галіна дзейнасці, мэта якой арганізацыя прасторы для жыцця чалавека, развіцця вытворчасці, захавання і ўзбагачэння прыроднага асяроддзя. Яе аб’ектам з’яўляюцца гар. і сельскія паселішчы, прылеглыя да іх тэр., асобныя зоны і сеткавыя састаўляючыя гэтых паселішчаў (жылыя, грамадскія, вытв., рэкрэацыйныя, сетка абслугоўвання, транспарту, інж.-тэхн. забеспячэння), а таксама размешчаныя па-за межамі паселішчаў навук., вытв., лячэбна-аздараўленчыя і інш. комплексы. Горадабудаўніцтва абумоўлена і навук.-тэхн. прагрэсам, узроўнем эканам. развіцця грамадства, што ў сукупнасці вызначае функцыян., тэхн. і эстэт. патрабаванні і ўмовы прасторавай арганізацыі яе аб’ектаў. Праблемы рацыянальнай прасторавай арганізацыі вял. тэрыторый разглядаюцца ў самаст. галіне дзейнасці горадабудаўніцтва — тэрытарыяльнай (рэгіянальнай або раённай) планіроўцы. З улікам прыродна-кліматычных умоў у сучасных гарадах фарміруецца водна-зялёная сістэма. Яе фарміраванне — галіна дзейнасці ландшафтнай архітэктуры. Горадабудаўніцтва як прафесійная дзейнасць рэалізуецца: у праектаванні (распрацоўка праектна-планіровачнай дакументацыі на аб’ект, што падлягае буд-ву ці рэканструкцыі); у навук. даследаваннях, якія выяўляюць агульныя заканамернасці фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва, абгрунтоўваюць праектныя вырашэнні з пазіцый сац., эканам. і экалагічнай эфектыўнасці; у кіраванні працэсамі фарміравання, пераўтварэння і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва (распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў, нарматыўна-прававых дакументаў, аператыўная кіраўніцкая дзейнасць органаў архітэктуры і горадабудаўніцтва і інш.). У горадабудаўніцтве прымаюць удзел спецыялісты рознага профілю — архітэктары, эканамісты, спецыялісты па транспарце, інж. аснашчэнні тэрыторыі, эколагі, дэмографы і інш. Горадабудаўніцтва разглядаецца і як від мастацтва. Гарады ўвасабляюць не толькі дасягнуты на розных этапах развіцця грамадства ўзровень тэхналогіі, але і духоўныя, маст. густы свайго часу. Горад з’яўляецца арх.-прасторавай цэласнасцю і вынікам творчай дзейнасці многіх пакаленняў. Арх.-маст. аспект горадабудаўніцтва выяўляецца ў фарміраванні маст. аблічча населенага пункта, асобных гар.арх. ансамбляў.
Горадабудаўніцтва — адна са стараж. галін дзейнасці чалавецтва. Першыя гарады ўзніклі ў 4—3-м тыс. да н.э. (Вавілон у Месапатаміі, Фівы ў Стараж. Егіпце). У 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі склалася рэгулярная сістэма (т.зв. «гіпадамава», ад імя яе стваральніка арх. Гіпадама) планіроўкі гарадоў, заснаваныя на прамавугольнай сетцы вуліц. У Стараж. Рыме рэгулярная сістэма стала вызначальнай. Шэраг рымскіх гарадоў (Пампеі, Остыя) меў геам. правільныя абрысы (квадрат ці прамавугольнік) і 2 гал. вуліцы (кампазіцыйныя восі плана). Каля скрыжавання гал. вуліц знаходзіўся гар. цэнтр з ансамблямі формаў. Для многіх гарадоў сярэднявечча характэрна радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі, што вялі да гандл. плошчы, кафедральнага сабора, ратушы. У эпоху Адраджэння ў Зах. Еўропе архітэктары распрацоўвалі асновы і прыёмы стварэння арх. ансамбляў (ансамблі пл.св. Пятра, Капітолія і П’яцца даль Попала ў Рыме; Вагезаў і Вандомскай плошчаў у Парыжы). У Стараж. Русі адм.-паліт. і рэліг. цэнтрамі гарадоў былі крамлі і дзядзінцы, якія абумовілі асаблівасці забудовы Ноўгарада, Масквы, Кіева, Уладзіміра, Смаленска, Растова і інш. Рускае горадабудаўніцтва 18—19 ст. вызначалася разнастайнасцю прыёмаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў, арган. адзінствам геам. правільнай сеткі вуліц і буйных арх. ансамбляў; выдатны ўзор рус. горадабудаўніцтва — забудова Пецярбурга. У пач. 20 ст. сфарміраваліся тэарэт. кірункі горадабудаўніцтва (дэзурбанізм, урбанізм); ствараліся планы рэканструкцыі і развіцця гарадоў, узніклі новыя гарады, гарады-сады, гарады-спадарожнікі.
На Беларусі зараджэнне горадабудаўніцтва звязана з узнікненнем умацаваных паселішчаў — гарадзішчаў. Для горадабудаўніцтва 9—12 ст. характэрны рысы абарончага дойлідства: магутныя драўляна-земляныя абарончыя збудаванні, зрубныя сцены з драўлянымі вежамі (Полацк, Віцебск, Мінск). Планіровачная структура гарадоў 15—16 ст. фарміравалася вакол іх грамадскіх цэнтраў — гандл. плошчаў, замкаў. Асн. вуліцы былі працягам дарог, якія звязвалі горад з наваколлем. У пачатку такіх вуліц у гар. сцяне ставіліся брамы (Нясвіж, Стары Быхаў). Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў, злучаныя папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі, утваралі радыяльна-кальцавую сістэму (Пінск, Магілёў). У 18 ст. ў кампазіцыі гарадоў пераважалі гандл. і ратушныя плошчы, дзе ставілі адм., гандл. і культавыя будынкі: іх вышыня, разнастайнасць, манументальнасць у спалучэнні са значнымі памерамі плошчаў садзейнічалі стварэнню сілуэтнай і кампазіцыйнай структуры горада. Прынцып рэгулярнай планіроўкі, заснаванай на класічных традыцыях, найб. выявіўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Полацку, Барысаве, Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску, Бабруйску, Брэсце, Чавусах, Бабінавічах, Чэрыкаве, Давыд-Гарадку. Прагрэс. рысамі тагачаснага горадабудаўніцтва была ансамблевая забудова, стылявое адзінства буйных збудаванняў, вуліц і плошчаў на аснове класіцызму. У 1920—30-я г. пачалася распрацоўка генпланаў гарадоў з удзелам праектных арг-цый Масквы, Ленінграда, Харкава; складаліся праекты планіроўкі і забудовы жылых і прамысл. раёнаў, вуліц, плошчаў. У Вял.Айч. вайну многія гарады Беларусі разбураны. У пасляваен. гады генпланы распрацоўваліся на прынцыпах комплекснай забудовы, будаваліся новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Жодзіна). Створаны буйныя жылыя раёны і мікрараёны ў Мінску (Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад), Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Оршы і інш. Але канцэнтрацыя гал. увагі на утылітарна-тэхн. і эканам. пытаннях стала прычынай аднастайнасці жылой забудовы і страты своеасаблівасці некат. гарадоў. Ствараліся новыя прамысл. раёны і вузлы-комплексы прамысл. прадпрыемстваў, аб’яднаных агульнавузлавымі збудаваннямі (гл. ў арт.Прамысловая архітэктура). На аснове Схемы развіцця і размяшчэння прадукц. сіл (1959—80-я г.), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі рэспублікі (да 2000—2010 г.) рэгулярна карэкціруюцца і складаюцца новыя генпланы гарадоў. Вядзецца рэканструкцыя і развіццё грамадскіх цэнтраў гарадоў, якія разглядаюцца як адзіная сістэма, што ўключае цэнтр. ядро, арх. комплексы цэнтраў гар. раёнаў і звязаныя з імі магістральныя вуліцы і плошчы. Новыя сац.-эканам. і паліт. ўмовы сучаснага этапу змянілі механізм горадабуд. дзейнасці. Прамое цэнтралізаванае кіраванне забудовай паступова замяняецца працэсам фарміравання прасторы жыццядзейнасці як сферы палітыкі, прававых адносін і эканомікі. Праектныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва выконваюцца ў Горадабудаўніцтва Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце (БелНДІПгорадабудаўніцтва), гар. і абл. праектных арг-цыях, на кафедры горадабудаўніцтва арх. ф-та Бел.дзярж.політэхн. акадэміі. Кіраванне горадабуд. дзейнасцю на нац. узроўні ажыццяўляе Мін-вабуд-ва і архітэктуры, на мясц. узроўнях — абл., раённыя і гар. органы кіравання архітэктурай і горадабудаўніцтвам.
Літ.:
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Рагон М. Города будущего: Пер. с фр.М., 1969;
Бунин А.В., Саваринская Т.Ф. История градостроительного искусства. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979;
Бархин М.Г. Архитектура и город. М., 1979;
Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;
Новые города Белоруссии. Мн., 1966;
Зельтен Н.А. Архитектура и планировка малых городов Белоруссии. Мн., 1968;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;
Беларусь: Среда для человека: Нац. отчет о человеческом развитии, 96. Мн., 1996.
І.А.Іода, В.І.Анікін, Ю.І.Шпіт.
Да арт.Горадабудаўніцтва. Рэканструкцыя антычнага Рыма 4 ст. Фрагмент макета.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Нюрнберга. Гравюра з «Сусветнай хронікі» Гартмана Шэдэля. 1493.Да арт.Горадабудаўніцтва. Цэнтр Гродна. З гравюры пач. 20 ст.Да арт.Горадабудаўніцтва. План Масквы з кнігі З.Герберштэйна «Запіскі аб маскоўскіх справах». Базель. 1556.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама горада Х’юстан (ЗША).Да арт.Горадабудаўніцтва. План Оршы. 1788.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Парыжа.Да арт.Горадабудаўніцтва. Вуліца Першамайская ў Магілёве.Да арт.Горадабудаўніцтва. Праспект Машэрава ў Мінску.
Створаны ў 1932 у Бабруйску на базе вандроўнай рус. трупы як Дзярж.рус.драм.т-рБССР, у 1955—92 імя М.Горкага, з 1994 акадэмічны. У 1935—41 і 1944 працаваў у Магілёве, з крас. 1945 у Гродне, з ліп. 1947 у Мінску. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1932—36) У.Кумельскі. Праграму і творчае аблічча т-ра 1-й пал. 1930-х г. вызначалі яго сцэн. індывідуальнасць, ідэйна-маст. і эстэт. погляды, якія склаліся пад уплывам абвешчанага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць т-р інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэн. ўвасаблення, класава-сац. падыход да інтэрпрэтацыі тагачаснай драматургіі, класічнай рус. і сусв. спадчыны. Кумельскі імкнуўся спалучаць акрэсленую грамадзянскую пазіцыю т-ра з маляўнічай формай спектакляў, дасягаць глыбокага пранікнення ў характары персанажаў. У рэпертуары пераважала сав. драматургія: «Чапаеў» паводле Дз.Фурманава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука, «Мой сябра» М.Пагодзіна, «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Браняпоезд 14-69» У.Іванава, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага. Асаблівай увагай карысталася драматургія М.Горкага. Праграмным і этапным спектаклем т-ра стаў «Ягор Булычоў і іншыя». Поспех пастановак гэтага перыяду шмат у чым вызначаўся ўдзелам у іх Кумельскага — акцёра яркай індывідуальнасці. Трупа фактычна кожны сезон фарміравалася нанава, пастаянна мяняліся маст. кіраўнікі. Найб. плённы перыяд звязаны з дзейнасцю рэжысёра А.Данаці (1936—38). У 1939 калектыў узначаліў Дз.Арлоў, была праведзена рэарганізацыя т-ра, ён папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатр. вучылішчаў. Сярод спектакляў «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. З пач.Вял.Айч. вайны т-р спыніў дзейнасць. Адноўлены летам 1943 у Маскве як франтавы. Сярод пастановак першых пасляваен. гадоў: «Сустрэча ў цемры» Ф.Кнорэ, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. «Тры сястры» А.Чэхава, «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога. Вызначальнымі ў рэпертуары канца 1940-х г. былі пастаноўкі класічных твораў: п’ес Астроўскага «Жаніцьба Бялугіна» (нап. з М.Салаўёвым), «Апошняя ахвяра» і «На бойкім месцы», Чэхава «Дзядзька Ваня», М.Горкага «Дзеці сонца», Шэкспіра «Атэла». З пастановак тагачасных п’ес найб. поспехам карысталася «Старыя сябры» Л.Малюгіна. У 1950 т-р у другі раз пасля інсцэнізацыі «Сымона Карызны» М.Зарэцкага ў 1935 звярнуўся да бел. драматургіі: пастаўлена п’еса В.Палескага «Песня нашых сэрцаў», у 1953 адноўлена пад назвай «Што пасееш, тое і пажнеш». 1950-я г. ў творчасці т-ра адметныя дзейнасцю рэжысёра высокай тэатр. культуры В.Фёдарава. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду: «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава, «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі. Асаблівае месца сярод іх займалі «Варвары» М.Горкага (пасля паказу гэтага спектакля на Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве т-ру было прысвоена імя М.Горкага) і «Кароль Лір» Шэкспіра, прызнаныя дасягненнем тэатр. мастацтва краіны 1950-х г. Спектакль «Кароль Лір» і найперш выкананне А.Кіставым гал. ролі былі высока ацэнены дзеячамі тэатр. мастацтва Англіі.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. плённым было супрацоўніцтва т-ра з рэжысёрамі М.Співаком («Галоўная стаўка» Губарэвіча, «Аптымістычная трагедыя» Вішнеўскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Улада цемры» Л.Талстога) і В.Рэдліх («Беспасажніца» Астроўскага, «Дзеці сонца» М.Горкага, «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава, «Антоній і Клеапатра» Шэкспіра). Рэпертуар папоўніўся п’есамі бел., сав. і тагачасных замежных драматургаў. У 2-й пал. 1960-х — 1-й пал. 1970-х г. назіралася стракатасць рэпертуару, з’яўляліся спектаклі сярэдняга ўзроўню. Поспехі калектыву ў гэты перыяд звязаны з асобнымі пастаноўкамі класічных твораў: «Маскарад» М.Лермантава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Марыя Сцюарт» Шылера. Вылучаліся таксама спектаклі: «А досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Двое на арэлях» У.Гібсана. Творчы ўздым т-ра 1970-х г.
звязаны з дзейнасцю рэжысёра Б.Луцэнкі, праграмнымі спектаклямі якога сталі «Макбет» Шэкспіра (паказаны на міжнар. шэкспіраўскім фестывалі ў ФРГ, 1981), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Трагедыя чалавека» І.Мадача, «Лазня» У.Маякоўскага. Т-р набывае сваё адметнае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла па-мастацку даследуюцца ў спектаклях «Пайсці і не вярнуцца» паводле В.Быкава, «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча, «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса і інш. Творчы дыяпазон т-ра пашырылі спектаклі рэжысёраў У.Маланкіна, М.Сулімава, А.Даброціна, А.Каца, М.Кавальчыка, А.Кузняцова, Б.Глаголіна, А.Карпава. 1980-я г. ў дзейнасці т-ра найперш звязаны з пастаноўкамі рэж. В.Маслюка («Знак бяды» паводле аповесці В.Быкава, Дзярж. прэмія Беларусі 1986. «Гамлет» Шэкспіра). Сярод інш. спектакляў гэтага перыяду: «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, «І быў дзень» («Звалка») А.Дударава, «Незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» паводле У.Вайновіча. Ставяцца п’есы такіх буйных сучасных драматургаў, як Э.Олбі, Ф.Дзюрэнмат, Т.Уільямс, Ю.О’Ніл, К.Чапек. У пач. 1990-х г.т-р зноў узначаліў Луцэнка. Сярод спектакляў: «Блаславі нас, госпадзі...» С.Бельцюкова і А.Залётнава, «Драўляны рыцар» С.Кавалёва, «Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў» Луцэнкі, «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага, «Букееў і кампанія» М.Горкага, «Прасцячкі нечаканых астравоў» Б.Шоу, «Амфітрыён» паводле Плаўта. У 1981 у т-ры адкрыта Малая сцэна (спектаклі «Вячэра» Ж.К.Брысвіля, «На Залатым возеры» Э.Томпсана).
Важкі ўклад у развіццё т-ра зрабілі нар.арт.СССР Я.Палосін, нар. артысты Беларусі Г.Абуховіч, Арлоў, А.Кістаў. У розныя гады ў т-ры працавалі: Ф.Шмакаў, нар. артысты Беларусі Я.Карнавухаў, Р.Качаткоў, Ю.Ступакоў, В.Філатаў, І.Шаціла, нар.арт. Расіі К.Шышкін, засл. артысты Беларусі М.Аблаў, А.Бялоў, К.Верамейчык, Л.Весніна, В.Воінкаў, В.Захарава, А.Кашкер, В.Краўчанка, М.Кузьменка, І.Лакштанава, І.Лакштанаў, Г.Някрасаў, І.Ражба, М.Сокал, Т.Трушына, В.Чэмберг, А.Шапс, А.Шкапскі, засл. работнік культуры Беларусі Б.Вішкароў, засл. дзеячы маст. Беларусі акцёры і рэжысёры Ю.Арынянскі і Кумельскі, сцэнографы В.Галубовіч, А.Грыгар’янц, Ю.Тур.
У складзе трупы (1997): нар. артысты СССР А.Клімава, Р.Янкоўскі, нар. артысты Беларусі В.Клебановіч, Б.Масумян, Ю.Сідараў, засл. артысты Беларусі З.Асмалоўская, В.Бандарэнка, Л.Былінская, Э.Гарачы, А.Ткачонак, А.Шах-Парон, У.Шэлестаў, засл. арт. Расіі А.Брухацкі, акцёры У.Курган, Я.Лявонцьеў, Г.Маланкіна, А.Пастрэвіч, Н.Чамадурава і інш.Гал. рэжысёр (з 1991) нар.арт. Беларусі Луцэнка, гал. мастак У.Чарнышоў.
Б.Л.Бур’ян.
Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Макбет» У.Шэкспіра.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Варвары» М.Горкага.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «На Залатым возеры» Э.Томпсана.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Майстры» паводле М.Булгакава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар.буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.
Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл.Драўлянае дойлідства). Да 3 ст.асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц.буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.
На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл.Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб.стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж.столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес. прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;
Да арт.Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П.), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш.). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш у П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭАТР,
адна з форм літ.-драм.радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.
Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.Х’юза). У б.СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж.рас. радыё і ў Астанкіна.
На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.Ільінскага, «Канец дружбы» К.Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз.выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г.літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г.вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял.Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака. У 1960-я г.сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.Мележа, «Жураўліны крык» В.Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.Савіцкага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.Новікава, «Васіль Корж» С.Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.Лукшы, «Была вайна народная» А.Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.Мехава, «Каб узышло сонца» Р.Бакіевіча і А.Пётуха, «Праўда адна» А.Шлега, «Такая служба» А.Пінчука, «Званы Віцебска» У.Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.Куляшова «Хамуціус», Я.Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.Місько «Градабой», В.Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.Калошкі, «Вяртанне» У.Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).
З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.Коласа, «Адгукніся песняй» А.Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.Васілевіч, «Лацароні» Я.Маўра, «Гарачым летам» Ф.Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі, «Салдацёнак» Ч.Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Я.Глебаў, А.Залётнеў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, І.Любан, А.Мдывані, П.Падкавыраў, С.Палонскі, В.Помазаў, Р.Пукст, Л.Свердэль, А.Туранкоў, М.Чуркін.
Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.Алендэр, Т.Аляксеева, В.Анісенка, У.Багалюбскі, С.Гурыч, П.Данілаў, І.Лапцінскі, М.Троіцкая, С.Сцефановіч; акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Клімава, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, І.Шаціла, Р.Янкоўскі.
Літ.:
Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.Уайлд, М.Чапмен, Р.Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.Вейс, Ч.Хартшарн, У.Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл.Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.Конт, Г.Спенсер, Л.Гумплавіч, М.М.Кавалеўскі, Э.Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.Патнэм, У.Селарс, Г.Р.Харэ).
Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст.маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-раАдраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.Бакачыо, Ф.Рабле, М.Сервантэса, У.Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.Дэфо, Г.Філдынг, Д.Дзідро, Г.Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.
Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.Скарына, В.Цяпінскі, С.Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.Пацея, М.Сматрыцкага, І.Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.Каратынскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап.літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц.сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл.«Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.
Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.Гудона (Францыя), У.Хогарта (Вялікабрытанія), Д.Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.Плашанам. У самаст. кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.Дам’е, а таксама Ж.Ф.Міле, П.Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст.маст. кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;
Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫ́СТЫКА,
навука пра народную паэтычную творчасць (фальклор) як неад’емную частку духоўнай культуры народа. Звязана з муз. Ф., этнаграфіяй, літаратуразнаўствам, абрадамі і звычаямі, міфалогіяй і інш. Задачы Ф.: збіраць і выдаваць фалькл. творы; даследаваць спецыфічныя рысы калект. вуснай нар. творчасці, гіст. заканамернасці яе развіцця, праблемы паходжання фальклору, яго жанравыя асаблівасці, ідэйна-эстэт. і інш. функцыі; спалучэнне калект. і асабістага ў творчай дзейнасці майстроў фальклору (сказіцеляў, казачнікаў, песеннікаў); высвятляць узаемасувязі фальклору і л-ры, месца і ролю нар. творчасці ў нар. побыце, у развіцці нац. культуры; нац. самабытнасць і ўзаемадзеянне вусна-паэт. творчасці розных народаў. Глыбокае вывучэнне фальклору магчыма толькі ў працэсе яго вуснага бытавання, выканання. Таму збіральніцкія і даследчыцкія задачы Ф. непадзельныя. Ф. распрацоўвае свае метады даследавання.
Творы фальклору запісваліся са старажытнасці (у Вавілоне, Кітаі, Егіпце яшчэ да н.э.). Еўрап.гіст. хронікі і літ. помнікі сярэдневякоўя ўвабралі шматлікія нар. легенды, паданні, прытчы і інш. Многія творы стараж.-рус. фальклору ўвайшлі ў летапісы, «Слова аб паходзе Ігаравым», зб-кі казанняў і г.д. Развіццё Ф. як навукі ў Еўропе пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязана з фарміраваннем нацый (асабліва слав.) і разгортваннем нац.-вызв. руху ў краінах, дзе развіваліся капіталіст. адносіны. З ростам нац. самасвядомасці нар. творчасць станавілася адным з найважн. аргументаў у адстойванні нац. культуры. Гэта выклікала шырокую цікавасць да фальклору і побыту народа. У 1706 выйшаў франц. пераклад А.Галана араб. казак «Тысяча і адна ноч». Шырокі размах набыло выданне фалькл. твораў у 2-й пал. 18 ст.: зб.стараж.англ. балад «Рэліквіі старажытнай англійскай паэзіі» Т.Персі (т. 1—3, 1765); у Расіі — «Збор розных песень» М.Чулкова (т. 1—4, 1770—74), «Збор народных рускіх песень з іх галасамі. На музыку палажыў Іван Прач» М.Львова (т. 1—2, 1790), першыя зб.літ. апрацаваных рус. казак; у Германіі — зб. «Галасы народаў у песнях» І.Гердэра (1778—79). Значнай з’явай у Ф. пач. 19 ст. было выданне рус. былін (1804), сербскіх эпічных песень (1814), ням. казак братоў Грым (1812). Фалькларыстычныя працы слав. вучоных 19 ст. прасякнуты патрыят. ідэямі нац. вызвалення (у Чэхаславакіі Ф.Чэлакаўскі, Л.Штур, П.Шафарык, Ян Колар; у Сербіі В.Караджыч; у Балгарыі Дз. і К. Міладзінавы, Л.Каравелаў; у Польшчы К.Брадзінскі, К.Вуйціцкі). Рус. Ф. ў 18 ст. назапасіла шмат фактычнага матэрыялу, які даследавалі прадстаўнікі розных школ: міфалагічнай (Ф.Буслаеў, А.Афанасьеў, А.Мілер), міграцыйнай (Буслаеў у апошні перыяд сваёй дзейнасці, М.Сумцоў), гістарычнай (А.Весялоўскі). У выніку іх даследаванняў і сістэматызацыі намечаны прынцыпы эстэт.гіст. аналізу фальклору. Перадавая рус. Ф. звязана з працамі і тэарэт. абгрунтаваннямі дзекабрыстаў і рэвалюцыянераў-дэмакратаў (В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, І.Прыжоў), артыкуламі і выказваннямі пра фальклор рус. пісьменнікаў А.Радзішчава, А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, М.Салтыкова-Шчадрына, Г.Успенскага і інш. Росквіт рус. Ф. прыпадае на 2-ю пал. 19 ст., калі выйшлі ў свет фундаментальныя фалькл.зб-кі А.Афанасьева, П.Кірэеўскага, І.Худзякова, Дз.Садоўнікава, П.Рыбнікава, А.Гільфердзінга, П.Шэйна, А.Сабалеўскага, У.Даля і інш. Развіццю Ф. садзейнічалі Б. і Ю. Сакаловы, М.Андрэеў, М.Азадоўскі, У.Проп, П.Багатыроў, Г.Астахава, В.Жырмунскі, У.Чычараў і інш.
Першыя пісьмовыя звесткі пра бел.нар. творчасць — пераказы паданняў і легенд, упамінанне фалькл. герояў, прыказак у летапісах і хроніках 14—16 ст., дакументах і дзярж. перапісцы (напр., у «Допісах» Ф.Кміты-Чарнабыльскага 1572—74), палемічнай л-ры. Запісы і публікацыю бел. прыказак з Віцебшчыны і Полаччыны — сваёй радзімы — зрабіў С.Рысінскі (1618). У працы «Апісанне Крычаўскага графства» (1786, апубл. 1901) А.Меер змясціў бел. купальскую песню з апісаннем абраду. Як навука бел. Ф. пачала складвацца з 1-й чвэрці 19 ст.Бел. фальклор збіралі і вывучалі рус. і польскія даследчыкі (І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, І.Сахараў, П.Кірэеўскі, В.Бадзянскі, К.Вуйціцкі, Ю.Крашэўскі, В.Поль, Л.Бароўскі), ураджэнцы Беларусі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, Я.Чачот, Л.Галамбёўскі, А.Рыпінскі, Р.Падбярэскі, Я.Баршчэўскі, Я. і К. Тышкевічы, Р.Зянькевіч, У.Сыракомля, А.Кіркор і інш. Шэраг арт. і публікацый бел.нар. твораў паявіўся ў польскім і рус. друку (арт. М.Чарноўскай у час.«Дзеннік Віленьскі», 1817, т. 6; ананімны арт. пра бел. вясельныя абрады ў час.«Тыгоднік Віленьскі», 1819, т. 7; публікацыі ў час. «Пантеон», «Маяк», «Современник» і інш.). У 1830—50-я г.зб-кібел. фальклору выдавалі Чачот, Рыпінскі, Р.Зянькевіч, П.Шпілеўскі і інш. З канца 1840-х г.бел. фальклор пачаў паступаць у Рускае геагр.т-ва. Афанасьеў у зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63) змясціў больш за 20 бел.нар. казак. Апрацаваныя казкі з ваколіц Навагрудка склалі «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853). Пасля паўстання 1863—64 абудзіліся шырокія слаі мясц. інтэлігенцыі, якая шмат зрабіла для збірання, публікацыі і даследавання бел. вуснапаэт. творчасці. Бел. фальклорам зацікаваліся і рус. інтэлігенты, якія працавалі на Беларусі. Яны стаялі на розных ідэйных і навук. пазіцыях. Напр., П.Гільтэбрант або П.Бяссонаў, Кіркор, Шэйн і інш. Разнастайнасцю публікацый і жанравага складу розных відаў бел. казачнага эпасу вылучаўся зб. М.Дзмітрыева «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869).
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выдадзена значная колькасць фальклорна-этнагр. зборнікаў, у якіх змешчаны розныя віды і жанры нар. творчасці, у іх ліку «Зборнік беларускіх прыказак» і «Беларускія песні» (абодва 1874) І.Насовіча, «Беларускія народныя песні» (1874) і «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) Шэйна; «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» (кн. 1—3, 1882—84) А.Дамбавецкага; «Беларускі зборнік» (вып. 1—9, 1886—1912) і «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12) Е.Раманава; «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903) У.Дабравольскага; «Люд беларускі...» (т. 1—8, 1897—1981) М.Федароўскага; «Простанародныя прыкметы і павер’і...,» (1897), «Нячысцікі...» (1907) і «Беларускія песні-частушкі» (1911) М.Нікіфароўскага; «Матэрыялы для вывучэння творчасці і быту беларусаў» (1898) Я.Ляцкага. Бел. фальклор збіралі і даследавалі Ю.Крачкоўскі, А.Багдановіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Янчук, П.Дземідовіч, Дз.Булгакоўскі, С.Малевіч, І.Гарбачэўскі, Я.Карскі, С.Карскі, Бірута, У.Вярыга, Я.Карловіч, О.Кольберг, З.Глобер, Э.Кліх, І.Бадуэн дэ Куртэнэ, Л.Куба, А.Чэрны, Л.Васілеўскі, У.Дыбоўскі, Ч.Пяткевіч, К.Машынскі і інш. Шмат зрабіў у гэтым плане Паўн.-Зах. аддзел Рус.геагр.т-ва (1867—75, 1910—14). Значнай з’явай бел. Ф. стаў зборнік А.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911); у ім змешчаны творы таленавітых казачнікаў, якія адлюстравалі ў казках вострыя сац. пытанні, што хвалявалі нар. масы. У ліку найважн.тэарэт. прац па бел. Ф. былі «Беларуская этнаграфія» (1887, дапоўн. варыянт у «Гісторыі рускай этнаграфіі», т. 4, 1892) А.Пыпіна, «Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас» (1895) А.Лабады, першы сістэматызаваны курс бел.нар. паэзіі «Беларусы» (т. 3, вып. 1, 1916) Я.Карскага.
У 1924 пры Інбелкульце ўтворана Цэнтр. бюро краязнаўства, а ў 1927 — фальклорная камісія пры кафедры этнаграфіі Беларусі, якія займаліся зборам і публікацыяй вуснай нар. творчасці. Сержпутоўскі выдаў «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930), А.Шлюбскі — «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1—2, 1927—28), М.Гарэцкі і А.Ягораў — «Народныя песні з мелодыямі» (1928). Пасля ўтварэння АН Беларусі збіранне і вывучэнне фальклору канцэнтравалася ў сектары этнаграфіі і фальклору пры Ін-це гісторыі. У Вял.Айч. вайну багатыя запісы бел. фальклору і нотны матэрыял у АН Беларусі былі знішчаны ням. фашыстамі. Пасля вайны дзейнасць па зборы нар. творчасці канцэнтравалася пераважна ў ВНУ, рэсп. і абласных Дамах нар. творчасці. У 1957 засн.Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, які ўзначаліў усю працу па Ф. Выдадзены зб. «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961); «Беларускія народныя песні» (т. 1—4, 1959—76) Р.Шырмы; «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (2-е выд., 1962) Ф.Янкоўскага; «Анталогія беларускай народнай песні» (1968) Г.Цітовіча; «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (абодва 1973), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995); «Песенны фальклор Палесся» (т. 1—3, 2001—02) У.Раговіча, гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967), хрэстаматыі і дапаможнікі для студэнтаў ВНУ і інш. З 1970 пачала выдавацца серыя «Беларуская народная творчасць», у якой найб. поўна адлюстраваны надзвычайнае багацце бел.нар. творчасці, уклад бел. народа ў сусв. скарбніцу паэт. і муз. культуры. У гэтай серыі выйшла больш за 50 тамоў: зімовыя, веснавыя, валачобныя, купальскія і пятроўскія, восеньскія і талочныя, жартоўныя песні, песні пра каханне, «Песні Беласточчыны»; казкі; вясельная, сямейна-быт., радзінная паэзія; прыказкі, прымаўкі, загадкі, выслоўі, анекдоты, жарты, гумарэскі; пахавальныя галашэнні; балады, легенды і паданні; нар. тэатр, нар. гульні і г.д.
Надрукаваны манаграфіі пра розныя жанры і віды фальклору, іх паэтыку і маст. асаблівасці, у іх ліку «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975) і «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Беларуская казка» (1969) Л.Барага; «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971) і «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Беларуская частушка» (1971) І.Цішчанкі; «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993), «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў» (1998) А.Ліса; «Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору» (1976), «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» (1985), «Магічнае слова: Вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў» (1990) Г.Барташэвіч; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979) У.Васілевіча; «Зімовая паэзія беларусаў» (1980) і «Беларускія загадкі» (2000) А.Гурскага; «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982) Г.Пятроўскай; «Крынічнае слова: Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1987) Р.Шкрабы, І.Шкрабы; «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1989) І.Крука; «Беларуская сацыяльна-бытавая казка» (1995) і «Беларуская сямейна-абрадавая паэзія» (1997) А.Фядосіка; «Слоўнік беларускіх прыказак» (1996) І.Лепешева і М.Якалцэвіч; «Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце» (1998) К.Кабашнікава; «Прыказкі і прымаўкі» (2000) А.Аксамітава. Важныя праблемы бел. Ф. распрацаваны ў зб-ках «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) і «Фальклор і «масавая культура» (1986) Фядосіка, «Асілкі беларускіх казак і паданняў: Да пытання пра фарміраванне ўсходнеславянскага эпасу» (1963) Барага, «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні» (1981) Кабашнікава. Выйшлі кнігі пра жыццё і дзейнасць збіральнікаў бел.нар.паэт. творчасці, у іх ліку пра М.Я.Нікіфароўскага, Е.Р.Раманава, А.Ю.Багдановіча, А.К.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.В.Шэйна, З.Я.Даленгу-Хадакоўскага. Складзены паказальнік казачных сюжэтаў (Бараг, І.Беразоўскі, Кабашнікаў, Новікаў).
Бел. вуснапаэт. творчасць даследавалі рус. фалькларысты Я.Гусеў, М.Краўцоў, Новікаў, В.Сакалова, Э.Памяранцава, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, Беразоўскі, Н.Шумада, В.Юзвенка, І.Хланта і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, М.Гайдук, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш. На міжнар. з’ездах славістаў бел. вучоныя ўздымаюць складаныя праблемы бел. Ф.: «Сучасны стан беларускай народнай паэтычнай творчасці» (1973, Барташэвіч і Кабашнікаў), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (1988), «Месца фальклору ў сучасных славянскіх культурах» (1998, усіх аўтар Кабашнікаў), «Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму» (1973, В.Бандарчык і Л.Малаш), «Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага» (1993, Аксамітаў і Бандарчык), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978, Гілевіч), «Прынцыпы класіфікацыі і выдання фальклорных твораў у шматтомным зводзе беларускай народнай творчасці» (1983), «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце» (1998, аўтар абедзвюх Фядосік), «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным» (1988, З.Мажэйка і Фядосік), «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (1998, Мажэйка). Гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел.муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію, стылявыя характарыстыкі, этнамуз. дыялекталогію і інш. даследуюць этнамузыколагі В.Ялатаў, Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева. Нар.танц. фальклор даследавалі Ю.Чурко і Л.Алексютовіч, муз. інструменты — І.Назіна. Характар узаемасувязей бел. л-ры і вуснапаэт. творчасці даследавалі М.Грынчык («Максім Багдановіч і народная паэзія», 1963; «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969), А.Макарэвіч («Ад песень і думак народных», 1965), І.Чыгрын («Станаўленне беларускай прозы і фальклор», 1971), А.Лойка («Беларуская паэзія пачатку XX ст.», 1972; «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», ч. 1—2, 1977—80, 2-е выд. 1989), В.Каваленка («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975; «Міфапаэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981), А.Мальдзіс («На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), М.Тычына («Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры», 1991) і інш.
З 19 ст.бел. фальклор публікавалі і даследавалі ў Чэхаславакіі П.Шафарык, А.Чэрны, І.Поліўка. На чэш. мове выд.зб. «Беларускія народныя казкі» (1957), на славацкай «Каток — залаты лабок» (1967). Франц. фалькларыст А.Мільен у працы «Песні расійскага народа» (1893) змясціў пераклады бел. калядных, юраўскіх, купальскіх, талочных і інш. песень. Пра бел. фальклор пісалі ў Англіі В.Ральстан, В.Морфіл, Д.Энтвістл, у Аўстрыі Г.Крэк, у Італіі Д.Чыямполі, у Югаславіі М.Гавацы. Зборнікі бел. казак выдадзены ў Балгарыі (1964), у Польшчы (1973, 1976, 1977). Бел. казкі змясціў у кнізе «Рускія казкі» (191.4, 2-е выд. 1955) А.Лёвіс-оф-Менар. На ням. мову пераклаў 40 бел.нар. песень П.Айснер. З 1966 выходзілі «Беларускія народныя казкі» (скл. Бараг; 10-е выд. 1980), надрукавана кніжка бел. казак для дзяцей «Салавей-разбойнік» (1969). У «Энцыклапедыі казкі» (т. 1—6, 1989—92) ёсць артыкулы Барага пра бел. казкі, іх герояў, сюжэты і матывы, рэпертуар казачнікаў і інш.
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 4 СПб., 1892;
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 1—2. М., 1958—63;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Нудзьга Р. Беларуская песня за мяжой // Полымя. 1967. №4;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Гацак В.М. Фольклористика Советского Союза за 50 лет // Изв. АНСССР. Сер. лит. и языка. 1972. Т. 31, вып. 6;
Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер. с итал. М., 1960;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фалькларыстыка. Мн., 1987;
Яго ж. Ілюзорнасць і сапраўднасць: «Белыя плямы» ў гісторыі фалькларыстыкі 20—30-х гг.Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ БАРОКА (канец 16—1-я пал. 18 ст.).
Контррэфармацыя, што пачалася ў ВКЛ у 1570-я г., абумовіла ўзнікненне ў бел. літаратуры інш. кірунку, уздзеянне якога на творчасць пісьменнікаў паступова нарастала. Ідэолагі контррэфармацыі імкнуліся аднавіць традыцыі дарэнесансавай царк. культуры, хоць і не адмаўлялі дасягненняў эпохі Адраджэння. Кніга езуіта П.Скаргі «Жыціі святых» (1579) знаёміла правасл. чытачоў з багатай еўрап. агіяграфічнай літаратурай, прадстаўленай у новым барочным ракурсе. Моцнае ўздзеянне познасярэдневяковай літаратуры заўважаецца ў творчасці уніяцкага палеміста і гістарыёграфа Л.Крэўзы. Айч. традыцыі павучальнага і ўрачыстага красамоўства спрабаваў адрадзіць у сваіх пропаведзях правасл. апалагет Л.Карповіч. Элементы сярэдневяковага светапогляду заўважаюцца ў творчасці Афанасія Філіповіча. На працяглы час вядучым жанрам стала царк.-палемічная літаратура, якая развівалася з улікам рытарычных дасягненняў рэфармацыйнай публіцыстыкі, але яе асн. зместам стала палеміка вакол праблем, звязаных з прыняццем царк. уніі. Важную ролю адыгрывалі брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыят. сіл бел. і ўкр. народаў у барацьбе супраць польска-каталіцкага ўплыву і асімілятарскай палітыкі вярхоў Рэчы Паспалітай. Шырокі літ. рух перыяду позняга Адраджэння і ранняга барока ўключаў у пісьменніцкую дзейнасць людзей рознай культурна-рэліг. і моўнай арыентацыі (вялікае распаўсюджанне атрымалі творы, напісаныя беларусамі па-польску), рознага сац. паходжання і адукацыі, эстэт. густу і літ. таленту, што ў цэлым адыграла важную ролю для эпохі барока. Найб. глыбокім філас. і тэалагічным зместам вызначаюцца творы ініцыятара і прапагандыста царк. уніі П.Скаргі, які ў сваіх трактатах акрэсліў выгоды, што атрымаюць праваслаўныя ў выніку уніі, і пераконваў у неабходнасці развіцця ў Беларусі і Літве еўрап. сістэмы адукацыі, якая паслужыць пашырэнню сапраўднай навукі, росту інтэлектуальнага і культ. ўзроўню насельніцтва. Блізкія ідэі выказваў І.Пацей у шэрагу кніг, напісаных на польскай і бел. мовах («Унія», 1595; «Гармонія», «Рэляцыя», абедзве 1608, і інш.). З палемічнымі мэтамі аўтар выкарыстоўвае магчымасці маст. апавядання і аб’ектыўна паказвае цяжкае становішча правасл. царквы, знаёміць з умовамі і атмасферай, якая пануе сярод насельніцтва і змагароў за праваслаўе. Істотнае значэнне для развіцця палемічнай літаратуры меў калект.зб. «Пасланне да лацін з іх жа кніг» (каля 1580), складзены правасл. манахамі Супрасльскага манастыра. З гэтага твора пачынаецца сатырычны паказ каталіцызму, што ў далейшым паспрыяла станаўленню гумарыстычнай традыцыі.
Адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў палемічнай л-ры быў аўтар «Трэнаса» М.Сматрыцкі. Сімвалізуючы становішча правасл. царквы ў вобразе жанчыны-маці, пісьменнік перасягнуў палемічную задачу і па-майстэрску адлюстраваў стан псіхалогіі чалавека, які жыве на пераломе эпох. Пасля прыняцця уніі М.Сматрыцкі ўжо выступіў супраць уласных твораў і пачаў абараняць ідэю аб’яднання цэркваў. Істотны ўклад у развіццё палемічнай публіцыстыкі зрабілі І.В.Руцкі, І.Кунцэвіч, М.Бранеўскі, С. і Л. Зізаніі, Г.Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, С.Косаў і інш. У выніку абвостранай барацьбы многія творы выходзілі ананімна або пад псеўданімамі (Арталог, Філалет, Клірык Астрожскі; «Антырызіс», «Перасцярога» і інш.). Сярод іх літ.-маст. якасцямі вызначаецца «Апакрысіс»’Хрыстафора Філалета, дзе аўтар намаляваў карціну сапраўднага жыцця народа і духавенства, з нац. пазіцый выкрыў спробы паланізацыі бел. і ўкр. насельніцтва.
Ва ўмовах крызісу рэнесансавага светапогляду, новых гіст.-палітычных рэалій (унія ВКЛ і Польшчы) развіццё агульнадзярж. бел.-літоўскага летапісання прыпыняецца, аднак працягваюць складацца мясц. летапісы. Выдатны помнік гіст. прозы таго часу — Баркулабаўскі летапіс, змест якога цесна звязаны з сял. побытам і нар. ўяўленнямі пра розныя гіст. падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. У творы назіраецца павелічэнне ролі аўтарскага пачатку, некаторыя фрагменты змяшчаюць прамыя аўтабіягр. запісы. Пашырэнне культ. узаемасувязей з замежнымі краінамі выклікала цікавасць да гісторыі інш. народаў і зямель, што прывяло да пашырэння хранографаў. На аснове перакладзеных на бел. мову хронік М.Стрыйкоўскага і М.Бельскага, а таксама перакладных сярэдневяковых хронік, гіст. аповесцей і інш. крыніц у 17 ст. складзена «Вялікая хроніка» — своеасаблівая кампіляцыя па сусв. гісторыі. Спалучэнне розных літ. крыніц пры вызначальнай ролі летапісання назіраецца ў гісторыка-мемуарнай літаратуры, якая асабліва актыўна пашырылася пасля ваен. падзей, паўстання Б.Хмяльніцкага і інш. У багатых зместам дыярыушах І.Будзілы, Я.П.Сапегі, С. і Б.К. Маскевічаў, П.К.Абуховіча складаецца ўяўленне пра індывід. характар, яго супярэчнасці і зменлівасць, што матывуецца як воляй чалавека, так і знешнімі абставінамі. Адначасова ў гісторыка-мемуарнай літаратуры ўмацоўваецца аўтарскі пачатак, робіцца стаўка на самавыяўленне шляхам пісьменніцкай творчасці, а ў лацінамоўным «Дыярыушы» А.С.Радзівіла (1656) выяўляюцца элементы творчай задумы і маст. фантазіі. Станаўленне літ. апісанняў вандровак звязана з дыярыушамі А.Каменскага-Длужыка, Т.Білевіча і інш.
Этапнай з’явай было ўзнікненне парадыйна-сатыр. прозы: «Прамова Мялешкі» (2-я чвэрць 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655). Творчая задума і маст. фантазія ўпершыню становяцца фактарамі, што абумовілі існаванне гэтых твораў як з’яў уласна маст. літаратуры. Бурнае развіццё перажывала паэзія, дзе пануючым відам заставаліся панегірычныя вершы. Эпікграмы складалі Ф.Даманеўскі, С.Косаў, І.Палоўка, М.Сматрыцкі, С.Собаль, І.Труцэвіч, Ф.Утчыцкі, але большасць твораў гэтага жанру ананімная. Эпікграмы ствараліся на магнатаў, граматыкі, гербы гарадоў і інш., але, нягледзячы на тэматычную стракатасць, змест іх быў даволі вузкі, а маст. сродкі шаблонныя. Сярод ананімных вылучаюцца эпікграмы, прысвечаныя Агінскім, Хадкевічам і Валовічам. Прывітальныя вершы знакамітым асобам пісалі Сімяон Полацкі, І.Яўлевіч і інш. Складаліся розныя дыдактычныя творы: царк.-павучальныя (А.Мужылоўскі, Хрыстафор Філалет, Афанасій Філіповіч) і маральна-павучальныя (Я.Даманеўскі, Л.Зізаній, Л.Мамоніч). Асветніцкім зместам вылучаліся «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю» Я.Даманеўскага (Любча, 1620—23). У іх аўтар асуджае паразітызм шляхты, проціпастаўляючы яму «натуральнае» жыццё сялян, і з выкарыстаннем побытавых дэталей апісвае бел. гарады 17 ст. Выкладанне граматыкі, рыторыкі і паэтыкі ў навуч. установах прадугледжвала напісанне студэнтамі вершаў на розныя тэмы, у т. л. асветніцкіх (або школьных), у якіх у даходлівай форме апісваліся і тлумачыліся малавядомыя рэчы, з’явы, выкрываліся маральныя заганы і інш. Майстрам школьнай паэзіі быў Сімяон Полацкі, які ўзбагаціў бел. літаратуру новымі тэмамі і ідэямі, формамі і жанрамі, узняў сілабічнае вершаскладанне на больш высокую ступень. Дзякуючы яго асветніцкай і паэт. дзейнасці ў Маскве, вершаскладанне і першая паэт. школа з’явіліся ў Расіі. Новым відам паэзіі была лірыка, прадстаўленая патрыят. вершам Я.К.Пашкевіча «Полска квітнет лаціною...» (1621). Твор прысвечаны ролі бел. мовы ў жыцці краю, напісаны правільным 4-стопным харэем, што служыць паказчыкам высокага ўзроўню паэт. майстэрства аўтара. Патрыят. тэматыка распрацавана ў польскамоўнай паэме Т.Яўлевіча «Лабірынт...» (1625) — цалкам свецкім дэмакр. творы.
Асобнае месца ў гэты час займала лац. паэзія розных відаў і жанраў. З дзейнасцю паэтаў-новалаціністаў звязана ўзнікненне першых літ. гурткоў пры двары Радзівілаў (Б.Будны, Д.Набароўскі, С.Рысінскі) і ў Віленскай акадэміі (М.Кміціц, С.Лаўксмін, М.К.Сарбеўскі і інш.). Значны ўклад у развіццё прыгожай славеснасці зрабіў «славянскі Гарацый» М.К.Сарбеўскі, аўтар од, гімнаў, рытарычных прамоў і цыкла літ.-знаўчых прац па тэорыі красамоўства, рыторыцы і паэтыцы барока. Высокамаст. вершы, прысвечаныя ваенным падзеям, складаў С.Рысінскі. Працягам гераізацыі гіст. мінулага Беларусі, распачатай Я.Вісліцкім і Міколам Гусоўскім, з’яўляецца паэма Я.Радвана «Радзівіліяда» (1588). У цэнтры твора — падзеі Лівонскай вайны 1558—83. Але для ўвасаблення творчай задумы аўтар выкарыстоўвае сродкі ант. паэтыкі, напаўняе класічную форму гісторыяй сям’і Радзівілаў, якая цікавіць паэта толькі ў сувязі з гісторыяй Айчыны. У драматургіі ўмацоўвалася творчая фантазія, вымысел як прынцып літ. творчасці. Інтэрмедыі ўсё больш нагадваюць займальныя замалёўкі з жыцця ніжэйшых слаёў грамадства. У творах дзейнічаюць абагульненыя тыпы (селянін, яўрэй, студэнт, казак, шляхціц, поп), але паступова героі атрымліваюць уласныя імёны. Сімпатыі аўтараў інтэрмедый цалкам на баку селяніна, які прадстае прасцяком толькі знешне і з гонарам выходзіць са складаных сітуацый. Сярод перакладных пераважаюць займальныя і павучальныя творы: «Траянская гісторыя», «Рымскія дзяянні», «Вялікае зярцала» і інш.
У 1-й пал. 17 ст. ў бел. літаратуры пачаўся працэс дыферэнцыяцыі і трансфармацыі літ. родаў і жанраў, выпрацоўваліся маст.-эстэт. прынцыпы творчасці. Адно з галоўных яе дасягненняў — узнікненне і развіццё цікавасці да прыватнага жыцця чалавека невысокага сац. стану. Творча асімілюючы дасягненні зах.-еўрап. літаратур на ўсходнеслав. глебе, бел. літаратура стала пасрэдніцай паміж літаратурамі еўрап. Захаду і слав. Усходу.
У складаных умовах перыяду позняга барока (2-я пал. 17—1-я пал. 18 ст.) пачаўся пераход ад даўняй да літаратуры Новага часу. У 1696 бел. мова была забаронена для афіц. ўжытку, а з 1730-х г. спынілася бел. кнігадрукаванне (акрамя Магілёўскай друкарні, што выдавала кнігі на бел. варыянце царкоўнаслав. мовы). Літаратура на бел. мове стала пераважна рукапіснай і ананімнай. Глыбокі ўнутраны крызіс, нашэсце армій, паліт. заняпад феад. дзяржавы, паланізацыя інтэлігенцыі, шляхты і часткі гар. насельніцтва, памяншэнне правоў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай і інш. спарадзілі да 1740-х г. адносны застой у культ. развіцці. Змена сац. умоў і гіст. сітуацыі патрабавала ад літаратуры змены ўнутр. фактараў існавання, пераразмеркавання сваіх магчымасцей і рэзерваў. У пераходны перыяд вырасла роля вуснай нар. творчасці, што абумовіла росквіт свецкай ананімнай лірыкі, якая бытавала ў складзе ананімных рукапісных зборнікаў (Аршанскага, Варшаўскага, Курніцкага, Маскоўскіх і інш.). У лірыцы склаліся 3 асн. разнавіднасці, супараўнальныя з трыма стылямі маст. барока. Духоўная паэзія «высокага» стылю прадстаўлена вершамі і кантамі, аднак у цэлым адбывалася яе разбурэнне знутры. Амаль спынілася развіццё эпічнай духоўнай паэзіі. Адзіны яе прыклад — паэма «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» А.(Яна) Белабоцкага, напісаная з тыповай барочнай ускладненасцю: штучныя, экспрэсіўныя карціны пакут грэшнікаў мала пераконваюць чытача, больш значнымі з’яўляюцца карціны сац. крытыкі; царкоўнаслав. мова месцамі заблытаная і цяжкая для ўспрыняцця. На скрыжаванні «высокага» і «сярэдняга» стыляў развівалася грамадска-філас. лірыка, у якой закраналіся гал. праблемы чалавечага існавання. Упершыню з’явіліся матывы долі-нядолі (вершы «Куды толькі ні пайду, нідзе шчасця не знайду...», «Хадзіў казак у чужы строны...» і інш.), бесчалавечнасці прыгону, суму па лепшых часах (вершы «Было ліха шмат на свеце...», «Я сірата, не маю радзімы...» і інш.). У грамадска-філас. лірыцы чалавек раскрываўся як маленькая часцінка космасу. Асэнсаванне гэтай сувязі чалавека з сац. асяроддзем было ўжо з’явай новай бел. літаратуры.
«Сярэдняе» (і часткова «нізавое») барока прадстаўлена любоўнай лірыкай, што стваралася ў непасрэднай сувязі з музыкай. Каханне выяўляецца як супярэчлівае пачуццё, на якім ляжыць барочны цень смерці. Агульны пафас любоўных вершаў трагічны — чалавек адчуў непадуладныя волі стыхіі ў самім сабе. У «нізавой» любоўнай лірыцы, звязанай з праявамі своеасаблівага «эратызму», уласцівага літаратуры класіцызму на Захадзе, у жартоўным плане абыгрываліся інтымныя адносіны палоў («Аб раі салодкія ўспаміны», «Апісанне персяў жаночых» Ф.У.Радзівіл). Адпор варожаму і незразумеламу асяроддзю давала «нізавая» сатыр. лірыка («Хадзіў чэрнчык улечкою...», «Ляцеў, ляцеў чорны жук...» і інш.). Пераходнымі паміж сатыр. лірыкай позняга барока і бурлескна-сатыр. паэзіяй Асветніцтва былі «звярыныя гратэскі» Д.Рудніцкага. У алегарычным апісанні нягод птушак, насякомых, дробных жывёл угадваецца жыццё дробнамаёнткавай шляхты, што церпіць ад драпежнікаў-магнатаў. Асаблівае месца ў «зніжанай» духоўнай лірыцы займаюць калядныя песні з адлюстраваннем жыцця бел. селяніна і яго светаўспрымання («У Бэтлееме, убогім доме»). Дзякуючы гумару і быт. характару дзеяння хрысц. святыя становяцца падобнымі да звычайных зямных людзей. Грамадска-культ. ўмовы пераходнага перыяду не былі спрыяльнымі для шматбаковага развіцця эпічных жанраў, асабліва «высокіх»: маст. барока не магло асэнсаваць складаныя ўзроўні сац. адносін у гіст. працэсе, яно толькі эмацыянальна адчувала новае ў жыцці, чым і абумоўлены росквіт лірыкі.
Тагачасная гіст. проза прадстаўлена нешматлікімі хронікамі і набліжанымі да іх дыярыушамі (Я.А.Храпавіцкага, С.Незабітоўскага і інш.). Найб. значны гіст. твор — Магілёўская хроніка Т.Сурты і Ю.Трубніцкага, якая нагадвае летапіс, што з канца 17 ст. пераходзіць у дзённік горада і складаецца з асобных апавяданняў. Стыль помніка вызначаецца рэзкімі кантрастамі, прагай да сенсацыйнасці, незвычайнасці апісанага. У творы шмат вострадраматычных эпізодаў і займальных аповедаў, якія перамяжоўваюцца са звычайнымі дзелавымі запісамі, намаляваны яркія вобразы знакамітых гіст. асоб 1-й пал. 18 ст. З «сярэднім» стылем барока былі звязаны аўтабіягр. жанры літаратуры. Мемуарыстыка прадстаўлена дыярыушамі Я.Цадроўскага, Т.Г.Абуховіча, К.Завішы і інш. У іх адчуваецца індывід. далучанасць аўтараў да падзей, што вяло да пашырэння жанру дзённіка. Змена звычайных і незвычайных фактаў жыцця, пададзеных у люстры індывід. уражанняў і пачуццяў, становіцца асноватворным прынцыпам апавядання ў дзённіках М.К.Радзівіла Рыбанькі, невядомага ашмянскага шляхціца і шматлікіх інш. творах. У 18 ст.літ. апісанні вандраванняў складалі Я.Комар, Я.К.Сапега, Л.Сяніцкі і інш. На скрыжаванні розных жанраў узнікае маст.аўтабіягр. проза. У «Жыцці і пакутах...» І.Турчаноўскага (каля 1746) яшчэ моцнай застаецца сувязь з мемуарыстыкай 17—18 ст., аднак з дапамогай фантазіі нязначныя знешнія падзеі разгортваюцца ў ланцуг прыгод, што аддаляе літ. героя ад рэальнага аўтара і ўключае персанаж у жыццёвую стыхію. Яшчэ ў большай ступені літ.-маст. пачатак выявіўся ў творы С.Р.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (каля 1760), які сведчыць пра станаўленне ў Беларусі жанру прыгодніцкага рамана. Паколькі аспект адкрыцця чалавечай асобы ў эпоху Адраджэння стрымліваўся агульнаграмадскімі ідэямі і сярэдневяковымі традыцыямі, то бел. барока ў многіх адносінах брала на сябе функцыі Адраджэння, чым садзейнічала далейшай дэмакратызацыі, секулярызацыі і гуманізацыі бел. літаратуры.
На працягу 18 ст. шырока распаўсюджваліся часткова перакладныя, часткова арыгінальныя гумарыстычныя зборнікі анекдотаў («Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» К.А.Жэры і інш.); узмацнялася сатыр. плынь, звязаная з развіццём літ. традыцыі, закладзенай у «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча» і блізкай да сатыр. лірыкі. Сатыра набывала востры антыклерыкальны і антыфеад. характар. У «Казані рускім», «Казані рускім схізматычным» і інш. з «высокага» ў «нізкае» ператвараліся асобныя біблейскія вобразы і сюжэты (пра стварэнне свету і першых людзей), у карыкатурным выглядзе выстаўляліся носьбіты ідэалаў ранейшых эпох — хрысц. святыя і юродзівыя («Грамата... да святога Пятра»), парадзіраваліся высокія жанры павучальнага і ўрачыстага красамоўства, рытарычнай паэзіі і прозы, афіц.дзярж. дакументы і аджылая феад. рэчаіснасць («Прамова русіна», «Другая прамова русіна пра нараджэнне Хрыста»). У сатыр. творах часта сустракаюцца прымаўкі і прыказкі, вобразныя параўнанні, насычаныя духам сац. і нац. пратэсту. Шырокае распаўсюджанне тэатр. дзеяў абумовіла далейшае развіццё драматургіі. Да сярэдзіны 18 ст. склаліся школьны, прыдворны (і аматарскі), народны кірункі развіцця драматургічнага мастацтва. У школьным т-ры працягвалася эвалюцыя інтэрмедыі, якая трансфармавалася ў самаст. жанр, незалежны ад сюжэта драмы («Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач» і інш.). Героі набываюць індывід. рысы («Змітрок і Свірыд»), а змест твораў — рэзкае сац.- і нац.-вызваленчае гучанне: героі-сяляне глядзяць на панскую культуру як на чужую [«Селянін у касцёле», інтэрмедыі да драмы «Уваскрэсенне мёртвых» Г.Каніскага (1747) і інш.]. З развіццём інтэрмедыі звязана ўзнікненне ў пач. 18 ст.бел. камедыі. Хоць першая камедыя «Вакханалія» (1725) напісана па-польску і сюжэт яе быў далёкі ад бел. рэальнасці, у ёй разам з польскімі панамі і антычным мудрацом дзейнічаюць сяляне Васіль і Селівон, якія размаўляюць па-беларуску. У далейшым інтэрмедыя канчаткова саступае месца камедыі. Станаўленне прыдворнай драматургіі звязана з імем Ф.У.Радзівіл, якая распрацавала адмысловую методыку творчай адаптацыі зах.-еўрап. і ант. п’ес і сюжэтаў на бел. глебу. Прыдворны тэатр паступова ператвараўся ў аматарскі (М.Радзівіл). У нар. тэатры ажыццяўляліся пастаноўкі па біблейскіх і гіст. сюжэтах («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», якое напачатку існавала ў школьным асяроддзі, «Цар Максімілян» і інш.). Своеасаблівай з’явай стала батлейка — пераробка школьнай драмы для пастаноўкі ў лялечным тэатры. На працягу ўсяго перыяду ў час нар. свят разыгрываліся розныя гульні з элементамі тэатралізацыі, у якіх выкарыстоўваліся напаўфалькл. тэксты і сюжэты. У перыяд барока ўласна маст. творчасць канчаткова вылучылася з агульнай масы пісьменства, склалася сістэма сучасных літ. родаў і пачалася жанравая дыферэнцыяцыя; узнікла цікавасць да нар. жыцця, паглыбіліся ўяўленні пра каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, узмацнілася сувязь літаратуры з вусна-паэт.нар. творчасцю. Багатая і разнастайная літ. спадчына Беларусі даўняга перыяду — праўдзівае люстра багатага і складанага духоўнага жыцця бел. народа на працягу стагоддзяў, каштоўны пласт нац. культуры, непаўторная і арганічная старонка агульнаеўрап. літ. працэсу свайго часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1920—40-х гадоў
Паэзія. 1920-я г. сталі часам імклівага росквіту бел. паэзіі, нараджэння шматлікіх літ. арганізацый і з’яўлення ў літаратуры маладых імён. Гэты перыяд характарызаваўся таксама ідэйна-маст. эксперыментамі, легендарнай «бурапеннасцю», пошукам ідэальнага «стылю эпохі», авангардным маст. мысленнем, якое імкнулася паяднаць у вобразным адзінстве ўсеабдымны рэв. экстаз і адметнасць нац. шляху Беларусі. У гэты час на Беларусі ўтварылася першае літ. аб’яднанне «Маладняк» (1923), а той авангардны кірунак, якога прытрымліваліся яго сябры, быў умоўна названы крытыкам А.Бабарэкам «маладнякізмам», чым падкрэслівалася яго абсалютная навізна і актуальнасць у кантэксце абнаўлення тагачаснага грамадскага жыцця. Маст. прынцыпы, якіх прытрымліваліся маладнякоўцы, былі блізкія да футурыстычных і лефаўскіх прынцыпаў. Сярод іх найважнейшымі былі не толькі адмаўленне папярэдняй літ.-маст. традыцыі, але і адмаўленне ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця. Маст. эксперыменты былі скіраваны ў сферу будучыні і знаменаваліся пошукамі наватарскага слова для выражэння новага зместу. Дзеля гэтага віталася ўсялякая навізна аж да т.зв. ламання граматыкі і сінтаксісу, разбурэння класічнага радка верша, увядзення ў паэзію размоўнага, гутарковага стылю. Змена тэм і матываў прадугледжвала пераход ад апявання пяшчотных пачуццяў і тужлівых настрояў да паэтызацыі рыштаванняў новага будаўніцтва. Маладнякоўцы жылі з абсалютным адчуваннем расколу сусв. гісторыі на старую і новую эры, а пунктам адліку новай эры была пралетарская рэвалюцыя. Рэвалюцыя і яе шматлікія метафары (завіруха, буралом, дым-пажар і інш.) стала гал. сімвалам-канцэптам тагачаснай паэзіі і асн. ідэалагічным фактарам для пазітыўнай ацэнкі твораў крытыкай. Гэтая акалічнасць вызначала гал.афіц. кірунак тагачаснай паэзіі як рэв. канцэптуалізм, і менавіта ў яго рэчышчы пераважна развівалася паэзія прадстаўнікоў «Маладняка», БелАППа, «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», розных літ. філій і гурткоў. Найб. яркім прадстаўніком гэтай плыні быў М.Чарот. Для М.Чарота будучыня — гэта велічны паход у заўтра, які пачалі ягоныя «босыя на вогнішчы». Для Ц.Гартнага будучыня асацыіравалася з «панствам працы» і «ўсясветнай камунай». А.Дудар апяваў у сваіх вершах досыць адцягненую «будучыню з сінімі крыламі», а ў канцы 1920-х г. расчараваўся ў яе прыходзе ў вершы «Пасеклі наш край папалам» (1927), за што адным з першых сярод бел. паэтаў арыштаваны і асуджаны. Для паэтаў старэйшага пакалення (Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі) будучыня наогул уяўлялася змрочнай і варожай: перспектыва рэв. пераўтварэння грамадства разыходзілася з увасабленнем у рэчаіснасць бел.нац. ідэі, нягледзячы на заўважныя поспехі палітыкі беларусізацыі ў 1-й пал. 1920-х г. Я.Купала ў вершы «Перад будучыняй» (1922) перадаваў трагічнае светаадчуванне патрыёта-беларуса, які прадбачыць пагібель роднага краю «пад чужой апекай» і ўсведамляе, што яго народ усё яшчэ далёкі ад самавызначэння. Яго зб. вершаў «Спадчына» (1922) вызначаўся патрыятычнай дамінантай і трывожнымі настроямі-прадчуваннямі, а зб. «Безназоўнае» (1924) успрымаўся больш аптымістычна; яго настрой сведчыў, што Я.Купала станавіўся песняром рэв. Беларусі. У вершы «О так, я пралетар» з апошняга зборніка адчувалася схаваная сумная іронія Я.Купалы, які бачыў небяспеку ў імкненні «пралетара» — тагачаснага героя жыцця — лічыць для сябе Бацькаўшчынай цэлы свет. У паэме «Безназоўнае» Я.Купала імкнуўся асэнсаваць рысы перамен у грамадска-гіст. жыцці Беларусі; ён шукае для іх назву, аднак пакідае ў сферы «безназоўнага» або займенніка «яно». У нешматлікіх вершах канца 1920-х г. Я.Купала адлюстраваў працэс ліквідацыі традыцыйнага ўкладу жыцця бел. вёскі («Сыходзіш, вёска, з яснай явы», 1929) і тыя перамены, якія несла калектывізацыя («Звіслі хмары над калгасам», 1930).
Адчуванне трагічнага «залому» над будучыняй уласціва і тагачаснай паэзіі Я.Коласа. Вершы «Звон шыбаў», «Цені-страхі» і інш. з яго зборніка «Водгулле» (1922) перадаюць трывожны стан чалавека, якога турбуе адчуванне згубленай дарогі, незразумелы метафізічны страх, што прысутнічае паўсюдна. У пач. 1920-х г. Я.Колас закончыў і працу над сваёй паэмай-эпапеяй «Новая зямля», дзеянне якой разгортваецца яшчэ ў дарэв. Беларусі. Пошукі «новай зямлі» становяцца скразной метафарай, якая аб’ядноўвае ўвесь сюжэт і надае твору алегарычнае гучанне: будучы лёс беларусаў звязаны не толькі з зямельнай рэформай, што вырашыць сялянскі лёс, але, паводле біблейскай аналогіі, «новая зямля», як і «новае неба», адкрыецца народу толькі ў выніку ўласнага духоўнага перанараджэння. За гэта творчасць паэтаў старэйшага, нашаніўскага, пакалення крытыкавалася і аспрэчвалася маладнякоўцамі, якія звязвалі будучыню Беларусі з рэвалюцыяй і шукалі адпаведныя сродкі маст. вобразнасці. Футурыстычны наступ авангарду на мінулае М.Чарот увасобіў у вершы «Скокі на могілках», у якім новыя пераможцы жыцця сцвярджаюць беспаваротнасць сваёй перамогі. У гэтым вершы адчуваецца схаваная палеміка з купалаўскім ідэалам гіст. мінулага Беларусі як часам «залатога веку». Асабліва непрымальнай з пункту гледжання апалагетаў футурыстычнага адмаўлення класікі была купалаўская паэма «На Куццю» (1911), дзе князь маляваўся не як жорсткі прыгоннік, але як мудры ўладар, які справядліва кіруе народам і краінай. М.Чарот парадзіраваў ключавыя вобразы купалаўскай паэмы: разважлівага князя, кургана, старога замчышча. Мінулае ў яго ўяўленні можа быць толькі развенчана і адпрэчана, бо яно ўвасабляе сац. несправядлівасць і прыгнёт. З палемікі з Я.Купалам пачынаўся і авангардна-рэв. шлях у паэзію М.Грамыкі. У яго паэме «Гвалт над формай» (1922) эпатажна і кідка сцвярджаліся ваяўнічыя прынцыпы новага мастацтва, якія адпавядалі футурысцкай паэтыцы. Паэт адмаўляе купалаўска-коласаўскую традыцыю, ён прэтэндуе на першыя пазіцыі ў навейшай літаратуры. Пры гэтым М.Грамыка выказваў захапленне паэмай М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (1921) як сучасным і актуальным творам, які з’яўляецца ўзорным на новым этапе літаратуры. Бел. паэты (Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот) праз вобразную сістэму сваіх маст. твораў фактычна сцвярджалі і замацоўвалі ў бел. паэзіі найважнейшыя пастулаты футурызму. Ідэя класавай барацьбы стала ключавой у сістэме тагачаснай дзярж. ідэалогіі, а літаратура была абвешчана яе неад’емнай «зброяй». Такую трансфармацыю перажыў футурызм, усё больш адпавядаючы канону утылітарнага мастацтва, або рэв. канцэптуалізму. На рас.літ. глебе ён атрымаў назву Левага фронту мастацтва, асн. прынцыпамі якога былі класавасць, рэв. агітацыя і прапаганда, што вельмі выразна адбілася і ў тагачаснай бел. паэзіі. Азначаныя маст. прынцыпы яшчэ ў большай ступені былі характэрныя для П.Шукайлы — кіраўніка суполкі лефаўскай арыентацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927). Ён імкнуўся быць ультраавангардным у практычным увасабленні рэв. канцэптуалізму. Найб. вядомы яго твор — паэма «Акорды дзён» (1930), у якой паэт з пункту гледжання рэв.-пралетарскай эстэтыкі паказаў прыклад, якім павінен быць сучасны яму стыль эпохі. І ў паэзіі, і ў крытыцы П.Шукайла быў паслядоўным апалагетам рэв. ідэалаў, што абумоўлівала адпаведную танальнасць яго твораў і сістэму маст. вобразаў з паэтызацыяй ідэалагічных штампаў і спецыфічнай авангардысцкай агрэсіўнасцю ў сцвярджэнні новых форм грамадскага ладу. Адпаведна свайму разуменню авангардысцкага стылю эпохі ён распрацоўваў і тэму кахання.
Авангардная паэтыка футурыстычна-лефаўскага кшталту віталася крытыкай і лічылася ўзорнай на тагачаснай ідэйна-эстэт. прасторы. Аднак яна не вычэрпвала сабой багацце і шматфарбнасць бел. паэзіі 1920-х г., дзе прысутнічаў не толькі «прагрэсіўны» рэв. канцэптуалізм, але і т.зв. «ўпадніцкія» тэндэнцыі, што, на думку крытыкаў, адводзілі новае мастацтва ад справы пабудовы вял. будучыні. Тагачасная крытыка абвінавачвала ў гэтым пераважна прадстаўнікоў літ. аб’яднання «Узвышша», якое вылучылася ўвосень 1926 з «Маладняка» і існавала да 1931. Прадстаўнікі «Узвышша» прапанавалі свой новы ідэйна-эстэт. тэрмін — «аквітызм», разумеючы яго як сінтэз рамант. і рэаліст. тэндэнцый, і звязвалі з ім узлёт (узвышэнне) маст. творчасці, бо, на іх думку, маладнякоўцы адышлі ад сапраўдных маст. пошукаў у бок агітацыйнай і прапагандысцкай літаратуры. Узвышэнскія паэты У.Дубоўка, У.Жылка, Т.Кляшторны, Я.Пушча і інш. вярнуліся да стварэння паэзіі пачуццяў і настрояў, сцвярджалі права лірычнага героя новага часу на смутак і каханне, на шчырае чалавечае сяброўства і самаахвярную любоў да Бацькаўшчыны. Яны актуалізавалі літ. традыцыі, вярнулі на п’едэстал адраджэнскіх куміраў Я.Купалу і Я.Коласа, узвысілі да ўзроўню класіка М.Багдановіча, сцвердзілі сваю арыентацыю на скарбы нац. фальклору, вярнулі ў літаратуру нац. ідэю і надалі ёй новае гучанне. Паэты-ўзвышэнцы ў тэме Бацькаўшчыны апявалі не яе шчаслівую рэв. перспектыву, а тыя «дзіды» і «церні», што наканаваны паэту пры служэнні ёй (вершы «О, Беларусь, мая шыпшына», «Часіна ды з сокам рабіны» У.Дубоўкі, «Лісты да сабакі», «Асеннія песні» Я.Пушчы). Яны «снілі сны аб Беларусі», як Я.Купала, шукалі і не знаходзілі «новую зямлю», як Я.Колас, праслаўлялі каханне, пачуцці, права на асабістае жыццё. Усе гэтыя матывы трактаваліся афіц. крытыкай як «блакітная мляўкасць» і недалужнае ўсхліпванне буржуазна-мяшчанскага кшталту, як перажыткі, упадніцтва і багема. Гал. багемшчыкамі называліся Я.Пушча — за імажынізм; У.Жылка — за манеры сярэдневяковага трубадура і за тое, што ў яго не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры; Т.Кляшторны, празваны ледзяным гітарыстам, — за «эстэтнічанне» і меланхалічныя настроі; а таксама Ю.Лявонны, В.Маракоў, П.Трус за той жа адыход ад апявання рэв. ідэалаў. Нават А.Дудар (вядомы як непрымірымы крытык узвышэнцаў Т.Глыбоцкі) зарабіў сабе ярлык упадніка за тое, што ў некат. вершах зборніка «І залацісцей і сталёвей» (1926) паэтызаваў каханне як чароўную ілюзію, часовую прыгожую рэальнасць, куды можна ненадоўга схавацца ад жорсткасці і няўтульнасці жыцця. Прадстаўніком «новабуржуазных плыняў» у 2-й пал. 1920-х г. лічыўся і У.Жылка, які, наследуючы М.Багдановічу, у цыкле «Вершы спадзявання» з пазіцый абсалютызацыі хараства абагаўляў жанчыну і высокае каханне да яе. Гэты ўрачысты пафас узвялічвання жанчыны і пакланення яе хараству ў паэт. парадыгме 1920-х г. успрымаўся негатыўна, бо ўсё пяшчотнае і ўзвышанае каханне належала мінуламу, было адзнакай старога буржуазна-мяшчанскага свету.
Паэтам авангарднага мыслення з яркай глыбокай індывідуальнасцю быў узвышэнец Т.Кляшторны, якога таксама ў 1920-я г. абвінавачвалі ў ясеніншчыне, багемшчыне за паэтызацыю вузка-індывідуалістычных перажыванняў, апяванне безнадзейнага смутку, хмяльных п’яных* уцех і прыхільнасць да мяшчанскіх вобразаў. Маст. ідэалам крытыкамі лічыўся нязломны змагар за новую эпоху сцвярджэння пралетарскай дыктатуры («дыктатуры працы») і барацьбы з ворагамі народа. Ужо ў першым зб. вершаў «Кляновыя завеі» (1927) Т.Кляшторны выкрышталізаваў тыя ўлюбёныя матывы і вобразы, за якія яго крытыкавалі. Найб. жорстка крытыкаваліся надрукаваныя ў час. «Узвышша» ў 2-й пал. 1920-х г. паэмы «І пурпуровых ветразей узвівы» і «Штурмуйце будучыні аванпосты» У.Дубоўкі, «Сады вятроў» і «Цень Консула» Я.Пушчы і «Калі асядае муць» Т.Кляшторнага. Розныя героі гэтых паэм — гэта героі-апаненты, якія дыскутуюць паміж сабой. Фактычна гэта палемічны роздум паэтаў над грамадскай сітуацыяй канца 1920-х г., над праблемай выбару тагачаснай творчай інтэлігенцыяй свайго шляху ў паслярэв. рэчаіснасці. Выбар заключаў у сабе ключавую антыномію дзесяцігоддзя — старое і новае.
У авангарднай парадыгме 1920-х г. адметна праявіўся імажынізм. Калі футурызм у сваім лефаўскім варыянце збліжаўся з ідэйнымі асновамі пралетарскага мастацтва, то імажынізм успрымаўся тагачаснай афіц. крытыкай як буржуазнае адхіленне ад канонаў пралет. літаратуры. У бел. паэзіі найб. яскрава тэндэнцыі імажынізму праявіліся ў творчасці Я.Пушчы, які фактычна рэалізаваў яго творчыя прынцыпы на бел.паэт. глебе і тым самым паказаў, што бел. слову падуладнае самае вытанчанае эксперыментатарства. Ужо ў першым яго зборніку «Раніца рыкае» (1925) схільнасць да асацыятыўнай, часам манернай вобразатворчасці, да вынаходніцтва новых нечаканых метафар, інверсійнай ускладненасці радка. Гэтую свядомую ўстаноўку на знарочыстую вобразнасць паэт падкрэсліваў і ў вершах пазнейшага зборніка «Vita» (1926), дзе ён рабіў спец. акцэнт на імажынісцкай дамінанце — на вобразах, якія «бягуць гуртамі». Я.Пушча, а ўслед за ім М.Багун, А.Вольны, С.Дарожны, Ю.Лявонны смела эксперыментавалі са словам, ставілі сабе задачу здабыць з іх глыбінь новыя нюансы і новыя сэнсавыя адценні. Для Я.Пушчы школа імажынізму была творчым пошукам свайго індывід. стылю, які быў бы сугучны новаму «стылю эпохі». Сам паэт разам з сябрамі-ўзвышэнцамі імкнуўся вынайсці спец. тэрмін для абазначэння такога стылю. Ён з’явіўся спачатку як вітаізм (ад слова vita — жыццё) і меўся ўвасабляць «сінтэз, стройную сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалізмам»; але пазней у тэарэтычных пастулатах «Узвышша» ён замацаваўся як аквітызм (ад лац. aqua vit — жывая вада). Выпрацоўка тэрміналогіі новага стылю была фактычна бел. укладам у авангардную фазу еўрап. мадэрнізму і сведчыла пра спеласць літ. працэсу на Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у ім шматлікіх ідэалагічных супярэчнасцей. Новы тэрмін, прэтэндуючы быць авангардным, не выключаў, аднак, сувязі з айч.літ. традыцыяй, якая злучала семантыку «жывой вады» з канцэпцыяй «чыстай красы» В.Ластоўскага і М.Багдановіча, а таксама абапіралася на ідэалогію нац. адраджэння. Праз паэтыку аквітызму ўзвышаўцы здолелі сказаць шмат глыбокай маст. праўды пра сябе і свой час.
У панараме літ. жыцця 1920-х г. адметную старонку складала гумарыстычная і сатыр. паэзія К.Крапівы і А.Дзеркача, прадстаўленая пераважна алегарычным жанрам байкі. У іх выкрываліся перашкоды на шляху рэв. перабудовы жыцця, высмейваліся тыя састарэлыя стэрэатыпы, якія тармазілі надыход перамен і выяўлялі заганы «забабоннай» свядомасці. Знакам часу было і з’яўленне шматлікіх жаночых паэт. імён: З.Бандарына, Н.Вішнеўская, Н.Маркава, Я.Пфляўмбаўм, І.Чырвань і інш. Дзякуючы іх паэзіі свет паэт. вобразаў узбагачаўся вобразамі лірычных гераінь, якія шукалі свой шлях у новым часе, прадчуваючы яго трывожнасць і сваю ахвярнасць, актыўна сцвярджалі сябе як носьбітаў новага светаўспрыняцця і ў той жа час не парывалі з традыцыямі. Бел.паэт. авангардызм 1920-х г. ва ўсіх сваіх формах ад рэв. канцэптуалізму да імажынізму арганічна ўпісваўся ў еўрап.літ. працэс. Пры ўсёй адметнасці шляху, якая найперш звязвалася з адраджэнскім пафасам літаратуры, у эстэт. плане Беларусь крочыла «ў нагу» з Еўропай, ствараючы сваю адэкватную («аквітычную») маст. парадыгму, якая з’яўлялася далікатным і самавітым укладам у літ. рух. Творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Александровіча, М.Грамыкі, У.Дубоўкі, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, М.Чарота, П.Шукайлы і інш. забяспечвала арыгінальную прысутнасць бел. паэзіі ў панараме еўрап. мадэрнізму і авангарду.
1930-я г. ў гісторыі бел. літаратуры — перыяд складаны і трагічна цяжкі, як і ў грамадскім жыцці бел. народа. Многія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны і расстраляны. Загінулі: А.Астрэйка, А.Вольны, П.Галавач, А.Дудар, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Я.Нёманскі, Ю.Таўбін, М.Чарот і інш. Рапрэсіраваны, але выжылі С.Грахоўскі, У.Дубоўка, П.Пруднікаў, Я.Пушча і інш.Літ. працэс 1930-х г. у сваіх многіх плынях праходзіў пад знакам У.Маякоўскага (А.Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, М.Лужанін і інш.). Асабліва выразна вылучалася арыентацыя на знешнія прыкметы паэтыкі, версіфікацыі (А.Александровіч, А.Дудар і інш.). Творча-ўнутр. арыентацыя давалася цяжэй: паэма «Праз горы і стэп» П.Броўкі (1932), асобныя часткі паэмы «Мужнасць» П.Глебкі (1934—38). Улюбёнай формай сталі заклікі і лозунгі з ужываннем дзеясловаў загаднага ладу. На пэўны час паэзія, калі і не перапынялася, то апынулася ў досыць крызісным стане. Наглядная ілюстрацыя эпігонства і схематызму — паэма «Крокі ў вяках» М.Багуна (1930). У многіх творах утварылася ілюзія значнасці на мяжы парадыйнасці. Трывогі, роздум над складанасцямі пераўтварэнняў падмяніліся дзяжурнай бадзёрасцю, гіпертрафічнасцю натуральных чалавечых пачуццяў. У некат. творах гучала пропаведзь неразборлівай жорсткасці, бязлітаснасці: паэма «Вайна за мір» А.Дудара (1931). Паэмы «Цені на сонцы» (1928—29), «Паэма імя Вызвалення» і «Паэма пра ворага» (абедзве 1930) А.Александровіча вызначаліся ваяўнічай спробай рэалізацыі ў маст. формах тых ідэй, якія аўтар жорстка прапаведаваў у выступленнях і адміністрацыйным кіраванні. Агульнаўплывовай у 1930-я г. была тэорыя факта. У многіх творах уся ўвага аддавалася апісанню падзейнасці, перадачы «паэтычных» фактаў гіст. змагання: паэмы «1914» П.Броўкі (1933), «Мужнасць» П.Глебкі, «Каршун» А.Звонака (1929).
Творчай удачай многіх частак паэмы «Праз горы і стэп» П.Броўкі сталася не толькі тое, што аўтар адмовіўся ад нагрувашчвання падзей і сітуацый, а спыніў свой выбар на адным эпізадычным факце гісторыі. У полі яго зроку быў унутр. стан чалавека пад навалай нечалавечых выпрабаванняў. Эпізоды аб’ектыўнага дзеяння апынуліся пад моцнай уладай суб’ектыўнага ўспрыняцця праз асобу паэта. Прыкметнай з’явай свайго часу была паэма «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1933), якая лічылася лепшым дасягненнем увогуле ўсёй ліра-эпікі сав. перыяду. Але эстэт. вымярэнне жыццёвых з’яў і абраны апісальна-нарысны прынцып у паэме былі ўсё ж недастатковымі для ўзнікнення значнай эпічнай рэчы. У большай ступені знайшлі сваё непасрэднае ўвасабленне жывыя ўражанні ў нізцы вершаў Я.Купалы, напісанай у Ляўках летам 1935 («Госці», «Алеся», «Вечарынка», «Хлопчык і лётчык», «Лён»). Яны пранізаны лірызмам новага светаадчування чалавека, прасветленай і ўсцешанай яго далучанасцю да здзяйсненняў і перамен у жыцці вёскі. Рамант. вера, якая захапіла паэзію 1920-х г., патроху прыцьмявалася, часам суправаджалася роздумам і смуткам, нават ледзь улоўнай іроніяй, як гэта ўгадваецца ў вершах Я.Купалы. Не падуладныя афіцыёзным устанаўленням і нарматыўнай маралі былі У.Хадыка (зб. «На ўзбярэжжы дзён», 1930) і З.Астапенка (рукапіс яго кн. «Як шум дажджу», быў зняты з выдавецкага плана, 1933). У розных жанравых і стылявых пошуках, у звароце да падзей мінулага (паэмы «Крыўда», 1932; «Гарбун», 1934) і сучаснасці (паэма «Аманал», 1932), у імкненні да арганічнай узаемасувязі лірычнай суб’ектыўнасці асацыятыўных вобразаў з аб’ектыўным паказам рэчаіснасці сталела паэзія А.Куляшова.
1930-я г. вызначаюцца і прытокам у паэзію новых сіл. Сярод паэтаў, якія заявілі пра сябе ў 1930-я г. (некаторыя з іх пачалі друкавацца ў 1920-я г.), — Э.Агняцвет, А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, А.Бялевіч, В.Вітка, А.Вялюгін, Л.Гаўрылаў, С.Грахоўскі, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, К.Кірэенка, А.Коршак, С.Ліхадзіеўскі, Р.Няхай, П.Панчанка, А.Русецкі, М.Сурначоў, А.Ушакоў, С.Шушкевіч.
Літаб’яднанне «Маладняк». 1928.Арганізатары літаб’яднання «Узвышша». Стаяць: А.Бабарэка, Я.Пушча. Сядзяць: К.Чорны, У.Дубоўка, К.Крапіва Мінск. 1926—27.Аўтограф верша «Я ў мастацкім агародзе...» К.Крапівы.
Проза. Пачатак 1920-х г. характарызаваўся перавагай апавядання над інш. празаічнымі жанрамі. Яно адрознівалася стыліст. і ідэйна-змястоўнай разнастайнасцю, супярэчлівасцю. Дарэв. мінулае і сучаснасць, грамадз. вайна і рэв. ломка жыцця, яго навізна і новы чалавек — тэмы, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі празаікаў. Асобнымі зборнікамі выйшлі апавяданні: «Казкі жыцця» (1921) і «Крок за крокам» (1925) Я.Коласа; «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Дэлегатка» (1928) З.Бядулі; «Веснаход» (1924) М.Чарота; «Трэскі на хвалях» (1924), «Выбраныя апавяданні» (1926) Ц.Гартнага; «Апавяданні» (1925) А.Бабарэкі; «Пела вясна» і «У віры жыцця» (абодва 1925), «Пад сонцам» (1926), «На чыгунцы» (1928) М.Зарэцкага; «На зломе» (1925) Я.Нёманскага; «Срэбра жыцця» і «Апавяданні» (абодва 1925), «Па дарозе», «Пачуцці» і «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929) К.Чорнага; «Досвіткі» (1926) М.Гарэцкага; «Апавяданні» (1926) К.Крапівы; «Золак» і «Радасць» (абодва 1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929) М.Нікановіча; «Дробязі жыцця» (1927) П.Галавача; «Апавяданні» (1927) М.Лынькова; «Затока ў бурах» (1929) Я.Скрыгана і інш.
Асэнсаванне мінулага становіцца вельмі важным у прозе Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага. Я.Колас у сваёй «малой прозе» (апавяд. «Сяргей Карага», «Дачакаўся», «Крывавы вір» і інш.) выступіў падкрэсленым традыцыяналістам. Вострыя маральна-этычныя праблемы новага часу вырашаліся ім з пазіцый «старога гуманізму», які не звяртаў асаблівай увагі на сац. паходжанне і класавую прыналежнасць чалавека. Псіхалагізм, трапнасць дэталі, мяккі гумар, спакойнае разгортванне сюжэта, любоў і разам з тым вышыня маральных патрабаванняў да чалавека — якасці, характэрныя для апавяданняў Я.Коласа. «Вышэйшая праўдзівасць таленту» аказалася ў многіх творах 1920-х г. пераможанай ідэяй класавай барацьбы. Калі Я.Колас з трывогай глядзеў на «крывавы вір» нянавісці і жорсткасці рэв. рэчаіснасці, то З.Бядуля лічыў рэвалюцыю найвялікшай справядлівасцю. У яго творах «Бондар», «Дванаццацігоднікі», «Сорам», «Панскі дух», «На зачарованых гонях», якія закранаюць розныя аспекты жыцця «старога свету», падзеі мінулага асэнсоўваліся з пазіцый сучаснага пісьменніку дня. З.Бядуля выкрываў уладу паноў, выказваў ідэі неабходнасці барацьбы з імі, апраўдваў злапамятнасць прыгнечаных і іх помсту прыгнятальнікам. Яго найб. цікавілі каларыт падзей і людзі як маса, індывідуальнасць чалавека засталася па-за яго ўвагай. Большасць апавяданняў З.Бядулі напісана ў рэаліст. манеры, але часам ён звяртаўся і да рамант. узнёсласці, імпрэсіяністычнасці і сімволікі. Ц.Гартны ў сваіх апавяданнях гераізаваў «новых людзей», ствараў вобразы перадавога рабочага, чырвонаармейца і камуніста, эстэтызуючы ў іх рэдкую самаахвярнасць, адданасць рэвалюцыі. Ён адзін з першых у бел. прозе загаварыў пра канфлікт грамадскага і асабістага ў вобразе сав. актывіста, аддаючы перавагу грамадскаму, што пазней стане нормай у літаратуры сацыяліст. рэалізму. Яго творы яскрава сведчылі пра змены ў этыцы і эстэтыцы новага грамадства. Апавяданні М.Зарэцкага, рамантыка, майстра вострага і займальнага канфлікту, драматычна напружанага і авантурнага сюжэта напаўняюць фарбы і рытмы, каларыт і атмасферу новага часу. М.Зарэцкі-маладняковец разглядае «новага чалавека» пераважна з грамадскага боку (лірычны абразок «Камсамолка» і інш.). «Маладнякоўскае» апавяданне, даніну якому аддалі амаль усе маладыя пісьменнікі, што прыйшлі ў бел. літаратуру ў пач. 1920-х г. (А.Бабарэка, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, Я.Нёманскі, М.Нікановіч, Я.Скрыган, К.Чорны), з яго курсам на адмежаванне і адмаўленне ад традыцый класічнай літаратуры несла з сабой значныя змены ў стылістыцы. Яно ігнаравала такія неад’емныя празаічныя катэгорыі, як характар і сюжэт, скептычна ставілася да падрабязнасцей і дэталі. Маладнякоўская вобразнасць характарызавалася вельмі эмац. малюнкам, аздобленым квяцістымі тропамі, узнёсла-лірычнай рытмікай фразы. Яна была заклікана перадаць пачуццё нястрыманай радасці з нагоды перабудовы і абнаўлення жыцця. М.Зарэцкі ўзяўся даследаваць чалавечую душу, разумеючы ўсю складанасць і адказнасць гэтай задачы. Ад бессюжэтных паэт. абразкоў і лірычных імпрэсій ён перайшоў да сюжэтных апавяданняў, у якіх яго цікавілі канкрэтныя людзі, канкрэтныя лёсы. Праз большасць яго твораў праходзіць тэма кахання, сям’і, яе мэтазгоднасці, духоўнай прыгажосці жанчыны (апавяд. «Мар’я», «Ворагі», «Бель», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая», «Ой, ляцелі гусі...» і інш.).
Глыбокі роздум пра жыццё, выразныя элементы псіхал. аналізу ў апавяданнях К.Чорнага 1920-х г. Яго лірычная проза вельмі хутка змянілася эпічнай апавядальнай формай развіцця тэмы, выражэння думак і пачуццяў. Пісьменнік-псіхааналітык К.Чорны разам з К.Крапівой, М.Чаротам, Я.Коласам і інш. паспяхова развівалі і гумарыстычна-сатыр. лінію ў бел. апавяданні таго часу («Вясковая ветэрынарыя», «Маё дзела цялячае», «Мяшчане ў густой пары» К.Чорнага, «Людзі-суседзі», «Каровін мужык», «Мой сусед», «Вайна», «Певень», «Хвост» К.Крапівы, «Трыумф», «Трагізм», «Драматург і лірычны паэт» Я.Коласа, «Дзіўная заява», «Чалавек, які не нарадзіўся» М.Чарота і інш.). У сатырычна-гумарыст. апавяданнях «Трыумф», «Драматург і лірычны паэт» Я.Колас спыняе ўвагу на праблемах літ. жыцця ў краіне ў першыя паслярэв. гады. Абсурднае, карыкатурнае ў жыцці 1920-х г. добра ўмеў заўважыць М.Чарот. У апавяд. «Чалавек, які не нарадзіўся» ён па-свойму малюе тыя ж «папяровыя жахі», што і У.Маякоўскі ў аднайм. вершы. У жанрах фельетона, гумарэскі, жарту, анекдатычнага апавядання выступалі розныя па характары таленту пісьменнікі.
2-я пал. 1920-х г. характарызуецца большай увагай да прыроджанага, псіхал., унікальнага ў чалавеку; сац., класавае адыходзіць на другі план. З’явіліся першыя апавяданні Л.Калюгі, які зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У цэнтры яго апавяд. «Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капераціўскі сабака», «Трахім з пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі» — характары моцныя, нестандартныя, сфарміраваныя ў нар. глыбінях. Ц.Гартны, які ў найб. ступені аддаваў даніну класаваму гуманізму, вызваліўся з-пад яго ўлады і перайшоў ад паказу падзей да паказу ўнутр. жыцця чалавека (апавяд. «На новым месцы» і «Таварыш інспектар»). Свет чалавечых страсцей і думак, тое, што ўнутры, а не вакол яго, усё больш цікавіць К.Чорнага (апавяд. «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць», «Спатканне з васпаватым чалавекам»). У гэты час бел. проза папоўнілася імёнамі С.Баранавых, В.Каваля, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Мрыя, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, Х.Шынклера. Арганічны сінтэз рамант. і рэаліст. элементаў уласцівы творам М.Лынькова. Яго апавяд. «Над Бугам», «Кларнет», «Маньчжур», «Андрэй Лятун» сведчаць пра ўменне пісьменніка знайсці яркае, гераічнае ў жыцці, рамантыку ў прозе і разам з тым цвяроза заўважаць рэальна існуючыя праблемы.
Адбылося станаўленне маштабнай, «чалавеказнаўчай» бел. прозы, вядучае месца ў ёй занялі жанры рамана і аповесці. Выйшлі ў свет першыя кнігі трылогіі Я.Коласа «На ростанях» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927) і яго аповесць «На прасторах жыцця» (1926). Паявіліся раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны» (асобн. выд. 1922—23), аповесці «У чым крыўда?», «Ціхія песні» і дакумент.-маст. запіскі «На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага (усе 1926) аповесці «Свінапас» (1924) М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара (абедзве 1925), «Мяцеліца» М.Нікановіча (1926), «Партызан» Я.Нёманскага (1927), «Ні госць ні гаспадар» Л.Калюгі (1928), аповесць «Голы звер» (1926) і раман «Сцежкі-дарожкі» (1927) М.Зарэцкага, аповесць «Салавей» (1927) і першая кніга рамана «Язэп Крушынскі» (1929) З.Бядулі, раманы «Сястра», «Зямля» (абодва 1928) і аповесць «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнага, раманы «Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя (1929), «Сын» Р.Мурашкі (1929) і інш. Першыя буйныя палотны бел. пісьменнікаў прысвечаны тэме дарэв. мінулага. Аднагеройнасць, аўтабіяграфізм, хранікальнасць, багацце «бытавога матэрыялу», псіхалагізм, замаруджанасць сюжэта за кошт паглыблення ва ўнутр. жыццё героя, лірычных адступленняў — асн. рысы першых бел. раманаў і аповесцей. Для маладой бел. прозы была новай такая зацікаўленасць «шырокім светам чалавечых думак», якая раскрыта ў аповесці Я.Коласа «У палескай глушы». Другая яго аповесць «У глыбі Палесся» больш дынамічная. У ёй прыкметна адрозніваецца спосаб выяўлення псіхалогіі героя: знешняе, аб’ектыўнае жыццё пераважае над унутр., суб’ектыўным. Бел. проза не ведала такога панарамна-аналіт. партрэтнага жывапісу, такой яго шматтэмнасці, як у трылогіі «На ростанях». У ёй створаны запамінальныя партрэты людзей розных грамадскіх пластоў. Эпічны талент пісьменніка імкнецца выйсці «на шырокі прастор», на плённы шлях «шматгалосся», перакрыжавання ў адной сцэне розных пунктаў погляду.
Бел. сац.-гіст. раман ствараўся ва ўмовах ідэі класавай барацьбы і ўстаноўкі рэвалюцыі, якая абвяшчала пралетарыят сваім гегемонам. Таму пісьменнікі пераключаліся з сялянскай тэмы на стварэнне вобраза рабочага-рэвалюцыянера. Адным з першых да яго адлюстравання звярнуўся Ц.Гартны ў рамане «Сокі цаліны» (1-я кніга «Бацькава воля» выйшла ў 1922, 2-я — «На перагібе» — у 1926, дзве апошнія — «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы» — у 1929). 1-я частка рамана — сац.-быт. і глыбока псіхал. твор, у якім аўтар асэнсоўваў перажыты ім жыццёвы матэрыял. У трох наступных яго частках пераважаюць умоўнасць, прыблізнасць, павярхоўнасць у адлюстраванні псіхалогіі герояў. Пісьменніку не ўдалося арганічна звязаць у адзін вузел асабістае, бытавое і грамадскае жыццё свайго гал. героя. Вобраз маладога і прыгожага змагара за нар. шчасце, т.зв. новага чалавека, імкнуліся стварыць «маладнякоўцы». У 1924—27 выйшаў шэраг прыгодніцка-рамант. аповесцей пра грамадз. вайну: «Свінапас» М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара, «Мяцеліца» М.Нікановіча, «Партызан» Я.Нёманскага. Гэтыя творы вылучаліся займальным, дынамічным сюжэтам, яркімі рамант. фарбамі, умоўнасцю палажэнняў, нематываванасцю ўчынкаў. Яны былі закліканы абудзіць у чытача класавую нянавісць. Ім уласціва празмерная наіўнасць, не хапала псіхалагізму, але яны ўзбагачалі прозу новымі сродкамі выразнасці, пашыралі яе сюжэтныя гарызонты. У аповесці «На прасторах жыцця» Я.Колас заклікаў моладзь авалодваць ведамі, выходзіць «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Нягледзячы на знешняе падабенства Сцёпкі да герояў «маладнякоўскай» прозы, коласаўскі герой аказваецца натурай больш глыбокай: культура пачуцця, тактоўнасць, далікатнасць, павага да іншых. Я.Колас, стоячы на грунце нар. светапогляду, вывяраючы ім дзеянні і ўчынкі героя, заўважае адхіленні ад яго ў паводзінах юнакоў і як бы выпраўляе іх думкай народнай. Аповесць З.Бядулі «Салавей» блізкая да «маладнякоўскіх» аповесцей сваім пафасам барацьбы за справядлівасць, сац.-вызв. матывамі, вобразам юнага змагара, хаця і малявала часы паншчыны. У творы арганічна пераплятаюцца рамант. светаадчуванне, амаль казачнасць сітуацый, лірычна-гумарыст. афарбоўка, рэаліст. фарбы і гратэскнасць. У аповесці ўзняты хвалюючыя праблемы сапраўднага прызначэння мастацтва, свабоды мастака-творцы. Томы інтэлігенцыі і рэвалюцыі, пошукаў гал. героем-інтэлігентам «у першым пакаленні» сваіх месца і моты ў жыцці вырашаюцца не толькі ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях», але і ў рамане М.Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі», блізкім ёй і па сваім чалавекалюбным пафасе і аналітызме. Рэаліст. паказ рэв. руху ў ім спалучаецца з рамант. бачаннем свету і людзей. У аповесці «Голы звер» (1926) М.Зарэцкі выкрывае маральную пазіцыю «звышчалавека», індывідуаліста, які вырашыў дазволіць сабе ўсё, што не дазволена людскімі законамі. І «Голы звер», і «Сцежкі-дарожкі» з’яўляюцца сімбіёзам розных стыляў: рамант., лірычныя, рэаліст. і сатыр. элементы вобразнасці. Пустое марнатраўства жыцця, паразітызм «цёмнага нэпманаўскага зброду» выкрывае Р.Мурашка ў аповесці «У іхным доме» (1929).
Першыя раманы К.Чорнага «Сястра» і «Зямля» (абодва 1928) сведчаць пра тое, што бел. празаікі напружана шукалі новыя сродкі адлюстравання працэсаў унутр. жыцця чалавека, не спыняючыся на традыцыйных, ужо адкрытых рус. і сусв. празаікамі. Раман «Сястра» блізкі да твораў «плыні свядомасці». Блізкасць заключаецца ў амаль поўнай адсутнасці знешнепадзейнага плана, у акцэнце на суб’ектыўным псіхалагізме. У рамане «Зямля» К.Чорны малюе яркія псіхал. партрэты сялян, не здраджваючы аб’ектыўнасці і гіст. праўдзе. Раман выводзіў бел. прозу на перспектыўны шлях псіхал. аналізу і праўдзівасці характараў, глыбокага даследавання жыцця. У аповесці «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнаму давялося дэманстраваць і «даказваць» сваю «партыйнасць», змагаючыся з уласніцкай псіхалогіяй, выкрываючы індывідуалістычную філасофію. Апавядальны тон аповесці ў некат. месцах нагадвае тон тэндэнцыйнага публіцыст. артыкула ці нарыса. Раман К.Чорнага «Зямля», аповесць «Лявон Бушмар» побач з аповесцю С.Баранавых «На абрэзках зямлі», у якой абуджалася класавая нянавісць да кулакоў і багацеяў, адкрывалі новую для бел. прозы тэму калектывізацыі.
Творы маладых пісьменнікаў, нягледзячы на многія ўласцівыя ім недахопы — фрагментарнасць, рэпартажнасць, фактаграфізм, капіраванне з натуры, часам здзіўлялі каштоўнасцю сац. адкрыццяў. Аповесць Л.Калюгі «Ні госць ні гаспадар» прасякнута трывогай, занепакоенасцю станам сучаснага яму грамадства, з’яўленнем у ім «ні госця ні гаспадара». У гэтым эпічным творы пра першых бел. камсамольцаў пісьменнік узняўся над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваў працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Пісьменнікі шукалі новых людзей не ў «адсталым» сялянскім асяроддзі, а ў асяроддзі гараджан, рабочых, звязваючы з імі нараджэнне новай маралі, новага жыцця. Раман Р.Мурашкі «Сын» (1929), як і раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны», вылучаецца жорсткай сац. запраграмаванасцю героя-рэвалюцыянера, яго наіўнай гераізацыяй. У рамане «Драпежнікі» Я.Нёманскага (1928—30, няскончаны) шырока разгорнута жыццё бел. грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны. Нягледзячы на пакладзены ў аснову рамана прынцып кантрастнага супастаўлення (з аднаго боку — «драпежнікі», з другога — рабочыя і сяляне), ён вызначаецца жыццёвай праўдай і пераканаўчасцю ў перадачы думак і пачуццяў герояў. З М.Гарэцкім звязана з’яўленне ў бел. прозе новай жанравай разнавіднасці — дакумент.-маст. запісак (форма дзённіка). У цэнтры яго аповесцей «У чым крыўда?», «Меланхолія» і «На імперыялістычнай вайне», якія ўяўляюць сабой трылогію, — драм. лёс прадстаўніка бел.нац. інтэлігенцыі сялянскага сына Лявона Задумы. У заключнай кнізе трылогіі «На імперыялістычнай вайне» эпісталярная форма падачы матэрыялу аказваецца вельмі плённай, бо дае поўную свабоду для самараскрыцця героя. На гэтым фоне рэзка вылучаецца сатыр. раман А.Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Аўтар нідзе ў сваім творы не звяртаецца да адкрытых абуральных інтанацый, да голага выказвання нянавісці, да тых заган сац. жыцця і носьбітаў зла, з якімі ён змагаецца. Гал. яго зброя барацьбы — смех, іранічная насмешка. Твор напісаны ў форме дзённіка гал. героя «тыповага выскачкі» Самсона Самасуя. Гэты раман А.Мрыя — вяршыннае дасягненне не толькі бел., але і ўсёй сав.сатыр. прозы.
Адметнасць яго — у абагульняльным размаху сатыр. карцін, у выбары самога аб’екта сатыр. высмейвання, у разнастайнасці спалучэння сродкаў абмалёўкі персанажаў, сатыр. фарбаў, у глыбіні маст. спасціжэння сучаснага яму жыцця, у мове. Пісьменнік шырока ўводзіў у моўную тканіну рамана бюракратычныя штампы, канцылярызмы, праз парадзіраванне якіх лепш адчуваецца і ўнутр. сутнасць герояў, і «грамадскія хваробы» паслярэв. рэчаіснасці. У далейшым рэаліст.-сатыр. лінія, якую так паспяхова развіваў у вял. эпічным жанры А.Мрый, наогул знікае з гарызонту бел. прозы (застаецца толькі драматургія). У канцы 1920-х г.бел. пісьменнікі імкнуліся пашырыць тэматычныя гарызонты нац. прозы, рабілі спробы стварыць «вытворчы раман», каб апець будаўніцтва новага жыцця, працоўны і творчы энтузіязм новага чалавека, ударную працу і сацспаборніцтва. Такая «вытворчая праблематыка» цікавіла Х.Шынклера ў аповесці «Сонца пад шпалы», у якой ёсць нямала старонак, напісаных з псіхал. паглыбленасцю ў вобразы, аднак схематызм, ілюстратыўнасць, палітызацыя моцна зніжаюць эстэт. ўзровень твора. Адным з дасягненняў прозы таго часу з’явілася развіццё літаратуры для дзяцей. Аповесці Я.Маўра «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі» (абедзве 1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) адразу сталі папулярнымі і любімымі творамі бел. дзетвары. Пісьменнік удала спалучыў прыгодніцкія элементы з рэаліст. сродкамі характарыстыкі і з прыёмамі навук.-папулярнага жанру. Жыццю школьнікаў прысвечаны зб.апавяд. «Гул бубна» А.Якімовіча (1925).
1920-я г. — шчодры на творчыя адкрыцці перыяд, які адрозніваўся дыялогам-спрэчкай розных літ. школ і кірункаў, маст. густаў, метадаў паказу чалавека. Менавіта ў гэты час выпрацаваны нац. традыцыі эпічнага адлюстравання жыцця, на якія абапіралася пазнейшая літаратура, распрацаваны стыль прозы, пашырыліся выяўл. магчымасці бел. мовы. Проза 1930-х г. значна бяднейшая на фарбы і колеры, больш аднастайная ў ідэйна-змястоўным і стылявым плане, нягледзячы на тое, што яна прадстаўлена досыць вялікай колькасцю раманаў, аповесцей, апавяданняў і навел.
У 1930-я г. працягвалі свой творчы шлях пісьменнікі, якія выступілі ў друку ў 1920-я г., — П.Галавач, М.Зарэцкі, Л.Калюга, К.Крапіва, А.Мрый, М.Паслядовіч, Э.Самуйлёнак, Я.Скрыган, К.Чорны, Х.Шынклер і інш., а таксама старэйшыя пісьменнікі, вядомыя ўжо ў дакастрычніцкі час, — Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля. У гэты час у бел. літаратуру прыйшлі празаікі У.Краўчанка, Б.Мікуліч, А.Стаховіч і інш. Многія бел. пісьменнікі ў гэты перыяд былі абвешчаны ворагамі народа і рэпрэсіраваны, некат. расстраляны: С.Баранавых, П.Галавач, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, В.Коваль, Л.Калюга, А.Мрый, Я.Нёманскі і інш.
Адной з цэнтральных у бел. прозе 1930-х г. з’яўлялася тэма калектывізацыі. Ёй прысвечаны раманы «Ідзі, ідзі» К.Чорнага (1930), «Язэп Крушынскі» З.Бядулі (1929—32), «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Мядзведзічы» К.Крапівы (абодва 1932), «Перагуды» Ц.Гартнага (1935), «Салаўі святога Палікара» Р.Мурашкі (1933—39), аповесці «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (1931—32) С.Баранавых, «Адшчапенец» Я.Коласа, «Спалох на загонах» П.Галавача (абедзве 1930—31), «Чорная Вірня» Б.Мікуліча (1931) і інш. Амаль у кожным з гэтых твораў праводзіцца ідэя пра неўладкаванасць сялянскага жыцця, пра неабходнасць перамен, карэннай ломкі дробнаўласніцкай сельскай гаспадаркі.
Маст. літаратура 1930-х г. павінна была стаць прапаведніцай палітыкі партыі. Многія пісьменнікі добра ўсвядомілі гэтую пастаўленую перад імі задачу і пачалі замяняць маст. малюнак плакатам-агіткай. Ніводзін твор пра калектывізацыю не абыходзіцца без вобраза кулака: «Мядзведзічы» К.Крапівы, «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Межы» С.Баранавых, «Вясна» К.Чорнага і інш. Усе яны малююцца досыць аднастайнымі, зніжанымі фарбамі. У кожным з іх пададзена ўласніцкая прагавітасць і сквапнасць. Час вялікага пералому пісьменнікі 1930-х г. малявалі досыць схематычна. У многіх творах пра калектывізацыю сяляне асуджаліся як прадстаўнікі старога, цёмнага свету. Творам, у якім раскрыта трагедыйнасць таго часу, мог быць незавершаны раман Л.Калюгі «Пустадомкі» (1933—35). Ён напісаны ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, таму не мог у свой час з’явіцца ў друку (надрукаваны ў канцы 1980-х г.). Аўтар пільна прыглядаецца да маральнага аблічча калег па пяру і заўважае, як многія з іх паступова становяцца прыстасаванцамі.
Літаратура 1930-х г. шмат увагі аддавала пытанням кахання, шлюбу і сям’і, адносінам новай улады да жанчыны. Яна актыўна прапагандавала новы тып жанчыны, чужы традыцыйнаму светапарадку (раманы «Вязьмо» М.Зарэцкага і «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). Этыка кахання, шлюбу і сям’і моцна цікавіць К.Чорнага ў аповесці «Люба Лук’янская» (1936), дзе асабліва выразна акрэсліваецца разыходжанне хрысціянскай і сав. маралі. Аповесць К.Чорнага «Люба Лук’янская», яго раман «Трэцяе пакаленне», апавяданні М.Лынькова і Я.Скрыгана сцвярджаюць сацыяліст. мараль як вышэйшую форму маралі. «Вытворчая» аповесць Б.Мікуліча «Наша сонца» (1931) малюе вобраз «новага чалавека», занятага выключна грамадскімі справамі. Чалавек і складаны свет яго думак зацямняюцца і ў аповесцях А.Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М.Паслядовіча «Магістральны канал» (1940), у якіх апісанне вытв. працэсу становіцца ледзь не самамэтай. Арыентацыя літаратуры на актыўнае ўмяшанне ў жыццё нарадзіла і антыфашысцкія творы, накіраваныя супраць усіх форм таталітарызму. У іх ліку аповесці «Марсель» М.Паслядовіча (1931), «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка (1933), «Носьбіты нянавісці» (1935—36) і «Яны не пройдуць» (1936—37) П.Галавача. Некат. пісьменнікі, у т. л. Я.Колас, М.Лынькоў, Э.Самуйлёнак, К.Чорны, звяртаюцца да мінулага бел. народа. Іх цікавіць гіст. развіццё нацыі, непарыўная повязь часоў, пераход дня ўчарашняга ў дзень сённяшні і будучы.
Значнай падзеяй у літ. жыцці таго часу з’явілася аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1932—33). У вобразе 70-гадовага дзеда Талаша, мужнага, вольналюбівага паўстанца, партызана, Я.Коласу ўдалося ўвасобіць нац. характар беларуса. Я.Колас ішоў ад рэальнага факта, ад рэальнага прататыпа, што спрыяла праўдзівасці і жыццёвасці твора. Псіхал. пераканальнасць у абмалёўцы персанажа, добры, мяккі гумар, займальнасць інтрыгі, драматызацыя сюжэта, эпічны размах — усё гэта надавала аповесці эстэт. каштоўнасць. Да шырокай панарамнасці і аналітычнай заглыбленасці імкнуўся ў сваёй творчасці К.Чорны. Ён задумаў напісаць цыкл твораў, у якіх хацеў стварыць карціну развіцця чалавечага грамадства. Задума часткова матэрыялізавана ў раманах «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935). Да рэв. мінулага звернуты шырокія эпічныя палотны: раманы «Праз гады» П.Галавача (1934—35) і «Будучыня» Э.Самуйлёнка (1936—38). Шэраг партрэтаў местачкоўцаў створаны ў эпапеі «На чырвоных лядах» М.Лынькова (1934), у аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939) З.Бядулі.
Адметнай старонкай у прозе 1930-х г. з’яўляюцца раманы М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1931—32) і «Камароўская хроніка» (1932—37), у якіх пісьменнік імкнуўся рэалізаваць задуму пра стварэнне хронікі некалькіх пакаленняў адной сям’і, пачынаючы ад прыгону і да нашых дзён. Незавершаны раман-эпапея «Камароўская хроніка» вызначаецца вялікім часавым прамежкам — жыццё беларусаў на працягу 19 — пач. 20 ст. Ён уяўляе сабой летапіс-даследаванне вясковага жыцця. Узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 1930-х г., — раман Р.Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1933—39). Глыбокі псіхалагізм, гуманістычны пафас, сінтэз розных стыляў, розных тыпаў вобразнасці (рэалістычна-аналітычнае пісьмо, узвышаная рамантыка, лірызм «у чыстым выглядзе», моцны сатыр. струмень) гавораць пра наватарства твора.
Нягледзячы на неспрыяльнае для творчасці грамадска-паліт. становішча ў краіне бел. проза 1930-х г. здолела прадэманстраваць вялікія магчымасці нац. слова ў асваенні новых сфер чалавечага жыцця. Проза 1920—40-х г. заклала падмурак, на якім паслядоўнікі змаглі больш упэўнена ўзводзіць будынак нац. літаратуры.
Драматургія У пач. 1920-х г.бел. драматургія ўступіла ў новую, прынцыпова адрозную ад ранейшых, стадыю развіцця, абумоўленую адкрыццём першых у гісторыі айч. культуры прафес.бел.-моўных тэатраў: 10.8.1920 у памяшканні Бел. рабочага клуба распачала сваю дзейнасць «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка», а 14.9.1920 на сцэне гар. тэатра адбылася прэм’ера Бел.дзярж. тэатра. Наяўнасць двух нац.прафес. тэатраў аб’ектыўна адкрывала перад бел. драматургіяй небывалыя раней перспектывы.
Працэс пераходу ад рэжыму выжывання да нармальнага творчага функцыянавання ў бел. драматургіі праходзіў не без супярэчнасцей. Новы этап драматургічнай творчасці пачаўся не новымі па сваёй паэтыцы п’есамі: «Суд» У.Галубка, «Мутэрка» М.Гарэцкага, «Конскі партрэт» (усе 1920) і «Пасланец» Л.Родзевіча (1921), якія тэматычна і паводле сэнсава-выяўл. асаблівасцей напісаны ў адпаведнасці з традыцыямі бел. дакастрычніцкай літаратуры. Сюжэт камедыі «Суд» У.Галубка заснаваны на крытыцы судова-бюракратычнай машыны царскай Расіі; абразок з натуры «Мутэрка» М.Гарэцкага прысвечаны балюча-актуальным для Беларусі ва ўсе часы праблемам здрадніцтва нац. інтарэсам з боку інтэлігенцыі выкрыццю яе духоўнага кампрадорства. Грамадз. пафас уласцівы і камедыі «Пан міністар» Ф.Аляхновіча (1922). Вадэвіль «Конскі партрэт» і сцэн. абразок «Пасланец» Л.Родзевіча развівалі традыцыі быт. сатыры, камедыі становішчаў.
У пошуках новых форм маст. выразнасці, актуалізацыі сюжэтна-падзейнага зместу твораў бел. драматургіі прыйшлі да распрацоўкі фальклорна-этнагр. матэрыялу, да якога яны звярталіся і раней, калі паўставала неабходнасць аздобіць дзею каларытнай фактурай, надаць ёй натуральнасць гучання. Ідэяй стварэння серыі фальклорна-этнагр. п’ес захапіўся Е.Міровіч. Дзеля гэтага ён запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх бел. пісьменнікаў. Найб. плённым такое супрацоўніцтва аказалася з М.Чаротам, які ўжо меў вопыт пісьменніцкай, паэт. і тэатр. дзейнасці: выступаў як акцёр, быў аўтарам камедыі «Жаніх без шлюбу» (1919), драмы «Слуцкая варона» (1920), аднаактовых п’есак для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920). Яго музычна-этнагр. п’еса «На Купалле» не проста сінтэзавала ранейшы вопыт сцэн. асэнсавання фалькл. сюжэтаў, але дэманстравала прынцыпова новыя магчымасці такога асэнсавання. Па-першае, бел. драматургія, якая мела слабейшыя літ. традыцыі, чым многія інш. народы, арыентуючыся на ўласны фальклор, застрахоўвала сябе ад страты нац. адметнасцей (такая небяспека была зусім рэальнай у атмасферы татальнага непрыняцця класічных традыцый, адмаўлення ад набыткаў «старой» драматургіі, якія насаджалі пралеткультаўскія тэарэтыкі). Па-другое, фальклорна-этнагр. п’есы выконвалі народаадкрывальныя функцыі (напр., маскоўскія тэатр. аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923, калі БДТ выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы, адзначылі, што гэты спектакль раскрыў рус. гледачу душу бел. народа лепш, чым гэта зрабілі б дзесяткі навук. артыкулаў). Гэтыя п’есы адкрывалі Беларусь не толькі для народаў свету, але і для саміх беларусаў, якім пасля доўгіх гадоў нац. ўціску было няпроста самаідэнтыфікавацца, усвядоміць сваю дзяржаўнасць, пераадолець сіндром тутэйшасці. П’есы, заснаваныя на традыц.фалькл. сюжэтах, былі новым словам у літаратуры Беларусі, бо адкрывалі невядомыя раней тэматычныя гарызонты. Выкарыстанне нар.-паэт. прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механістычнага капіравання фалькл. сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання.
Сац.-паліт. заангажыраванасць драматургіі таго часу абумовіла зварот пісьменнікаў да гіст. тэматыкі. У п’есах «Пан Сурынта», «Плытагоны» У.Галубка (абедзве 1923), «Панскі гайдук» Я.Дылы (1924), «Паўстанцы» А.Александровіча (1925) мінулае бел. народа паўстае яшчэ на ўзроўнях фалькл. памяці, а ўжо ў драмах «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча (1923) і «Скарынін сын з Полацка» М.Грамыкі (1926) ушчыльную наблізілася да строгай дакументальнасці. Працэс маст. асэнсавання гіст. мінулага, актуальнасць якога павышаецца на пераломных этапах жыцця народа, не знайшоў свайго гарманічнага завяршэння, бо барацьбу з творчай арыентацыяй на фальклор распачалі пралеткультаўцы. Асабліва востра крытыкаваліся п’есы з гіст. зместам: за «фетышызацыю» традыц.маст. сродкаў (у новых умовах патрэбна не стылізацыя пад мінулае, а свядомае, паслядоўнае тварэнне будучага), за «ідэалізацыю» мінулага, як праяву нацыяналізму. Былі зняты з рэпертуару «Вяселле» В.Гарбацэвіча (1921), «Машэка» (1923) і «Каваль-ваявода» (1924) Е.Міровіча, «Апраметная» В.Шашалевіча (1926).
Як альтэрнатыву этнаграфізму пралеткультаўцы прапагандавалі тэатр масавых дзействаў. Але ён не меў пашырэння на Беларусі: адбыўся толькі адзіны плошчавы спектакль «Праца і капітал» (1921), ажыццёўлены ў Мінску Е.Міровічам. Бел. драматургія звярнулася да гераічнага тэатра. Асн. патрабаванні да п’ес гераічнай тэматыкі: у творах пафас рэвалюцыі (рамантызм, агітацыйнасць) павінен спалучацца са строгім рэалізмам гісторыі і сучаснасці (мастацкасць і праўдзівасць), цалкам супадаць з творчымі пастулатамі бел. драматургаў. П’есай-вытокам з’явілася драма «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча (1923), прысвечаная мужнай барацьбе і пакутніцкай смерці камсамольцаў-партызан з вёскі Дукора, расстраляных польскімі акупантамі ў 1920. Гераічныя падзеі, барацьба з акупантамі асэнсоўвалася і ў драме «З дымам-пажарам» А.Ляжневіча (1924). М.Гарэцкі ў гісторыка-рэв. драме «Чырвоныя ружы» (1922) намаляваў уражлівую рэтра-панараму нарастання рэв. незадавальнення. Не менш уражліва паказаны і катастрафічныя вынікі шматвяковага процістаяння прыгнечаных і прыгнятальнікаў. П’есы «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927—31) Я.Коласа дэманстравалі высокі маст. ўзровень увасаблення гераічных характараў, пераканаўча паказвалі заканамернасці прыходу нар. мас у рэвалюцыю. Да сярэдзіны 1920-х г. выразна акрэслілася патрабаванне паказу і ўслаўлення сацыяліст. будаўніцтва, сав. ладу жыцця. Аб праявах новага ў чалавечых узаемаадносінах напісаны п’есы «Лекары і лекі», «Два жаніхі» А.Гаротнага, «Дзень ураджаю» І.Барашкі (усе 1925), «Пашанцавала» Т.Кашэль, «Чырвоная касынка» Г.Базыленкі (абедзве 1926), «Пад вішнёвымі садкамі» В.Гарбацэвіча, «Бацька і сын» (абедзве 1927), «Спявай, вясна!» (1928) В.Сташэўскага і інш. Яны не вызначаліся высокім маст. узроўнем, аднак зрабілі пэўны ўклад у выпрацоўку жанравых традыцый, у назапашванне вопыту сцэн. асваення праблем сучаснасці. Не ўзняліся да маст. вышынь і творы на антырэліг. тэму: «Калі дзяк гаворыць праўду» А.Вольнага (1924), «У цемры» (1927) і «У прошчы» (1928) В.Сташэўскага, «За калгас» Я.Мазуркевіча (1929). Праява крайняй ступені грамадскай заангажыраванасці драматургіі 1920-х г. — агітп’есы. Яны пераважна заказваліся аўтарам, іх аператыўна друкавалі, ставілі, ухвалялі ў перыяд. друку безадносна да маст. вартасці. Агітп’есы былі пэўным фактарам нар.-гаспадарчай дзейнасці краіны. Яны прапагандавалі калектывісцкую свядомасць («Чаму Янка ў камуну пайшоў» М.Міцкевіча, 1924; «Нечаканае» Ю.Лявоннага, 1926; «Старое і новае» А.Цітавай, 1929), папулярызавалі сярод насельніцтва сельскагаспадарчыя веды («У агранома» А.Вольнага, 1924; «Суд над трохпалёўкай» Н.Уліцына, 1925; «Наша свята» А.Дабравольскага, 1926) і інш.
Важнейшая асаблівасць развіцця бел. драматургіі 1920-х г. — універсальнасць яе творчых пошукаў. Яна была адкрытая для ўсіх навацый, якія засвойваліся метадам спроб і памылак, паступова назапашваўся прафес. вопыт, расла колькасць драматургічных твораў. Часцей драматургія папаўнялася п’есамі, арганічна ўгрунтаванымі ў духоўны нац. кантэкст, знітаванымі з глыбіннымі праблемамі рэчаіснасці. Паказальны ў гэтых адносінах прыклад трагікамедыі Я.Купалы «Тутэйшыя» (1922). Абапіраючыся на ранейшы (В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каганец) і інш. вопыт сатыр. выкрыцця манкуртызму, развіваючы адраджэнскі курс нашаніўцаў, Я.Купала даў узор працы ў новых сац.-паліт. умовах, паказаўшы шляхі дасягнення сапраўднай маст. дасканаласці і высокай грамадзянскасці. Е.Міровіч, ідучы ад «Тутэйшых», здолеў у сатыр. камедыі «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) выкрыццё цынізму і прыстасавальніцтва ўзняць на новую маст. вышыню. Купалаўскі вопыт сатыр. ўвасаблення вобразаў персанажаў адчуваецца і ў камедыі «Ветрагоны» У.Галубка (1930). У канцы 1920-х г. з’явіліся п’есы на тэму індустрыялізацыі «Запяюць верацёны» Е.Міровіча (1928), «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца (абедзве 1929), «Напор» А.Александровіча, «Качагары» І.Гурскага (абедзве 1931), «Белая зброя» У.Галубка (1933). Гэтыя п’есы значна пашыралі сюжэтна-тэматычныя гарызонты драматургіі, абсягі спасціжэння ёю новых жыццёвых рэалій, але аўтары іх, засяроджваючы залішне пільную ўвагу на шкодніках, сабатажніках, дыверсантах і інш., вольна ці нявольна інспіравалі ў грамадстве класавую варожасць, настроі экзальтаванага недаверу, падазронасці і неталерантнасці. У п’есах на тэму калектывізацыі матывы шкодніцтва занялі дамінуючае становішча, набыўшы асабліва змрочнае адценне: «Засеўная» і «Помста кулацкая» Б.Крамскога (абедзве 1930), «Сварка» і «Бальшавіцкая вясна» І.Гурскага, «На пэўным шляху» С.Якаўлева, «Шляхі» У.Стэльмаха, «Камяніца» М.Міцкевіча, «Песні нашых дзён» В.Гарбацэвіча, «За калгас» Я.Мазуркевіча (усе 1930), «Трактар» М.Блісцінава (1931) і інш. Схематызму сюжэтнай будовы, ідэалагічнай зададзенасці ў паказе праблем калектывізацыі не без поспеху спрабавалі пазбегнуць В.Шашалевіч («Рой», 1931), К.Чорны («Лета», 1932), М.Зарэцкі («Сымон Карызна», 1933), В.Сташэўскі («Мікола Гоман», 1936). Паспяховым было таксама асэнсаванне антыфашысцкай тэматыкі ў п’есах «Rot front» (1933) Б.Мікуліча і «Сімфонія гневу» (1935) В.Шашалевіча.
1930-я г. саступалі папярэдняму дзесяцігоддзю і колькасцю напісаных п’ес, і разнастайнасцю творчых пошукаў. Але ў гэты перыяд было шмат зроблена для прафес. росту драматургаў: праводзіліся конкурсы на лепшы драматургічны твор, з’явіліся навукова вывераныя публікацыі, зменшыўся імпэт прапаведнікаў ультрарэв. навацый. Спроба ўкараніць «дыялектыка-матэрыялістычны метад», заснаваны на механістычным пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну маст. творчасці, не ўдалася, хаця драмы «Напор» А.Александровіча і «Новы горад» І.Гурскага (абедзве 1931), нібыта напісаныя паводле гэтага метаду, крытыка і расхваліла. Затое загучала інш. драматургія. П’есы «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (абедзве 1937) пераканаўча паказалі ролю народа ў гіст. працэсе. Глыбінёй псіхал. характарыстыкі персанажаў, грунтоўнасцю філас. абагульненняў абазначыў свой драматургічны стыль К.Чорны ў п’есах «Бацькаўшчына» (1932—39), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1941). Знакавым было далучэнне да драматургічнай творчасці К.Крапівы. Калізіі грамадз. абавязку і асабістай адказнасці, якія пакладзены ў аснову першай драмы «Канец дружбы» (1934) сталі лейтматыўнымі на працягу ўсёй яго працы на драматургічнай ніве. Народнай сталі называць драму «Партызаны» (1937), але вяршынным дасягненнем бел. драматургіі 1930-х г. была сатыр. камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939), у якой бязлітаснае выкрыццё адмоўных з’яў рэчаіснасці, саркастычнае высмейванне гарлахватчыны як увасаблення бюракратычнай фанабэрыі, цынізму, прыстасавальніцтва і ваяўнічага невуцтва спалучалася з бліскучым майстэрствам абмалёўкі вобразаў герояў. У канцы 1930-х г. на поўны голас загучала тэма жыцця ў прыграніччы: «На варце» І.Гурскага, «Гарачае сэрца» (абедзве 1938) і «Шалёная рысь» М.Паслядовіча, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Хата з краю» Я.Маўра (усе 1939). Пач. 1940-х г. адзначаны гучным поспехам камедыі В.Вольскага «Несцерка» (1941). Аднак Вял. Айч. вайна і акупацыя Беларусі перапынілі натуральны ход развіцця бел. літаратуры.
І.Э.Багдановіч (паэзія 1920-х г.), М.М.Арочка (паэзія 1930-х г.), З.У.Драздова (проза), С.С.Лаўшук (драматургія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).