неразлу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які ніколі не разлучаецца, заўсёды знаходзіцца разам з кім‑н. Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Міхаліна забяжыць па сваю неразлучную сяброўку Джэму Рог ці Джэма па яе, а там глядзіш — выходзяць з двароў дзяўчаты, то адна, то другая. Палтаран. // Які знаходзіцца заўсёды пры кім‑, чым‑н. (аб прадметах). Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Краўчанка. // Які з’яўляецца адным цэлым, адзіным. Магутна, велічна гучыць наш гімн, які спяваюць тыя, для каго ён цяпер неразлучны са словамі воля і шчасце. Брыль. // Які заўсёды звязаны з чым‑н. (аб пачуццях, з’явах). Прыйшло каханне, а разам з ім і яго неразлучныя спадарожнікі: шчасце і пакуты... Васілевіч. [Настаўнік:] — Страх і цемната — неразлучныя прыяцелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паня́цце, ‑я, н.

1. Адна з форм адлюстравання свету ў мысленні чалавека, якая ўзнікае як вылучэнне і абагульненне прадметаў пэўнага класа. // Разуменне, якое адлюстроўвае найбольш агульныя істотныя ўласцівасці, сувязі і адносіны прадметаў і з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці. Паняцце трохвугольніка. Паняцце прыбавачнай вартасці. □ У паняцце «беларуская мова» ўваходзіць як беларуская літаратурная мова, так і народная мова ва ўсёй сукупнасці яе разнастайных гаворак. Юргелевіч.

2. Уяўленне аб чым‑н.; веданне чаго‑н. Кожная вышывальшчыца павінна мець паняцце аб колерах. Данілевіч. // звычайна мн. (паня́цці, ‑яў). Сукупнасць поглядаў на што‑н.; ўзровень разумення чаго‑н. Па вобразу жыцця і па паняццях земляробчы клас усёй Заходняй Еўропы прадстаўляе як бы адно цэлае. Лушчыцкі. // Разм. Здольнасць разабрацца ў чым‑н.; разуменне, меркаванне. [Дзед Сымон:] — Я вось так гляджу: павінен чалавек да ўсяго мець паняцце. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́мус, ‑а, м.

Награвальны прыбор з помпай, якая падае газу ў гарэлку. У бакоўцы ля самых дзвярэй аднастайна шыпеў прымус. Кавалёў. — Ты распраніся, памыйся ідзі, а я хуценька на прымусе згатую чаго-небудзь. Галавач.

[Ад лац. primus — першы, лепшы.]

прыму́с, ‑у, м.

Уздзеянне, якое аказваецца на каго‑н. з мэтай дамагчыся выканання чаго‑н.; прымушэнне. [Марынка] піла неахвотна, пад прымусам, але шчокі ў яе паружавелі. Хадкевіч. [Максіму Сцяпанавічу] іншы раз нават здавалася, што дочкі наогул абыякавыя да яго і калі цалуюць або хінуцца, то па прымусу. Карпаў. // Сацыяльны, класавы ўціск, прыгнёт. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот. Але з якой сапраўды тытанічнай настойлівасцю песціць ляснік думку аб набыцці ўласнай зямлі, аб вызваленні з-пад панскага прымусу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

akt, ~u

м.

1. акт; справа; факт;

akt oskarżenia — абвінаваўчы акт;

akt zajęcia mienia — акт вопісу маёмасці;

spisać (sporządzić) akt — скласці акт;

akt urodzenia — пасведчанне аб нараджэнні;

akt zejścia — пасведчанне аб смерці;

akt polityczny — палітычны акт;

2. ~a мн. дакументы; акты;

~a stanu cywilnego — акты грамадзянскага стану;

3. дзея; акт;

sztuka w trzech ~ach — п’еса ў трох дзеях;

4. маст. акт

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ёга

(санскр. yōga = засяроджанне, сузіранне)

вучэнне аб метадах і прыёмах кіравання псіхікай і псіхафізіялогіяй чалавека як аснова старажытнаіндыйскіх рэлігійна-філасофскіх сістэм; сцвярджае, што шляхам дыхальных, фізічных і маральных трэніровак можна выйсці з-пад улады пачуццяў і законаў прыроды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

марксі́зм

[ад ням. K. Marks = прозвішча заснавальніка вучэння (1818—1883]

вучэнне аб агульных законах развіцця прыроды і грамадства, шляхах пераходу чалавецтва ад класавага да бяскласавага грамадства, ад капіталізму да камунізму, заснавальнікамі якога былі К. Маркс і Ф. Энгельс.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пангене́зіс

(н.-лац. pangenesis, ад гр. pan = увесь + genesis = паходжанне)

гіпотэза Ч. Дарвіна аб механізме спадчыннасці, паводле якой прыкметы і ўласцівасці перадаюцца ад бацькоў дзецям праз дробныя часцінкі, што выдзяляюцца ўсімі клеткамі цела (развіццё генетыкі гэта не пацвердзіла).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

про́філь

(фр. profil)

1) абрыс, від збоку (пераважна аб галаве чалавека);

2) від, форма чаго-н. у разрэзе, напр. участка зямной паверхні;

3) сукупнасць рыс і асаблівасцей якой-н. спецыяльнасці, прадпрыемства або навучальнай установы (напр. спецыяліст шырокага профілю).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

філасо́фія

(гр. philosophia, ад phileo = люблю + sophia = мудрасць)

1) навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення;

2) метадалагічныя прынцыпы якой-н. навукі (напр. ф. права, ф. мовазнаўства);

3) погляды, перакананні; канцэпцыя;

4) перан. абстрактныя разважанні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.​В.​Паўлава.

Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)