АКАНО́М,
кіраўнік панскай гаспадаркі, наглядчык за працай у фальварку на Беларусі ў перыяд феадалізму і капіталізму. Тэрмін вядомы з канца 16 ст. Аканом нёс адказнасць за гасп. дзейнасць у маёнтку, трымаў пад кантролем суд над сялянамі, кіраваў зборам падаткаў. На аканома ўскладаўся абавязак кантролю за падуладнымі яму намеснікамі асобных фальваркаў. Ён вёў таксама ўсю гасп. справаздачу, якую прад’яўляў на рэвізію гаспадару ці яго адміністратару. Пасаду аканома ў большасці выпадкаў займалі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя.
У.І.Пашкевіч.
т. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЯЛКО́ЎСКАЯ (Тэрэза) (1854 — май 1933),
бел. перакладчыца і выдавец. Мела маёнтак Габрылёва-Папоўка (Талачынскі р-н, у межах в. Сані). У 1908 з сынам арганізавала там бел. школу, дзе настаўнікам працаваў Я.Колас. Перакладала на бел. мову творы рус. і польск. пісьменнікаў («Дым» М.Канапніцкай», 1909; «Архіп і Лявонка» М.Горкага, 1910; «Дзядзька голад» С.Віткевіча, 1911). Друкавалася пад псеўд. Зязюля, Т.Г. На ўласныя сродкі выдавала свае пераклады, кнігі Я.Коласа, Ядвігіна Ш. і інш.
В.У.Скалабан.
т. 5, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 6 км на У ад г. Міёры. Пл. 0,7 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 240 м, найб. Глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 10 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ сплавінныя. Дно плоскае, глеістае. Паласа расліннасці шыр. 10—50 м. Злучана пратокай з воз. Чэрас.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАХРАМАЦІ́Н (ад гетэра... + храмацін),
участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.
т. 5, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МНА,
возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Каспля, за 26 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 2,1 км², даўж. 2,95 км, найб. шыр. 1,09 км, найб. глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км. Пл. вадазбору 97,8 км². Схілы катлавіны выш. 8 м, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — глінай. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 20—90 м. Праз возера цячэ р. Вымнянка.
т. 4, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПА́ЛЬВАННЕ расліннасці,
падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 4.5.1950, в. Селаўшчына Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1993). Скончыў БДУ (1972). У 1976—94 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. З 1994 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па механіцы дэфармуемага цвёрдага цела, матэматыцы і акустыцы. Распрацаваў метады рашэння гранічных задач аб пругкай раўнавазе ізатропных і анізатропных плоскіх цел, якія знаходзяцца пад дзеяннем вонкавай нагрузкі і т-ры.
т. 4, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЖА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн.-зах. ускраіне г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,93 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. Вадазбору 11,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—7 м, разараныя, зах. пад лесам, берагі нізкія, на У высокія, пясчаныя. Дно пясчанае, месцамі сапрапелістае. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Святца і Ельня.
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТАР (Віктар Бенядзіктавіч) (28.7.1902, г. Даўгаўпілс, Латвія — 14.4.1931),
бел. пісьменнік. У 1922—26 студэнт каморніцкага ф-та Чэшскага вышэйшага тэхнікума (Прага). Захварэўшы на туберкулёз, перапыніў вучобу, вярнуўся ў Латвію. Настаўнічаў у бел. школах. Друкаваўся з 1923. Пісаў вершы, апавяданні, нарысы (псеўданім Янка Палын). Раман «Роджаныя пад Сатурнам» (апубл. 1991, газ. «Голас Радзімы») грунтуецца на ўспамінах аб студэнцкім жыцці.
Тв.:
Леснікова сена: Апавяданне. Рыга, 1932.
Літ.:
Езавітаў К. В.Б.Вальтар // Бел. школа ў Латвіі. 1932. № 7.
т. 3, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў пл. 0,4 га. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Уклеенка.
т. 6, с. 188
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)