ці́кавы ​1, ‑ая, ‑ае.

Спец. Зроблены, пашыты з ціку ​2. Цікавая навалачка. Цікавы чахол.

ці́кавы ​2, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які мае адносіны да ціка ​3, з’яўляецца цікам ​3. Цікавае дрэва.

2. Зроблены з драўніны ціку. Цікавая мачта.

ціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае цікавасць, захапляе. Цікавая кніга. Цікавы даклад. □ Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько. // Які вызначаецца сваёй работай, багатымі ведамі і іншымі прыкметнымі рысамі. Паездкі на Бярозаўскую ДРЭС запомніліся і ўсхвалявалі мяне перш за ўсё сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Дадзіёмаў. — Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі. Шамякін.

2. Забаўны; незвычайны. Я сягоння вам хачу Расказаць пра сад дзіцячы, Што там добрага пачуў, Што цікавага пабачыў. А. Александровіч. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

3. Знамянальны, характэрны; прыкметны якімі‑н. якасцямі, уласцівасцямі. Ёсць пушчы, якія не менш цікавыя, [чым] далёкія трапічныя лясы. Маўр.

4. Разм. Прыгожы. [Пані Вашамірская] аглядае сябе, — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая, нібы ёй дваццаць гадоў. Бядуля.

5. Тое, што і цікаўны (у 1 знач.). [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДУБО́ЎКА Уладзімір Мікалаевіч (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.​Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Т.​Шаўчэнкі, А.​Блока, В.​Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял. Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.​Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.​Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.​В.​Гётэ, У.​Сыракомлі, Ю.​Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.​Пушкіна, Брусава, С.​Ясеніна, А.​Пракоф’ева, П.​Тычыны, У.​Сасюры, М.​Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;

[Вершы]. Мн., 1970;

Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.

Літ.:

Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;

Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;

Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968. С. 47—62.

Дз.​Я.​Бугаёў.

У.М.Дубоўка.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЮ́РА (франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.​Дзюрэр, Ж.​Кало, Рэмбрант, Дж.​Піранезі, Ф.​Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.​Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.​Зубаў, М.​Махаеў, С.​Галакціёнаў, А.​Ухтомскі, В.​Матэ, Г.​Астравумава-Лебедзева, А.​Краўчанка, У.​Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.​Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.​Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.​Ангілейка, В.​Вашчанка, П.​Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.​Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.​Азямблоўскага, Н.​Орды, Я.​Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Мінін, А.​Тычына, С.​Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.​Гембіцкі, М.​Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.​Малкін, Х.​Тыбер, лінагравюры — Я.​Горыд, літаграфіі — А.​Малярэвіч, Ф.​Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.​Асецкі, І.​Вішнеўскі, А.​Кашкурэвіч, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч; літаграфіі — А.​Дзямарын, Г. і Н.​Паплаўскія, В.​Шаранговіч; лінагравюры — С.​Герус, А.​Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.​Зайцаў; розных тэхніках — У.​Савіч, М.​Купава, А.​Лапіцкая, М.​Селяшчук, В.​Славук, Л.​Марчанка, Ю.​Герасіменка, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Гравюра. А.​Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.​В.​Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.
Да арт. Гравюра. К.​Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.
Да арт. Гравюра. В.​Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.
Да арт. Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БЕЛАРУ́СІ.

Створаны ў 1938 у Гомелі. Адкрыўся 15.7.1938 спектаклем «Па шчупаковай волі» Л.​Тарахоўскай, які шмат у чым паўтараў пастаноўку С.Абразцова, на рэпертуар і пастановачныя прынцыпы якога т-р пераважна арыентаваўся на першым часе. З 1940 маст. кіраўнік М.​Бабушкін, гал. мастак Б.​Звінагродскі. Ставіліся пераважна казкі: «Чароўныя падарункі» («Дзед і Жораў») В.​Вольскага, «Кот у ботах» Г.​Уладычынай, «Вялікі Іван» Абразцова і С.​Праабражэнскага, «Падарожжа ў дзіўныя краіны» У.​Палякова і інш. У Айч. вайну асн. трупа т-ра знаходзілася ў Душанбе. Дзейнічала таксама агітбрыгада на чале са Звінагродскім, у праграме — сатыр. сцэнкі і інтэрмедыі. 1.5.1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у Гомелі спектаклем «Вялікі Іван». У першыя пасляваен. гады пераважна аднаўляўся ранейшы рэпертуар. З лепшых новых пастановак: «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова, «Хрустальны чаравічак» Т.​Габэ, «Дзед Мароз» А.​Шурынавай і «Чароўны галёш» Г.​Мацвеева. У 1949 дзейнасць т-ра была спынена. У 1950 т-р створаны нанава і працуе ў Мінску. Некат. спектаклі 1950-х г. характарызаваліся празмерна дэталізаваным вырашэннем лялькі, імітацыяй ёй чалавека. Пошукі новых выяўл. сродкаў, станаўленне прафес. сцэнаграфічнай культуры т-ра звязаны з дзейнасцю рэж. Анатоля Ляляўскага і мастака Л.​Быкава. Пераканаўчае рэжысёрскае прачытанне, цікавае сцэнаграфічнае вырашэнне атрымалі творы бел. драматургіі: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Граф Глінскі-Папялінскі» А.​Вольскага, «Каваль Вярнідуб» паводле А.​Якімовіча, «Марынка-крапіўніца» А.​Вольскага і П.​Макаля, «Сярэбраная табакерка» паводле З.​Бядулі, «Лілавічкі» паводле У.​Галубка, «Дзякуй, вялікі дзякуй» і «Скажы сваё імя, салдат» А.​Вярцінскага, «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч, «Янка-цымбаліст і алавянае царства» Э.​Брука і Б.​Дуцэнкі. У канцы 1960—1-й пал. 1970-х г. адраджаецца традыцыя пастановак для дарослых, распачатая ў 1950-я г. спектаклямі «Краса ненаглядная» Я.​Спяранскага і «Кароль-Алень» паводле К.​Гоцы Сярод іх: «Чортаў млын» і «Боская камедыя» І.​Штока, «Цудоўная Галатэя» С.​Дарваша і Б.​Гадар, «Клоп» У.​Маякоўскага, «Да трэціх пеўняў» В.​Шукшына, «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака. Творчасць т-ра 2-й пал. 1970—80-х г. адметная зваротам да новых выяўл. сродкаў, у спектаклях разам з лялькамі выступаюць акцёры ў жывым плане. Імкненне да сінтэзу разнастайных сцэн. сродкаў выявілася ў спектаклях «Крэсіва» Спяранскага, «Сланяня» Уладычынай, «Арэшак» Р.​Аляксандравай, «Зорны хлопчык» паводле О.​Уайльда, «Ляўша» паводле М.​Ляскова, «Салавей» паводле Х.​К.​Андэрсена і інш. Творчае аблічча т-ра 1990-х г. вызначаюць спектаклі, пастаўленыя рэж. Аляксеем Ляляўскім: «Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава, «Бура» У.​Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа, «Папялушка, ці Перамога Дабрачыннасці» Ж.​Маснэ, «Цар Ірад» у апрацоўцы Г.​Барышава і інш.

У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі У.​Уласаў, У.​Грамовіч, А.​Казакоў, мастак па ляльках засл. работнік культ. А.​Нікалайчык. У 1976—96 гал. мастак А.​Фаміна.

М.​А.​Каладзінскі.

Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Званы твайго лёсу» А.​Вольскага і П.​Макаля.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа.
Да арт. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч.

т. 6, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),

стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.

І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.​Вяземскі, В.​Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А.​Міцкевіч, М.​Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.​Дубейка, А.​Каранчук, З.​Хвораст, дудачнікі В.​Швед, М.​Глушань, гарманіст А.​Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.​Ф.​Гендэля, І.​С.​Баха, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, І.​Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.​Гузікаў, М.​Ельскі, А.​Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.​Жак-Далькроза, К.​Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар. тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж. т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.​Гоцы). У пач. 20 ст. К.​Станіслаўскі, Я.​Вахтангаў, У.​Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел. нар. т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш. Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Міцкевіч, акцёры Дз.​Арлоў, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў і інш.

Літ.:

Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;

Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;

Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАБЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова бел. народнасці ў 14—18 ст. Існавала ў вуснай нар.-дыялектнай і кніжнай літ.-пісьмовай формах.

Нар.-дыялектная С.м. ўзнікла на базе тэр. дыялектаў усх.-слав. зямель, якія ў 13—14 ст. увайшлі ў ВКЛ. Яна вызначаецца фанетычнымі рысамі: зацвярдзеннем «ч» і «р» («прычыны»), дзеканнем і цеканнем, зацвярдзеннем губных зычных на канцы слова («семъ», «голубъ»), фрыкатыўным «г», пераходам «в» і «л» у «ў» (у пэўных пазіцыях), падоўжаннем зычных у інтэрвакальным становішчы (вынік асіміляцыі «j»), супадзеннем у вымаўленні гукаў «e» і «ё», развіццём спалучэння «ры», «лы» на месцы спалучэнняў плаўных з рэдукаванымі («крываво», «блышчачися»), развіццём напружаных рэдукаваных y «і» і «ы» («злыи», «биитеся»), развіццём акання і якання. Граматыцы С.м. ўласціва захаванне ў словазмяняльнай парадыгме чаргаванняў заднеязычных і свісцячых, ужыванне форм старога вінавальнага склону мн.л. ў назвах жывёл, захаванне клічнай формы назоўнікаў мужчынскага і жан. роду, выцясненне кароткіх форм вышэйшай ступені прыметнікаў поўнымі, утварэнне складанай формы будучага часу з дзеясловамі-звязкамі «буду» і «маю», захаванне формы плюсквамперфекта, замацаванне дзеепрыслоўяў на «-учы(-ючы)» і «-ачы(-ячы)», пашырэнне безасабова-пасіўнай канструкцыі з дзеепрыметнікам залежнага стану прошлага часу («мужа забіто»), У слоўнікавым складзе С.м. захаваліся некат. словы, якія выйшлі з ужытку на б.ч. ўсх.-слав. моўнай тэр. («багна», «вежа», «збожжа», «лазня» і інш.). Уласнабел. словы ўтвараліся пры дапамозе афіксаў ад агульнаслав. каранёў («пачатак», «слухач»). Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з польскай, ням. і літ. моў («дах», «дойлід», «моц», «праца», «скарб», «фарба», «свіран» і інш.).

Нар.-дыялектная С.м. служыла сродкам штодзённых зносін бел. насельніцтва. На ёй ствараліся фалькл. творы — песні, казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі. Літ.-пісьмовая С.м. развівалася ў 14—15 ст. са старажытнарускай мовы праз насычэнне яе бел. рысамі. Яна з’яўлялася афіц. мовай ВКЛ. На працягу 15—17 ст. на С.м. створаны шматлікія і разнастайныя ў жанравых адносінах помнікі л-ры На ёй пісаліся дакументы велікакняжацкіх канцылярый 15—16 ст.: Метрыка ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, судзебнікі, дагаворы, граматы, прывілеі, інвентарныя вопісы (іх мова ў найб. ступені адпавядала тыпу жывой нар. мовы), актавыя матэрыялы судоў, гар. упраў і магістратаў, дыпламат. і прыватная перапіска. На С.м. ствараліся творы свецкай л-ры: летапісы (Віленскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны), хронікі і хранографы (Хроніка літоўская і жамойцкая, Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, пераклады хронік М.​Бельскага і М.​Стрыйкоўскага), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Троя», «Александрыя»). Літ. С.м. шырока ўжывалася для стварэння рэліг.-палемічнай л-ры: «Катэхізіс» С.​Буднага, «Апісанне і абарона сабора рускага берасцейскага», «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, агіяграфічныя зборнікі 17 ст., на яе перакладзена «Евангелле» В.​Цяпінскага. На аснове С.м. ўзнікла бел. кнігадрукаванне, у т. л. выданні Ф.​Скарыны. Кнігі (пераважна павучальнай і прапаведніцкай л-ры) выдаваліся ў друкарнях Вільні, Еўя, Куцейна, Нясвіжа ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. З узмацненнем сувязей ВКЛ з Польшчай (асабліва з сярэдзіны 17 ст.) С.м. як афіц. мова пачала выцясняцца з ужытку польскай мовай. У 18 ст. С.м. існавала толькі ў дыялектна-нар. разнавіднасці. На яе аснове ў 19 ст. адбылося станаўленне нац. беларускай мовы.

Літ.:

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972.

А.​І.​Яновіч.

т. 15, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тара́н 1 тара́нка ’разнавіднасць плоткі, якую спажываюць у салёным і вяленым выглядзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг.), тара́н ’вобла’ (Яруш.), ’сушаная або вэнджаная рыба; худы, знясілены чалавек’ (парыц., Янк. Мат.), ’сушаная рыба’ (Касп., Сержп. Казкі), ’плотка’ (чэрв., слаўг., Жыв. св.), ’худы чалавек’ (Жд. 2, Мат. Гом.), тара́нка, тара́нь ’сушаная рыба’ (ТС), тара́нка, тара́нька ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. тара́ня ’рыба Rutilus rutilus’, рус. тара́нь ’тс’, польск. tarań ’тс’, чэш. дыял., славац. дыял. taran ’рыбец’, балг. тара́н ’таранка’. З цюркскіх моў, параўн. казах. тыран ’лешч’. Значэнне ’худы чалавек’ пераноснае (Фасмер, 4, 22; ЕСУМ, 5, 519). Няяснымі застаюцца адносіны да чэш., в.-луж. taran ’карп’ (< ням. Tharant, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 18; параўн. Брукнер, 565).

Тара́н 2 ’старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены, мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам’, ’прамы ўдар носам карабля, вінтом самалёта па варожай машыне ў час бою’ (ТСБМ), ’муралом’ (Некр. і Байк.), ’тоўсты абрубак дрэва для збівання алею ў алейніцы’ (Дэмб. 2), ’бервяно’ (Растарг.), ст.-бел. таран ’таран’: били на мур тараны. Укр., рус. тара́н, стараж.-рус. таранъ (XIII ст.) ’прыстасаванне для разбівання сцен у выглядзе бервяна з завостраным металічным канцом’, польск. taran ’тс’, чэш. taran ’баба для забівання паляў’. Дапускаецца запазычанне праз польскую мову з с.-в.-ням. tarant ’абложны механізм; скарпіён; дракон’ < італ. taranto < tarantola ’тарантул’ (Фасмер, 4, 21; ЕСУМ, 5, 518; Махэк₂, 636; Віткоўскі, Słownik, 184). Менш верагодна кантамінацыя ст.-рус. баранъ ’сценабітная прылада’ і тълкнути, тыкати, търгати (Чарных, 2, 229) або сувязь з польск. tarać się ’качацца’ (Брукнер, 565), гл. церціся, параўн. чэш. beran ’таран’ і ’баран’, серб.-харв. о́ван (< прасл. *ovьnъ) ’таран’ і ’баран’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГІЛЕ́ВІЧ Ніл Сымонавіч (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд. філал. н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.​Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, І.​Лучанок, М.​Пятрэнка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;

Лісце трыпутніку. Мн., 1968;

Запаветнае. Мн., 1975;

Любоў прасветлая. Мн., 1996.

Літ.:

Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;

Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;

Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;

Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;

Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;

Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;

Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.

У.​М.​Конан, М.​У.​Мікуліч.

Н.С.Гілевіч.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.

Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.​Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.​Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.​Аляксандраў, кампазітар І.​Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.​Хрэннікаў; рэж. усіх І.​Пыр’еў), а таксама фільмы І.​Саўчанкі, А.​Іваноўскага, Р.​Рашаля, Э.​Разанава і інш.

У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.​Вернер, У.​Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.​Гаўронскі і У.​Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.​Дунаеўскі, апошняга разам з І.​Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.​Сплашноў, кампазітар Б.​Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.​Чацверыкоў, кампазітар Я.​Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.​Купалы, 1981), рэж. Б.​Луцэнка, кампазітар С.​Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.​Яфрэмаў, кампазітар А.​Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.​Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.​Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.​Куляшова, 1968, рэж. В.​Карпілаў, кампазітар Г.​Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.​Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.​Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.​Пукста (1983, рэж. А.​Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.​Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.​Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.​Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.​Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.​Арлоў, муз. Глебава, В.​Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.​Шавялевіч, муз. А.​Спендыярава, балетмайстар В.​Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.

Корш-Саблін, М.​Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.​Цікоцкага, 1968, рэж. П.​Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.​Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.​Перліна, 1995; рэж. абодвух М.​Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.​Багатырова, 1998, рэж. С.​Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.​Праваторава, 1998, рэж. М.​Князеў) і інш. Асаблівае месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.​Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.​Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.​Лысятаў, С.​Гайдук, аператар М.​Сідорчанка) і інш.

Літ.:

Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;

Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;

Шилова И.М. Музыкальный фильм. М., 1984.

А.​А.​Карпілава.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТАСТЫ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА, фантастыка,

сукупнасць літ. твораў, дзе на аснове рэальных уяўленняў ствараецца лагічна несумяшчальная з імі карціна свету. У Ф.л. складваецца адметны тып вобразнасці, які вызначаецца высокай ступенню ўмоўнасці, арган. зліццём якасна разнародных і ў рэальнасці неспалучальных элементаў.

Фантаст. вобразы ўзніклі на ўзроўні першабытнага мыслення: у іх увасоблены абагульнена-цэласныя, нерасчлянёныя ўяўленні архаічнага чалавека пра свет. Кожная эпоха спарадзіла асобныя сістэмы (тыпы) фантаст. вобразаў. Так, міфалагічную фантастыку гістарычна змяніла казачная, дзе цудадзейныя з’явы і пераўтварэнні лічацца нормай. Уласна Ф.л. вылучылася як спецыфічны метад маст. адлюстравання жыцця па меры аддалення фалькл. форм ад практычных задач асэнсавання і асваення рэчаіснасці, рытуальна-магічнага ўздзеяння на яе. Ад міфалогіі і фальклору Ф.л. наследавала падкрэсленую канцэптуальнасць маст. светаўспрымання, сімволіка-метафарычную скіраванасць вобраза, здольнасць злучаць у наглядна-сэнсавае адзінства эмпірычна несумяшчальныя факты рэчаіснасці.

У ант. л-ры эстэтыка цудоўнага (прыкмета ўзнікнення ўласна Ф.л.) рэалізуецца ў сюжэтных матывах блуканняў, пошукаў-паломніцтваў, метамарфозаў (творы Гамера, Вергілія, Апулея і інш.). Сярэдневякоўе актуалізавала фантаст. вобразнасць праз жанры нар. сказанняў, легенд, паданняў, рэліг. містэрый. Выключнае месца займае фантаст. гратэск, гіпербалізацыя, дэфармацыя вобраза рэчаіснасці ў еўрап. рэнесансавай л-ры: Ф.​Рабле, У.​Шэкспір, М.​Сервантэс, Т.​Мор і інш. З 18 ст. развіваюцца традыцыі утапічнай л-ры, дзе свет уяўляецца мадэллю ідэальнай рэальнасці. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. ў зах.-еўрап. і амер. л-рах атрымаў пашырэнне «гатычны раман», угрунтаваны ў тэматыцы і праблематыцы «сусветнага зла» (творы Х.​Уолпала, Г.​Радкліф, Ж.​Казота).

Сапраўдным спосабам маст. пазнання фантастыка стала ў эстэтыцы і паэтыцы рамантызму (І.​В.​Гётэ, Э.Т.​А.​Гофман, А.​Шаміса, У.​Блейк, Э.​По, В.​Жукоўскі, раннія творы А.​Пушкіна і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. Ф.л. набыла новае змястоўна-фармальнае напаўненне (творы Ж.​Верна, Г.​Уэлса). У 20 ст. сфарміраваўся асобы від Ф.л. — навуковая фантастыка, вытокі якой узыходзяць да эпохі станаўлення сучаснай навукі (17—18 ст.). Для яе характэрна стварэнне фантаст. вобразаў на аснове навук. гіпотэз (К.​Чапек, С.​Лем, А. і Б. Стругацкія, О.​Хакслі, К.​Вонегут, С.​Кінг). Побач з тэрмінамі «Ф.л.», «фантастыка» часта выкарыстоўваецца паняцце фэнтазі — асаблівы від літ. казкі, якой уласцівы матывы чарадзейства, магіі, рыцарскага эпасу ў спалучэнні з прыёмамі рэалізму (А.​Блэквуд, Дж.​Толкін, Д.​Лаўкрафт).

У бел. л-ры крыніцы фантаст. сюжэтаў і вобразаў — нац. міфалогія і фальклор («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.​Баршчэўскага, «Купала» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «У зачараваным царстве» М.​Багдановіча, «Сон Анупрэя» З.​Бядулі, «Сказ пра Вяля» М.​Танка і інш.). Узор навуковай фантастыкі — «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» Я.​Маўра. У бел. гіст. прозе фантаст.-ўмоўны элемент — вынік рамантызацыі і міфалагізацыі мінулага (творы У.​Караткевіча, У.​Арлова, В.​Іпатавай, В.​Чаропкі, Э.​Ялугіна). У бел. л-ры канца 20 ст. атрымала развіццё сац. фантастыка з элементамі утопіі і антыутопіі. Павелічэнне ўмоўна-фантаст. пачатку адчуваецца ў прозе апошніх гадоў І.​Шамякіна («Paradies auf Erden», зб. аповесцей «Сатанінскі тур»). На сумяшчэнні фантастычнага і рэальнага будуюцца некат. творы Г.​Багданавай («Паляванне на Любаву, або Інтымная хроніка часоў міжвер’я»), П.​Васючэнкі («Белы мурашнік»), Б.​Пятровіча («Жыццясон»), А.​Глобуса («Дамавікамерон»), Ю.​Станкевіча («Бесапатам», «Прузі»), А.​Наварыча («Рабкова ноч»), У.​Някляева («Вежа»), Л.​Рублеўскай («Старасвецкія міфы горада Б.»), А.​Федарэнкі («Сінія кветкі», «Смуга») і інш. Сінтэз філас. прытчавасці, сімвалічнай шматзначнасці маст. адлюстравання рэчаіснасці часам актуалізуе прыёмы і сродкі Ф.л. ў творах В.​Быкава («Сцяна», «Хвастаты»), Я.​Сіпакова (зб. прыпавесцей «Тыя, што ідуць»), А.​Мінкіна («Краіна Хлудаў»), Ф.​Сіўко («Удог»). Містычна-фантаст. праявы ўласцівыя творам У.​Рубанава («Не аднойчы забіты»), А.​Бароўскага («Ахутавана»), А.​Казлова («Дзеці ночы — служкі зла»).

Літ.:

Кагарлицкий Ю.И. Что такое фантастика? М., 1974;

Каваленка В.А. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. Мн., 1981;

Штэйнер І.Ф. Народна-фантастычныя вытокі беларускай балады // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук 1982. №3;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;

Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. Мн., 2001;

Ханеня С.І. Амплітуда мастацкасці: Умоўнасць у бел. прозе канца XX ст. Гомель, 2001.

І.​Л.​Шаўлякова.

т. 16, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)