Дбаць ’клапаціцца’. Засведчана ўжо ў ст.-бел. мове: дбати (гл. Булыка, Запазыч., 88). Паводле Кюнэ (Poln., 50), бел. лексема запазычана з польск. dbać ’тс’. Кюнэ (там жа) аргументуе магчымасць запазычання з польск. мовы тым, што гэта слова вядома толькі ў зах. славян. Булыка (там жа) таксама лічыць слова запазычаным. З іншага боку некаторыя этымолагі лічаць бел. дбаць, укр. дба́ти спаконвечна славянскімі лексемамі, якія зыходзяць да прасл. *dъbati (так мяркуе, напр., Слаўскі, 1, 142, але без рус. матэрыялу). Да прасл. *dъbati адносіць бел., укр. і рус. (рус. дыял. дбать) Трубачоў; гл. яго дадатак да Фасмера, 1, 486 (пад дбать), а таксама Трубачоў, Эт. сл., 5, 172–173. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́сціп ’досціп’ (БРС, Байк. і Некр.), дасці́пнасць ’дасціпнасць’ (БРС). Паводле Кюнэ (Poln., 50), запазычанне з польск. dowcip, dowcipność ’тс’ (Кюнэ, там жа, як аргумент прыводзіць той факт, што гэтыя словы вядомы толькі заходнім славянам; параўн. і чэш. důvtip). Аб польск. словах гл. падрабязна Слаўскі, 1, 158. Няясным, аднак, застаецца фармальны бок запазычання. Бел. формы тыпу до́сціп, дасці́пны і г. д. маглі б зыходзіць да польск. форм тыпу dowścipny, але апошнія засведчаны толькі з тэрыторыі Беларусі (Litwy; гл. Слаўскі, там жа.). Ужо ў ст.-бел. мове засведчаны ўсе вядомыя сёння формы: довтипъ, довтепъ, довтыпъ, довстипъ, довципъ, довтипный, довтипность (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 98–99).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Карп ’рыба Cyprinus carpio’, укр. карп, рус. карп, чэш. karp, славац. kapor, польск. karp, в.-луж. karpa, палаб. karp. Разглядаецца як запазычанне са ст.-в.-ням. karpo (Параўн. Бернекер, 575). Але ў славянскіх мовах існуе назва карпа з метатэзай плаўных: укр. короп, рус. короп, балг. карп, серб.-харв. кра̏п, славен. kràp, што робіць нямецкае паходжанне назвы больш праблематычным. У кожным разе нельга выключыць магчымасць славянскага паходжання нямецкай лексемы. Цікавым фактам з’яўляецца існаванне ст.-інд. śapharaḥ ’від карпа’, якое сведчыць аб палатальным к на пачатку слове. Ст.-грэч. κυπσῖνος ’карп’ гаворыць аб вандроўным характары лексемы. Непасрэдную крыніцу славянскіх форм вызначыць цяжка (Фасмер, 2, 334; Каламіец, 109–111).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́ўка ’галка’ (Касп., Сцяшк. МГ). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 439, запазычанне з польск. мовы. У якасці крыніцы выстаўляецца польск. kawka ’тс’. Для дзеяслова ка́ўкаць ’мяўкаць’, ’каркаць’ (Сл. паўн.-зах. прыводзіць іншую крыніцу — літ. kaūkti ’выць’ (гл. падрабязна пад ка́ўкаць). Але справа не такая простая. Паколькі гэта лексема гукапераймальнага характару (параўн. польск. kawa, kawka, укр. дыял. ка́ва, літ. kóvas ’галка, грак’, чэш. kavka, серб.-харв. kȃvka, славен. kȃvka і г. д.), то падобныя ўтварэнні могуць узнікаць незалежна ў розных мовах. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 9, 165–166, які мяркуе, што прасл. *kavъka ўтворана ад *kava ’тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 152; Слаўскі, 2, 108–109.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Клуміць ’тлуміць, дурыць, шумець’ (Нас., Гарэц., Юрч., Мат. Маг., Бяльк., Др.-Падб.), клуміць галаву ’задурваць, валакіціць, падманваць’ (Юрч. Фраз. 2). Насовіч (237) гаворыць аб тым, што клуміць аднаго паходжання з глуміць і тлуміць. Да клум (гл.). Супастаўляючы з клуміць не толькі тлуміць, але і глуміць. Насовіч, відаць, мае на ўвазе кантамінацыю тлуміць і глуміць. З гэтым тлумачэннем нельга пагадзіцца, паколькі рус. глумить, бел. глуміць маюць таксама значэнне ’дурыць, падманваць’. Трэба таксама ўлічваць, што лексемы tłum, tłumić толькі польскія і іх этымалогія няясная. Таму, па-першае, не абавязкова прымаць пераход t > k на беларускай глебе для тлумачэння бел. шум, шуміць, можна меркаваць і аб адваротным працэсе (гл. глум, глуміць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ата́ра ’вялікі гурт авечак’. Рус., укр. ота́ра ’тс’. У данскіх помніках пачатку XVII ст. — зямельнае ўгоддзе, паша’, укр. палес. ’загарадзь для адпачынку жывёлы, кашара’. З цюрк. отар ’паша’, ’гурт авечак’ у рускую і ўкраінскую мовы, адкуль у беларускую. Паводле Дзмітрыева (Строй, 524, 541), крыніцай маглі быць як крымскія, так і паўночнакаўказскія цюркскія мовы; адсутнасць слова ў заходніх і паўднёвых славянскіх мовах, у закарпацкіх украінскіх гаворках сведчыць хутчэй аб каўказскім арэале. Цюркскае слова этымалагізуецца ад от‑ ’трава’. Нельга выключыць магчымасці запазычання з казанска-татарскага утар ’пастаўнік’, на што ўказвалі Гараеў, 449; Фасмер, 3, 169, але пашырэнне слова ва ўкраінскай мове ператварае каўказскую этымалогію ў больш верагодную.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бальза́м (параўн. ст.-бел. балсам; Булыка, Запазыч.). Рус. бальза́м, укр. бальза́м. Новае запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Balsam (< лац. balsamum < грэч. βάλσαμον, а гэта з семіцкіх моў, гл. Клюге, 47). Гук ‑з‑ сведчыць толькі аб зах. мовах як непасрэднай крыніцы ўсх.-слав. слоў. Фасмер, 1, 119. Не пераконваюць меркаванні: Шанскі, 1, Б, 28 (супраць Фасмера; за грэч. крыніцу); Трубачоў, Дополн., 1, 119 (указвае на ст.-рус. валсамъ < грэч., але гэта не адносіцца непасрэдна да формы бальза́м). Гл. яшчэ MESz, 1, 234–235 (там і іншая літ-pa); Гютль–Ворт, For. Words, 61. Форма бальса́м (Нас.), мабыць, адлюстроўвае напісанне слова ў еўрапейскіх мовах (параўн. Брукнер, 12).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дуб 1 ’дуб’. Рус. дуб, укр. дуб, польск. dąb, чэш. dub, серб.-харв. ду̑б, ст.-слав. дѫбъ. Прасл. *dǫbъ, дуб’ (падрабязны агляд форм і семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 95–97). Паводле Трубачова, прасл. *dǫbъ — гэта назва-эўфемізм, якая звязана з лексікай з шырокай семантыкай: *dǫbrava, *dъbrь. У аснове ляжыць і.-е. *dheu̯bh‑ ’глыбокі’, але Трубачоў разумее *dǫbъ як іншасказальнае слова: першапачаткова ’нізіннае (дрэва)’. Сюды адносіцца і бел. дуб ’вялікі човен’ (Бяльк.), рус. дуб, укр. дуб. Прасл. характар маюць *dǫbiti (бел. дубі́ць і г д.); гл. Трубачоў, там жа, 91–92; прасл. dǫbina (у тым ліку бел. дубі́на, рус. дуби́на, укр. дуби́на).
Дуб 2 ’вялікі човен’. Гл. дуб 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ды́ґаць ’моцна біцца (пра сэрца)’ (Сцяц.). Выбухное ґ сведчыць пра запазычанне. Параўн. польск. dygać ’трасціся’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 185; дзіўна, што Слаўскі, там жа, бел. ды́ґаць ставіць у адзін рад з польск. словам і не ставіць нават пытання аб магчымасці запазычання). Калі праўда, як мяркуе Слаўскі (там жа), што ў аснове дзеяслова ляжыць выклічнік тыпу dygu!, dyk!, можна думаць і пра самастойнасць бел. лексемы (ды́ґаць < *дыкаць з азванчэннем інтэрвакальнага ‑к‑ > ‑ґ‑). У Насовіча ды́гаць ’прысядаць, рабіць рэверанс; павольна, нібы прысядаючы, ісці’. Трубачоў (Эт. сл., 5, 198) дапускае магчымасць запазычання з польск., але і роднаснасць з іншымі слав. формамі (прасл. *dygati). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 557.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ж, жа часціца, злучн. супр., далуч. Цяпер — паўн.-слав., аднак прадстаўлена ў выглядзе же ў ст.-слав., а ў складзе вытворных і складаных слоў — у сучасных паўд.-слав. мовах, таму па паходжанні прасл. *že, у якім скарачаўся галосны. Прасл. слова ўзыходзіць да і.-е. *ge ці *gu̯e, або *ghe (параўн. літ. ‑ga‑ nėsanga ’бо’, betaiga ’але’, ст.-прус. anga ’ці’). Непалаталізаваны варыянт *go прадстаўлены як частка слова няўго́ ’няўжо’ (Шат.) і шэрагу паўд.-слав. слоў, у тым ліку серб.-харв. не̏голи ’няўжо’. ESSJ SG, 1, 310, 334–335; 2, 759–760; Фасмер, 2, 39; Траўтман, 73–74; Тапароў, A–D, 85–86, Покарны, 1, 417.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)