ГАНДЛЁВАЕ ПРА́ВА,

у шэрагу краін (Францыі, Германіі, Японіі і інш.) самастойная частка цывільнага права, якая рэгулюе адносіны ў сферы гандл. абароту. Гістарычна склалася ў сярэдневяковай Італіі ў сувязі з развіццём міжнар. гандлю ў Міжземнамор’і як купецкае права. Першапачатковай яго крыніцай былі статуты гарадоў і купецкіх гільдый, што змяшчалі правілы пра сухапутны і марскі гандаль, гандл. звычаі. У далейшым гандлёвае права набыло агульны характар і было кадыфікавана. Акрамя еўрап. краін пашырылася ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Некат. дзяржавы (у т. л. Італія) уніфікавалі цывільнае і гандлёвае права — выдалі адзіны кадыфікацыйны акт. У краінах, дзе гандлёвае права існуе як самаст. галіна, яно рэгламентуе парадак арганізацыі, дзейнасць і спыненне гандл. т-ваў, пытанні іх рэгістрацыі, вядзенне дакументацыі, прадстаўніцтва, гандл. здзелкі і інш.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́ЛЫ ((Gigli) Беньяміна) (20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т. л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т. л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Воспоминания. 2 изд. М.; Л., 1967.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮСЕРСО́ (Du Cerceau, Ducerceau),

сям’я французскіх архітэктараў 16—17 ст. Жак I Андруэ (1510 ці 1512, Парыж — каля 1585), у 1531—33 працаваў у Італіі. Вядомасць прынеслі цыклы дакументальна дакладных афортаў з Выявамі помнікаў архітэктуры: «Кніга архітэктуры» (1559—61), «Антычныя аркі і манументы» (1560), «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі» (т. 1—2, 1576—79). У сваіх праектах (святочна-парадныя замкі Шарлеваль у Нармандыі, Вернёй-сюр-Уаз у Іль-дэ-Франсе) свабодна спалучаў элементы ант. і рэнесансавай італьян. архітэктуры. Жак II Андруэ (каля 1550—1614), з 1588 «архітэктар караля». Удзельнічаў у буд-ве Вял. галерэі Луўра і павільёна Флоры палаца Цюільры ў Парыжы (1600—08, не захаваўся).

Жак I Андруэ Дзюсерсо. Замак-палац Вернёй-сюр-Уаз. З афорта цыкла «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі». 1576.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬЧЫ́НА (Dolcino; ? — 1.6.1307),

кіраўнік антыфеад. і антыцарк. паўстання ў паўн.-зах. Італіі ў 1304—07. Манах. Вучань і паслядоўнік Г.Сегарэлі, развіваў ідэі секты апастолікаў. У 1304 на чале вял. атрада сваіх узбр. прыхільнікаў (пераважна сялян) з’явіўся ў перадгор’ях П’емонта і авалодаў далінай р. Сезія, дзе меркаваў стварыць вольную сял. абшчыну. Рост шэрагаў паўстанцаў і разгром імі некалькіх карных атрадаў прымусілі рым. папу Клімента V летам 1305 абвясціць супраць іх крыжовы паход. Паступова паўстанцы адцеснены ў горы і блакіраваны сіламі крыжаносцаў. У выніку ген. бітвы 23.3.1307 каля в. Ставела паўстанцы разгромлены, Д. трапіў у палон і быў спалены на кастры.

Літ.:

Сушкевич Л.П. Восстание под руководством Дольчино // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ ((Dąbrowski) Ян Генрык) (2 ці 29.8.1755, Пяржовец, каля Кракава, Польшча — 6.6.1818),

польскі ваен. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1815). З 1771 у саксонскай, з 1792 у польск. арміі. Удзельнік паўстання 1794, вызначыўся пры абароне Варшавы ад рас. войск. У 1796—1814 у эміграцыі (з перапынкамі). У 1797 стварыў у Італіі легіёны польскія. У 1806 арганізаваў антыпрускае паўстанне ў Вялікай Польшчы. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў — кампаній 1806—07, 1809, 1812 (гл. ў арт. Бабруйская абарона 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). У кастр. 1813 — сак. 1814 галоўнакаманд. польск. войскамі ў складзе франц. арміі. У Каралеўстве Польскім сенатар-ваявода. Прысвечаная яму песня легіёнаў польскіх «Мазурка Д.» — нац. гімн Польшчы. Аўтар дзённіка (1864).

Літ.:

Pachoński J. General Jan Henryk Dąbrowski 1755—1818. Warszawa, 1981.

Я.Г.Дамброўскі.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛЬНЫ ХРАМ,

выцягнуты ў плане храм з нефамі аднолькавай вышыні ці вышэйшым (без акон) сярэднім нефам (псеўдабазіліка), а таксама 1-нефавы храм без трансепта (прапаведніцкая царква, царква жабрацкіх ордэнаў). Характэрна раўнамернае асвятленне інтэр’ера, якое скрадвае яго чляненне. З.х. з двума і больш нефамі вядомы з 11 ст. (царква Сен-Сернен у Тулузе, Францыя, канец 11 ст.). У 12 ст. пашыраны ў Вестфаліі і сталі тыповымі як прыходскія цэрквы 13—15 ст. у гарадах Ганзейскага саюза (касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску, Польшча, 1343—1502). Гатычныя З.х. будавалі ў Італіі, Іспаніі і інш. краінах Зах. Еўропы. Як саборы трапляюцца рэдка. З эпохі Адраджэння З.х. амаль не будуюць.

Да арт. Зальны храм. Касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску. 1343—1502.

т. 6, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ А́ЛЬПЫ,

частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона ЗА. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНЫЯ ПЛА́НЫ»,

фінансавая і эканам. палітыка развітых зах.-еўрап. дзяржаў у галіне сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г. Асн. яе мэты: стымуляванне росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, тэхн. прагрэсу і канцэнтрацыі вытв-сці, павышэнне канкурэнтаздольнасці буйных гаспадарак. У паняцце «З.п.» ўключаліся спец. заканадаўчыя акты дзяржаў, што вызначалі ўмовы, нормы і характар дзярж. ўмяшання ў сельскую гаспадарку, а таксама доўгатэрміновыя планы яе развіцця. Ў ФРГ быў прыняты «Асноўны сельскагаспадарчы закон» (1955), у Францыі — «Закон аб сельскагаспадарчай арыентацыі» (1960), у Італііспец. планы с.-г. развіцця па пяцігодках. Для ажыццяўлення «З.п.» з дзяржбюджэту паступалі сродкі на меліярацыю, барацьбу з эрозіяй зямлі і стварэнне інфраструктуры. З правядзеннем адзінай с.-г. палітыкі у рамках ЕЭС «З.п.» асобных краін былі падпарадкаваны ёй.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Вячаслаў Іванавіч) (28.2.1866, Масква — 16.7.1949),

рускі паэт, літ. крытык. Адзін з тэарэтыкаў 2-га пакалення рус. сімвалістаў. З 1924 жыў у Італіі. Аўтар зб-каў вершаў «Стырнавыя зоркі» (1903), «Празрыстасць» (1904), «Па зорках» (1909), «Cor ardens» (ч. 1—2, 1911—12), «Пяшчотная тайна» (1912), паэт. цыклаў «Рымскія санеты» (1924—25), «Рымскі дзённік» (1944), кн. вершаў «Святло вячэрняе» (выд. 1962); літ.-філас. і гіст.-культ. твораў «Дыёніс і прадыёнісійства» (1923), «Перапіска з двух вуглоў» (з М.​Гершэнзонам, 1921) і інш. Перакладаў трагедыі Эсхіла.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1976;

Родное и вселенское. М., 1994;

Лик и личины России: Эстетика и лит. теория. М., 1995.

Літ.:

Иванова Л.В. Воспоминания: Книга об отце. М., 1992.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),

царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл. Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)