САВЕ́ЦКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Пагадненне 1933 аб устанаўленні дыпламат. адносін, заключана 16 ліст. ў Вашынгтоне праз абмен нотамі. Пагадненне 1937 аб гандл. адносінах, заключана 4 жн. ў Маскве праз абмен нотамі; замяніла пагадненне аб гандл. узаемаадносінах 1935. Прадугледжвала, што ЗША прадаставяць СССР «безумоўны і неабмежаваны рэжым найбольш спрыяльнай нацыі» па ўсіх пытаннях, якія датычаць мытных пошлін, збораў, правіл і фармальнасцей, што маюць адносіны да ўвозу, продажу або выкарыстання ў ЗША сав. тавараў. Аналагічныя абавязкі ўзяў урад СССР. У гады 2-й сусв. вайны тавараабарот паміж СССР і ЗША рэгуляваўся гал. чынам пагадненнем ад 11.6.1942, а ў першыя пасляваен. гады — крэдытным пагадненнем ад 15.10.1945. У сувязі з разгортваннем «халоднай вайны» ўрад ЗША у пач. 1947 забараніў пастаўкі абсталявання ў СССР, а 23.6.1951 дэнансаваў пагадненне 1937. Пагадненне 1942 аб прынцыпах, якія могуць ужывацца да ўзаемнай дапамогі ў вядзенні вайны супраць агрэсіі, падпісана 11 чэрв. ў Вашынгтоне. Зыходзячы з прынцыпу, што абарона СССР супраць гітлераўскай агрэсіі мае жыццёва важнае значэнне для абароны ЗША, амер. ўрад абавязаўся забяспечваць СССР абароннымі матэрыяламі, абслугоўваннем і інфармацыяй. Сав. ўрад абавязаўся садзейнічаць абароне ЗША і заяўляў пра сваю гатоўнасць даваць ЗША матэрыялы, абслугоўванне, ільготы і інфармацыю. Гэта пагадненне завяршыла фарміраванне асн. ядра антыгітлераўскай кааліцыі, садзейнічала развіццю ленд-лізу. Асновы ўзаемаадносін паміж СССР і ЗША,

падпісаны 29.5.1972 у Маскве. Дакумент зафіксаваў асн. прынцыпы сав.-амер. адносін. СССР і ЗША пагадзіліся, што ў ядз. век не існуе інш. асновы падтрымання адносін паміж імі, акрамя мірнага суіснавання. Абавязаліся рабіць усё магчымае, каб пазбягаць ваен. канфрантацый і не дапусціць узнікнення ядз. вайны, рэгуляваць рознагалоссі мірнымі сродкамі. СССР і ЗША заявілі аб сваім намеры расшырыць дагаворна-прававую базу сваіх узаемаадносін і прыкладаць намаганні, каб заключаныя паміж імі дагаворы і пагадненні ажыццяўляліся. Канчатковы вынік сваіх намаганняў СССР і ЗША бачаць у вырашэнні праблемы ўсеагульнага і поўнага раззбраення і ў забеспячэнні эфектыўнай сістэмы міжнар. бяспекі ў адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. СССР і ЗША заявілі, што яны прызнаюць суверэнную роўнасць усіх дзяржаў, падкрэслілі, што развіццё сав.-амер. адносін не накіравана супраць трэціх дзяржаў і іх інтарэсаў. Дагавор 1972 пра абмежаванне сістэм проціракетнай абароны, падпісаны 26 мая ў Маскве. СССР і ЗША абавязаліся: абмежаваць размяшчэнне сістэм проціракетнай абароны (ПРА) пэўнымі раёнамі, у якіх павінна быць не больш як 100 пускавых установак проціракет і не больш як 100 проціракет на стартавых пазіцыях; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць сістэм ці кампанентаў ПРА марскога, паветр., касм. ці мабільна-наземнага базіравання; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць пускавых установак проціракет, кожная з якіх пускае адначасова больш як адну проціракету; не перадаваць інш. дзяржавам і не размяшчаць па-за сваёй тэрыторыяй сістэмы ПРА і іх кампаненты, абмежаваныя гэтым дагаворам. Пратакол да пагаднення (падпісаны 3.7.1974; набыў сілу 24.5.1976) удакладніў, што кожны бок будзе мець толькі 1 раён размяшчэння ПРА.

Да важнейшых пагадненняў і дагавораў, заключаных паміж СССР і ЗША, таксама адносяцца: Дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963; пагадненне 1973 аб прадухіленні ядз. вайны; дагавор 1974 аб абмежаванні падземных выпрабаванняў ядз. зброі; дагавор 1979 аб абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў; пагадненне 1973 аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання Сусветнага акіяна; пагадненне 1973 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне навук. даследаванняў у распрацоўках штучнага сэрца; доўгатэрміновае пагадненне 1974 аб садзейнічанні эканам., прамысл. і тэхн. супрацоўніцтву; агульнае пагадненне 1985 аб кантактах, абменах і супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і ў інш. галінах, гандл. пагадненні і інш. Праводзіліся таксама сав.-амер. перагаворы пра абмежаванне і скарачэнне стратэг. узбраенняў, пра абмежаванне ядз. узбраенняў у Еўропе, пра забарону хім. зброі і інш.

т. 14, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́НСЭН (швед. Skansen),

этнаграфічны музей пад адкрытым небам, дзе экспануюцца ўзоры нар. архітэктуры і прылад працы пэўнага рэгіёна. У экспазіцыю ўваходзяць помнікі нар. дойлідства (як правіла, драўляныя), перавезеныя з розных рэгіёнаў краіны і абсталяваныя этнагр. начыннем (прадметы побыту, вырабы нар. рамёстваў і промыслаў і г.д.). У натуральным асяроддзі яны ўтвараюць цэласны сядзібна-бытавы і культ.-грамадскі комплекс, фрагмент традыц. вёскі, мястэчка, гар. вуліцы і інш. Узніклі С. ў 19 ст. ў Еўропе. Ідэю такога музея ўпершыню сфармуляваў швейц. пісьменнік Ч.​Бастэтэн. Развіццю ідэі спрыяла стварэнне этнагр. аддзелаў у музеях Берлінскім Новым (1855), Амер. прыродазнаўча-гіст. (1866), Брыт. (1860-я г.) і інш. У 1867 на Маскоўскай этнагр. выстаўцы, прымеркаванай да I слав. з’езда, экспанаваліся макеты сядзіб і жытла з рэгіёнаў Расіі, Беларусі, Украіны. Макеты помнікаў нар. архітэктуры экспанаваліся таксама на сусв. выстаўцы ў Парыжы (1867) і Вене (1873). У 1874—86 стваральнік буйнейшага ў Еўропе заал. парку каля г. Гамбург (Германія) К.​Гагенбек арганізаваў антрапазаал. экспазіцыі ў еўрап. сталіцах калмыкаў, індзейцаў, эскімосаў, лапландцаў і інш., якія дэманстравалі свае жытлы, прадметы працы і побыту, ствараючы часовыя музеі пад адкрытым небам. У канцы 19 ст. на этнагр. выстаўках пачалі экспанаваць перавезеныя і адрэстаўрыраваныя сядзібы і двары (1894, краёвая выстаўка ў г. Львоў, Украіна; 1895, Прага). На выстаўцы ў Будапешце (1896) экспанавалася вёска з 24 сядзіб. Як форма музейнай дзейнасці з перавозкай помнікаў атрымала развіццё ў краінах Скандынавіі. У 1873 лінгвіст і этнограф А.​Хецэліус стварыў у Стакгольме сканд. этнагр. калекцыю, у 1880 на яе аснове — Паўн. музей з помнікамі драўлянага дойлідства, які размясціўся на в-ве Дзюгардэн у прадмесці Стакгольма Скансэн (адсюль назва), у 1891 адкрылася экспазіцыя першага ў свеце музея пад адкрытым небам. У пач. 20 ст. С. адкрыты ў Осла (Бігдой, 14 га, больш за 100 помнікаў), Орхусе (Данія, больш за 50 помнікаў), Арнеме (Галандыя, пл. 33 га, 19 тыпаў сельскіх дамоў) і інш. Іх структуру ўтваралі жылыя і гасп. пабудовы, аб’яднаныя ў сядзібы, а сядзібы — у фрагменты паселішчаў, а таксама — сакральныя збудаванні, будынкі заезных дамоў, ратушы, школы, крамы, майстэрні рамеснікаў, вытв. будынкі (кузні, млыны і інш.). Важная роля адводзілася ландшафту. Сярод найб. маляўнічых С.; Кашубскі каля г. Гданьск (Польшча; 1906, пл. 12 га, 37 помнікаў), у Каломенскім (Масква; 1923), г. Рожнаў (Чэхія; 1925), музей-сяло каля Бухарэста (1936, пл. 62 га, больш за 220 помнікаў), музей-вёска ў г. Сан-Дыега (ЗША; 1946), у Букрыку каля Бруселя (1954, пл. 54 га, 61 помнік), Эстонскі парк-музей нар. дойлідства і побыту ў Таліне («Рок аль Марэ»; 1957, пл. 60 га), комплекс «Этыр» каля г. Габрава (Балгарыя; 1961, пл. 6 га), у Румшышкесе (Літва; 1966, пл. 175 га, больш за 100 помнікаў) і інш. У 1969 у Расіі адкрыты музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі пад адкрытым небам на в-ве Кіжы (28 помнікаў). Усяго існуе больш за 600 нац. музеяў-С. і некалькі тысяч занальных, рэгіянальных, лакальных, мемар. і музеяў-помнікаў пад адкрытым небам. Іх экспазіцыі будуюцца паводле выпрацаваных прынцыпаў: этнагр. (адлюстраванне культуры і побыту гіст.-этнагр. рэгіёнаў і лакальных раёнаў краіны), гіст. (эвалюцыя культуры ў часе), сац. (культура грамадскіх саслоўяў), функцыян. (супадпарадкаванне пабудоў у двары, сядзібе, паселішчы). Перавага аддаецца захаванню помнікаў нар. дойлідства на гіст. месцах, у жывым асяроддзі і стварэнне на іх аснове ландшафтных запаведнікаў, арх.-этнагр. запаведнікаў, музеяў-ферм, музеяў-вёсак, музеяў-прадмесцяў, гіст. гарадоў і інш. У 1976 засн. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (на беразе Воўчкавіцкага вадасховішча, пл. каля 210 га).

Літ.:

Шмелев В.Г. Музей под открытым небом. Киев, 1983;

Локотко А. Белорусскому скансену 20 лет // Архитектура и стр-во. 1996. №5/6.

А.​І.​Лакотка.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАТАРСКАЯ МАСТАЦКАЯ ТВОРЧАСЦЬ

Аматарская мастацкая творчасць з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры грамадства, якая спрыяе яе ўзбагачэнню і дэмакратызацыі, фарміраванню сістэмы вытворчасці і распаўсюджванню маст.-эстэт. каштоўнасцей.

Маст. творчая дзейнасць народа ўключае ў сябе розныя віды і жанры аматарскай маст. дзейнасці. Паводле асн. жанравых кірункаў адрозніваюць калектывы тэатральныя (драматычны, муз., лялечны т-р, т-р паэзіі, пантамімы, мініяцюр і інш.), вакальна-харавыя (хор, ансамбль з акадэмічнай, нар. і эстраднай манерай выканання і інш.), харэаграфічныя (нар., класічны, бальны, эстрадны танец і інш.), муз.-інструментальныя (аркестры, ансамблі нар. інструментаў, духавой, эстраднай, джазавай музыкі і інш.), дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага кірункаў (студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі, ткацтва, фларыстыкі, апрацоўкі дрэва, скуры і інш.), фальклорныя, цыркавыя, фота-, слайд-, кіна-, відэастудыі, аматарскія аб’яднанні і інш.

Развіццю аматарскай маст. творчасці на Беларусі папярэднічалі культурна-асветныя арганізацыі «Пралеткульта» (1917). Тагачасная аматарская маст. творчасць набыла масавы і арганізаваны характар; агульнае кіраўніцтва ажыццяўлялася праз Наркамасветы Галоўпалітасветы БССР. У 1926—27 на Беларусі існавалі хаты-чытальні, чырвоныя куткі, нар. дамы, пры якіх ствараліся тэатр., харавыя, муз. гурткі. У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці аматарскіх калектываў створаны дамы нар. творчасці, з 1939 дзейнічаюць абл. дамы нар. творчасці, праводзяцца рэсп. алімпіяды і агляды. Развіццю аматарскіх калектываў розных жанраў спрыяла правядзенне усебел. алімпіяд рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935, 1936—37, 1938, 1939), алімпіяд чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), аглядаў самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939). Павышэнню маст.-эстэт. ўзроўню выканальніцкага майстэрства садзейнічала правядзенне Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940) і Усесаюзнага агляду маст. самадзейнасці (1940—41). Развіццю аматарскай творчасці садзейнічалі вядомыя дзеячы прафес. мастацтва, у т. л. Е.​Міровіч, У.​Галубок, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч. У Вял. Айч. вайну існавалі франтавыя ансамблі і агітбрыгады, партыз. маст. самадзейнасць. Развіццё аматарскай творчасці пасля вайны пашырылася. У 1945 працавалі 2148 гурткоў (35,4 тыс. ўдзельнікаў), праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З сярэдзіны 1950-х г. рэгулярна праводзіліся агляды самадз. маст. творчасці. Мэтанакіравана праводзіліся агляды-конкурсы маст. творчасці: у 1949 — чыгуначнікаў і прамкааперацыі, у 1950 — драм. калектываў Мінска; у 1951 — навук. устаноў, прац. рэзерваў, прамысл. кааперацыі, рабочых, служачых і сельскай самадзейнасці; у 1953, 1960 — прамысл. кааперацыі, у 1963 — прадпрыемстваў мясц. прамысловасці.

У 1960 існавала 12,6 тыс. гурткоў аматарскай маст. творчасці ў клубных установах Міністэрства культуры БССР і сістэмы прафсаюзаў (191 тыс. чал.); з 1960 паявіліся самадз. цыркавыя калектывы. Лепшым калектывам аматарскай маст. творчасці надаецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978). Развіццю аматарскага мастацтва, росту майстэрства калектываў і асобных выканаўцаў садзейнічалі 3-я рэсп. дэкада нар. творчасці (1965), рэсп. фестывалі тэатр. самадз. мастацтва. У 1980-я г. амаль удвая вырасла колькасць гурткоў аматарскай маст. творчасці (у 1985—34,5 тыс. калектываў, 507 тыс. чал.). Усесаюзны агляд самадз. маст. творчасці 1983—85 вылучыў 227 маст. калектываў Беларусі, якія сталі яго лаўрэатамі.

З 1990-х г. у сучаснай аматарскай творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, што садзейнічае перадачы з пакалення ў пакаленне ўстойлівых форм нац. культуры (мовы, традыцый, абрадаў, звычаяў, этнічнай самасвядомасці і інш.). Значная колькасць аматарскіх калектываў належыць клубным установам сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (у 2004—18 044 калектывы, у т. л. 15 248 у вёсках), установам культуры клубнага тыпу інш. ведамстваў, якія з’яўляюцца цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сац.-культ. ініцыятыў, а таксама ўстановам культуры сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (каля 1500) і навуч. установам краіны. Найменні «народны» і «ўзорны» нададзены больш як 1600 аматарскім калектывам, у т. л. ва ўстановах клубнага тыпу сістэмы Міністэрства культуры Беларусі функцыянуе каля 1090 такіх аматарскіх калектываў, з іх 187 на вёсцы (на канец 2002 каля 260 маст. калектываў сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і 230 аматарскіх фарміраванняў сістэмы Міністэрства адукацыі маюць ганаровыя найменні). Сваю дзейнасць калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец., сярэдніх навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Ствараюцца па ініцыятыве грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, дзярж. органаў, а таксама органаў грамадскага самакіравання.

З мэтай стымулявання аматарскай маст. творчасці і далучэння да маст.-эстэт. каштоўнасцей розных груп насельніцтва праводзяцца святы, канцэрты, конкурсы, агляды і інш. сац.-культ. акцыі. Важным у стымуляванні і развіцці аматарскай творчасці з’яўляюцца міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі. Гал. аглядам стану аматарскай творчасці з’явіўся Першы фестываль нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (1997—1998), у мерапрыемствах якога прынялі ўдзел больш за 30 тыс. калектываў розных ведамстваў (500 тыс. чалавек), з якіх лаўрэатамі фестывалю сталі 95 калектываў і 55 выканаўцаў, 47 нар. майстроў.

Дасягненні аматарскай творчасці дэманструюцца на абл. і рэсп. аглядах, алімпіядах, конкурсах, выстаўках, фестывалях, дэкадах: міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» і юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» і «Сожскі карагод», рэсп. фестывалі духавой музыкі «Беларускія фанфары», фалькл. мастацтва «Берагіня», тэатр. мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні», усебел. фестывалі нар. гумару «Аўцюкі», міжнар. харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», нац. культур, у якім прымаюць удзел маст. калектывы і выканаўцы розных жанраў аматарскай творчасці і інш.

Дзейнасць аматарскіх калектываў рэгулюецца Законам «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб народным (узорным) самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь» (абодва 1999), пастановай «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (аб парадку надання звання, 2001). Агульнае інфармацыйна-метадычнае кіраўніцтва аматарскай маст. творчасцю забяспечваюць абл. навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці, раённыя арганізац.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асветнай работы. Бел. ін-т праблем культуры і Бел. ун-т культуры і мастацтваў праводзяць спец. даследаванні па праблемах бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, даследуюць яе ўнутрыжанравую праблематыку і пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўку кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўкі фестывальных тэхналогій і праблемы рэпертуару.

А.​А.​Макарава.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва развіваецца ва ўмовах традыц. нар. творчасці або акад. мастацтва ў працэсах спантаннай творчай актыўнасці чалавека ці арганізаванага грамадска-культ. руху. З 1910-х г. на Беларусі ствараліся гурткі і студыі пры заводах і фабрыках, установах, ваенных часцях, што паўплывала на агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць твораў. З 1920-х г. ствараліся студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Гомелі, Оршы, Полацку, Гарадку. З відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. Рэгулярна праводзіліся выстаўкі твораў. У гады Вял. Айч. вайны мастакі-аматары ўдзельнічалі ў афармленні падп. перыядычных выданняў. Пасля вайны арганізацыяй самадзейных майстроў займаліся дамы нар. творчасці, з 1960-х г. — дамы маст. самадзейнасці. Рэгулярныя выстаўкі дэманстравалі разнастайнасць тэматыкі і новыя творчыя пошукі. У 1970-я г. аматарскае мастацтва дасягнула даволі высокага ўзроўню ў галіне жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў творчасці І.​Абраўца, Т.​Агафоненкі, В.​Альшэўскага, В.​Аляксеенкі, Л.​Галаенкі, Ф.​Генкіна, П.​Гольцава, Ф.​Дудо, М.​Ерафеева, М.​Засінца, І.​Кішкурна, М.​Корабава, Г.​Ганчаронка, С.​Какшынскага, А.​Пупко, В.​Гаўрылюк, Дз.​Цубера, Г.​Асіпковай, Дз.​Крупені, М.​Міхеенкі, Ф.​Сухавілы, С.​Шаўрова, Б.​Тарасенкі, С.​Быка, Л.​Трахалёвай, К.​Арцёменкі і інш., творы якіх экспанаваліся не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Вялікае пашырэнне мелі студыі фотамастацтва. З пач. 1990-х г. пачала фарміравацца сетка новых тыпаў устаноў культуры, дзейнасць якіх накіравана на захаванне і засваенне розных відаў традыцыйнай культуры. Сярод іх вылучаюцца аднапрофільныя ўстановы — дамы (цэнтры) рамёстваў і школы нар. творчасці. Асн. мэта іх існавання — падтрымка і стварэнне ўмоў для натуральнага існавання рамесніцкіх традыцый, адраджэнне унікальных тэхналогій, вытв-сць вырабаў паводле мясц. узораў. Функцыянуе (2003) больш за 60 дамоў (цэнтраў) рамёстваў, у т. л. больш за 20 у Віцебскай вобл., якія акрамя практычнай выканаўча-творчай дзейнасці праводзяць навукова-даследчую, пошукавую (этнаграфічныя экспедыцыі), прапагандысцка-асветную (лекцыі, экскурсіі) работу. Калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных дамоў культуры, навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. У кожнай вобласці Беларусі дамы рамёстваў працуюць па асабістых кірунках і праграмах, але адзіным і гал. з’яўляецца далучэнне моладзі да вывучэння нац. культ. спадчыны. Пад уздзеяннем сродкаў масавай інфармацыі развіваюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, камп’ютэрам. Пашырыліся студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі і ткацтва, фларыстыкі, фотамастацтва, апрацоўкі дрэва і скуры і інш.

А.​А.​Макарава, Р.​Ф.​Шаура.

Музычная творчасць. Уключае розныя віды і жанры аматарскай муз. дзейнасці: дзіцячую, сямейную, студэнцкую самадзейнасць, аматарскія калектывы і асобных выканаўцаў, аб’яднанні і гурткі па захапленнях і інш. Бярэ пачатак у быт. і абрадавых карагодах і гульнях, калядных, валачобных, скамарохавых, батлеечных, вясельных і інш. выступленнях гуртоў, якія рыхтаваліся загадзя. Формы муз. самадз. мастацтва з’явіліся ў 19 ст. ў гар. асяроддзі, пазней — і на вёсцы. Пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. вадэвілі, муз. камедыі (С.​Манюшкі і інш.) і інш. З 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый, муз. т-вы), этапам у яго развіцці сталі Бел. вечарынкі (з 1905). У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці калектываў ствараліся дамы нар. творчасці (з 1937 рэсп., з 1939 абл.), праводзіліся рэсп. алімпіяды і агляды. У гады Вял. Айч. вайны існавалі франтавыя і партызанскія ансамблі і агітбрыгады. У пасляваенны перыяд разам з ансамблямі песні і танца, харамі, з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Метадычную і практычную дапамогу ім аказвалі дамы нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы), рэсп. (1968) і абл. дамы самадзейнасці (з 1978 дамы аматарскай творчасці). У 1980-я г. амаль удвая павялічылася колькасць калектываў у параўнанні з 1960, іх колькасць у 1985 дасягнула 34,5 тыс. калектываў (507 тыс. чал.). Па выніках Усесаюзнага агляду самадз. маст. творчасці 1983 лаўрэатамі яго сталі 85 227 маст. калектываў Беларусі.

З 1990-х г. у аматарскай муз. творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, да здабыткаў акад. відаў і жанраў муз. мастацтва; характэрны ўплывы і сродкаў масавай інфармацыі (пераважна тэлебачання), пашыраюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, у т. л. камп’ютэрам (рок-музыка, дыска-клубы, камп’ютэрная графіка); адчувальныя ўплывы шоу-бізнесу і індустрыі масавага муз. забаўляння, што забяспечвае ёй шматмернасць, шматузроўневасць, дынамізм, з адначасовым уплывам гіст., этнарэгіянальных, эстэт., сац.-псіхалагічных, эканам. і інш. фактараў. Дынаміка развіцця розных відаў і жанраў аматарскай муз. творчасці адбываецца неаднолькава і абумоўлена рэгіянальнымі (гар. і вясковая культура) асаблівасцямі.

Дзейнічаюць аматарскія муз. калектывы на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайсковых часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Для іх характэрна жанравая разнастайнасць аб’яднанняў (клубы самадз. песні, класічнай музыкі, нар. песні, самадз. кампазітараў і паэтаў, арт- і джаз-клубы і інш.), якія ажыццяўляюць культ.-творчую і канцэртна-відовішчную дзейнасць.

Лепшыя аматарскія муз. калектывы адзначаюцца ганаровым найменнем «народны» (з 1960), дзіцячыя — «узорны» (з 1978). З 2001 самабытным аматарскім калектывам надаецца найменне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Яго атрымалі (2004) нар. — ансамбль вак.-харэагр. «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, фалькл. ансамбль «Паазер’е» выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай муз. школы, ансамбль бел. песні «Медуніца» Палаца культуры і тэхнікі рэсп. унітарнага прадпрыемства «Магілёўскае вытв. аб’яднанне «Хімвалакно», ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага цэнтра культуры і нар. традыцый, ансамбль песні і танца «Спадчына» Палаца культуры г. Маладзечна, камерны аркестр «Рычэркар» і хар. капэла Рэсп. палаца культуры прафсаюзаў, фалькл. гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага Дома культуры Лельчыцкага р-на, драм. т-р «Відарыс» Барысаўскага гар. Палаца культуры і інш. Рэпертуар аматарскіх муз. калектываў складаецца пераважна з апрацовак бел. нар. песень, найгрышаў, мясцовага фальклору, а таксама твораў бел. кампазітараў.

На 2004 у дзярж. установах культуры Беларусі 7913 вак.-хар. калектываў (у т. л. 2746 дзіцячых), 956 інструментальных (з іх 299 дзіцячых): у Брэсцкай вобл. — 1896 вак.-хар., 265 інструментальных, у Віцебскай — 1702 вак.-хар., 131 інструментальны, у Гомельскай — 1180 вак.-хар., 140 інструментальных, у Гродзенскай — 1277 вак.-хар., 106 інструментальных, у Магілёўскай — 1177 вак.-хар., 95 інструментальных, у Мінскай — 1281 вак.-хар., 219 інструментальных.

На Беларусі праводзяцца шматлікія святы, конкурсы, агляды і інш. сац.-культ. акцыі, а таксама міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі аматарскага муз. мастацтва. Працэс фарміравання фестывальных традыцый аматарскай муз. творчасці ідзе на рэсп. і мясц. узроўнях. Штогод праводзіцца каля 50 фестываляў: міжнар. нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (г. Паставы), юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» (г. Мазыр), харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель), рэсп. — «Берагіня», нар. гумару «Аўцюкі» (абодва Гомельская вобл.), нац. культур (г. Гродна), Усебел. фестываль нар. мастацтва «Беларусь — мая песня», рэгіянальныя фестывалі эстр. музыкі і спеваў, хар. мастацтва «Пеўчае поле», бардаўскай песні, сямейнай муз. творчасці і інш.

Навуковыя даследаванні бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, унутрыжанравай праблематыкі, пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўка фестывальных тэхналогій і рэпертуару — сфера дзейнасці бел. ін-та праблем культуры і ун-та культуры. Інфармацыйна-метадычную падтрымку забяспечваюць абл. навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і раён. арганізацыйна-метадычныя цэнтры культурна-асветнай работы. Падрыхтоўку кіраўнікоў і арганізатараў аматарскіх муз. калектываў ажыццяўляюць бел. ун-т культуры і мастацтваў, акадэмія музыкі, пед. ун-т, муз. вучылішчы, вучылішчы культуры і мастацтваў.

А.​А.​Макарава.

Ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раёна.
Фальклорны ансамбль «Паазер’е» педагагічнага калектыву Пастаўскай дзіцячай музычнай школы.
Народны камерны аркестр «Рычэркар» Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.

Харэаграфічнае мастацтва. Да 20 ст. аматарскае харэаграфічнае мастацтва развівалася ў рэчышчы музычнага і тэатральнага аматарства. У 1900—20-я г. нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы бел. вечарынак. Вял. значэнне мела дзейнасць Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся і нар. танцы. З 1920-х г. развіццё танц. аматарства звязана з пачаткам сістэматычнага вывучэння і практычнага выкарыстання нац. танц. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. Напачатку танц. гурткі ўключалі ў свой рэпертуар папулярныя у народзе танцы, у якіх асноўныя выразныя сродкі, сюжэты і манера выканання захоўваліся ў першапачатковым выглядзе, без трансфармацыі.

Паступова выпрацоўваліся спосабы і метады сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэаграфічнага фальклору. У 1926 арганізаваны адзін з першых аматарскіх калектываў Беларусі — ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.​Алексютовіча, у рэпертуары якога былі нар. танцы «Крыжачок», «Лявоніха», «Лянок», «Мікіта», «Мяцеліца», «Таўкачыкі» і інш., па-мастацку апрацаваныя і трансфармаваныя па законах сцэны. У 1930-я г. на Беларусі ўзнікла шмат аматарскіх калектываў, рэпертуар якіх будаваўся на аснове нар. танцаў у сцэн. апрацоўцы. Уклад у працэс фарміравання асн. кірункаў інтэрпрэтацыі ўзораў нар. харэаграфіі зрабіў ансамбль танца Гомельскага палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1936, кіраўнік А.​Рыбальчанка). У яго рэпертуары былі бел. нар. танцы «Мяцеліца», «Лявоніха», «Юрачка», «Чарот» і інш.; створана і шмат сцэн. твораў на тагачасную тэматыку: «Камсамол на будоўлі», «Новая вёска», «Калгасная полька», «Беларускія трактарысты» (балетмайстар К.​Алексютовіч). У многіх калектывах працавалі прафес. харэографы, якія адыгралі станоўчую ролю ў творчым развіцці танц. аматарства і павышэнні ўзроўню рэпертуару. У даваенны перыяд быў закладзены фундамент для плённай дзейнасці аматарскіх танц. калектываў.

У пасляваенны перыяд ішло аднаўленне раней створаных і фарміраванне новых калектываў, сярод якіх нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ (з 1945), узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ № 5 (Брэст; з 1954), нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў (з 1956), узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў і «Лянок» Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (з 1958), узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» (Віцебск; з 1961). Узніклі таксама студыі і ансамблі класічнага, бальнага, гіст.-быт. і эстр. танца, у т. л. нар. студыя сучаснага бальнага танца «Мара» Палаца культуры Мінскага трактарнага завода (з 1966). У 1960—70-я г. з’явіліся новыя самабытныя танц. калектывы, расла іх масавасць, узмацнялася арыентацыя на збліжэнне з прафес. мастацтвам, павышаўся ўзровень танц. культуры. У гэты перыяд у балетмайстарскай практыцы ствараліся таксама аўтарскія творы ў межах традыцыі бел. танца, тэматычныя кампазіцыі сюітнага тыпу, фалькл. танцы, апрацаваныя ў эстр. стылі. З 1960 лепшым дарослым калектывам надаецца ганаровае найменне «народны», а з 1978 дзіцячым — «узорны».

Уклад у развіццё тагачаснага аматарскага харэаграфічнага мастацтва Беларусі зрабілі нар. артысты Беларусі М.​Бяльзацкая, А.​Вараб’ёў, А.​Нікалаева, А.​Рыбальчанка, Я.​Штоп; засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія; засл. дз. культуры Беларусі С.​Грабеншчыкоў, Н.​Залеўская, М.​Кіракозаў, Л.​Ляшэнка, В.​Партной, І.​Серыкаў, М.​Чысцякоў; засл. работнікі культуры Беларусі Л.​Барадулька, Ч.​Клячко, Л.​Лазарава, М.​Лапша, І.​Смірноў, Р.​Чарахоўская, В.​Ямінскі; а таксама А.​Быковіч, Л.​Тушынскі, З.​Чарняўскі і інш.

З 1980-х г. у самадз. мастацтве з’явіліся танц. калектывы розных жанраў з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамблі танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (кіраўнік Г.​Чорны), «Белая Русь» Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік А.​Карповіч), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (кіраўнік В.​Жыльцоў); «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў (кіраўнік Н.​Парахневіч); вак.-харэаграфічны — «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (кіраўнік П.​Свярдлоў); харэаграфічны — «Рунь» Дома культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс» (кіраўнік В.​Папоў); ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага каледжа мастацтваў (кіраўнік В.​Гарэлава) і інш.

Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэаграфічнага фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыцыйнай у жанры нар.-сцэн. харэаграфіі да фольк-мадэрна, пошук новых форм і прыёмаў. Характэрная рыса сучаснага перыяду — плённае развіццё дзіцячай самадзейнасці: масавае адкрыццё дзіцячых харэаграфічных школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў Беларусі: узорны вак.-харэаграфічны ансамбль «Камарыкі» Палаца культуры вытв. аб’яднання «Нафтан» (Наваполацк; з 1970, кіраўнік Ч.​Клячко); узорныя ансамблі танца «Светлячок» Палаца культуры энергетыкаў (Новалукомль; з 1977, кіраўнік Н. і А. Тамашавы), «Лялечкі» Абухаўскага Палаца культуры Гродзенскага р-на (з 1978, кіраўнік Н.​Урукіна), «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэаграфічнай школы (з 1981, кіраўнікі І. і С. Дарохіны), «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» (Мінск; з 1983, кіраўнік Я.​Гутман), «Жавароначкі» Палаца культуры «Сукно» (Мінск; з 1985, кіраўнік С.​Аляксандраў), «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987, кіраўнік Н.​Дзягель), «Весялушкі» Палаца культуры чыгуначнікаў (Орша; кіраўнік І.​Стамінская); узорны харэагр. ансамбль «Раўніца» (абодва з 1993, кіраўнікі А.​Цюцюноў і Н.​Русакевіч) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у т. л. «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў (з 1979, кіраўнік В.​Буры), «Антрэ» (з 1992, кіраўнік С.​Манзалеўскі), узорны т-р эстр.-спарт. танца «Каскад» Слонімскага раённага Дома культуры (з 1993, кіраўнік З.​Пятроўская).

Сучаснае аматарскае харэаграфічнае мастацтва — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае фалькл.-этнаграфічныя ансамблі, ансамблі нар. танца, ансамблі і студыі класічнага, бальнага, эстр. і сучаснага танца. На 1.1.2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 2496 харэаграфічных калектываў (з іх 2007 дзіцячых). На 2004 ганаровыя найменні «народны» і «ўзорны» маюць 66 калектываў у Мінску і Мінскай вобл., 39 у Брэсцкай вобл., 23 у Віцебскай, 47 у Гомельскай, 22 у Гродзенскай, 36 у Магілёўскай вобл.

Папулярызацыі танц. мастацтва, выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: міжнар. фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» у Гомелі, дзіцячай творчасці «Барысаўскі прыстанак» у Барысаве; абл. фестываль «Свята танца» ў Гродне, фестываль фальклору «Пінскі карагод», фестываль дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы фламінга» ў Гомелі і інш. Агляды аматарскіх харэаграфічных калектываў рэгулярна адбываюцца ў межах форумаў, прысвечаных нар. творчасці. Бел. танц. калектывы ўдзельнічаюць і ў фестывалях фальклору за мяжой. Кіраўнікоў харэаграфічных калектываў рыхтуюць у вучылішчах мастацтваў Беларусі, на кафедры харэаграфіі Бел. ун-та культуры і мастацтваў.

С.​В.​Гуткоўская.

Народны ансамбль танца «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў.
Узорны ансамбль танца «Весялушка» дзіцячай харэаграфічнай школы г. Мінска.
Узорны ансамбль танца «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі.

Аматарскі тэатр. Існаваў з сярэдзіны 18 ст. пры дварах магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, ва ўладаннях С.​Зорыча, Чарнышова, дзе наладжваліся сцэнічныя паказы з нагоды свят, сямейных урачыстасцей, прыезду ганаровых гасцей. У пач. 19 ст. аматарскі тэатр быў пашыраны ў гарадах сярод гар. шляхты, спектаклі мелі публічны характар, нярэдка наладжваліся з дабрачыннымі мэтамі. У 1850-я г. ў арганізацыі аматарскіх спектакляў прымалі ўдзел разначынцы, дэмакратычныя слаі насельніцтва. Ставіліся п’есы А.​Фрэдра, Ю.​Кажанёўскага, М.​Гогаля, А.​Грыбаедава, В.​Дуніна-Марцінкевіча і інш. У 2-й пал. 19 ст. існавала сетка аматарскіх калектываў, якая ахоплівала ўсе бел. губерні. Створаны буйныя аматарскія аб’яднанні: Мінскае муз.-літ. т-ва (1880), Гродзенскае літ.-муз. т-ва (1883), Полацкі (1884), Брэсцкі (1885), Гомельскі (1891) і Бабруйскі (1892) муз.-драм. гурткі, Магілёўскае муз.-драм. т-ва (1886), Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1898), Гомельскае муз.-драм. т-ва (1908) і інш. У пач. 20 ст. існавалі драм. калектывы пры «нар. дамах» (Магілёўскі аматарскі тэатр, 1900—04) і чайных Т-ваў папячыцельства нар. цвярозасці, дзейнасць якіх мела культ.-асв. характар. Пад уздзеяннем нац.-вызв. руху наладжваліся бел. вечарынкі, тэатр. паказы на бел. мове ў Радашковічах, на хутары Пятроўшчына, в. Станькава на Міншчыне, у Карэлічах, в. Кленікі на Гродзеншчыне, Гродне, Капылі, Давыд-Гарадку і інш. У гісторыі аматарскага тэатра пакінулі след Гродзенскі гурток бел. моладзі, Бел. навукова-літ. гурток студэнтаў у Пецярбургу, шматлікія вучнёўскія і студэнцкія гурткі. Вял. ролю ў развіцці аматарскага тэатра адыграла газ. «Наша ніва», у якой даваліся парады бел. аматарам, асвятлялася іх дзейнасць, друкаваўся рэпертуар. Пасля Кастр. рэвалюцыі развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі культ.-асв. арганізацыі пралеткульта, якія наладжвалі тэатр. паказы на рэв. тэмы, стварылі сетку тэатр. гурткоў, нар. тэатраў, рабочых клубаў, студый, агітпунктаў. Клубы творчай інтэлігенцыі існавалі ў Мінску («Беларуская хатка»), Гомелі, Навагрудку, Міры (Карэліцкі раён), Дзісне, Радашковічах, Будславе (Мядзельскі раён), в. Хаценчыцы (Вілейскі раён) і інш.; аматарскія калектывы дзейнічалі ў Мінску (маладзёжны гурток «Вянок», Бел. вучнёўская грамада з драм. секцыяй, гурток бел. моладзі імя С.​Булата), Мазыры, Капылі, Дукоры, в. Блонь (Пухавіцкі раён), Мікалаўешчыне (Стаўбцоўскі раён). Развівалася сельская тэатр. самадзейнасць. Ажывілася дзейнасць аматарскіх тэатраў на прадпрыемствах буйных гарадоў, у т. л. Аршанскага нар. тэатра Дома культуры чыгуначнікаў. У сярэдзіне 1920-х г. пашырыліся тэатралізаваныя прадстаўленні — «жывая газета», на базе якой створаны агіттэатр «Сіняя блуза», традыцыі якой працягвалі тэатры рабочай моладзі. Аматарскае мастацтва падтрымлівалі дзеячы прафесійнага мастацтва (У.​Галубок, Е.​Міровіч і інш.). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы). Росту майстэрства калектываў спрыялі агляды аматарскага мастацтва: Усебел. алімпіяды рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935—39), алімпіяды чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), агляд самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939), рэсп. агляд аматарскай творчасці ў перыяд падрыхтоўкі да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), Усесаюзны агляд маст. самадзейнасці (1940—41). У 1920—30-я г. прыкметнага росту дасягнуў аматарскі тэатр у Зах. Беларусі. У Вільні дзейнічалі Бел. муз.-драм. гурток, Бел. драм. майстроўня, тэатр. гурток бел. гімназіі. Існавалі аматарскія калектывы ў Навагрудку, Слоніме, Івянцы, вёсках Нягневічы (Навагрудскі раён), Загор’е і Заполле (Карэліцкі раён), т-ва працаўнікоў бел. тэатра ў Беластоку.

У Вял. Айч. вайну тэатр. гурткі дзейнічалі ў партыз. атрадах і брыгадах, сярод насельніцтва партыз. зон. У пасляваенны час аднавілі дзейнасць даваенныя гурткі, ствараліся новыя. У сак. 1945 адбыўся 1-ы пасляваенны рэсп. агляд аматарскага мастацтва. Праводзіліся спецыялізаваныя агляды маст. самадзейнасці. У 2-й пал. 1960-х г. створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 міжсаюзныя дамы самадзейнай творчасці). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі Дэкада самадзейнага тэатр. мастацтва Беларусі (1958), 3-я Рэсп. дэкада нар. творчасці, рэсп. фестывалі тэатр. самадзейнага мастацтва (1967—73), 1-ы Усесаюзны фестываль самадзейнай маст. творчасці працоўных (1975—77), Рэсп. конкурс нар. самадзейных драм. калектываў на лепшы спектакль сезона (1980), Рэсп. агляд-конкурс нар. і ўзорных самадзейных драм. калектываў, агітбрыгад і агіттэатраў, тэатраў чытальніка і індывідуальных чытальнікаў-выканаўцаў, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), Усесаюзны агляд самадзейнай маст. творчасці, прысвечаны 40-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне (1983—85), фестывалі Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі «Рампа дружбы» (з 1978), рэсп. фестывалі аматарскага тэатр. мастацтва: прысвечаны А.​Макаёнку (Мазыр, 1993), «Гасціны ў Галубка» (Баранавічы, 1995), «Беларусь — мая песня» (з 1998, па абласцях), «Тэатральныя скрыжаванні» (з 2000). На 2004 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 3444 тэатр,драм. гурткі, у т. л. 2054 — дзіцячыя; 256 драм. тэатраў, тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш. маюць ганаровае найменне «народны» ці «ўзорны», нар. тэатру «Відарыс» (г. Барысаў) нададзена найменне «заслужаны». З іх 130 тэатраў функцыянуюць у сістэме Мін-ва культуры, 50 — у Федэрацыі прафсаюзаў, 76 — у сістэме адукацыі.

Ю.​А.​Пашкін, І.​В.​Пыж.

Сцэна са спектакля «NN» паводле Т.​Уільямса Мінскага народнага тэатра-студыі «На балконе».
Сцэна са спектакля «Дванаццаць месяцаў» С.​Маршака Рэчыцкага народнага тэатра гарадскога Дома культуры.

Аматарскае кіно. З канца 1950-х г. аматарскія кінастудыі ствараліся пры палацах культуры, клубах, прадпрыемствах, у навуч. установах, калгасах і саўгасах. У 1962 пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі створана секцыя па працы з кінааматарамі. Больш актыўна аматарскае кіно развівалася ў 1960-я г. Сярод найб. значных кінастудый мінскіх заводаў — «МАЗ-фільм» аўтамабільнага, «Трактар» трактарнага, «Мікрахолад» (пазней «Сапфір») халадзільнікаў; «Маналіт» інтэрната Мінскага камбіната індустрыяльнага домабудаўніцтва (усім у 1970-я г. нададзена ганаровае найменне народных). Кінастудыі існавалі пры Мінскім мотавелазаводзе, Светлагорскім заводзе штучнага валакна, шклозаводзе «Залессе» Вілейскага раёна, Віцебскім дывановым камбінаце, «Мінскпраекце», БПІ, Гродзенскім пед. ін-це, Акруговым Доме афіцэраў, а таксама пры гарадскіх і раённых палацах культуры, дамах нар. творчасці, палацах і дамах піянераў, сельскіх клубах (у некаторых як фотакінагурткі). Найб. вядомыя з іх: кінастудыя «Летапіс» раённага Дома культуры г. Талачын (з 1965), кінастудыі Магілёўскага Дома культуры чыгуначнікаў, Бел. палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага Палаца піянераў і інш. Здымалі стужкі пра гісторыю і дзейнасць сваіх прадпрыемстваў, навучальныя, відавыя, турысцкія, асобныя ігравыя і анімацыйныя фільмы. Бел. кінааматары ўдзельнічалі ва Усесаюзных (з 1959) і рэсп. (1960—88) фестывалях аматарскіх фільмаў. У 1970-я г. на Бел. тэлебачанні існавала перадача «Мы і наша кінакамера» (вядучы — рэж. А.​Канеўскі). Некаторыя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі (В.​Рубінчык, В.​Дудзін, В.​Каралёў). У 2-й пал. 1980-х г. рух аматарскага кіно знізіўся. Некаторыя аматарскія кінастудыі пераўтварыліся ў рэкламныя і інфармацыйныя службы, большасць — у аматарскія відэа- і тэлестудыі. На 1.1.2004 дзейнічаюць студыі: «МАЗ-фільм», «Кадр» Рэсп. цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, сярэдняй школы № 4 і «Сінема» (усе ў Мінску), Барысаўскага завода агрэгатаў, «Летапіс» Талачынскага гар. Дома культуры, «Нэкст» і тэлестудыя «Вектар ТБ» у г. Наваполацк, «Белая Русь» у г. Светлагорск, у г. Слонім; Магілёўскага абласнога навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культ.-асветнай працы, «Эксперымент» у г. Крычаў. Перыядычна працуюць індывідуальныя кінааматары. Па ініцыятыве незалежнай відэакінастудыі «Таццяна» разам з Бел. саюзам кінематаграфістаў у 1996—2004 праведзены 8 нац. кінафестываляў аматарскіх фільмаў.

А.​П.​Бабкова.

Літ.:

Шаура Р.Ф. Самадзейнае выяўленчае мастацтва Беларусі: Жывапіс, графіка, скульптура. Мн., 1995;

Макарава А., Сівурава Л. Аб шляхах фарміравання фестывальных традыцый у самадзейнай мастацкай творчасці // Весн. Бел. дзярж. ін-та праблем культуры за 1998 г.: Навукова-метад. зб. Мн., 1999;

Скараходаў У.П., Пыж І.В. Сацыякультурныя працэсы ў народнай мастацкай творчасці // Беларуская культура сёння. Мн., 2003;

Статыстычны партрэт культуры Беларусі: Агляд тэатр.-відовішчных і культ.-асветніцкіх устаноў сістэмы М-ва культуры Рэсп. Беларусь. Мн., 2003;

Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Белорусский народный танец. Мн., 1972;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85;

Пятровіч С.А. Народныя тэатры Беларусі. Мн., 1966;

Яго ж. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980.

т. 18, кн. 2, с. 691

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),

тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д. Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.

Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.​Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.​Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.​Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.​М.​Гакеля, Дз.​П.​Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.​С.​Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.​М.​Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.​Яфімава, М.​Папова, Р.​Аляхновіча, Б.​Расінскага, С.​Утачкіна, А.​Васільева, Л.​Андрэадзі, Л.​Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс. м. Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл. Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.​Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.​П.​Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.​Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.​А.​Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.

У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.​А.​Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.​М.​Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс. км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.

Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс. км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар. арг-цыя грамадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.

На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт. Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж. авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш. Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.

Літ.:

Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.

Да арт. Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.​Ф.​Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».
Да арт. Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛО́ГІКА, сімвалічная логіка,

адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл. Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл. Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, B, C...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл. Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл. Логіка класаў).

Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст. ісп. філосаф Р.​Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.​Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.​Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш. Рас. вучоны П.​С.​Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.​Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.​Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.​Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.​Расела і А.​Н.​Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.​Лукасевіч, А.​Гейцінг, А.​М.​Калмагораў, В.​І.​Шастакоў, С.​К.​Кліні, А.​А.​Маркаў і інш.).

Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл. Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.

Літ.:

Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1973;

Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1975;

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. Л., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),

навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш. Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш. Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл. «Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.

Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.​Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл. Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.​М.​Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.​П.​Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.​Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.​Гольбах, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот). У 20 ст. сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.

На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел. пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.​А.​Бенядзіктаў, А.​П.​Ерась, В.​М.​Кавалгін, Ф.​І.​Івашчанка, Я.​Л.​Каламінскі).

Літ.:

Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;

Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997;

Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Выготский Л.С. Психология. М., 2000.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 1920—30-х гадоў.

Яго развіццю ў БССР спрыяла дзейнасць нар. маст. школы ў Віцебску, маст. студый у Віцебску, Магілёве (кіраўнік Ф.​Пархоменка), Гомелі, Оршы і Мінску (пад кіраўніцтвам Я.​Кругера, Г.​Віеру, А.​Тычыны), а таксама майстэрні М.​Філіповіча, Ф.​Сяргеева. Адначасова мастакі атрымлівалі адукацыю ў Вільні, Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Варшаве, Кракаве. На развіццё выяўл. мастацтва значна паўплывалі створаныя ў 1927 Усебел. асацыяцыя мастакоў (з філіяламі ў Віцебску, Гомелі, Маскве і Ленінградзе; у 1928 рэарганізавана ў Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі) і аб’яднанне «Прамень», у якое ўваходзілі мінскія мастакі.

У Зах. Беларусі цэнтрам маст. жыцця была Вільня, дзе ў 1919 быў адроджаны Віленскі ун-т, пры Віленскай бел. гімназіі ў 1926—27 дзейнічала маст. студыя-майстэрня Я.​Драздовіча. Пошукі нац. адметнасці, уласцівыя бел. мастакам, у значнай ступені абапіраліся на традыцыі віленскай школы. Творчасць Б.​Кубіцкага, Ф.​Рушчыца, Л.​Сляндзінскага і інш. развівалася пад уплывам агульнаеўрап. плыней.

Адно з вядучых месцаў у мастацтве пач. 1920-х г. займалі агітацыйнае і афармленчае мастацтва. Эскізы размалёвак афармлення Віцебска ў 1918—19 выконвалі А.​Бразер, М.​Шагал, С.​Юдовін, Д.​Якерсон, а ў 1920-я г. — К.​Малевіч і члены арганізацыі «УНОВИС» В.​Ермалаева, М.​Коган, Л.​Лісіцкі, М.​Суэцін, І.​Чашнік і інш. Афармленнем Гомеля займаліся мастакі студыі імя Урубеля, у Мінску — М.​Цэханоўскі і У.​Страмінскі. Развіваліся агітацыйныя графіка і плакат: А.​Быхоўскі, М.​Волк, А.​Гефтэр, Ф.​Іванчук, С.​Каўроўскі, Л.​Лісіцкі, Л.​Фрындлендэр, Я.​Целішэўскі, С.​Юдовін, для творчасці якіх характэрны метафарычныя элементы, графічны лаканізм і ўздзеянне авангардных плыней. Агітацыйны плакат сустракаўся ў творчасці А.​Ахола-Вало, А.​Быхоўскага, П.​Гуткоўскага, В.​Дваракоўскага, Я.​Драздовіча, Г.​Зархі, Ф.​Іванчука, В.​Карамышына, М.​Станюты, Б.​Ульпі. Лозунгавы характар агітац. графікі сярэдзіны 1920-х г. змяніўся сюжэтнымі кампазіцыямі. Значны ўплыў на развіццё скульптуры ў першыя паслярэв. гады зрабіў т.зв. ленінскі план манум. прапаганды. У адпаведнасці з ім у розных гарадах рэспублікі былі ўстаноўлены часовыя помнікі дзеячам міжнар. рэв. руху, выкананыя А.​Бразерам, К.​Елісеевым, В.​Мацвеевым, М.​Цэханоўскім, Д.​Якерсонам. Яркія нар. вобразы створаны З.​Азгурам, А.​Бразерам, А.​Грубэ. Развіццю бел. скульптуры садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме скульпт. аддзялення (1924), якое ўзначаліў М.​Керзін. Выпускнікі гэтага аддзялення (З.​Азгур, А.​Бембель, А.​Глебаў, А.​Арлоў, А.​Жораў, Г.​Ізмайлаў) разам з М.​Керзіным выканалі скульпт. афармленне Дома ўрада ў Мінску на тэмы рэв. барацьбы, гісторыі станаўлення сав. улады на Беларусі (1931—35). Адметнае месца ў жывапісе гэтага часу займае віцебскі перыяд творчасці М.​Шагала і К.​Малевіча, творчая практыка групы «УНОВИС». У выяўл. мастацтве 1920 — пач. 1930-х г. адлюстраваліся ідэі адраджэння нац. культуры, багатыя гіст. і культ. традыцыі народа і побыт беларусаў, вобразы славутых гіст. асоб Беларусі, помнікі архітэктуры ў творах Я.​Драздовіча, А.​Грубэ, У.​Кудрэвіча, П.​Сергіевіча, М.​Сеўрука, М.​Станюты, А.​Тычыны, М.​Філіповіча і інш. У пейзажах 1920-х г. пераважала адданасць рэаліст. кірунку, не пазбаўленаму ўплываў імпрэсіянізму (У.​Кудрэвіч, панарамныя пейзажы В.​Волкава). Сярод інш. пейзажыстаў П.​Мрачкоўская, Ф.​Пархоменка, Д.​Полазаў, Ю.​Пэн, М.​Сляпян, М.​Станюта. 1920-я г. былі пачаткам фарміравання маст. школы бел. сав. графікі; побач з агітацыйнай масавай графікай развівалася станковая, часопісна-газетная, прыкладная, тэатральны плакат: творы І.​Валадзько, П.​Гуткоўскага, П.​Мрачкоўскай, І.​Пляшчынскага, М.​Філіповіча і інш. У ліку найб. пашыраных былі пейзаж (малюнкі тушшу А.​Астаповіча), архітэктурныя матывы (ксілаграфіі З.​Гарбаўца, Я.​Мініна, С.​Юдовіна), індустрыяльныя замалёўкі (лінагравюры А.​Тычыны), нацюрморт (акварэлі М.​Тарасікава). З сярэдзіны 1920-х г. пачала развівацца кніжная графіка (П.​Гуткоўскі, В.​Дваракоўскі, Г.​Змудзінскі, М.​Лебедзева, В.​Літко, Б.​Малкін, А.​Тычына, М.​Філіповіч, М.​Эндэ і інш.). Графіка ў часопісах («Маладняк», «Світанак», «Наддзвінне» і інш.) набыла выразную сацыяльна-грамадскую накіраванасць у афармленні А.​Ахола-Вало, П.​Гуткоўскага, В.​Дваракоўскага, А.​Пузынкевіча, А.​Тычыны і інш. Развіваліся карыкатура, шарж. Важную ролю ў фарміраванні тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва адыграла творчасць мастакоў тэатра імя Я.​Купалы (БДТ, з 1926 БДТ-1). У бел. дэкарацыйным мастацтве найб. плённымі былі творчыя пошукі ў афармленні нац. твораў, дзе яскрава раскрываўся пафас барацьбы народа за лепшую будучыню: мастакі К.​Елісееў, А.​Марыкс.

Пераважная большасць твораў мастакоў Сав. Беларусі экспанавалася на маст. выстаўках (1-я адбылася ў ліст. 1919 у Віцебску, пазней у Бабруйску), а таксама на 1—4-й Усебел. выстаўках (1925, 1927, 1929 і 1931). Значная роля ў вызначэнні шляхоў развіцця мастацтва ў 1930-я г. належыць Усебел. канферэнцыі мастакоў (1931) і 1-му з’езду мастакоў (1938). Гал. рысай мастацтва 1930-х г. з’яўлялася прапагандысцкая функцыя, уплыў на масавую свядомасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала зацвярджэнне адзінага творчага метаду — сацрэалізму. У жывапісе асаблівая папулярнасць належала сюжэтна-тэматычнай карціне, у аснову якой былі пакладзены традыцыі рус. рэалістычнага мастацтва 19 ст. Разам з тым творы вылучаліся больш складанай кампазіцыйнай пабудовай, выразнай дынамікай рытмаў, шматпланавым сюжэтным дзеяннем, разгорнутай апавядальнасцю. Сярод найб. значных тэм — героіка-рэвалюцыйная, вытв., калгасная, ваенная, спарт., святочна-трыумфальная, а таксама пейзаж, нацюрморт і партрэт. Гіст. тэма займала важнае месца ў творчасці С.​Андруховіча, І.​Ахрэмчыка, Г.​Бржазоўскага, Г.​Віеру, В.​Волкава, П.​Гаўрыленкі, М.​Гусева, І.​Давідовіча, В.​Дзежыца, Я.​Зайцава, Г.​Змудзінскага, К.​Касмачова, А.​Кроля, Я.​Кругера, М.​Манасзона, Л.​Рана, В.​Руцая, Ф.​Фогта, У.​Хрусталёва, Я.​Ціхановіча, М.​Эндэ.

У 1930-я г. тэматычныя карціны, скіраваныя на адлюстраванне вытв. працэсаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, займалі дамінуючае месца ў творчасці І.​Ахрэмчыка, Г.​Віера, В.​Волкава, П.​Гаўрыленкі, М.​Даўгялы, А.​Заборава, Дз.​Камарова, А.​Каржанеўскага, Я.​Красоўскага, Я.​Кругера, С.​Лі, А.​Шаўчэнкі, М.​Філіповіча. Паэтычныя і рамантычныя сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя жыццю і побыту людзей, пераважалі ў творах А.​Волкава, Я.​Красоўскага, Л.​Лейтмана, У.​Хрусталёва, Я.​Ціхановіча. Сярод твораў манум. жывапісу кампазіцыі І.​Ахрэмчыка, В.​Волкава. Цэнтр. вобразы ў партрэтах — рабочы, селянін і салдат, ударнікі працы, калгаснікі, лётчыкі, камандзіры, камсамольцы, піянеры (творы А.​Волкава, Дз.​Камарова, Н.​Тарасікава, Я.​Ціхановіча). Вобразы сав. правадыроў, зведзеныя да некалькіх кампазіцыйных схем, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі (творы В.​Волкава, М.​Гусева, І.​Давідовіча, Я.​Ціхановіча). Псіхалагізм вобразаў, дасканала адлюстраваная індывідуальнасць уласцівы партрэтам І.​Ахрэмчыка, В.​Волкава, М.​Гусева, Я.​Кругера, У.​Кудрэвіча, Д.​Полазава, М.​Станюты, М.​Тарасікава, Р.​Семашкевіча, М.​Філіповіча, групавым партрэтам У.​Руцая. Сярод нешматлікай колькасці камерных партрэтаў творы П.​Явіча, жанравыя — Ю.​Пэна. У пейзажы важным вобразным элементам стала адлюстраванне працы сав. чалавека, бурных працэсаў сацыяліст. будаўніцтва: У.​Кудрэвіч, М.​Дучыц, А.​Шаўчэнка, Б.​Звінагродскі, С.​Лі, Г.​Ізергіна. Паступова больш урачыста пафасны характар набыла сав. быт. карціна: А.​Волкаў, І.​Давідовіч, Я.​Красоўскі, У.​Хрусталёў. Пашырылася таксама тэма спорту.

У творчасці шэрагу мастакоў Зах. Беларусі (М.​Сеўрук, П.​Сергіевіч) у 1930-я г. цэнтральнае месца занялі рамантычнага характару жанравыя кампазіцыі, партрэты і пейзажы, у якіх адлюстраваны падкрэслена нац. вобразы, паэтычныя эпізоды сялянскага жыцця і побыту, эмацыянальна выразныя вобразы роднай прыроды.

Росту майстэрства мастакоў-графікаў садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме графічнага аддзялення (1930). У розных тэхніках працавалі Ф.​Фогт (літаграфія), Л.​Лейтман (акварэль), М.​Тарасікаў і А.​Бразер (малюнак тушшу), Б.​Малкін (афорт). Тэматыка іх твораў самая разнастайная: сатыр. малюнкі, водгук на паліт. падзеі, ілюстрацыі да літ. твораў, плакаты. У афармленні кніг, сярод якіх вырасла колькасць твораў рус. класікаў, прымалі удзел Б.​Басаў, А.​Волкаў, М.​Гусеў, М.​Карпенка, М.​Лебедзева, М.​Малевіч, Б.​Малкін, І.​Мільчын, Я.​Мінін, А.​Тычына, М.​Эндэ і інш. Вытв. тэма дамінавала ў творах А.​Астаповіча, А.​Волкава, І.​Гембіцкага, Л.​Лейтмана, Б.​Малкіна, Л.​Рана, М.​Тарасікава, А.​Тычыны, В.​Ціхановіча і інш. У галіне манум. скульптуры створаны помнікі У.​І.​Леніну ў Полацку (1936) і ў Слуцку (1938) А.​Бембелем, у Барысаве (1935) А.​Грубэ, помнік Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў Дзяржынску (1933) — А.​Грубэ. У станковай скульптуры працавалі таксама А.​Арлоў, А.​Жораў, А.​Глебаў, А.​Грубэ і інш., у галіне скульптурнага партрэта — М.​Керзін, А.​Бразер, З.​Азгур. Скульптары спрабавалі выйсці за межы аднафігурнай кампазіцыі (творы Л.​Карпенкі, А.​Арлова, А.​Глебава, С.​Селіханава). Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва 1-й пал. 1930-х г. характарызавалася эксперыментамі, пэўным адыходам ад рэалізму (М.​Аксельрод, С.​Тоўбін), захапленнем кубафутурызмам, экспрэсіянізмам, канструктывізмам. Але гэтыя пошукі ў хуткім часе закончыліся вяртаннем на рэаліст. пазіцыі. Гэтаму садзейнічаў і рэпертуар бел. тэатраў, які папоўніўся новымі сучаснымі творамі. Сярод дэкарацыйных вырашэнняў вылучалася сцэнаграфія Я.​Нікалаева, Дз.​Уласюка, І.​Ушакова. У сярэдзіне 1930-х г. прыйшло новае пакаленне мастакоў-дэкаратараў: М.​Блішч, У.​Кульваноўскі, П.​Масленікаў, І.​Пешкур, І.​Санін. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. выкарыстоўваліся пераважна рэаліст. сродкі выразнасці, традыцыі рус. сцэнаграфіі (дэкарацыі А.​Басулаева, А.​Марыкса, Я.​Нікалаева, З.​Сірвінта, І.​Ушакова, К.​Ціханава і інш.).

А.​Бембель. Гарэльеф у Доме ўрада ў Мінску. 1936.
М.​Філіповіч. Казачны сюжэт. 1920-я г.
Я.​Драздовіч. Сустрэча вясны на Сатурне. 1932.

т. 18, кн. 2, с. 655

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.

Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва «Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-ва бел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.

Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел. пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.

У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.​Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.​Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел. цэнтр. к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л. Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.​Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.​Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТЫКА [ад грэч. dialektikē (technē) майстэрства весці гутарку, спрэчку],

вучэнне аб найб. агульных законах развіцця космасу і прыроды, грамадства, чалавека і мыслення. Асн. прынцыпы Д. — усебаковая, усеагульная сувязь рэчаў і з’яў, станаўленне і развіццё. У склад Д. як вучэння ўваходзяць філас. тэорыя, метад і метадалогія філас. пазнання. Першыя спробы дыялект. асэнсавання прыроднай і грамадскай рэчаіснасці, быцця чалавека ў свеце зроблены ў глыбокай старажытнасці і знайшлі сваё ўвасабленне ў духоўнай культуры і светапоглядзе ўсх. цывілізацый: егіпецкай, шумерскай, індыйскай, кітайскай і інш. Унікальны ўклад у развіццё дыялект. мыслення зрабіла ант. грэч. цывілізацыя, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для росквіту духоўнай творчай дзейнасці чалавека, асабліва ў галіне філасофіі, эстэтыкі, навукі. Паняцце Д. ўпершыню выкарыстаў Сакрат, разумеючы пад ім майстэрства весці мэтанакіраваны дыялог, калі супрацьпастаўленне і барацьба розных думак спрыяюць знаходжанню ісціны. Сакратаўскае разуменне Д. развіў Платон у шэрагу сваіх прац, напісаных у форме дыялогу. Ён даў дыялект. інтэрпрэтацыю філас. катэгорый руху, спакою, адрознення, тоеснасці, быцця, падкрэсліваючы іх супярэчлівы змест. Характэрнай рысай дыялект. мыслення стараж.-грэч. філосафаў было ўспрыманне свету ў якасці адзінага непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане стыхійнага руху і змянення. У межах стыхійна-наіўнага ўяўлення аб непадзельнай рэчаіснасці ў Грэцыі існавалі і развіваліся формы суб’ектыўнай і аб’ектыўнай Д. Геракліт лічыў, што ўсё існуе і ў той жа час не існуе, таму што ўсё цячэ і змяняецца, узнікае і знікае, а свет з’яўляецца месцам няспыннай барацьбы процілеглых з’яў. У гэтай барацьбе процілегласцей ён бачыў галоўную прычыну развіцця. Стыхійна дыялект. ідэі знайшлі адлюстраванне ў вучэнні Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура і інш. аб атамах і атамнай будове рэчаў. Істотнае даследаванне розных форм дыялект. мыслення правёў Арыстоцель. У часы панавання монатэістычных рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, Д. фактычна атаясамлівалася з асобасным абсалютам — тварцом космасу і прыроды і адначасова з першапрычынай іх няспыннага руху і змянення. У філасофіі новага часу дыялект. ідэі выкарыстоўваліся супраць панавання метафіз. поглядаў. Р.Дэкарт спрыяў пранікненню дыялект. спосабу мыслення ў матэматыку, абгрунтоўваў ідэю аб неаднароднасці прасторы і пачатак развіцця адносна да касмалогіі. Д.Дзідро лічыў рух унутр. уласцівасцю матэрыі і адстойваў эвалюц. погляды на жывую прыроду. Г.Лейбніц падышоў да дыялект. погляду на адзінства прасторы і часу. Навукова плённыя дыялект. думкі аб захаванні матэрыі і руху, эвалюц. паходжанні і развіцці зямлі выказаў М.В.Ламаносаў. У якасці універсальнай тэорыі і метаду пазнання свету шляхам знаходжання, аналізу і раскрыцця ўласцівых яму супярэчнасцей Д. распрацоўвалася ў ням. класічнай філасофіі 18—19 ст. І.Кант вучыў, што працэс пазнання рэчаіснасці чалавекам абапіраецца на практычны вопыт, таму абстрактныя катэгорыі «бог», «душа», «свабода» і інш. не могуць прэтэндаваць на абсалютныя веды, а чалавечы розум у сваім імкненні авалодаць абсалютным няўхільна трапляе ў палон невырашальных супярэчнасцей. Выключнае месца ў станаўленні навук. канцэпцыі Д. займае філас. вучэнне Г.​Гегеля, які абагульніў гіст. вопыт навук. дыялект. мыслення аб космасе, прыродзе і чалавеку, а ўвесь матэрыяльны і нематэрыяльны свет прадставіў у якасці працэсу бесперапынных змен і развіцця Адначасова ён зрабіў спробу сфармуляваць унутр. законы Д. Змены, пераход рэчаў і з’яў з аднаго якаснага стану ў другі Гегель тлумачыў узаемадзеяннем супярэчнасцей і іх канчатковым вырашэннем, г.зн., што працэс развіцця адбываўся дзякуючы ўласным унутр. імпульсам, а развіццё з’яўлялася самаразвіццём. Такую ўласцівасць ён лічыў істотнай рысай абсалютнай ідэі, абсалютнага духу, што было абумоўлена сутнасцю ўсёй гегелеўскай філасофіі, паводле якой свядомасць з’яўляецца тварцом рэчаіснасці. Дыялект. ідэі, погляды і канцэпцыі прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі далі штуршок развіццю матэрыяліст. Д., якую распрацоўвалі К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін. Яе асн. катэгорыі і законы: прастора, час, рух, матэрыя, адзінства і барацьба процілегласцей, адмаўленне адмаўлення, пераход колькасных змен у якасныя і інш. Матэрыяліст. Д. прыроды абгрунтоўвае і даказвае свае палажэнні, спасылаючыся на гіст. вопыт развіцця прыродазнаўчых навук, а Д. сац. жыцця звяртаецца да вывучэння асаблівых рыс чалавечага грамадства, суадносін суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў гісторыі, сац. прагрэсу, узаемаадносін грамадства і прыроды, грамадства і асобы і інш. Яна ўключае таксама тэарэт. праблемы пазнання, якое заснавана на прынцыпе адлюстравання і дыялектычную логіку.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987;

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,

функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял. л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.

Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.

Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, В.​Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.​Сапега, А.​Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.​Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Каратынскі, У.​Сыракомля, А.​Плуг), польск. (А.​Міцкевіч, Э.​Ажэшка), бел. (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.​Гарун, М.​Гарэцкі, Ф.​Аляхновіч, З.​Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.​Чарот, У.​Дубоўка, У.​Хадыка, К.​Чорны, П.​Трус, К.​Крапіва, Я.​Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.​Васілёк, В.​Таўлай, П.​Пестрак, А.​Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.​Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Беларусь.

Літ.:

Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;

Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць Мн., 1975;

Гл. таксама да арт. Літаратура, Літаратуразнаўства.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)