ПАЧО́ПКА (Янка) (Іван Пятровіч; 8.11.1890, в. Летнікі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.5.1977),
бел. пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Варанецкую (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) с.-г. школу. Працаваў у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. У 1925 рэдагаваў двухтыднёвік «Праваслаўны беларус» (Варшава). Пасля працаваў аграномам. Друкаваўся з 1912 пад псеўд. Башкір, Янка Башкір. Пісаў вершы і прозу. Збіраў фальклор (зб. «Дурнішча: Народная казка з Дзісеншчыны», 1927). Вершы, байкі, нар. паданні, казкі друкаваў у час. «Заранка», «Пралескі», «Праваслаўны беларус», «Маланка», «Калоссе». Выдаў кн. «Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць», «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях» (абедзве 1923), «Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928). Аўтар камедыі «Гурток» (1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),
бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АРЦЕ́ЛЬ МАСТАКО́Ў,
расійскае маст. аб’яднанне, якое існавала з 1863 да пач. 1870-х г.Засн. жывапісцамі — выпускнікамі Пецярбургскай АМ, якія выйшлі з яе, адмовіўшыся пісаць конкурсную карціну на зададзеную акад. тэму (т.зв. бунт чатырнаццаці). П.а.м. садзейнічала адыходу ад кансерватызму акад. мастацтва, якое навязвала мастакам нормы класіцызму, стала пачаткам станаўлення прынцыпаў дэмакр. рэалізму, адлюстравання жыцця ва ўсіх яго праявах. У П.а.м., арганізаваную як быт. камуна, уваходзілі І.Крамской (кіраўнік), Ф.Жураўлёў, А.Карзухін, К.Лемах, К.Макоўскі, А.Марозаў і інш. Акрамя ўласна творчай дзейнасці займаліся арганізацыяй выставак, прапагандай рус. мастацтва, выконвалі заказы на афармленчыя і інш. работы, выдавалі ілюстраваны каталог «Мастацкі аўтограф» (вып. 1—2, 1870—71). Пасля распаду арцелі шэраг яе членаў прымкнуў да перасоўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ (Іса Аляксандравіч) (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1941—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ІДНАСЦЬ (ад грэч. ploos кратны + eidos выгляд),
колькасць набораў храмасом, якія знаходзяцца ў клетцы або ва ўсіх клетках шматклетачнага арганізма. Характэрная для ўсіх асобін пэўнага віду. Арганізмы або клеткі, што маюць 1 поўны набор храмасом (мінім. ўзровень П.), наз. гаплоіднымі (n=1). Звычайна гаплоідныя палавыя клеткі, гаметафіты імхоў, папарацей і інш. Для большасці эўкарыёт нармальны ўзровень П. саматычных (не палавых) клетак роўны 2 (дыплоіднасць). Для некат. відаў характэрны больш высокі ўзровень П. (поліплаідыя). Змена П. ўласціва ўсім відам з палавым працэсам: зліццё гамет аднолькавай П. дае зіготу, П. якой у 2 разы вышэйшая; пры ўтварэнні гамет паслямеёзу П. зніжаецца ў 2 разы. Павелічэнне ўзроўню П. ў норме часта бывае ў клетках некат. органаў чалавека (напр., у печані) і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д СЕЛЬГАСАБСТАЛЯВА́ННЯ.
Засн. ў г. Полацк Віцебскай вобл. ў 1927 як майстэрні. З 1930 с.-г. майстэрні. У Вял.Айч. вайну разбураны. У 1945 адноўлены як слясарна-мех.з-д. З 1947 ліцейна-мех.з-д. У 1953 здадзены ў эксплуатацыю цэх па вытв-сці чыгуннага ліцця. Пасля рэканструкцыі ў 1959—64 з-дсан.-тэхн. вырабаў і с.-г. інвентару. З 1967 ліцейна-мех.з-д. У 1975—90 галаўное прадпрыемства Полацкага ліцейна-мех.вытв. аб’яднання. З 1990 — сучасная назва. Асн. прадукцыя (2000): аўтапаілкі для буйн. раг. жывёлы і свіней, помпы для даільных установак, запчасткі да трактарных плугоў, чыгунныя фасонна-каналізацыйныя часткі, люкі для камунікацыйных калодзежаў, запорная арматура, сякеры, чыгуннае ліццё для печаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,
гісторыка-геаграфічная назва укр. зямель на правым беразе р. Дняпро (без Галіцыі), што паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Ахоплівала тэр. сучасных Кіеўскай (без Кіева), Чаркаскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Ровенскай і Валынскай абласцей. У 1663—1704 існавала правабярэжнае ўкр. казацкае гетманства. Пасля няўдалай вайны Рэчы Паспалітай з Турцыяй, у 1672—99 частка П.У. (Падолія і прылеглыя землі) належала Турцыі. На П.У. адбываліся буйныя казацка-сял.нац.-вызв. і антыфеад. паўстанні, у т. л. рух С.П.Палія (1702—04) і Калііўшчына (1768). Паводле другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай (1793) П.У. адышла да Рас. імперыі. З 1917 у складзе Украіны. У наш час назва «П.У.» ўжываецца як геагр. тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫЛЁВА-КО́РБА (Ганна Паўлаўна) (дзявочае Мейнгард; 21.11.1849, г. Цвер, Расія — 1939),
расійская рэвалюцыянерка-народніца. Ў 1874—77 у Мінску ўдзельнічала ў стварэнні Т-ва дапамогі вучням, зборы сродкаў на карысць нац.-вызв. руху балканскіх славян, у эвакуацыі параненых і хворых у рус.-тур. вайну 1877—78. У рэв. руху з 1879, са студз. 1880 чл. Выканкома «Народнай волі». Працавала ў рэдакцыі газ. «Народная воля». Удзельніца падрыхтоўкі замахаў на Аляксандра II. У 1882 арыштавана. Засуджана па працэсе 17-і на 20 гадоў катаргі. У 1905 амнісціравана, жыла ў Маскве; у 1909 арыштавана, выслана ў Мінусінск. ПасляКастр. рэвалюцыі 1917 чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан.
Тв.:
«Народная воля»: Воспоминания о 1870—1880-х гг.М., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1387,
першы агульназемскі заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Ягайлам у Вільні 20.2.1387 пасля заключэння Крэўскай уніі 1385. Зацвярджаў феад. правы баяр, якія прынялі і прымалі хрышчэнне паводле каталіцкага абраду ў час хрысціянізацыі язычніцкай Літвы. П. гарантаваў такім баярам поўную ўласнасць на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі. Правы баяр-католікаў прыраўноўваліся да правоў шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы. Маёнткі і насельніцтва баяр вызваляліся ад розных работ на карысць дзяржавы, за выключэннем буд-ва і рамонту дзярж. замкаў. П. захаваў феад. павіннасць баяр выходзіць у вайсковы паход за свой кошт. Паліт. мэтай П. было з’яднаць вакол вял. князя літ. баяр у барацьбе з незалежніцкімі тэндэнцыямі літ. і бел. феадалаў ВКЛ. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,
сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.