узды́х, ‑у, м.
Узмоцненае ўдыханне і выдыханне паветра. Грудзі .. [чалавека] хадзілі ўбакі, здавалася, ён прысядаў пры кожным сваім выдыху і ўздыху. Чорны. З горла .. [дзяўчыны] вырваўся ўздых, затым вада. Маўр. // Глыбокі ўдых і выдых як выраз смутку, развагі і пад. пачуццяў. Ганька з уздыхам успамінае маму: вось у яе ўжо была чысціня дык чысціня... Васілевіч. Рыгор так і не разабраўся, што азначаў гэты .. ўздых [Валі]: ці згоду з ім, ці адказ на нейкую сваю думку. Арабей. / у перан. ужыв. Наводшыбе непрыязна цямнеў лес, маўкліва і насцярожана глядзелі на .. [Лену] расчыненыя вокны хат, а здалёк даносіліся цяжкія ўздыхі возера. Ваданосаў.
•••
Да апошняга ўздыху — да самай смерці, да канца жыцця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Наглядаючы, пільнуючы, усцерагчы ад каго‑, чаго‑н. У Сцешыцах так: калі вечарынка — гароды не ўпільнуеш. Пташнікаў. — Сёння.. [Вайтовіч] мяне біць будзе, што не ўпільнаваў кароў, — раптам загаварыў пра сваё гора Грыша. Пальчэўскі. // перан. Дагледзець, ахаваць (ад непрыемнасцей, шкоднага ўздзеяння). Схіліў перад.. [Марынай] галаву, гатовы пачуць крык мацярынскага болю, папрокі. Яна магла спытаць: чаму я не ўпільнаваў яе сыноў. Шамякін.
2. Усачыць, не ўпусціць з-пад увагі. [Хлопчыку] хацелася хоць раз упільнаваць, як буслы нясуць з-за лесу ў дзюбе сявеньку з дзіцем. С. Александровіч. [Клава:] — Калі ты выязджаў — я не ўпільнавала. Я хацела цябе правесці, ды прыйшоў гэтая назола — Ясь. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускудла́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускудлаціць, ускудлачыць.
2. у знач. прым. Узлахмачаны, растрапаны (пра валасы). Гарбач сядае і растапыранымі пальцамі прычэсвае ўскудлачаныя валасы. Мурашка. // З ускалмачанымі валасамі. А то было і так: бяжыць насустрач маладзіца — ускудлачаная, расчырванелая, хусцінка, з’ехаўшы з галавы, матляецца на спіне. Хадкевіч. Дзед Яўстрат, які звычайна ўсю зіму сядзеў на печы, высоўваў у такі момант сівую ўскудлачаную галаву і сіплым старэчым голасам, раіў бацьку: — Улі, Васіль, вісусу гэтаму, а то ж расце распуста, на лес гледзячы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Як добрым знаёмым, сардэчна ківаюць нам ускудлачанымі галовамі старыя хвоі. Сяргейчык. У небе віселі рэдкія ўскудлачаныя хмаркі. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Уціхамірыць, утаймаваць. Не пераставаў надрывацца ад брэху сабака. — Ды ўціш ты [Пеця] яго, бо схаплю які кол... — узлаваўся Грыша. Місько.
2. Палегчыць або суняць (пра боль, хваробу). Адзін дзед, які і летам спаў на печы, доўга яшчэ круціўся .., не мог уцішыць павольны кашаль... Мележ. Далёка ты яшчэ, далёка, матуля родная мая, і ў горкай долі адзінокай не ўцішыш болю аніяк. Машара. // Суцішыць, супакоіць (пачуцці, перажыванні і пад.). Уцішыць хваляванні. □ І трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што гаюча ідуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хво́я, ‑і, ж.
1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.
2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.
3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́ладна,
1. Прысл. да халодны (у 10 знач.).
2. безас. у знач. вык. Аб нізкай тэмпературы паветра. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе. Багдановіч.
3. безас. у знач. вык., каму. Аб стане чалавека, які адчувае холад, дрыжыкі. Міхалка не варушыўся, яму стала холадна. Чорны. — Можа вам так холадна будзе, — спагадліва запытала.. [Марыя]. Кулакоўскі. // Аб стане чалавека, які адчувае дрыжыкі ад моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін. Рукі і ногі ў мяне амярцвелі. Мне зрабілася холадна і горача. Бядуля.
•••
Ні холадна ні горача каму гл. горача.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́цька, ‑і, м.
Разм.
1. Сабака. Саломінка то пакручвалася перад сабачым носам, то спрытна ўцякала ад выскаленай пысы, а цюцька бег ды бег, брахаў і брахаў да хрыпаты. Лужанін. // Ласкавы зварот да сабакі. Сабакі хутка ачухаліся. Перасталі яе чапаць. — Цюцькі... Цюцькі... — прагаварыла.. [Фрося] з дакорам. Бядуля.
2. Ужываецца звычайна ў параўнальных выразах са значэннем слова сабака. — З-замерзла я, Толік, як цюцька! — засмяялася Люда. — І ніяк не сагрэцца. Брыль. Мокрыя, як цюцькі, вылезлі мы на бераг. Якімовіч.
3. Ужываецца як лаянкавае слова. — Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік.. Цюцька, якіх свет не бачыў, — дадаў Якаў Гошка. Грахоўскі. «Які ты пан? Ты цюцька руды!» — Так пачыналася пісьмо. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць 1 (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.
3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.
•••
Дай бог чутае бачыць гл. даць.
Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штука́р, ‑а, м.
1. Артыст, які паказвае фокусы. А Зай — наш малайчына, Артыст, штукар і хлус, З лясной кінакарціны Пакручвае ўжо вус. Вітка.
2. Той, хто вырабляе розныя складаныя мудрагелістыя рэчы; майстар, вынаходца. Да .. святла ракет далучыўся пажар эшалона.. — Ну, штукары, так сказаць, ну, малайцы! Няўжо ж гэта тое, што я майстраваў? — тупаў дзядзька Кандрат. Брыль. Выйшаў пан, залюбаваўся новым палацам. — Ну, — кажа да Янкі, — бачу, штукар ты не горшы за мяне. Якімовіч.
3. Той, хто схільны да выдумак, хітрыкаў, махлярства; выдумшчык, жартаўнік. У крайняй ад шляху [хаце] жыў стары Пракоп, па прозвішчу Смык, славуты на ўсю ваколіцу каваль. Выдумшчык і штукар, любімец васілішкаўскай моладзі. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шука́льнік, ‑а, м.
1. Чалавек, заняты пошукамі чаго‑н. Нястомным шукальнікам і адкрывальнікам хараства з’яўляецца ў сваіх новых творах У. Дубоўка. Гіст. бел. сав. літ. У шукальнікаў папараць-кветкі І праўды; У мару, Што вечна жыве чаканнем, — Не кіну ніколі — Насмешкі каменем, Бо траплю ў сябе. Арочка. // Асоба, якая займаецца прафесійна адкрыццём, пошукамі радовішчаў, новых раслін і пад. Прайшоў я шмат па сушы і па вадзе, Дапытлівы шукальнік і геолаг. Звонак. Вось так прайшлі шукальнікі алмазаў Удоўж і ўшыр суровую тайгу. Калачынскі.
2. Спец. Прыбор, прыстасаванне, якія служаць для адшуквання якіх‑н. аб’ектаў. Запальваюцца кантрольныя лямпачкі. Недзе ўнутры пацокваюць шагавыя шукальнікі, прыглушана гудуць механізмы. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)