў. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1922 на навук і пед. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЯЦ (Леанард Іосіфавіч) (сак. 1890, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 23.9.1935),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1914—16 працаваў у Віленскім акцызным упраўленні, у 1916—17 адказны сакратар Мінскага аддз.Усерас. земсаюза. Чл. партыі бел. эсэраў. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. 3 лют. 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі. Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) заг. канцылярыі і дзярж. сакратар у Народнай радзе БНР. Удзельнік 2-й Усебел. канферэнцыі 1925 у Берліне. З 1925 у БССР, кансультант Наркамфіна. Звольнены «ў сувязі з чысткай апарату». 19.7.1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі», высланы на 5 гадоў ва Уфу. 25.7.1935 зноў арыштаваны абл. упраўленнем НКУССССР, памёр у турме ў час следства. Рэабілітаваны ў 1988.