ліза́цца, ліжуся, ліжашся, ліжацца; заг. ліжыся; незак.

1. Лізаць сябе; лізаць адзін другога. Сабака ліжацца.

2. Разм. зневаж. Цалавацца. — Дар’я Латушка разышлася з Мацеем. А ўжо як .. лізаліся. Дуброўскі. // Разм. неадабр. Вадзіцца, знацца.

3. перан. Разм. Падлізвацца да каго‑н. [Юрка:] — А сам [бацька], дык у той жа дзень пайшоў ды ўсё шчацінне прапіў. На гэта дык ён — маўчыць. А пасля дык ужо ліжацца: можа, кажа, табе, Юрка, новую шапку купіць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліха́ч, ‑а, м.

1. Неадабр. Вадзіцель машыны, які з-за самахвальства грэбуе правіламі бяспекі язды. Шафёр [цяпер] вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Шамякін.

2. Уст. Фурман экіпажа, запрэжанага добрым жвавым канём, а таксама экіпаж з такім канём. Я пагнаў сані пад самы флігель, адгарнуў футравую папаху. Так рабілі тыя ліхачы, што аднаго разу прывозілі паноў у нашу карчму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́рыцца, ма́рыцца; незак.

1. Уяўляцца, здавацца ў думках. Мне марыцца: Нібыта той дарогаю З адвечнасці вярнуліся гады... Кляшторны.

2. безас. Аб жаданні або мажлівасці марыць. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка! З. Астапенка.

мары́цца, мару́ся, мо́рышся, мо́рыцца; незак.

1. Таміцца, мучыцца. [Тэкля:] Хай размятуць вас віхуры крутыя, Каб не марыліся нашыя дзеці, Каб не стагналі ў няволі старыя! Глебка.

2. Зал. да марыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кармі́цель, ‑я, м.

Той, хто корміць, забяспечвае пражыткам, харчамі. Галя паціснула плячамі, загаварыла зноў узрушана: .. — А ён ужо не маленькі! Ён — гаспадар у хаце, карміцель дваіх дзяцей... Ваданосаў. Старая Салвесіха прыняла да сэрца тое, што забралі яе меншага сына-карміцеля, і на трэці дзень злягла ў пасцель. Сабаленка. // Пра ўсё тое, што з’яўляецца сродкам для пражыцця, крыніцай даходу. Да едакоў Спяшаецца галоўны Карміцель наш — Дзяржаўны едзе хлеб. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́нак, ‑нка, м.

Разм.

1. Любы, каханы (у 2 знач.). Той вясною дзяўчына чакала, Што з паходу каханак прыйдзе, Вясну радасна так загукала, А каханка... забіў якісь злыдзень. Чарот.

2. Тое, што і палюбоўнік. — Мой адзін знаёмы вось так ажаніўся. А ў жонкі дружок патайны быў. Выпусцілі яго з турмы, ён адразу да яе. Ёй, вядома, ніякага сэнсу не было кідаць майго знаёмага, а каханак не адступаўся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назо́ла, ‑ы.

Разм.

1. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж. Той (тая), хто вельмі назаляе, дакучае. Ну, і назола ж ты! Лезці назолай у вочы. □ — Адчапіся, назола, едзь куды хочаш! Лынькоў. [Салдаты] не хацелі прызнаваць Клямта, пазіраючы на яго як на выскачку і назолу. Мележ.

2. ж. Дакука, назалянне. Конь так змучыўся.. ад балючай назолы аваднёў, што.. не мог нейкі час крануцца з месца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нача́льнік, ‑а, м.

Асоба, якая ўзначальвае што‑н., кіруе, загадвае чым‑н. Начальнік заставы .. поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног. Колас. На голас афіцэра выскачыў з сянец дзяншчык, але начальнік махнуў яму рукой і той падаўся назад у хату. Лынькоў. Чырвоная шапка начальніка толькі мільгане на пероне, а потым і знікне за дзвярыма станцыі. Пестрак.

•••

Земскі начальнік — службовая асоба ў сельскай мясцовасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ная́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Энергічна, з запалам іграць (на музычным інструменце) або з азартам, з асаблівай стараннасцю рабіць што‑н. На вуліцы гарманіст наярваў вальсы, «каробачкі», «расходжага». Каваль. На ніжэйшых палатках парылася двое. Адзін ляжаў спінаю ўгору; другі хвастаў яго распараным венікам. А той варочаўся пад венікам, як япрук, і ўсё камандаваў: — А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе! Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невядо́масць, ‑і, ж.

Кніжн.

1. Уласцівасць і стан невядомага (у 1 знач.). З горкай трывогай .. [Ракуцька] падумаў аб невядомасці той будучыні, якая раней ужо здавалася яму зусім яснай. Чорны.

2. Адсутнасць звестак, ведаў аб кім‑, чым‑н. Невядомасць цягнулася трое сутак. Краўчанка. Многа было розных чутак, сумных і радасных, але ўпэўнена ніхто нічога не ведаў, і гэтая невядомасць была найвялікшай пакутай. Шамякін.

3. Сціплае, непрыкметнае існаванне. Жыць у невядомасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нялю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не любяць, да якога адносяцца непрыхільна. Аўгіння выходзіла за нялюбага Бусыгу. Адамовіч. Я вярнулася толькі з вайны, З той нялюбай чужой стараны. Броўка. // Які не адпавядае чыім‑н. схільнасцям, густам. Ліпачка і рада была, што бацька дазволіў адкараскацца ад гэтай нялюбай кніжкі. Сабаленка.

2. у знач. наз. нялю́бы, ‑ага, м.; нялю́бая, ‑ай, ж. Нямілы. Лепей горкую рэдзьку есці, як з нялюбым за стол сесці. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)