род войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін СНД, у т. л. Беларусі; уваходзіць у склад сухапутных войск. У СССР створаны ў пач. 1960-х г. на аснове аб’яднання артылерыі і ракетных часцей сухапутных войск (гл.Ракетныя войскі). Здольныя знішчаць сродкі ядз. нападзення, авіяцыю на аэрадромах і аб’екты ППА; паражаць пункты кіравання войскамі, склады, вузлы камунікацый і інш., выкарыстоўваюцца таксама для паражэння караблёў праціўніка, марскіх дэсантаў і ваенна-марскіх баз. Ва Узбр. Сілах Беларусі складаюцца з падраздзяленняў, часцей і злучэнняў, якія ўваходзяць у склад аператыўных аб’яднанняў, агульнавайск. злучэнняў і рэзерву вярх. галоўнакамандавання. На ўзбраенні маюць ракетныя комплексы высокаманеўраныя скарастрэльныя артыл. сістэмы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч.арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц.папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.
сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры рэчыва з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Па дыфракцыйнай карціне вызначаюць размеркаванне электроннай шчыльнасці рэчыва, а па ёй — род атамаў і іх узаемнае размяшчэнне.
Для крышталічных матэрыялаў Р.а. дазваляе ўстанавіць каардынаты атамаў з дакладнасцю 0,01—0,1 нм, вызначыць характарыстыкі іх цеплавых ваганняў. Дыфракцыйная карціна залежыць ад атамнай будовы доследнага аб’екта, характару і даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення. Найб. распаўсюджаныя метады Р.а. — Лаўэ метад, Дэбая—Шэрэра метад. З дапамогай Р.а. даследуюцца структуры крышталёў, вадкасцей, бялковых малекул, вырашаюцца пытанні фізікі цвёрдага цела: прэцызійнае вызначэнне формы і памераў элементарнай ячэйкі, вывучэнне тэкстуры матэрыялаў, вызначэнне фазавага складу рэчываў па размяшчэнні і інтэнсіўнасцях ліній на рэнтгенаграмах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАУ́Л (Haloxylon),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).
Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.
Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВІ́НІЯ (Salvinia),
род папарацей сям. сальвініевых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Паўд. Афрыкі і Амерыкі, часткова — ва ўмераных абласцях. На Беларусі 1 від — С. плывучая, або вадзяная папараць (S.natans), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на Палессі ў стаячых (поймавыя азёры, старыцы) і з павольнай плынню водах, утварае зараснікі.
Адна- ці шматгадовыя дробныя водныя разнаспоравыя папараці. Сапраўдныя карані адсутнічаюць. Сцёблы галінастыя, ніткападобныя, апушаныя, даўж. да 10 см. Лісце па 3 у кальчаках, 2 з іх зялёныя, суцэльныя, плаваюць на паверхні, 3-і — спараносны — апушчаны ў ваду, буры, рассечаны на ніткападобныя долі і нагадвае карані. Дэкар. (акварыумныя) расліны, выкарыстоўваюцца як прыродныя фільтры, у рыбаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯ́НКА (Salsola),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Еўразіі, Афрыкі, заносныя ў Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 3 віды С.: пантыйская (S. pontica), руская, або курай, паташнік, ці попельнік (S. ruthenica), і ўзгоркавая (S. collina). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, на пустках, каля жылля.
Аднагадовыя травы, невял. дрэвы, кусты ці паўкусты. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, растапырана-галінастыя, цвёрдаапушаныя. Лісце невял., вузкае, мясістае, суцэльнае, чаргаванае, на верхавінцы звычайна шыпаватае. Кветкі малапрыкметныя, адзіночныя ў пазухах лісця або ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, двухполыя. Плод — сухі арэшак. Корм для вярблюдаў, авечак, коз; некат. віды выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННІЦЫ (Coenonympha),
род матылёў сям. аксамітніц, або сатыраў, ці вочак атр. лускакрылых. Каля 200 відаў. Пашыраны на ўзлесках, балотах, лугах. На Беларусі 6 відаў: арканія, або сатыр белапалосы (C. arcania), С. звычайная, або памфіл (C. pamphilus), іфіда (C. iphis, або glycerion), С. тулія (C. tullia), С. Гера (C. hero) і С. Эдып (C. oedippus); С. Гера і С. Эдып занесены ў Чырв. кнігу.
Размах крылаў 24—40 мм. Асн. тон афарбоўкі буры, карычневы. Спод крылаў з метал. бліскучай палоскай уздоўж краю. Вусікі з плаўна патоўшчанай булавой. Пярэднія ногі недаразвітыя. За год 1(3) пакаленне. Вусені кормяцца ў асн. дзікарослымі злакамі і асокамі. Зімуюць вусені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДА, грудніка (Sida),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).
Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕГАЛО́ВІК (Eryngium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.