шчамі́ць, шчэміць; незак., што.
1. Раздражняць (скуру і пад.). Перав[я]сла рукі шчэміць, Сноп ісці скакаць гатоў. Цётка.
2. Выклікаць адчуванне тупога болю. Туга шчаміла сэрца.
3. Выклікаць сум, тугу, адчуванне прыгнечанасці і пад. Шмат зазнаў я горычы з нудою, Што шчаміла, мучыла, пякла... Багдановіч. Смутак жа па .. [сябрах] яшчэ такі свежы ў сэрцы Максіма, яшчэ такім пякучым болем шчэміць душу, што нібы гэта здарылася ўчора. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эфекты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які прыводзяць да патрэбных вынікаў; дзейсны. Пракурор безумоўна свядома хлусіў, бо галадоўка палітвязняў была адным з самых эфектыўных спосабаў барацьбы з адміністрацыйным самавольствам і здзекам. Машара. // Спец. Прызначаны для непасрэднага выканання карыснай работы; прадукцыйны. Эфектыўная магутнасць. Эфектыўнае значэнне пераменнага току. // Які дае найбольшы эфект (у 3 знач.); найбольш дасканалы. [Шарахоўскі:] — Гэта — самыя магутныя машыны ў Еўропе, самыя эфектыўныя ва ўсім свеце. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзе́нне, ‑я, н.
1. Вырабы з тканіны, футра і пад., якія надзяюць на сябе. Цёплае адзенне. Цывільнае адзенне. □ Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Лынькоў. [Настаўнік] выдзяляўся сярод вязняў не толькі сваім гарадскім адзеннем, але паважнасцю і стройнасцю чалавека інтэлігентнага. Машара. / у перан. ужыв. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы. Колас.
2. Спец. Пакрыццё праезджай часткі дарогі, вуліцы, абліцоўка будынкаў і інш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ізаля́тар, ‑а, м.
1. Рэчыва, якое не праводзіць электрычнага току, цеплыні або не прапускае гукаў.
2. Дэталь для замацавання і ізаляцыі праваднікоў. Фарфоравы ізалятар.
3. Асобнае, спецыяльна прыстасаванае памяшканне (у бальніцах, санаторыях і пад.) для хворых з нераспазнанымі або заразнымі хваробамі. Перавесці ў ізалятар. Пакласці ў ізалятар.
4. Камера для аднаго чалавека ў турме. Перадалі, каб і тыя, што сядзяць у ізалятарах, выходзячы на прагулку, таксама мелі чырвоныя банцікі. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запо́р 1, ‑а, м.
Прыстасаванне, якое служыць для запірання дзвярэй, варот і пад. Жалезны запор. Аўтаматычны запар. □ Неўзабаве заляскаталі запоры дзвярэй і ў пустаце форткі паказаўся злы твар. Машара. Мінаў.. [Амелька] толькі двары з моцнымі дубовымі варотамі, з цяжкімі жалезнымі запорамі. Краўчанка. Аднойчы, седзячы на ганку, Паўлік заўважыў, што дзверы ў хляўчук адчынены. Дагэтуль яны заўсёды былі на запоры. Беразняк.
запо́р 2, ‑у, м.
Працяглая затрымка стулу або сістэматычнае няпоўнае апаражненне кішэчніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́рак, ‑у, м.
1. Разм. Змрок, цемра. Цямнелася. Моракі клаліся на пыльны брук, на гароды, хавалі далёкія гумны. Пташнікаў. Напружыўшы зрок, Максім разабраў у мораку ледзь прыкметы чалавечы прывід. Машара. // перан. Цемрашальства, дурман. Рэлігійны морак. // перан. Пра што‑н. невядомае, загадкавае. Дзьме холадам ад старажытнага муру, Жыццё тут знямела, захутана ў морак... Тарас.
2. Абл. Мор; пошасць. Пастукалася ў сенцы Палажка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́вык, ‑у, м.
Уменне, якое склалася ў выніку вопыту, практыкаванняў. Працоўны навык. □ Аказалася на практыцы, што, акрамя сілы, рабочаму чалавеку трэба мець і адпаведную адукацыю, навык у рабоце... Ваданосаў. Па ўсім відаць было, што ў.. [следчага] яшчэ невялікі навык корпацца ў чужых рэчах. Машара. // толькі мн. (на́выкі, ‑аў). Практычныя веды ў якой‑н. галіне. Грамадзянская абарона — гэта цэлы комплекс спецыяльных ведаў, навыкаў, спосабаў, валоданне якімі можа памагчы пазбегнуць вялікіх чалавечых ахвяр. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самалю́бства, ‑а, н.
Пачуццё ўласнай годнасці, якое звычайна спалучаецца з раўнівымі адносінамі да думкі пра сябе іншых людзей. Мужчынскае самалюбства. □ А цяпер.. [Платон], бадай, з аднаго самалюбства, хацеў давесці, што і ў яго галава не так сабе на плячах. Ракітны. З-за самалюбства, баючыся, каб не стаць смешным, Кузьма таіў сваю рэўнасць, нічым не выказаў яе нават Веры. Дуброўскі. // Нястрымная прага да славы. Хворае самалюбства нараджала хворыя думкі... Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
п’я́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм.
1. Гулянка, дзе многа п’юць спіртных напіткаў. [Хлопцы] думалі, што казакі перад адыходам у Ванькоўшчыне п’янку спраўляюць, аж было мірна і ціха. Лобан. — Выпі, дачка, тут не п’янка, а сяброўская вячэра. За нашу перамогу грэх не выпіць каліва... Машара.
2. Тое, што і п’янства. Аналізуючы прычыны прагулаў і парушэнняў дысцыпліны працы, прыходзіш да высновы, што пераважная большасць іх звязана з п’янкай. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Прымусіць хвалявацца, зрабіць бурным (пра возера, раку і пад.). Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не зможа. Маўр.
2. Прымусіць моцна хвалявацца, непакоіцца; расстроіць. Відаць, успаміны расхвалявалі .. [Рынальда], і некаторы час ён маўчаў. Краўчанка. Максім, намагаючыся здавацца спакойным, каб не паказаць, што гэтыя «паказанні» расхвалявалі яго, нетаропка паклаў паперы на стол следчага. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)