БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ, смаўжы,

гастраподы (Gastropoda),

клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.

Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.

Бруханогія малюскі. Задняшчэлепныя: 1 — трытонія Хомберга; пярэдняшчэлепныя: 2 — тыгровая цыпрэя, 3 — мармуровая турба, 4 — гіганцкі стромбус; лёгачныя: 5 — блакітны смоўж.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лабія́льны

(лац. labialis = губны)

1) лінгв. утвораны з удзелам губ, губны гук (напр. «б», «п»);

2) які нагадвае сабой губы (напр. л-ыя органы пачуццяў у насякомых).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

друк

(польск. druk, ад ням. Druck)

1) друкаванне кніг; выдавецкая справа (напр. органы друку);

2) знешні выгляд друкаванага тэксту (напр. уборысты сукупнасць друкаваных твораў (напр. перыядычны д.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

меліяідо́з

(ад гр. melis = меліда, хвароба аслоў + eidos = выгляд)

рэдкае інфекцыйнае захворванне жывёл і чалавека, якое паражае скуру і ўнутраныя органы; найбольш пашырана ў Паўд,Усх. Азіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эйдэты́зм

(ад гр. eidos = выгляд)

разнавіднасць вобразнай памяці, якая праяўляецца ў здольнасці захоўваць яркія вобразы прадметаў на працягу доўгага часу пасля спынення іх уздзеяння на органы пачуццяў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЎНЯ́НКІ (Lymantriidae, Orgyidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. У сусв. фауне каля 4 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце, найб. шматлікія ў вільготных трапічных лясах Азіі і Афрыкі. На Беларусі 12 відаў, сярод іх манашка, ваўнянка вярбовая (Leucoma salicis), залатагузка (Euproctis chrysorrhoea), няпарны шаўкапрад (Lymantria dispar) — шкоднікі пладовых і лясных дрэў.

Начныя матылі. Крылы ў размаху 25—70 мм. Цела патоўшчанае, густа апушанае. Ротавыя органы рудыментарныя (матылі не кормяцца). Кукалкі развіваюцца ў коканах. Вусені з пучкамі валаскоў на членіках, мнагаедныя, кормяцца лісцем пераважна дрэвавых раслін. Зімуюць у розных стадыях, часцей вусені.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСКІ́ ў раслін,

адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАГАНІ́СТЫ,

1) у анатоміі і фізіялогііорганы з процілеглымі функцыямі і дзеяннем. Прыклады антаганістаў: мышцы і іх групы, што дзейнічаюць адначасова (або па чарзе) у двух процілеглых напрамках (напр., згінальнікі і разгінальнікі канечнасцяў — біцэпс і трыцэпс рукі чалавека), пара нерваў, якія пры ўзбуджэнні аказваюць процілеглы ўплыў на орган, што інервуецца. Антаганісты наз. таксама зубы верхняй і ніжняй сківіц, якія процістаяць адзін аднаму пры змыканні.

2) У мікрабіялогіі — мікраарганізмы, якія прыгнечваюць рост, развіццё і інш. праяўленні жыццядзейнасці інш. мікробаў і арганізмаў (гл. ў арт. Антаганізм).

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (Organization of American States; ААД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Паўн., Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Створана ў 1948 на 9-й Міжамер. канферэнцыі ў Багаце (Калумбія). Уваходзяць 35 дзяржаў (акрамя Кубы; 1991). Асн. мэты — падтрымка міру ў зах. паўшар’і, забеспячэнне калект. бяспекі і мірнага вырашэння праблем; спрыянне эканам., сац. і культ. супрацоўніцтву; каардынацыя дзейнасці розных міжамер. арг-цый. У 1959 створаны Міжамер. банк развіцця. Вышэйшыя органы ААД — міжамер. канферэнцыя (збіраецца кожныя 5 гадоў), ген. асамблея міністраў замежных спраў, пастаянны савет (кожная дзяржава прадстаўлена паслом), ген. сакратарыят (знаходзіцца ў Вашынгтоне).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)