САМАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава ў Цэнтр. Азіі са сталіцай у г. Бухара ў 9—10 ст. Узнікла ў выніку распаду Арабскага халіфата (9 ст.), калі ўладу ў Маверанахры і Харасане захапілі намеснікі з роду Саманідаў. Канчаткова склалася пры Ісмаіле Самані [874—907], які ў 892 абвясціў сябе незалежным эмірам. У перыяд росквіту ўключала Маверанахр, Харасан, Паўн. і Усх. Іран; у васальнай залежнасці ад С.дз. былі Гарган, Сістан, Чаганіян, Табарыстан (Мазендэран) і інш. Саманіды імкнуліся стварыць цэнтралізаваную дзяржаву з суцэльнай сістэмай адм. улады і моцным войскам. У гэты час назіраўся ўздым Бухары, Самарканда, Нішапура, Мерва, Ургенча, Герата як буйных цэнтраў рамяства і гандлю. Саманіды падтрымлівалі навукі і мастацтва, пры іх двары працавалі паэты, пісьменнікі, вучоныя, што спрыяла станаўленню новай мусульм.-перс. л-ры і фарміраванню сучаснай перс. мовы (фарсі). З сярэдзіны 10 ст. пачаўся заняпад С.дз., якая спыніла сваё існаванне пасля захопу ў 999 Бухары цюркамі. С.дз. адыграла важную ролю ў этнагенезе таджыкаў.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ГЕР БРАБА́НЦКІ (Siger de Brabant; каля 1235—82),
нідэрландскі філосаф, заснавальнік зах.-еўрап. авераізму. З 1266 праф. Парыжскага ун-та. Двойчы асуджаны інквізіцыяй (у 1270 і 1277). У час чарговага следства забіты сваім сакратаром. У трактатах «Аб разумнай душы», «Аб вечнасці свету», «Немагчымае», «Аб неабходнасці і ўзаемасувязі прычын» і ў каментарыях да «Фізікі», «Метафізікі» і інш. твораў Арыстоцеля сфармуляваў тэорыю дваістасці ісціны, паводле якой ісціны філасофіі і тэалогіі могуць супярэчыць адна адной. Адмаўляў ідэю стварэння Богам свету з нічога і божае наканаванне. Развіваў вучэнне аб усеагульным дэтэрмінізме і абвяргаў існаванне свабоды волі ў чалавека і Бога. Лічыў, што ўсе працэсы і падзеі на Зямлі залежаць ад руху нябесных цел і маюць цыклічны характар. Сцвярджаў, што чалавечы дух (інтэлект) уяўляе сабой вечную, нематэрыяльную субстанцыю, а душа смяротная. Погляды С.Б. абвяргалі Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Р.Лулій. Вучэнне С.Б. паўплывала на светапогляд Дантэ, П.Пампанацы, Дж.Піка дэла Мірандалы, авераістаў падуанскай школы і інш.
т. 14, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКА́ЙЛЭБ»
(англ. Skylab ад sky laboratory нябесная лабараторыя),
амерыканская эксперыментальная арбітальная станцыя для палёту па каляземнай арбіце; таксама праграма яе распрацоўкі, запуску і эксплуатацыі. Прызначалася для вывучэння ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека ў час працяглых касм. палётаў, правядзення навук.-тэхн. і тэхнал. эксперыментаў, даследаванняў Сонца, прыродных рэсурсаў Зямлі і інш. Выведзена на арбіту 14.5.1973 ракетай-носьбітам «Сатурн-5» (без экіпажа). Маса 77 т, даўжыня 25 м. Аб’ём жылых адсекаў каля 340 м³.
Станцыя складалася з асн. блока (лабараторны і бытавы адсекі). прыборнага адсека, шлюзавай камеры (забяспечвала выхад касманаўтаў у адкрыты космас), прычальнай канструкцыі з асн. і рэзервовым стыковачнымі вузламі і платформы з комплексам астр. прылад. Не прызначалася для вяртання на Зямлю, дастаўка і змена экіпажаў праводзіліся пры дапамозе трансп. касм. карабля «Апалон»У 1973—74 на станцыі працавалі 3 экіпажы касманаўтаў (па 3 чал). Макс. працягласць палёту 84 сут. З лютага 1974 у аўтам. рэжыме, 9.7.1979 спыніла існаванне. Іл. гл. да арт. Арбітальная станцыя.
У.С.Ларыёнаў.
т. 14, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
плюралі́зм
(англ. pluralism, ад лац. pluralis = множны)
1) філасофскае вучэнне, паводле якога ў аснове свету ляжыць многа незалежных духоўных сутнасцей (параўн. дуалізм, манізм);
2) прызнанне права на існаванне множнасці метадаў, падыходаў, партый, напрамкаў;
п. думак — разнастайнасць пунктаў погляду на адну палітычную або эканамічную праблему.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Карп ’рыба Cyprinus carpio’, укр. карп, рус. карп, чэш. karp, славац. kapor, польск. karp, в.-луж. karpa, палаб. karp. Разглядаецца як запазычанне са ст.-в.-ням. karpo (Параўн. Бернекер, 575). Але ў славянскіх мовах існуе назва карпа з метатэзай плаўных: укр. короп, рус. короп, балг. карп, серб.-харв. кра̏п, славен. kràp, што робіць нямецкае паходжанне назвы больш праблематычным. У кожным разе нельга выключыць магчымасць славянскага паходжання нямецкай лексемы. Цікавым фактам з’яўляецца існаванне ст.-інд. śapharaḥ ’від карпа’, якое сведчыць аб палатальным к на пачатку слове. Ст.-грэч. κυπσῖνος ’карп’ гаворыць аб вандроўным характары лексемы. Непасрэдную крыніцу славянскіх форм вызначыць цяжка (Фасмер, 2, 334; Каламіец, 109–111).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
гірамагні́тны
(ад гіра- + магнітны);
г-ая частата — частата вярчэння па акружнасці зараджанай часцінкі ў іанізаваным газе вакол сілавых ліній пастаяннага магнітнага поля;
г-ыя з’явы — магнітамеханічныя з’явы ў ферамагнетыках, якія паказваюць на існаванне сувязі паміж магнітнымі і механічнымі момантамі электронаў у атамах і атамаў у цэлым.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.
2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́сахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. высах, ‑сахла; зак.
1. Стаць сухім, прасохнуць. Памалу высахла зямля, Зарунелі чорныя абрывы. Танк. // Спыніць існаванне, страціўшы вільгаць (пра вадаёмы). Як высеклі лес, дык і раўчук высах. Чарнышэвіч. // Выпарыцца, знікнуць (пра ваду, вільгаць). Слёзы высахлі ў малой, Пачала смяяцца: — Раз не страшна ёй [вавёрцы] адной, Мне чаго баяцца!.. Муравейка.
2. Звяць, засохнуць (пра расліны). Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас.
3. перан. Схуднець. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе.., то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забеспячэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. забяспечваць — забяспечыць.
2. Грошы, матэрыяльныя сродкі, якія даюцца каму‑н. з мэтай забяспечыць яго існаванне. Грамадзяне СССР маюць права на матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці.
3. Сукупнасць мерапрыемстваў па задавальненню матэрыяльных патрэб насельніцтва, якіх‑н. арганізацый. Цэнтралізаванае забеспячэнне. Органы забеспячэння.
4. Сукупнасць прадметаў, рэчаў, якімі забяспечваецца хто‑, што‑н. Бытавое забеспячэнне. Тэхнічнае забеспячэнне.
5. Тое, што забяспечвае непарушнасць, выкананне чаго‑н., з’яўляецца гарантыяй чаго‑н. Папяровыя грашовыя знакі з цвёрдым залатым забеспячэннем.
•••
Сацыяльнае забеспячэнне — сістэма дзяржаўных мерапрыемстваў у СССР па матэрыяльнаму забеспячэнню грамадзян у старасці, пры інваліднасці, хваробе і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́расць, ‑і, ж.
1. Перыяд жыцця пасля сталасці, калі паступова адбываецца аслабленне дзейнасці арганізма. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Колас. Раней была нейкая надзея, старасць забывалася і знаходзіліся сілы... Мележ. Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла старасць. Чарнышэвіч.
2. Доўгачасовае існаванне; зношанасць. Мяне .. [Бычыха] не чапала, мабыць з-за таго, што хадзіла цераз вуліцу ў наш калодзеж па ваду, бо свой падгніў ад старасці. Кулакоўскі. Сям-там ляжалі поперак дарогі велізарныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. Маўр.
•••
На старасці год — у пажылым узросце, у старыя гады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)