спосаб злучэння 2 ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім праз іх праходзіць адзін і той жа ток. Выключэнне аднаго элемента перарывае ток ва ўсім электрычным ланцугу.
П.з. крыніц эл. энергіі E1, ..., En выкарыстоўваецца, каб атрымаць больш высокае напружанне. Агульнае напружанне раўняецца суме ўсіх асобных напружанняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Пры П.з. прыёмнікаў эл. энергіі напружанне размяркоўваецца паміж імі прапарцыянальна іх супраціўленням. Паслядоўна злучаныя супраціўленні R1, ..., Rn даюць агульнае супраціўленне эл. ланцуга R = R1 + ... + Rn. Пры П.э. ёмістасцей C1, ..., Cn агульная ёмістасць ланцуга C вызначаецца формулай:
. Пры паслядоўным уключэнні індуктыўнасцей L1, ..., Ln агульная індуктыўнасць L = L1 + ... + Ln.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ ((Paul) Герман) (7.8.1846, Зальбке, каля г. Магдэбург, Германія — 29.12.1921),
нямецкі мовазнавец-германіст. Выкладаў ва ун-тах Фрайбурга (з 1874; праф.) і Мюнхена (1893—1916). Адзін з асн. тэарэтыкаў школы младаграматызму, асн. пастулаты якой сфармуляваў у кн. «Прынцыпы гісторыі мовы» (1880). Аўтар прац па праблемах гісторыі герм. моў, «Слоўніка нямецкай мовы» (1897), «Граматыкі нямецкай мовы» (т. 1—5, 1916—20). Разам з В.Браўне заснаваў і рэдагаваў час. «Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur» («Пытанні гісторыі нямецкай мовы і літаратуры», з 1874). Пад рэд. і пры ўдзеле П. выдавалася калект. праца «Асновы германскай філалогіі» (т. 1—3, 1891—93, з 1911 аднайм. серыя манаграфій), якая змяшчала багаты матэрыял па герм. філалогіі і этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧКАВА́ННЕ,
адзін са спосабаў вегетатыўнага размнажэння. Адбываецца ўтварэннем на мацярынскім арганізме почкі (нарасці), з якой развіваецца новая асобіна. Уласціва некат. грыбам, імхам, беспазваночным жывёлам. У жывёл (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві і інш.) П. бывае вонкавае і ўнутранае. Пры вонкавым почкі ўтвараюцца на целе маці або на сталонах (некат. кішачнаполасцевыя, абалоннікі). Пры ўнутр. П. новая асобіна развіваецца з адасобленага ўнутр. ўчастка цела маці. Напр., у губак і імшанак такія ўтварэнні маюць ахоўныя абалонкі і здольныя перажываць зімовыя або засушлівыя ўмовы, калі мацярынскі арганізм гіне. У шэрагу жывёл П. не адбываецца канчаткова — маладыя асобіны застаюцца злучанымі з мацярынскім арганізмам і ўтвараюць калоніі. Штучнае П. можна выклікаць неспрыяльным уздзеяннем на мацярынскі арганізм (напр., апёкам, парэзам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Васіль Васілевіч) (10.1. 1857, в. Сямёнавічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 14.7.1939),
бел. і расійскі вучоны ў галіне пладаводства, адзін з заснавальнікаў навук. садоўніцтва на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1935). Д-рбіял. і с.-г. навук (1934). Скончыў Пецярб.ун-т (1882). З 1894 у дэпартаменце земляробства Мін-ва земляробства і дзярж. маёмасцей, з 1922 праф. Ленінградскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні пладовых культур і іх роданачальных форм, біялогіі цвіцення і плоданашэння, падборы апыляльнікаў. У 1926—31 кіраваў абследаваннем садоў на Беларусі, зборам і сістэматызаваннем мясц. сартоў. Даў пачатак пародасартавому раянаванню пладова-ягадных культур, культываванню лек. раслін на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНАСЦЬу мове,
уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.
Літ.:
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ, лік π,
лік, роўны адносінам даўжыні акружнасці да яе дыяметра; бясконцы дзесятковы дроб, роўны 3,1415926...; адзін з трансцэндэнтных лікаў. Абазначэнне агульнапрынятае з 1736 пасля працы Л.Эйлера.
Да ліку П. прыводзіць адшуканне лімітаў некат. арыфм. паслядоўнасцей і шэрагаў. Адна з формул вылічэння П. — формула раскладання функцыі arctg х у ступеневы шэраг. Набліжанае значэнне П. з дапамогай рацыянальных лікаў спрабавалі знайсці ў старажытнасці, напр.Архімед (3 ст. да н.э.) вызначыў, што 223/71 < π < 22/7. Значэнне π = 355/113 = 3,1415929... вылічыў кіт. матэматык Цзу Чун-чжы (5 ст.); у Еўропе гэтае ж значэнне знойдзена ў 16 ст. Пры выкарыстанні ЭВМ разлічана больш за тысячу дзесятковых знакаў ліку П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛІПЕ́НКА (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 19.5.1936, в. Нежыхаў Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. этнолаг. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-ргіст.н. (1993), праф. (1995). Засл. дз. культ. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1961). Працаваў настаўнікам. З 1967 у БДУ (з 1977 дацэнт). З 1991 заг. аддзела этнаграфіі, з 1995 этналогіі, з 1994 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе пытанні гісторыі бел. этналогіі і фалькларыстыкі, бел. этнагенезу, сямейнага побыту, вясельных звычаяў і абрадаў бел. сялянства, нар. рэлігійных вераванняў. Адзін з аўтараў кніг «Гістарычнае краязнаўства Беларусі» (1980), «Народная педагогіка беларусаў» (1996), «Беларусы» (1998), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000).
М.Ф.Піліпенка.
Тв.:
Этнография Белоруссии. Мн., 1981;
Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС ((Peirce) Чарлз Сандэрс) (10.9.1839, г. Кеймбрыдж, штат. Масачусетс, ЗША — 19.4.1914),
амерыканскі філосаф, логік, матэматык і прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў прагматызму і семіётыкі. Чл.Амер.АН і мастацтваў (1877), Нац.АН ЗША (1879). Скончыў Гарвардскі ун-т (1859). Праф. Кембрыджскага, Гарвардскага, Балтыморскага, Бостанскага ун-таў. Распрацаваў шэраг асноватворных ідэй агульнай і матэм. логікі. Імкнуўся спалучыць навук. даследаванні з рэліг. верай. Гал. прынцып прагматызму выклаў у працах «Як зрабіць нашы ідэі выразнымі» (1876), «Замацаванне вераванняў» (1877). Лічыў, што змест паняццяў поўнасцю вычэрпваецца ўяўленнем аб яго магчымых практычных выніках; адсюль вызначэнне ісціны як веры, якая выклікае дзеянне, што вядзе да пастаўленай мэты. Яго тэзіс «існаваць — значыць быць карысным» (т.зв. «прынцып 11.») стымуляваў распрацоўку ідэаліст. філасофіі прагматызму У.Джэмсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФІЛІ́Я (ад полі... + ...філія),
паходжанне пэўнай групы арганізмаў ад некалькіх продкавых груп, не звязаных блізкай роднасцю. Ажыццяўляецца шляхам канвергенцыі і проціпастаўляецца монафіліі, як эвалюц. прынцыпу, заснаванаму на дывергенцыі. Згодна з сучаснай эвалюц., філагенет. сістэматыкай, арганізмы класіфікуюцца ў адпаведнасці з інфарм. зместам іх генет. праграмы. Таксоны эвалюц. сістэматыкі бываюць толькі монафілетычнымі. Напр., даказана П. зайцападобных і грызуноў, якіх раней аб’ядноўвалі ў адзінатр., а цяпер іх адасабляюць у 2 самастойныя атрады. Часам тэрмінам «П.» абазначаюць перасячэнне таксанамічнай мяжы паміж продкавай і даччыной групамі арганізмаў некалькімі роднаснымі філетычнымі лініямі, якія эвалюцыяніравалі паралельна (гл.Паралелізм).
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РУБАЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 19.7.1932, г. Туапсэ, Краснадарскі край, Расія),
бел. вучоны-юрыст; адзін з заснавальнікаў бел.навук. школы крыміналістыкі. Д-рюрыд.н. (1978), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Працаваў следчым у органах пракуратуры. З 1976 нач. кафедры Мінскай Вышэйшай школы міліцыі. З 1992 у Акадэміі МУС Беларусі. Навук. працы па крыміналістыцы і юрыд. псіхалогіі, крыміналістычнай тактыцы і методыцы расследавання і прадухілення асобных відаў злачынстваў.
Тв.:
Психологические основы допроса. Мн., 1966;
Допрос в советском уголовном судопроизводстве. 2 изд. Мн., 1973;
Криминалистика. Мн., 1997 (разам з І.С.Андрэевым, Г.І.Грамовічам);
Тактика допроса на предварительном следствии. М., 1998;