кіру́нак
(польск. kierunek, ад с.в.ням. kêrunge)
1) лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; напрамак;
2) перан. шлях развіцця, накіраванасць якога-н. дзеяння, з’явы;
3) грамадская, навуковая, літаратурная або іншая плынь, групоўка.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
НАТУРА́ЛЬНЫ АДБО́Р,
асноўны фактар, які рухае эвалюцыю арганізмаў. Вучэнне пра Н.а. створана Ч.Дарвінам. Незалежна ад яго да ідэі Н.а. прыйшоў А.Уалес. Паводле Дарвіна, Н.а. — вынік барацьбы за існаванне; выяўляецца ў пераважным выжыванні і пакіданні патомства найб. прыстасаванымі асобінамі кожнага віду арганізмаў і гібелі менш прыстасаваных. Неабходная перадумова, якая забяспечвае дзеянне Н.а. — спадчынная зменлівасць арганізмаў, яго непасрэдны вынік — фарміраванне ў арганізмаў прыстасаванняў да канкрэтных умоў знешняга асяроддзя. Больш аддаленыя вынікі Н.а. — павелічэнне разнастайнасці форм арганізмаў, паслядоўнае ўскладненне іх арганізацыі ў ходзе прагрэсіўнай эвалюцыі, выміранне менш прыстасаваных відаў. Дарвінаўская канцэпцыя Н.а. далей развіта ў працах А.М.Северцава, С.С.Чацверыкова, І.І.Шмальгаўзена, Р.Фішэра, Дж.Холдэйна і інш. Генет. сутнасць Н.а. грунтуецца на дыферэнцыраваным (невыпадковым) захаванні папуляцыі пэўных генатыпаў і выбіральным удзеле іх у перадачы генаў наступнаму пакаленню. Н.а. уздзейнічае на пэўны фенатып, што фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння генатыпу, які мае характэрную норму рэакцыі, з фактарамі навакольнага асяроддзя, а не на асобную фенатыпічную адзнаку (і не на асобны ген). Н.а. уяўляе сабой верагоднасны працэс. Непасрэдна ён не з’яўляецца прычынай зменлівасці арганізмаў, аднак можа ўздзейнічаць на частату і напрамкі тых мутацый, якія пераважаюць, робяць вызначальны ўплыў на тэмпы і напрамкі эвалюц. працэсу. Ступень уздзеяння Н.а. на папуляцыі арганізмаў наз. інтэнсіўнасцю ціску Н.а. Дзеянне Н.а. выразна выяўляецца ў вял. папуляцыях (сотні і больш асобін), таму што па меры скарачэння іх колькасці. павялічваецца роля выпадковых фактараў, якія змяншаюць яго эфектыўнасць. Адбор уздзейнічае на асобныя арганізмы (індывідуальны адбор) і на цэлыя групоўкі (т.зв. групавы адбор), пры гэтым ён можа спрыяць захаванню такіх прыкмет асобін, што з’яўляюцца карыснымі для групы ў цэлым, а не для саміх іх уладальнікаў. Н.а. дзейнічае ў розных кірунках і адпаведна прыводзіць да розных вынікаў. У якасці асобных форм Н.а. адрозніваюць разрываючы (дызруптыўны), рухаючы, стабілізуючы адбор. Прыватны выпадак Н.а. — палавы адбор. Гл. таксама Дымарфізм, Штучны адбор.
Літ.:
Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч. М.; Л., 1939. Т. 3;
Шмальгаузен И И. Факторы эволюции: Теория стабилизирующего отбора 2 изд. М., 1968;
Шеппард Ф.М. Естественный отбор и наследственность: Пер. с англ. М., 1970.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
а́кцыя2
(фр. action, ад лац. actio = дзеянне)
каштоўная папера, якая сведчыць аб унясенні пэўнага паю ў прадпрыемства і дае права яе ўладальніку на ўдзел у справах і прыбытках гэтага прадпрыемства.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
эне́ргія
(гр. energeia = дзеянне, дзейнасць)
1) мера руху матэрыі і яе здольнасць выконваць работу (напр. сонечная э., ядзерная э.);
2) рашучасць і настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты (напр. працаваць з энергіяй).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
сыхо́джанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. сыходзіць — сысці (у 1, 3 і 4 знач.).
2. Дзеянне паводле дзеясл. сыходзіцца — сысціся (у 1, 2, 6 і 12 знач.), а таксама месца, дзе што‑н. сыходзіцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЯЛІ́КІХ ЛІ́КАЎ ЗАКО́Н,
агульны прынцып, паводле якога сукупнае дзеянне вял. ліку выпадковых фактараў пры некаторых вельмі агульных умовах прыводзіць да выніку, які амаль не залежыць ад выпадку.
На пач. 18 ст. Я.Бернулі ўпершыню дакладна даказаў тэарэму пра імкненне частаты выпадковай падзеі да яе імавернасці пры вял. колькасці выпрабаванняў. Гэтая тэарэма дае тэарэт. аснову для набліжанага вылічэння невядомай імавернасці падзеі па яе частаце. С.Пуасон у 1837 пашырыў тэарэму Бернулі на больш агульныя ўмовы і ўвёў тэрмін «Вялікіх лікаў закон». Значнае абагульненне тэарэмы Бернулі зрабіў П.Л.Чабышоў (1866), вынікам чаго з’яўляецца правіла сярэдняга арыфметычнага, якое выкарыстоўваецца ў практыцы вымярэнняў: калі x1, x2, x3, ..., xn — значэнні велічыні, што вымяраецца, то яе сапраўднае значэнне супадае з сярэднім значэннем
Вялікіх лікаў законам карыстаюцца ў тэхніцы, фізіцы, статыстыцы, эканоміцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.
А.А.Гусак.
т. 4, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар. навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).
А.А.Богуш.
т. 6, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.
Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.
А.В.Берастаў.
т. 7, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГІЯ,
чарадзейства; абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы. Узнікла ў першабытным грамадстве. Вядомая ўсім народам, захавалася ў рэліг. вераваннях да нашага часу. Адрозніваюць белую М., якая заклікала бога, і чорную М., што звярталася да «нячыстай» сілы. У аснове М. ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з’яву. Найб. пашыраныя віды М.: лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гасп. (земляробчая, паляўнічая, бортніцкая, будаўнічая), быт. (засцярога ў дарозе, пры начлезе ў лесе і інш.), любоўная (прыварожванне, адварожванне), шкаданосная (насланнё, псаванне, заломы ў жыце). Часта была заняткам т.зв. чараўнікоў, ведзьмароў, шаманаў. Рэшткі магічных элементаў існуюць і ў наш час.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994.
т. 9, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
шматэтапная сістэма кіравання, што каардынуе і інтэгруе дзеянне нерв. сістэмы і гумаральных фактараў крыві, лімфы, тканкавай вадкасці на фізіял. працэсы ў арганізме жывёл і чалавека. Падтрымлівае адноснае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма (гамеастаз) і яго прыстасаванасць да ўмоў існавання. Мае нерв. механізмы вядучых звёнаў рэгуляцыі і хім. рэчывы (гармоны, медыятары, метабаліты) для перадачы сігналаў паміж клеткамі і ўнутры клетак. Складаецца з кіравання (працэсы, што адбываюцца ў нерв. элементах), сінтэзу (утварэнне малекул гумаральнага рэгулятара ў сакраторных клетках), сакрэцыі (выдзяленне гумаральнага рэгулятара з клетак у кроў), транспарту (перанос малекул па крыві, лімфе і міжклетачнай вадкасці), эфекту (узаемадзеянне гумаральнага рэгулятара з клетачнымі рэактыўнымі сістэмамі, што выклікае пэўныя метабалічныя і функцыян. змены ў клетках органа-мішэні), метабалізму (біяхім. пераўтварэнні малекул гумаральнага рэгулятара і вывядзенне з арганізма).
Літ.:
Акмаев И.Г. Структурные основы механизмов гипоталамической регуляции эндокринных функций. М., 1979;
Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)