РУ ((Roux) П’ер Поль Эміль) (17.12.1853, г. Канфалан, Францыя — 3.11.1933),

французскі мікрабіёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі (1895) і Парыжскай АН (1899). Вучань Л.​Пастэра, з 1878 яго асістэнт у Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы, з 1888 у Пастэраўскім ін-це (з 1904 дырэктар). Навук. працы па інфекц. хваробах. Вывучаў узбуджальнікаў сібірскай язвы, слупняку, шаленства і іх таксіны. Разам з І.​І.​Мечнікавым паклаў пачатак эксперым. даследаванню сіфілісу (на малпах). Адкрыў дыфтэрыйны таксін (1883) і вылучыў яго (1888); ажыццявіў антырабічную прышчэпку чалавеку (1885); вынайшаў (1894) процічумную вакцыну; прапанаваў процідыфтэрыйную антытаксічную сываратку (1901; усе ў сааўт.).

А.​Ю.​Маніна.

Э.Ру.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТЫТУ́ЦЫЯ ў біялогіі,

аднаўленне арганізма і яго частак (органа, тканкі, клеткі) Пасля пашкоджання. Па меркаванні адных вучоных, рэгенерацыя і рэпарацыя (аднаўленне пашкоджанняў у малекулах дэзоксірыбануклеінавай к-ты) — разнавіднасці Р.; па меркаванні другіх, Р. — рэгенерацыя ўсяго арганізма з невял. яго часткі (напр., з перадротавага ўчастка цела немертыны можа аднавіцца цэлы чарвяк). У раслін рэстытуцыйныя ўтварэнні адрозніваюцца ад ч. арганізма, якая засталася, і ад аднятай (напр., калі аддзяляюць ч. ліста, то можа ўзнікнуць новая ліставая пласцінка або лейкападобны ліст з чаранком). Р. ў медыцыне — поўная рэгенерацыя (замена дэфекту раўнацэннай тканкай), а няпоўная рэгенерацыя — субстытуцыя.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ВІЧ ((Sakowicz) Фабіян) (6.11.1742—1787?),

польскі паэт і перакладчык. Нарадзіўся на Беларусі. У 1759—62 вучыўся ў Віцебскім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах. Выкладаў у Нясвіжы. З 1766 у Варшаве, у 1772—77 супрацоўнічаў у час. «Zabawy przyjemne і pożyteczne» («Прыемныя і карысныя забавы»), дзе апублікаваў большасць сваіх вершаў (некат. з іх прысвечаны ўраджэнцам і жыхарам Беларусі). На польскую мову пераклаў песні Гарацыя (т. 1—2, 1773—75). У 1777 памагаў А.​Нарушэвічу перапісваць тэксты для яго «Гісторыі...». Жыў у яго маёнтку Павець каля Пінска. У 1778 пераехаў у в. Чарнаўчыцы (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААДНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс аднаўлення цэлага з разрозненых частак або надбудовы недастаючых яго элементаў пасля разбурэння цэлага ці страты ч. яго элементаў. У прыродных сістэмах — працэс бесперапыннага аднаўлення або ўзнаўлення структуры, уласцівасцей, колькаснага і якаснага складу прыродных сістэм, які адбываецца без удзелу чалавека; самастойнае вяртанне прыродных сістэм да стану дынамічнай раўнавагі, з якога яны былі выведзены ўздзеяннем прыродных ці антрапагенных фактараў. Напр., складанне занава гідры з фрагментаў яе цела, рэгенерацыя хваста ў яшчаркі, сукцэсія, якая вядзе да С. заканамернага шэрагу экасістэм і завяршаецца клімаксам як апошнім звяном паслядоўных змен біягеацэнозаў або фарміраваннем вузлавых згуртаванняў.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРВА́Ж (франц. servage ад лац. servus раб),

від феад. залежнасці сялянства ў Зах. Еўропе ў сярэднія вякі; адна з найб. крайніх форм абмежавання грамадз. і гасп. правоў сялян (серваў). Сервы працавалі на зямлі феадала, былі ў асабістай ад яго залежнасці, падсудныя яго суду, але ў адрозненне ад прыгоннага права ў Расіі юрыдычна не былі прымацаваныя да зямлі. С. характэрны для перыяду феад. раздробленасці. Рост таварнай вытв-сці ў 13—14 ст., адкрытае супраціўленне сялян (нар. паўстанні 14—15 ст.) зменшылі значэнне С. У 16—18 ст. С. захаваўся толькі ў асобных адсталых рэгіёнах.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРВЭ́ ((Servais) Адрыен Франсуа) (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),

бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.​В’ётанам і Ю.​Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.​Германоўскі, Я.​Карловіч і інш.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

авуа́ры

(фр. avoirs, ад avoir = мець, валодаць)

1) грашовыя сродкі, чэкі, вэксалі, акрэдытывы, якімі праводзяць плацяжы;

2) сродкі банка ў каштоўных паперах і валюце на яго рахунках у замежных банках;

3) уклады прыватных асоб і арганізацый у банках.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

гіпно́з

(фр. hypnose, ад гр. hypnos = сон)

1) стан, падобны на сон, які выклікаецца ўнушэннем і суправаджаецца падпарадкаваннем волі спячага таму, хто ўсыпляе;

2) перан. сіла ўплыву, уздзеяння, уласцівая каму-н., чаму-н. (напр. паддацца гіпнозу яго таленту).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

маніто́рынг

(англ. monitoring, ад лац. monitor = перасцерагальны)

1) назіранне, ацэнка і прагноз стану навакольнага асяроддзя ў сувязі з гаспадарчай дзейнасцю чалавека;

2) сістэматычнае назіранне за якім-н. працэсам з мэтай выяўлення яго адпаведнасці пажаданаму выніку або першапачатковым меркаванням.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

рэцэ́пт

(лац. receptum = прыняты, узяты)

1) прадпісанне ўрача аб саставе лякарства, яго прыгатаванні і спосабе прымянення;

2) спосаб прыгатавання чаго-н. (напр. р. марынавання);

3) перан. настаўленне, парада, як дзейнічаць (напр. няма гатовых рэцэптаў на ўсе выпадкі жыцця).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)