наказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму і без дап.
1. Паведаміць, сказаць што‑н. каму‑н. праз каго‑н. [Дзядзька Нічыпар:] — Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Колас. Наказалі з дому, што захварэла маці. С. Александровіч. Змітрок наказаў праз паштальёна, каб да яго ўвечары прыйшоў Кірыл. Кавалёў.
2. Даць наказ, распараджэнне. Міхал наказаў падручнаму сачыць за печчу і падаўся ў лабараторыю. Карпаў. — Сачыце за параненай, — адышоўшыся, наказала Наталля Максімаўна дзяжурнай медсястры. — Калі яна адчуе сябе хоць крыху горш, клічце мяне. Дудо.
3. Разм. Нагаварыць, сказаць многа чаго‑н. [Якім Анішчык:] — Прабачце, наказаў вам немаведама колькі, — мо ногі забалелі, слухаўшы стоячы. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́кід, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накідаць (у 3 знач.).
2. ‑а. Малюнак, чарцёж і пад., які намячае толькі агульныя рысы таго, што павінна быць паказана. Накіды да партрэтаў. Накіды краявідаў. □ Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. Графіка Ю. Нэпа нам не вядома; сёння ў мастацкіх музеях рэспублікі няма ніводнага яго малюнка ці нават накіда, графічнага эскіза. Шматаў. // Тое, што напісана папярэдне, у агульных рысах. Накід артыкула. □ [Лабановіч] зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наперарэ́з,
1. прысл. Перасякаючы чын‑н. шлях, напрамак руху каго‑, чаго‑н. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Шамякін. // Перасякаючы што‑н. Забегалі вочы ў Тамаша, ён наперарэз цераз пляц хутка пайшоў, каб паглядзець кароў. Гурскі.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперарэз» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, шлях якіх хто‑, што‑н. перасякае. Бегчы наперарэз машыне. □ Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Колас. [Клямт] раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напі́цца, ‑п’юся, ‑п’ешся, ‑п’ецца; ‑п’ёмся, ‑п’яцеся; пр. напіўся, ‑пілася, ‑пілося; заг. напіся; зак.
1. чаго і без дап. Выпіць чаго‑н., каб наталіць смагу; папіць. Напіцца чаю. □ Падмацаваўшыся, Сцёпка напіўся ў рэчцы вады. Колас. — Добра, — сказала жанчына, выслухаўшы Любу. — Дай мне напіцца. Чорны.
2. Дайсці да стану ап’янення. Ніяк не мог [Нічыпар] успомніць, з якой прычыны ўчора напіўся. Асіпенка.
3. перан.; чаго і без дап. Насыціцца, прасякнуцца чым‑н. Нават паветра змянілася ў сяле: напілося густога смалістага паху. Васілевіч.
•••
Напіцца (насмактацца) крыві чыёй — памучыць каго‑н., паздзекавацца з каго‑н.
Хоць вады напіся — пра вельмі прыгожы твар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.
Разм.
1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.
2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да коней, прызначаны для іх. Конны двор. Конны кірмаш. // Звязаны з развядзеннем пародзістых коней. Конны завод.
2. Які прыводзіцца ў рух коньмі. Конны плуг. Конныя граблі.
3. Які мае адносіны да конніцы, складаецца з коннікаў. Конная армія. Конны ўзвод. Конны атрад.
4. Звязаны з яздой на конях. Конны спорт. Конная разведка. Конная эстафета. // Які едзе на кані. Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы. Колас.
5. у знач. наз. ко́нны, ‑ага, м. Коннік. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дзіцца, ладжуся, ладзішся, ладзіцца; заг. ладзься; незак.
1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца, складна выходзіць. Не ладзіцца справа. □ Вярнуўся [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца... Хадкевіч. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі. Колас.
2. Разм. Наважвацца, рыхтавацца што‑н. рабіць, зрабіць. Пасярэдзіне сянец некалькі пар ужо ладзілася скакаць. Лобан. [Дзед] налівае ў міску капусты і ладзіцца карміць мяне вялізнай драўлянай лыжкай, якая не лезе мне ў рот... Сачанка.
3. Зал. да ладзіць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лахманы́, ‑оў; адз. лахман, ‑а, м.
Разм.
1. Старое, паношанае або падранае адзенне; лахмоцце. Жабрачыя лахманы. □ [Саша] адразу ж залезла з дачкой на печ, загарадзілася рознымі лахманамі, каб не было відаць. Шамякін. Дзіравыя лахманы ледзь прыкрываюць худыя целы. Лынькоў.
2. Кавалкі, абрыўкі адзення, матэрыі. Полы кажушка канчаліся .. абтрэпанымі лахманамі, якія пры хадзе і пры ветры рабілі вельмі смешныя рухі. Колас. Вопратка на .. [палонных] была парванай, звісала лахманамі. М. Ткачоў. / Пра шматкі, абрыўкі дыму, туману, хмар і пад. Трубы густа дымілі, і брудныя лахманы дыму паўзлі па блакіце неба. Гамолка. Землі дрыжаць, лахманамі хмары падаюць глуха за небасхіл. Русецкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́павы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ліпы 1, уласцівы ёй. Ліпавая кара. // Які складаецца з ліп, абсаджаны імі. Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Колас. // Зроблены з драўніны, лыка, кары ліпы. Ліпавая кадушка. □ З лесу выходзіць бацька. На ім доўгая белая кашуля і новыя ліпавыя лапці. Асіпенка. // Прыгатаваны, сабраны з ліпавага цвету. Ліпавы чай. Ліпавы мёд.
2. у знач. наз. лі́павыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якіх адносяцца ліпа, джут і інш.
•••
Ліпавы цвет гл. цвет.
лі́павы 2, ‑ая, ‑ае.
Разм. Падроблены, фальшывы, несапраўдны. Ліпавыя дакументы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
Разм.
1. Ледзь-ледзь трымацца (пра каго‑, што‑н.). У акуратна зрубленай клеці ледзь ліпяць на адной завесе — вось-вось упадуць — перакошаныя дзверы. Лынькоў. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. У той час мы з Андрыянай разам жылі, наймалі маленькі катушок пад самым дахам. То яна якую работу знаходзіла, то я. Так і ліпелі. Хомчанка.
2. перан. Пра вельмі слабае праяўленне якіх‑н. працэсаў, пра стан заняпаду чаго‑н. Ледзь ліпіць аганёк, Смольны корч дагарае. Зарыцкі.
•••
Ліпець на валаску (на павуцінцы) — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)