днёўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. днёвак; ж.

Адпачынак днём (пры начных пераходах). На днёўку выбралі густы хмызнячок сярод поля — тут фашысты напэўна не стануць шукаць партызанаў. Новікаў. Усім загадалі захоўваць цішыню і не адыходзіць ад месца днёўкі. Мележ. // Дзённы адпачынак, сон (дзікіх жывёл, птушак). Зімой галодныя ваўкі за адну ноч праходзяць у пошуках здабычы некалькі дзесяткаў кіламетраў, але на днёўку вяртаюцца часта ў аблюбаваны імі пералесак. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меч, мяча, м.

Старадаўняя халодная зброя, падобная на вялікі нож, востры з абодвух бакоў. / у перан. ужыв. Дык чуйце, народы, ў паход на бандыта, На меч перакуйце свой плуг. Колас.

•••

Дамоклаў меч — пастаянная небяспека, пагроза (са старажытнага падання пра сіракузскага тырана Дыянісія, які ў час банкету пасадзіў на сваё месца зайздроснага Дамокла і павесіў над ім на конскім воласе меч).

Падняць меч гл. падняць.

Скрыжаваць мячы гл. скрыжаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надло́м, ‑у, м.

1. Надламанае месца. Надлом косці. Надлом бэлькі. □ — Так, так, — задумаўся Павел, — з вілкай нешта трэба рабіць. І запасной жа няма. От, фокус... Надлом, значыць. Гроднеў.

2. перан. Рэзкае аслабленне фізічных і душэўных сіл у выніку якога‑н. перажывання. Душэўны надлом. □ Пасля апошняга пасяджэння праўлення калгаса Дубель адчуў у душы нейкі надлом. Ермаловіч.

3. перан. Празмерная рэзкасць у праяўленні сваіх пачуццяў. Сказаць з надломам у голасе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назо́ла, ‑ы.

Разм.

1. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж. Той (тая), хто вельмі назаляе, дакучае. Ну, і назола ж ты! Лезці назолай у вочы. □ — Адчапіся, назола, едзь куды хочаш! Лынькоў. [Салдаты] не хацелі прызнаваць Клямта, пазіраючы на яго як на выскачку і назолу. Мележ.

2. ж. Дакука, назалянне. Конь так змучыўся.. ад балючай назолы аваднёў, што.. не мог нейкі час крануцца з месца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. чаго. Прыкаціць нейкую колькасць чаго‑н. Накаціць бярвення.

2. што. Ускаціць што‑н. на якую‑н. паверхню. Накаціць камень на дошку.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Тое, што і накаціцца (у 3 знач.). Потым, за кароткай хвілінкаю наіўнай і нясмелай падазронасці, накоціць хваля пяшчотнасць і ўдзячнасці. Савіцкі.

4. што. Спец. Коцячы, вярнуць гармату на зыходнае месца пасля яе адкату ў выніку выстралу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падстаўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які падстаўляюць пад што‑н. або прыстаўляюць да чаго‑н. Падстаўны столік.

2. Падабраны для якой‑н. мэты замест сапраўднага. Яшчэ і цяпер захаваўся ў літоўскіх сёлах звычай, што, пакуль сапраўдныя маладыя рэгіструюцца, іх месца займаюць падстаўныя, звычайна пажылыя людзі. Броўка.

3. Уст. Прызначаны для замены (пра коней). [Кастусь з Алесем] ехалі адны, далёка паперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падхапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.

Разм.

1. Хутка, імкліва ўстаць, усхапіцца з месца. Вартавы ўпаў, але праз момант падхапіўся і шпарка пабег у глыбіню двара. Шамякін. Дзяўчына зірнула на свой наручны гадзіннік, кінула нажніцы і падхапілася: — Ой, хлопчыкі! Я зноў спазнілася ў вытворчыя майстэрні. Даніленка.

2. Нечакана ўзнікнуць, узняцца. Падхапіўся мароз. □ Як на тое, падхапіўся страшэнны вецер. Ён вырываў з будынкаў дранічыны, ахапкі сена і разносіў агонь навокал. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазво́зіць, ‑звожу, ‑звозіш, ‑звозіць; зак., каго-што.

1. Звезці ў адно месца ўсё, многае. Пазвозіць сена ў гумны.

2. Забраўшы, адвезці куды‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Дробныя каменні.. [Гушка] пазвозіў усе [з поля], а вялікія пакінуў на зіму рваць іх порахам. Чорны.

3. Везучы, перамясціць зверху ўніз усё, многае або ўсіх, многіх. Пазвозіць дзяцей на санках.

4. Едучы, узяць з сабою ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пазвозіць чужыя кнігі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Месца на службе, звязанае з выкананнем пэўных абавязкаў. Пасада старшыні. □ Ад злосці больш яшчэ чарнее [ляснічы], З астатніх слоў Міхася лае, З пасады выгнаць пагражае. Колас. Бацька працаваў падзённа на чыгунцы, пасля яго прынялі на штатную пасаду рамонтным рабочым пад Магілёвам. С. Александровіч.

2. Уст. Сядзіба. На горцы ціхай, невысокай, Каля засценка недалёка, У бок дарогі, ў глыбі сада Стаяла панская пасада. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)