Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́рза1 ’неахайны або мурзаты чалавек’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Чач., Растарг., Нікан., Сл. ПЗБ, ТС), ’губа’ (Нас.), мурзе́ля ’тс’, ’бруднае дзіцё’ (ТС), ’запэцканы твар’ (паўн.-усх., КЭС), клец. мурзэля ’тс’ (Нар. лекс.), міёр. мурза́ч, мурзэль, мурзэла, мурзэліна ’брудны, мурзаты’ (З нар. сл.), му́рзаць, му́рзацца ’пэцкаць твар, зубы’, ’рабіцца брудным’ (ТСБМ, Нас., Янк. 2, Шат., ТС; КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza, лат. mur̃za ’брудны, мурзаты чалавек’, яшчэ літ. ’твар, рот’ (параўн. адпаведнае значэнне ў бел. лексемах), якія ад mùrti ’размакаць’, ’гразнуць, вязнуць’ пры дапамозе суфікса ‑z‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 121–122). Аналагічна ўкр. жытом. мурзатий, усх.-польск. murza, murzacz, murzać; murzaty, murzasty, ’сабака чорнай масці’, murzuwatyшэры конь’, mruźaty, mroźaty ’шэра-светла-карычневы конь’, рус. му́рза, мурза́, мурза́йка, мурза́ки ’твар’ (Літ., Латв. ССР).

Му́рза2 ’павідла з чарнікі і мукі’ (стол., Вешт. дыс.), ’страва з чарніц’ (ТС), мурза́ч ’страва з мукі і смятаны’ (петрык., Мат. Гом.). Укр. жытом. мурза ’павідла’. Відавочна, балтызм. Параўн. murzóti ’намазваць, мазаць’.

Мурза́ ’тытул татарскай феадальнай знаці ў XV ст.; асоба з такім тытулам’ (ТСБМ), ст.-бел. мурза, мурса, мырза ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-рус. мурза < тат. myrza < перс. mīrzā або і непасрэдна з крым.-тат. мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 27) Жураўскі (Цюркізмы, 86) лічыць гэта слова экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́глы1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́ль ‘загарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы2 ‘гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярмя́га ’верхняе адзенне з даматканага сукна, світка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 4), сермя́га (сѣрмя́га, сѣрьмяга) ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шпіл.), сірні́га, сернега, серня́га ’тс’ (Тарн., Сакал., Горбач, Зах.-пол. гов.), сырне́га ’тс’ (кобр., Ск. нар. мовы), сверме́га ’тс’ (Сл. Брэс.), памянш. сярмя́жка, сярмя́шка, сермя́жка, ’верхняя жаночая вопратка свабоднага пакрою’ (Жд. 2), ’кароткае мужчынскае адзенне, звычайна з шэрага сукна’ (Скарбы), шырма́га ’світка’ (Бяльк.), ст.-бел. сермя́га ’род сялянскай вопраткі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сермʼя́га ’даматканае грубае сукно; адзенне з такога сукна’, рус. сермя́га ’світка’, польск. siermięga ’грубая тканіна’, ст.-польск. szermiąga ’тс’, каш. šerḿąga, ’брадзяга, абарвала; кляча’, širḿęga ’сялянская вопратка з грубай самаробнай тканіны’. Слова без пэўнай этымалогіі. Брукнер (489) параўноўваў з літ. šìrmasшэры’, лат. sir̃ms ’сівы’, што падмацоўваецца народнымі назвамі світкі з даматканага сукна — шарак, сярак (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 10) бачыць у слове пранікненне з мовы голядзі, пра што, магчыма, сведчыць фанетыка (першапачатковае s‑ > літ. š‑), прадуктыўны балтыйскі суф. *‑ingas, і тэрыторыя распаўсюджання, звязаная з міграцыяй голядзі; на карысць балтыйскага паходжання па фанетычных прычынах таксама Варбат, Этим. исслед., 2, 89–91; Анікін, Опыт, 275; супраць гл. Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 107. Крытычны агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 609; ЕСУМ, 5, 220; SEK, 5, 76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ЛЁНУ, пачатковая апрацоўка лёну,

комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл. Ільноапрацоўка).

Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.

На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл. Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс. т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс. т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilasшэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

му́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Непразрысты, нячысты, змешаны з дробнымі часцінкамі чаго‑н.; каламутны (пра вадкасці). Паплыло ў кабінет волкае паветра дажджлівага лістападаўскага дня.. Па шыбах паўзлі мутныя кроплі. М. Ткачоў. Па вуліцы шалёна несліся патокі мутнай вады, змываючы ўсё, што ні пападалася на іх шляху. Васілевіч.

2. Пацямнелы, затуманены (аб бліскучых ці празрыстых прадметах). На покуце, перад вялікімі абразамі гарэла лампадка. Яе агеньчык адбіваўся ў мутных сярэбраных аправах. Хомчанка. Сляпыя вокны анямела Глядзяць на двор, на курганок, Ужо другі дзень вечарамі У іх не свеціцца лучнік, І толькі ў мутным шкле часамі Ад[а]б’ецца месяц-чараўнік. Колас. / Пра вочы, позірк. Дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы. Колас.

3. Зямліста-шэры, ахутаны імглою, туманам; туманны. [Неба] было нізкае, па-асенняму мутнае, халоднае і нічога, акрамя дажджу, не абяцала. Сачанка. Воз пакідаў за сабой лёгкі белаваты пыл, які хутка разыходзіўся па баках мутным туманам. Бядуля. // Няясны (пра святло). [Разведчыкі] спыніліся ў мутным святле з вялікага акна. Брыль.

4. перан. Разм. Недастаткова выразны, зразумелы, абгрунтаваны. Трэба заўважыць, што кожнае выступленне Фабрэгата працягвалася гадзінамі, і ў мутнай плыні слоў няцяжка было прыкмеціць загадзя абдуманае спаўзанне «радыкальнага» прафесара-дыпламата з адной пазіцыі на другую. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць лёгкі шум, шоргат. Дождж шастаў па жалезным даху навеса, як бы нараджаючы спакойную, мяккую музыку. Навуменка. Крыху далей шастала пілка і адлічваліся гулкія ўдары сякер. Гартны. // чым. Рухаючы чым‑н., шамацець. То шастала [Ганна] сенам, то бегла к дубку, мяняла, сушыла пялёнку, давала малой грудзей, гушкала. Мележ. За вокнамі вые завіруха, шастаюць голымі галінамі яблыні ў садку, а ў пакоі цёпла ад напаленай грубкі. Хадкевіч.

2. Разм. Сцябаць, біць з шумам. Раса вельмі хутка змачыла калашыны маіх палатняных портак, і яны гучна шасталі па лытках. Сачанка.

3. Разм. Хадзіць, снаваць туды-сюды. Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым — пад’есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць, — .. [Мароз] думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Быкаў. Нячутна шасталі па сценах доўгія цені. Шамякін.

4. Разм. Лазіць, шнарыць з мэтай выгледзець што‑н., сцягнуць, адшукаць што‑н. Ужо заняўся веташок На макаўцы віхрастай. Забудзь стажок і муражок І ў сад чужы не шастай! Барадулін. — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З ўнукам пастараліся. Не будзе больш, шэры, шастаць, дзе не след. Даніленка.

5. Разм. Крэмзаць, пісаць. Ахутаўшыся густымі клубамі махорачнага дыму, .. [Аркадзь Куляшоў] ужо шастае алоўкам на папяровым лісце. Бялевіч.

6. што. Разм. Рэзаць. Шастаць нажом сала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрыбе́т, ‑бта, М ‑бце, м.

1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.

2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.

3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.

4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. □ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.

•••

Спінны хрыбет — пазваночнік.

Ламаць хрыбет гл. ламаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРЫБЫ́ (Mycota),

група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.

Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.

У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.

Літ.:

Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;

Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;

Сержанина Г.И., Змитрович И.И. Микромицеты: Иллюстрир. пособие для биологов. Мн., 1978.

В.​В.​Карпук.

Да арт. Грыбы: 1 — сыраежка страўная; 2 — баравік; 3 — падасінавік; 4 — страчок звычайны; 5 — мухамор шэры; 6 — фамітопсіс акаймаваны.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)