пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.
1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.
2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.
3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.
1. Наладзіць з кім‑н. добрыя адносіны; ужыцца. [Богдан:] — Нам патрэбен такі чалавек, які б нас за людзей лічыў.. Андрэй Максімавіч змог бы і з людзьмі наладзіць і гаспадарку навесці. Дуброўскі. — Дык-ты ў парабкі да Халусты? — Але, Сымон. — Не ведаю, як ты з ім паладзіш. Чарнышэвіч.
2. Памірыцца пасля сваркі з кім‑н. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас.
3. што. Рамантуючы, зрабіць прыгодным для карыстання, работы. І я не выходзіў з двара — папраўляў платы, якія сям-там збуцвелі і асунуліся,.. наладзіў на хаце страху, бо ў раптоўныя навальнічныя дажджы, асабліва ў ліўні, яна працякала. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑дажыць; зак., каго-што.
1. Тое, што і пакласці (у 1, 2, 4, 5, 7, 8 і 9 знач.).
2. Нанесці зверху слой чаго‑н. Палажыць грунт на палатно.
3. Будуючы, узвесці на нейкую вышыню. Улетку .. [сын і маці] нанялі цесляра дзеда Архіпа, і той памаленьку палажыў яшчэ два вянцы на зруб. Краўчанка. // Наслаць, пралажыць, укласці. Палажыць падлогу. □ Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты. Колас.
4. Спец. Надаць якое‑н. становішча, напрамак (самалёту, судну). Палажыў [Пішчыкаў] машыну на крыло і спікіраваўшы строма, з першага ўдару падпаліў флагмана. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.
1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы. Звонак. // Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край. Новікаў.
2. перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы. Грахоўскі. Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў. Машара. // Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Шамякін. Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў.
3. Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́раст, ‑а, М ‑сце, м. і на́расць, ‑і, ж.
1. Ненармальнае патаўшчэнне на якой‑н. частцы арганізма. Мазольныя нарасты на руках. Нарасты на галінах дрэва. □ [Юдзін] не ведаў, што гэта лішай такі, нездаровая нарасць — лес жа таксама хварэе. Масарэнка.
2. Пукатасць на галаве, каля носа і вачэй у некаторых жывёл, рыб і птушак. Нараст на галаве ў гусей.
3. Тое, што наогул нарасло дзе‑н., на чым‑н. Нараст смалы на дрэве. Нараст шлаку. □ Ад цяпла іх [вербы] адгароджвалі не толькі шыбы, але і тоўсты пласт інею на іх з лёдавымі нарастамі і глыбокімі шчылінамі па краях, каля рам. Шамякін. // перан. Аб нездаровых з’явах у грамадскім жыцці. Нарасты дробнабуржуазнай псіхалогіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недарэ́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Някемлівы, няўмелы чалавек; недалуга (у 2 знач.). [Юрку] здавалася, што ў яго нічога па-людску не выйдзе, і ён будзе выглядаць недарэкам. Карпаў. // Адсталы чалавек. Студэнт размаўляў са мной у манеры чалавека, перад якім хоць і добры вясковы хлапец, але ж .. недарэка ў параўнанні з ім, гарадскім бітым воўкам. Карпюк.
2. Тое, што і няўклюда. Апранутая ў заваляшчую сялянскую вопратку, Алімпа сапраўды мела выгляд нейкай вясковай недарэкі. Сабаленка.
3. Слабы, хваравіты, непрацаздольны чалавек; інвалід; недалуга (у 1 знач.). [Міканор:] — Паехалі.. [у Амерыку] здаровымі хлапцамі, а прыехалі адтуль хворымі, старымі недарэкамі. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́мач, ‑ы, ж.
Разм.
1. Недамаганне, слабасць; хвароба. Маці.. забывалася на немач, увіхалася ля печы, цешылася з сустрэчы. Вышынскі. [Шэмет:] «Што, ужо начальства немач бярэ? Дваццаць метраў прайсці не можа?» Лобан. [Кац] прайшоў не адну царскую ссылку, і, відаць, арганізм яго выпрацаваў у сабе здольнасць незвычайна супраціўляцца рознай немачы. Сабаленка.
2. Гора, няшчасце. [Юстына:] — Неўзабаве і Мікіта прыйшоў, што быў у матросах. Ды на табе, зноў немач — паны нахлынулі. Гурскі. Аляксандр Іванавіч быў добрай душы чалавек, але вось гэтая немач — немач, насланая вайною... Пестрак.
•••
Каб на яго (яе, іх, цябе, вас) немач; няхай яго (яе, іх, цябе, вас) немач — праклён са значэннем «чорт яго (яе, іх, цябе, вас) бяры».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
налама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; пр. наламаў, ‑мала; заг. наламі; зак.
1. чаго. Зламаць нейкую колькасць чаго‑н. Наламаць букет бэзу. Наламаць галля. □ Нупрэй жыва наклаў агню, наламаў бярэмя яловых лапак, палажыў іх каля агню, заслаў воўчаю шкураю. Колас. // Паламаць, сапсаваць вялікую колькасць чаго‑н. Наламаць цацак.
2. што. Зламаць не да канца, надламаць. Наламаць галіну.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; каго. Разм. Схіліць да чаго‑н., угаварыць заняцца чым‑н. У Лаўрэна былі тры сыны. Ён таксама хацеў іх наламаць на краўцоўства, але яны ні блізка. Сабаленка.
•••
Наламаць дроў — нарабіць памылак пры выкананні чаго‑н.
Наламаць руку — тое, што і набіць руку (гл. набіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Рухаць, варушыць. Нямнога выйшла нас тады На бераг, Ледзь кратаў я Параненай рукой... Ставер. Заяц.. неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец.
2. каго-што. Дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. — Глядзі, твой бацька прыйшоў, — раптам кратае Жорыка за рукаў Ромка. Даніленка. Ліхаманкава гарэлі вочы, пальцы правай рукі.. нервова краталі шчаку. Лынькоў.
3. каго-што. Абл. Выклікаць якія‑н. пачуцці; кранаць. Некалькі хвілін у хаце было ціха, нібы яна была пустая. Што адчувала Ліда, Лабановіч не ведаў. Здавалася, што ўсё гэта яе мала кратала. Колас. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
летуце́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць летуцець (летуценіць), мае схільнасць да летуцення. [Маці] была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. Быкаў. // Які выражае схільнасць да летуцення. Твар .. [Васілісы] расчулены, на вуснах блукае летуценная ўсмешка. Васілевіч. Я ўпершыню пачула голас Натапчыка — мяккі, летуценны. Савіцкі. // Звязаны з летуценнем, летуценнямі. Усеваладу хочацца хоць трошкі памарыць. У летуценным задуменні хоць трошкі усміхнуцца самому сабе. Скрыган.
2. Створаны ўяўленнем, марай; фантастычны. Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Шчасця замнога, Дужа замнога, Не летуценнага шчасця — зямнога. Калачынскі. Так блізка ўсё! Але па кладцы, Па мосціку самотным, летуценным Ракі не перайсці, не перабрацца У родны дом, што прагне вызвалення. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)